Доктар філалагічных навук, прафесар, краязнавец і літаратуразнавец Алесь Бельскі – адзін са знакамітых людзей Капыльшчыны.
А родам Алесь Іванавіч з гістарычнага мястэчка Цімкавічы, з якім звязана жыццё класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (Мікалая Карлавіча Раманоўскага, 1900-1944). Калі б жыў Мікалай Карлавіч, то ён шчыра ганарыўся б сваім таленавітым маладым земляком. Ды й, наогул, Капыльшчына – зямля вядомых дзеячаў навукі, эканомікі і культуры, якіх проста немагчыма пералічыць і згадаць. Толькі Алесь Бельскі адолеў гэта зрабіць у сваіх цудоўных кнігах „Тут іх карані і вытокі: вядомыя людзі з Капыльшчыны ў свеце” (Мн., 2014) і „Тут наша Радзіма” (Мн, 2018). Нават цяжка ўявіць, сколькі часу і сіл аддаў даследчык для таго, каб сабраць звесткі пра сваіх землякоў, напісаць пра іх, а пасля выдаць кнігі-даведнікі пра вялікіх людзей Капыльскай зямлі.
Алеся Бельскага ведаю даўно, яшчэ са школы. Мы разам пачыналі свой літаратурны шлях з вершаў і замалёвак, якія друкаваліся ў часопісе „Бярозка” і газетах „Піянер Беларусі” і „Зорька”. Першая публікацыя Алеся Бельскага з’явілася ў газеце „Зорька” 22 жніўня 1975 года. Затым напачатку 1976 года невялікія зацемкі змясціла газета „Піянер Беларусі”, а пасля яго імя стала фігурыраваць на старонках капыльскай раённай газеты „Слава працы” і часопіса „Бярозка”. Пра што пісаў юны карэспандэнт з Цімкавіч? Ды найперш пра школьнае жыццё, якое было надзвычай цікавым, насычаным на розныя падзеі і мерапрыемствы. Публікацыі пра ўсё тое, што адбывалася напрыканцы 1970-х гадоў, Алесь Іванавіч зберагае да сённяшніх дзён. Лепшыя матэрыялы з тых гадоў ён уключыў у сваю кнігу „Вытокі і плынь” (Мн., 2018).
Я сустрэўся з ім на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта ў 1982 годзе. Здаецца, гэта было зусім нядаўна, а мінула ўжо больш за сорак гадоў. Але ж памятаюцца са школьных гадоў і сёння радкі з аднаго з першых вершаў Алеся Бельскага „Скіп’ёўскі лес”:
Пачуўся гучны голас сойкі,
Дрозд засвістаў, нібы свісток.
Які чароўны ён і звонкі,
Радзімы Чорнага куток!..
Алесь Бельскі вельмі любіць творы Кузьмы Чорнага, ён перачытаў усе яго кнігі. Таму пра творчасць земляка цімкавіцкі літаратар можа гутарыць бясконца. Памятаю, калі вучыліся ва ўніверсітэце, Алесь рыхтаваў для Капыльскай раённай газеты старонку, прысвечаную Кузьме Чорнаму. „Напішы і ты пра „Трэцяе пакаленне”, ты ж гэты твор добра ведаеш”, – параіў мне сябра. Сапраўды, калі я вучыўся на тэатральным аддзяленні Магілёўскага культасветвучылішча, дыпломнай маёй працай быў спектакль „Трэцяе пакаленне” па раману Кузьмы Чорнага. Паводле яго я напісаў п’есу і сам у спектаклі іграў галоўную ролю Міхася Тварыцкага. Матэрыял быў апублікаваны ў Капыльскай раённай газеце, якая захоўваецца і сёння ў маім хатнім архіве.
