Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Кнігарня

Позні пратэстантызм у Заходняй Беларусі

Пратэстантызм – адзін з асноўных кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік ён у выніку Рэфармацыі каталіцкай царквы. Першапачаткова звязваўся з вучэннем Лютэра, пазней Кальвіна, Цвінглі і іншых рэфармацыйных плыняў. Да сярэдзіны XVI ст. пратэстантызм распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, а ў XVII ст. пашырыўся і па-за яе межамі. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранскія, кальвінісцкія, англіканскія, з якіх утварыўся шэраг рэлігійных груповак і аб’яднанняў.

На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны XVI стагоддзя, што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманістычных і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнародных культурных сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства. Пратэстантызм пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і іншых. У XIX-XX стагоддзях з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і г.д. 

Навуковую працу пра позні пратэстантызм у Заходняй Беларусі 1921-1939 гадах асобнай кнігай выпусціла Таццяна Лісоўская. Кніга выйшла з друку напрыканцы 2021 года ў Брэсце. Але неяк яна засталася незаўважанай, ды і мне выпадкова трапіла ў рукі ў мінскай краме „Акадэмічная кніга”. Выданне на рускай мове „Поздний протестантизм в Западной Беларуси 1921-1939 гг.” я прапусціць не змог. Тым больш, што шмат гадоў даследую жыццёвы шлях пісьменніка Гальяша Леўчыка (1880-1944), перакладчыка Яна Пятроўскага (1905-2002), пастара і перакладчыка Лукаша Дзекуць-Малея (1888-1955), шведскага метадыста Джона Віта (1885-1973) і іншых асоб, якія мелі дачыненне да евангельскага руху ў Заходняй Беларусі.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі „Поздний протестантизм в Западной Беларуси 1921-1939 гг.”

Раней за выданне сваёй кнігі Таццяна Лісоўская апублікавала шэраг цікавых матэрыялаў пра пратэстанцкі рух у Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах. Чатыры вялікія артыкулы яе друкаваліся ў зборніках „Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (Мінск, 2014-2021). Гэта артыкулы пра пратэстанцкі рух Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах як складовая частка еўрапейскага пратэстантызму, пра пратэстантызм у кантэксце этнаканфесійных працэсаў у Заходняй Беларусі (1921-1939), пра міжканфесійныя камунікацыі: пратэстантызм у поліканфесійным грамадстве Заходняй Беларусі (1921-1939 гадах), пра месца і ролю евангельскага руху ў канфесійным жыцці Заходняй Беларусі (1921-1939 гады). Наогул, пра гісторыю Евангельскай Царквы Беларусі часцей за ўсё пішуць гісторыкі па-беларуску. І мне здаецца, гэта дзякуючы ўсё ж тым Гальяшу Леўчыку, Яну Пятроўскаму, Лукашу Дзекуць-Малею, а таксама сённяшнім гісторыкам гэтай тэмы Андрэю Унучаку, Юрасю Бачышчу, Алене Глагоўскай і многім іншым даследчыкам. Чаму я пра гэта пішу, ды таму, што, чытаючы кнігу Таццяны Лісоўскай, адчуваецца, што яна яе перакладала з беларускай мовы на рускую. Ды і чытаецца выданне па-руску неяк па-чужому, даволі цяжка і непісьменна. Хаця даследаванне вельмі сур’ёзнае і патрэбнае, таму што пасля Другой сусветнай вайны на гісторыю пратэстантызму ў Беларусі не звярталі асаблівай увагі, ды і не дазвалялася пратэстантызм грунтоўна даследаваць.

Пачну з памылак, бо іх у кнізе вельмі шмат. Адчуваецца, што рэдактары кнігі і карэктар нехта Р.М. Усік яе не чыталі зусім. Ды і аўтарка, перш чым аддаць кнігу ў друк, павінна была яе яшчэ раз уважліва перачытаць. Вось некалькі прыкладаў. Калі па-беларуску пішацца Лукаш Дзекуць-Малей, то па-руску трэба пісаць Лукаш ДекуТь –Малей, а не ДекуЦь-Малей, як напісана ў кнізе. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Унучак раптам стаў у кнізе А.У.Унуак. У выканаўчы камітэт Саюза славянскіх абшчын баптыстаў у Польшчы уваходзіў Іван Чапко (с.168). На с.83 згадваецца таксама Чапко, але ўжо Я. Чапко, які таксама ўваходзіў у Саюз. Гэта адна асоба, ці дзве? Піша аўтарка і пра Л. Шэндэроўскага-малодшага і пра Л. Шэндэроўскага-старэйшага. На с.83 прыгадваецца і А. Шэндэроўскі. Гэта іншая асоба, ці нехта з Л. Шэндэроўскіх?..

Лукаш Дзекуць-Малей. Мастак Надзея Салейка.
Лукаш Дзекуць-Малей. Мастак Надзея Салейка.

З 1926 года ў кіраўніцтва Саюза славянскіх абшчын баптыстаў у Польшчы ўваходзіў Антон Кірцун (с.157). А на старонцы 81 напісана, што ён А. Кірчун. Ды якое на самой справе яго прозвішча?.. І такіх прыкладаў можна прывесці безліч.

Я шмат гадоў сябраваў з Янам Пятроўскім, перапісваўся з ім, у мяне захоўваецца стос яго лістоў, маю ў асабістай бібліятэцы ўсе яго кнігі. Але ніколі Ян Пятроўскі не быў Іванам Пятроўскім. У кнізе Таццяна Лісоўская яго ахрысціла на Івана. Калі б жыў Пятроўскі, ён вельмі пакрыўдзіўся б на аўтарку. Хаця на старонцы 126 аўтарка прыгадвае Я. Пятроўскага, які рэдагаваў часопіс „Светач Хрыстовае навукі”. Напачатку біяграфіі Гальяша Леўчыка напісана, што ён памёр у верасні 1940 года, яшчэ да вайны. У канцы біяграфіі Гальяша Леўчыка паведамляецца, што „умер в 1944 г. у Варшаве”. Дык якой даце верыць?..

Ян Пятроўскі - сябра Гальяша Леўчыка. Фотаздымак 1991 г.
Ян Пятроўскі – сябра Гальяша Леўчыка. Фотаздымак 1991 г.

Шмат радкоў у кнізе адведзена аднаму з самых славутых пратэстанцкіх пастараў Беларусі Лукашу Дзекуць-Малею (1888-1955). Таццяна Лісоўская піша, што Дзекуць-Малей „родился в Слонимском районе Гродненской области”. Ужо вядома, што Лукаш Дзекуць-Малей нарадзіўся ў вёсцы Шастакі Дзятлаўскага раёна…

А цяпер давайце пагартаем кнігу „Поздний протестантизм в Западной Беларуси 1921-1939 гг.” Таццяны Лісоўскай. Яна складаецца з чатырох частак, заключэння і біяграфічнага даведніка.

У першай частцы кнігі аўтарка распавядае пра гістарыяграфію позняга пратэстантызму Заходняй Беларусі, пра крыніцы і метады даследавання. Аўтарка спыняецца на беларускай гістарыяграфіі позняга пратэстантызму Заходняй Беларусі, польскай і ўкраінскай. Адной з першых прац, прысвечаных непасрэдна развіццю евангельска-баптысцкага руху ў Заходняй Беларусі, стала калектыўная праца пад рэдакцыяй беларускага філосафа Міхаіла Ленсу „Баптызм і баптысты. Сацыялагічны нарыс” (Мн., 1969). 

У другой частцы кнігі Таццяна Лісоўская спынілася на распаўсюджванні і прававым становішчы позніх пратэстанцкіх рухаў у Заходняй Беларусі. Аўтарка падкрэслівае, што „фарміраванне канфесійнай палітыкі Польскай дзяржавы ў адносінах новых пратэстанцкіх рухаў Заходняй Беларусі праходзіла на працягу ўсяго міжваеннага перыяду і было цесна звязана з распрацоўкай прынцыпаў нацыянальнай палітыкі”. А гэтых новых рухаў павялічвалася. Найперш з’явіліся вернікі пяцідзесятніцкага руху і метадысты.

Трэцяя частка кнігі – найгалоўнейшая, яна распавядае пра станаўленне і развіццё позняга пратэстантызму ў Заходняй Беларусі. У 1930-я гады евангельскія абшчыны надавалі вялікае значэнне працы сярод моладзі, так як 30% сяброў абшчын складалі вернікі ва ўзросце 16-30 гадоў. Моладзевыя гурткі былі створаны пры абшчынах ЕХБ у Беластоку, Ваўкавыску, Лідзе, Наваельні, Нараўцы, Гайнаўцы, Слоніме і г.д. Распавядае аўтарка пра розныя саюзы, аб’яднанні, таварыства, уніі, місіі баптыстаў у Польшчы, пра міжнародныя сувязі беларускіх абшчын і арганізацый.