Калі мы вучыліся разам на філфаку БДУ, то жылі ў адным сёмым інтэрнаце на Кастрычніцкай вуліцы. Бачыліся часцей. Разам наведвалі ўніверсітэцкае літаратурнае аб’яднанне „Узлёт”, якім кіраваў доктар філалагічных навук, прафесар Алег Лойка (1931-2008). Актыўна мы друкавалі свае паэтычныя радкі ў газетах „Беларускі ўніверсітэт”, „Мінская праўда”, „Чырвоная змена” і ў іншых. Пра прафесара і былога дэкана філалагічнага факультэта (1991-1995) Алега Лойку Алесь Бельскі не забывае і сёння. Ім напісана сотні шчырых радкоў пра Алега Антонавіча, яго педагагічную і літаратурную дзейнасць. Тэмы артыкулаў прафесара Бельскага пра прафесара Лойку самыя разнастайныя. Гэта і асоба Францыска Скарыны ў паэтычным успрыманні Алега Лойкі, і асэнсаванне творчай спадчыны Максіма Багдановіча ў працах Алега Лойкі, і жыццё, творчасць, педагогіка Алега Лойка, гэта і рамантычнае, лірычнае і драматычнае ў паэзіі Алега Лойкі канца ХХ – пачатку ХХI стагоддзяў і г.д. Дзякуючы Алесю Бельскаму свет пабачылі два вялікія тамы, прысвечаныя яго любімаму выкладчыку: „Чалавек з сонечнай усмешкай” (Мн., 2019) і „Славянская літаратура ў кантэксце сусветнай” (2021). Алесь Іванавіч быў складальнікам гэтых дзвюх кніг. Ды і ўсе клопаты, каб тамы выйшлі з друку, былі на ім. У сваёй кнізе „Экалогія душы” (Мн., 2003. С. 63) Алесь Бельскі напісаў: „Напэўна, нічога я не быў бы варты без Алега Лойкі, які на самым пачатку перабудовы запрасіў мяне, вясковага сына, вучыцца ў аспірантуру. Планка ягоных патрабаванняў як пісьменніка і даследчыка паэзіі была вельмі высокай, і гэта змушала працаваць старанна і адказна”. Алег Антонавіч Лойка быў навуковым кіраўніком кандыдацкай дысертацыі Алеся Бельскага, якая называлася „Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай паэзіі” (1991). Прафесар Лойка быў навуковым кансультантам доктарскай дысертацыі Алеся Бельскага „Пейзаж у беларускай паэзіі: эвалюцыя, паэтыка, сістэма вобразаў” (1998).
Наогул, пра выкладчыкаў-калег з Белдзяржуніверсітэта Алесь Бельскі заўсёды пісаў і піша шчыра, адкрыта, светла. Многія з іх вучылі Алеся пяць гадоў, а пасля з імі прыйшлося разам працаваць. І напісаў малодшы калега пра іх з гумарам, па-сыноўску цёпла: „Бадай што самы першы нас асабліва ўразіў прафесар Мікалай Андрэевіч Паўленка, які чытаў курс па ўводзінах у мовазнаўства. Той са студэнтаў, хто бліскуча адказваў на экзамене, атрымоўваў з яго рук „салодкі прыз” – вялікую цукерку…”А вось як прыгадвае Алесь Іванавіч іншых выкладчыкаў: „Маё імя на старонках перыёдыкі часта заўважалі нашы выкладчыкі, якія пры нагодзе віншавалі з чарговай публікацыяй. Гэта і Любоў Канстанцінаўна Тарасюк, якая была куратарам нашай студэнцкай групы, і Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч, і Віктар Канстанцінавіч Красней…”(Алесь Бельскі. Экалогія душы. Мн., 2003. С.59-60). Як сам часта любіць казаць Алесь Іванавіч, яго літаратурна-філалагічную культуру фармавалі лекцыі літаратуразнаўцаў Сцяпана Александровіча, Дзмітрыя Бугаёва, Маргарыты Яфімавай, Кузьмы Хромчанкі, Таццяны Шамякінай, Віктара Каратая, Алега Лойкі, Аляксандра Станюты і іншых выкладчыкаў.
Алесь Бельскі пасля заканчэння БДУ працаваў настаўнікам у сярэдняй школе № 55 г.Мінска, быў намеснікам дырэктара Слабадской васьмігадовай школы Мінскага раёна. З 1986 года ён працуе ў Белдзяржуніверсітэце, адначасова рэдагуе часопіс „Беларуская мова і літаратура”. У 1998 годзе Алесь Іванавіч абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 2002 годзе стаў прафесарам.