Добра, што Таццяна Лісоўская звярнула ўвагу ў сваёй кнізе на супрацоўніцтва метадыстаў з беларускай творчай інтэлігенцыяй, з ТБШ, з беларускімі гімназіямі ў Вільні, Клецку і Радашковічах. Вядома ж, хацелася б, каб пра гэта быў у кнізе асобны вялікі раздзел, бо тэма цікавая і пісаць ёсць пра што. Толькі пра аднаго Джона Віта і яго ўзаемаадносіны з Клецкай і Радашковіцкай беларускімі гімназіямі можна было распавесці шмат цікавага і новага, а таксама пра сяброўства Джона Віта з Аляксандрам Уласавым.

Нагадаю трохі пра яго я. У другой палове 1920-х гадоў шведскі місіянер метадыстаў Джон Віт вельмі часта наведвае Вільню, дзе ён сустракаецца з Радаславам Астроўскім, Браніславам Тарашкевічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і Антонам Луцкевічам. Але найбольш Віт пасябраваў з Аляксандрам Уласавым. Спадар Віт цікавіўся не толькі царкоўнымі справамі, але і праблемамі беларускага нацыянальнага руху. Як піша гісторык Алег Латышонак, з гэтае пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у царкве метадыстаў (Алег Латышонак. Беларускія палітыкі і пратэстанты. Ад „Гомана” да Грамады// Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагоддзя. Мн., 2006.С.5).

Джон Віт быў вельмі адукаваным чалавекам. Акрамя роднай шведскай мовы, добра валодаў англійскай, нямецкай, польскай. Ведаў рускую мову, хаця яе не любіў. Хутка пачаў вывучаць беларускую мову, стараўся на ёй размаўляць з беларусамі, вучыў і ведаў беларускія народныя песні. Сярод беларусаў яму было добра і дужа цікава. Ён адразу зразумеў праблемы беларускага люду, праблемы беларускай інтэлігенцыі. І колькі ў яго хапала сіл стараўся дапамагаць беларусам. 

Дзякуючы Джону Віту, царква метадыстаў была фундатарам школ і інтэрнатаў у Радашковічах, Вільні, Слоніме, Клецку. Віт трымаў пад кантролем беларускія гімназіі, перад ім рабілі пэўныя справаздачы, інфармавалі яго наконт беларускіх спраў на ніве адукацыі Астроўскі, Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч, Уласаў, Луцкевіч. Джон Віт пастаянна выяўляў зацікаўленасць вучэбным працэсам, становішчамі вучняў і настаўнікаў, развіццём і станам школьніцтва і беларускай працы ў Польшчы, а таксама беларускім рэлігійным, культурным, нацыянальным і палітычным рухам у Польшчы. Ён вывучаў адносіны і настрой беларусаў да польскай дзяржаўнасці. Сам вельмі часта бываў на Слонімшчыне, у Радашковічах, у Клецку. Аляксандр Уласаў, які ўзначальваў у 1922-1929 гадах Радашковіцкую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, часта запрашаў Джона Віта ў госці. І Віт з радасцю да яго прыязджаў. Ён прыязджаў і гасціў у Аляксандра Уласава не толькі адзін, але і разам з варшаўскімі метадыстамі, якія дапамагалі арганізоўваць для вучняў інтэрнаты, дзе вучні маглі бясплатна харчавацца і рыхтавацца да заняткаў. Джон Віт, хоць і чытаў сумныя споведзі вучням і настаўнікам, але вельмі потым хораша спяваў шведскія народныя песні, спрабаваў разам з вучнямі і настаўнікамі выконваць і беларускія народныя песні. Калектыў гімназіі за гэта яго вельмі любіў і паважаў. Калі ў Радашковічы прыязджаў Джон Віт – у гімназіі было свята. І, вядома ж, пакідаў Аляксандру Уласаву пэўную суму грошай на беларускія справы ў Радашковічах.

Сціпла прыгадвае аўтарка ў сваёй кнізе і Гальяша Леўчыка (Ілью Ляўковіча, 1880-1944) – беларускага паэта, перакладчыка, калекцыянера, мастака, музыканта, які адыграў вялікую ролю на ніве беларускай Метадысцкай царквы. Нагадаю трохі.