Напісана і выдадзена Алесем Бельскім вельмі шмат кніг. Пералік іх можа чытачам будзе нецікавы, тым не менш некаторыя з іх прыгадаць хочацца: „Пакуль баліць душа” (1995), „Жывая мова краявідаў” (1997), „Свет ад травы да зор” (1998), „ Краса і смутак” (2000), „Экалогія душы” (2003), „Галасы і вобразы” (2008), „Спазнанне асобы і творчасці” (2017), „Сам-насам з літаратурай” (2018) і дзесяткі іншых. Тэматыка яго кніг самая разнастайная. Вось, напрыклад, у 2008 годзе ён напісаў і выдаў кнігу педагагічных артыкулаў і нарысаў „Літаратурацэнтрызм”. Хто сёння з нашых педагогаў-філолагаў напісаў і выдаў нешта падобнае? Я такога выкладчыка не магу прыгадаць. А ў гэтай кнізе аўтар сур’ёзна разважае пра месца беларускай літаратуры ў школе, яе выключную духатворчую ролю ў выхаванні асобы, асэнсоўвае новыя падыходы і тэндэнцыі ў сучаснай літаратурнай адукацыі. Гэту кнігу мне Алесь Іванавіч падпісаў так: „Дарагому Сяргею Чыгрыну з упэўненасцю, што беларусацэнтрызм і культ кахання застануцца галоўным падмуркам тваёй творчасці. 20.12.2008 г. Алесь Бельскі”. Дай Божа, каб так і было. Пахвалюся яшчэ некаторымі аўтографамі на яго кнігах. „Дарогому Сяргею Чыгрыну на ўсё добрае. Хай Бог беражэ тваіх родных і блізкіх. Сто гадоў! Саша-Алесь Бельскі-Ветах. 1 ліпеня 2015 г.” (На кнізе „Хрыстос між нас” (Мн., 2015). „Дарогому Сяргею Чыгрыну на згадку пра яшчэ аднаго цімкаўца. Зычу табе і тваёй сям’і як мага больш радасных дзён і хвілін у жыцці. Алесь Бельскі. 12.11.99г.” (На кнізе „Хроніка смутку”, Мн., 1999). „Дарагому Сяргею Чыгрыну, сябру і слаўнаму сыну зямлі Слонімскай, з шанаваннем, захапленнем і найлепшымі каляднымі зычэннямі. 4.01.2017 г. Алесь Бельскі” (На кнізе „Спазнанне асобы і творчасці” (Мн., 2017)…
Алесь Бельскі шмат працуе над выданнямі для сярэдніх школ і вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Ён з’яўляецца адным з аўтараў „Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, праграм па беларускай літаратуры для сярэдніх школ, вучэбных дапаможнікаў „Беларуская літаратура: ХI-XX стагоддзяў, „Беларуская літаратура, 5 клас”, „Беларуская дзіцячая літаратура” і г.д. У 1997 годзе даследчык літаратуры выдае вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў „Сучасная беларуская літаратура”, у якім адлюстраваў стаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў 1980-х-1990-х гадоў, падкрэсліўшы пры гэтым, што „літаратурны працэс, як і сам час, хуткаплынны: тое, што нараджалася яшчэ гадоў колькі назад, нават учора, становіцца гісторыяй літаратуры”.
Пасля смерці акадэміка Міхася Лазарука ў 2000-2002 гадах Алесь Бельскі ўзначаліў лабараторыю літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, а таму меў непасрэдныя адносіны да школьнай рэформы, мадэрнізацыі літаратурнага навучання. У сувязі з гэтым у 2005 годзе з друку выходзіць яго дапаможнік, створаны ў адпаведнасці з тымі дзеючымі праграмамі па беларускай літаратуры, якія 20 гадоў таму ажыццяўляліся. Дапаможнік называецца „Вывучэнне творчасці пісьменнікаў: класікі і сучаснікі ў школе”. Значная ўвага ў ім адведзена аглядальным тэмам па беларускай паэзіі ў курсе літаратуры, паколькі такога матэрыялу заўсёды ў школах бракуе і настаўнікам, і вучням, і студэнтам. Прапанаваныя тады матэрыялы дапамагалі ў шматаспектным вывучэнні творчасці таго ці іншага пісьменніка, гісторыі беларускай літаратуры і сучаснага перыяду яе развіцца. Дапаможнік не састарэў і сёння, а магчыма і ніколі. Да яго можна звяртацца будзе і праз сто гадоў. Даследчык разглядае беларускую паэзію 1960-х – 2000-х гадоў, паэтычныя творы Аляксея Пысіна, Анатоля Вялюгіна, Уладзіміра Караткевіча, Алега Лойкі, Яўгеніі Янішчыц, Міколы Мятліцкага, Сяргея Законнікава, Леаніда Галубовіча, Міхася Скоблы, Леаніда Дранько-Майсюка і іншых паэтаў.
Алесь Бельскі вельмі добры і цікавы суразмоўца. У яго памяці захавалася шмат разнастайных цікавінак-жыццявінак з маленства, з вясковага жыцця, са студэнцкіх гадоў, а таксама пра творчых людзей. Пра іх, як і наш былы агульны сябра Янка Саламевіч (1938-2012), ён можа распавядаць доўга і дужа весела. У 2018 годзе прафесар Бельскі вырашыў выдаць асобным зборнічкам кнігу сваіх ранніх вершаў, жартаў, эпіграм, якая называецца „Між маладзіком і ветахам”. У прадмове да яе Алесь Іванавіч прыгадаў пра той час, калі ён напісаў першы свой верш пра пярэстую карову, якую песціла бабуля Ганна. Карова тады для сям’і была галоўнай карміцелькай. Але аднойчы каровы не стала, а смерць яе вельмі ўзрушыла школьніка Сашу. І ён боль свой выказаў у вершы, які Саша з братам Вовам адаслалі ў газету „Піянер Беларусі”. Верш я не памятаю, але мне запомніліся два радкі з яго. Калі гэтыя радкі прыгадваюцца сёння, усмешка (не ведаю чаму, у людзей усё ж бяда прыйшла ў хату) не сыходзіць з майго твару і адразу перад вачыма ўяўляецца юны Саша Бельскі:
Памерла карова –
Плакалі я і Вова…
І хоць верш пра карову не надрукавалі, але пісаліся ўсё новыя і новыя строфы. Усе тыя паэтычныя тэксты аўтар сабраў пад адну вокладку, каб даць сапраўднае ўяўленне пра станаўленне творчай асобы аўтара, яго духоўныя і мастацкія шуканні. У 1970-х – 1980-х малады паэт пісаў:
Запытаў падарожніка,
Што вярнуўся
З чужыны дадому:
– Чаго не хапала
Ў краіне далёкай?
Ён думаў нядоўга,
З хваляваннем прамовіў:
– Блакіту нябёсаў
І матчынай роднае мовы…
Пісаліся і пішуцца сяброўскія шаржы і жарты на калег па факультэту. Вось як гучыць жарт на прафесара Вячаслава Рагойшу:
Нястомна прэзентуе слаўны Ракаў
Сталічны навуковы мэтр.
Хоць не лавіў там рыбы, ракаў,
Ды, пэўна, Ракаў – еўрацэнтр.
Алесь Бельскі, да ўсяго вышэй сказанага, яшчэ празаік. Але свае празаічныя аповесці і апавяданні ён выдае пад псеўданімам Алесь Ветах. Першыя найбольш значныя апавяданні ён надрукаваў у часопісе „Маладосць”. А ў 1994 годзе ў „Бібліятэчцы часопіса „Маладосць” выйшаў першы ягоны зборнік прозы „Ружовая знічка”. Ён стаў лаўрэатам часопіса „Маладосць”, заявіўшы пра сябе як вельмі ўдумлівы празаік. Потым выдаюцца новыя кнігі прозы, сярод якіх „Хроніка смутку”, „Сны пра дзяцінства”, „Хрыстос між нас”. Алесь Ветах становіцца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.
Шмат увагі і сіл даследчык аддае складанню кніг пісьменнікаў, якія даўно пакінулі гэты свет, а таксама літаратуры перыяду Другой сусветнай вайны. Дзякуючы прафесару Бельскаму выйшаў том 19 у „Залатой калекцыі беларускай літаратуры”, прысвечаны паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У прадмове да гэтага тому складальнік сцвярджае: «Калi падвялi вынiкi Другой сусветнай вайны i вызначылi дзесяць фактараў, якiя абумовiлi перамогу над фашызмам, адным з галоўных, вызначальных была названая лiтаратура». Дзевятнаццаты том „Залатой калекцыi беларускай лiтаратуры” прадстаўляе гэтую магутную зброю – творы беларускiх паэтаў, напiсаныя ў трагiчную эпоху. Сярод аўтараў – i класiкi Якуб Колас, Янка Купала, Максiм Танк, Кандрат Крапiва, i паэты-франтавiкi, слава да якiх прыйшла пасля вайны, – Анатоль Вялюгiн, Кастусь Кiрэенка, Пiмен Панчанка. I тыя, хто загiнуў падчас ваенных падзей, не паспеўшы напоўнiцу рэалiзаваць свой талент, кшталту Мiколы Сурначова i Аляксея Коршака…
Дзякуючы Алесю Бельскаму пабачыў свет і трохтомнік „Скрыжалі памяці” (Мн., 2005), складзены з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Ніхто да гэтага не склаў і не парупіўся скласці такое вычарпальнае выданне, дзе настолькі грунтоўна прадстаўлена творчасць пісьменнікаў, якія загінулі падчас вайны…
Вось так плённа працуе літаратар і філолаг з радзімы Кузьмы Чорнага. Як ён сам некалі пісаў, што „мне здаецца, я сёння выйшаў на шырокія прасцягі жыцця. Мацнее хада, бо адчуваю ўпэўненасць у сваіх творчых сілах. Ведаю і не сумняваюся: праца дае плён”. Гэта так. І плён яго багаты і карысны, неабходны і сур’ёзны. Верыцца, што Алесь Іванавіч будзе працаваць да таго часу, пакуль баліць літаратурай яго душа. Здароўя яму і новых творчых адкрыццяў!
Сяргей Чыгрын
Фота аўтара
dobry artykul. dzjakuj autaru.