Гальяш Леўчык. Фотаздымак зроблены ў фотамайстэрні Б.Вайнштэйна ў Слоніме ў 1904 годзе
Гальяш Леўчык. Фотаздымак зроблены ў фотамайстэрні Б.Вайнштэйна ў Слоніме ў 1904 годзе

Жывучы ў Варшаве, Ілья Ляўковіч далучаецца да метадысцкай царквы і актыўна пачынае працаваць на яе карысць. У сярэдзіне 1920-х гадоў ён быў абраны сакратаром метадысцкага Амерыканскага камітэта ў Варшаве. На гэтай пасадзе Ляўковіч пазнаёміў многіх беларускіх дзеячаў з Метадысцкай царквой. У выніку паспяховай дзейнасці, беларусы ў Вільні стварылі Віленскі Амерыканскі камітэт. У яго склад увайшлі сенатар Аляксандр Уласаў, пасол Польскага Сейма Браніслаў Тарашкевіч, старшыня Варшаўскага Беларускага нацыянальнага камітэту Адам Більдзюкевіч, настаўнік беларускай гімназіі ў Вільні Язэп Гаўрылік, пастар Станіслаў Нядзведзкі і Вера Тарашкевіч. Падобны камітэт быў створаны ў мястэчку Радашковічы недалёка ад Мінска. Дарэчы, у Доме метадыстаў у Варшаве з 1925 года месціўся Беларускі нацыянальны камітэт, сакратаром якога быў усё той жа Гальяш Леўчык.

Памяшканне Беларускага камітэта знаходзілася ў Варшаве на вуліцы Макатоўскай, 12, якраз у Доме метадыстаў. Як пісаў гісторык Юры Туронак, лакалізацыя Беларускага камітэта ў Доме метадыстаў выклікае зразумелую цікавасць. Нячаста здараецца, каб адна арганізацыя трымала бескарысна пад сваім крылом іншую арганізацыю. Гэта наводзіць на думку магчымасць узаемных сувязей, супрацоўніцтва.

Узаемасувязь метадычнай царквы Гальяш Леўчык актыўна наладжваў з беларускай інтэлігенцыяй. Ды й сам паэт шмат перакладаў рэлігійнай літаратуры на беларускую мову, якая з’яўлялася ў выданнях „Арфа Сіану” і „Новае жыццё”. 

Беларусаў у метадыскіх камітэтах найперш цікавілі фінансавыя сродкі, каб укладваць іх у беларускія справы. А метадысцкі Амерыканскі камітэт задавальняла тое, што пашыралася кола іх вернікаў на тэрыторыі усходняй Польшчы. Праз гэтыя два камітэты метадысты пачалі авалодваць беларускімі вёскамі і мястэчкамі, у якіх адчынілі шмат метадысцкіх парафій. 

Са студзеня 1927 года Гальяш Леўчык выдаваў у Варшаве штомесячнік „Дух і праўда” як дадатак да выдання „Pielgrzym Polski”. Ад Радашковіцкага таварыства беларускай школы ўдзельнічаў у школьнай акцыі метадычнай місіі па арганізацыі беларускіх прыватных школ на вёсцы. 

Гальяш Леўчык шчыра супрацоўнічаў з дзіцячым беларускім часопісам „Заранка”, на старонках якога выступаў з вершамі і прозай. У 1930 годзе ў Вільні пад яго рэдакцыяй выйшаў спеўнік з нотамі „Хрысціянскія духоўныя песні. Божая ліра”, выдадзены Паўночна-Амерыканскай суполкай „Sothem Trade”…

Выданне, дзе друкаваў Гальяш Леўчык духоўныя вершы, 1927 г.
Выданне, дзе друкаваў Гальяш Леўчык духоўныя вершы, 1927 г.

Сціпла аўтарка прыгадвае пра жыццёвы і творчы шлях Лукаша Дзекуць-Малея, які дзесяць гадоў перакладаў „Новы Запавет і Псальмы” на беларускую мову, і які да канца жыцця заставаўся верным сваёй пратэстанцкай веры.

Чацвёртая частка кнігі „Поздний протестантизм в Западной Беларуси 1921-1939 гг.” Таццяны Лісоўскай прысвечана міжканфесійным адносінам. Гэта адносіны позняга пратэстантызму з рымска-каталіцкім касцёлам, праваслаўнай царквой, яўрэйскім насельніцтвам Беларусі.

Біяграфічны даведнік „Лідэры і ўдзельнікі евангельскага руху Заходняй Беларусі”, які змешчаны ў канцы кнігі, даволі цікавы, але ён мог бы быць яшчэ больш грунтоўным і дасканалым. Тым не менш, праца-манаграфія Таццяны Лісоўскай заслугоўвае вялікай увагі, таму што аўтарка смела ўзялася за гісторыю позняга пратэстантызму ў Заходняй Беларусі, хаця над ёй яшчэ можна працаваць і працаваць бясконца.

Сяргей Чыгрын

Здымкі з архіва аўтара, якіх няма ў кнізе.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis