Як вядома, 19-га чэрвеня дзень нараджэння аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў у свеце Васіля Быкава, а 22-га чэрвеня дзень яго памяці.
Пра Васіля Быкава было напісана нямала ўспамінаў, яму прысвячаліся вершы, паводле яго твораў здымаліся фільмы і тэлевізійныя пастаноўкі, мастакі малявалі яго партрэты, а літаратуразнаўцы і крытыкі аналізавалі творчасць.
Зразумела, што цяпер, у сённяшняй Беларусі дазволена творча пераасэнсоўваць тыя апавяданні і аповесці пісьменніка, якія былі ўганараваны ў брэжнеўскія часы. І гаворкі няма пра тое, каб па-новаму тэатральна ці кінематаграфічна аналізаваць яго прозу 1980-1990-х гадоў. Але выклікае здзіўленне, што да творчасці Быкава абыякава ставяцца і беларускія рэжысёры-эмігранты.
Нагадаю, што менавіта Васіль Быкаў быў першым айчынным аўтарам, хто напісаў праўду пра Другую сусветную вайну („Адна ноч”, „Сваякі”, „Мёртвым не баліць”), дзе выявіў тую балючую ісціну, што, часам, больш страшнымі былі нават не столькі акупанты, колькі „свае” (асабісты, камандзіры, спецслужбы, якія кідалі салдат на верную смерць).
Менавіта Васіль Быкаў быў першым, хто ў беларускай прозе выявіў нашыя рэаліі пасля 1994 года (аповесць „Афганец”), першым, хто пачаў ствараць у канцы 1990-х яркія, творча-нечаканыя фантасмагорыі, прысвечаныя беларускаму дыскурсу („Свіст”, „Інтэграцыя”).
Па сваёй вастрыні, фантазіі, нават хуліганістасці яго тэксты апошняга часу не мелі роўных і акрамя таго застаюцца надзвычай актуальнымі і цяпер. Таму і сапраўды шкада, што беларускія тэатралы-эмігранты, як быццам забылі пра гэтыя тэксты.
Але, зрэшты, я не зусім справядлівы.
У Варшаве ўжо некалькі гадоў, як працуе вельмі цікавы тэатральны калектыў, які называецца „Дзея Другая”. У адрозненні ад многіх сваіх калег, яны не патанаюць у докудрамнай песімістычнай багне.
„Дзея Другая” здзіўляе публіку іншым.
Напрыклад, у рэпертуары гэтага тэатра ёсць эратычная камедыя „Шчаслівы муж”, створаная паводле п’есы Францішка Аляхновіча, дзе няма палітыкі, сённяшняй безнадзейнай тугі, але паказваецца забыты намі бесклапотны вясёлы свет віленскіх месцічаў стагадовай даўніны. „Шчаслівы муж” ідзе з нязменным поспехам з 2023 года пры заўсёдна поўнай зале.
З апошніх пастановак „Дзеі Другой” акурат трэба вылучыць прэм’ерны паказ (які адбыўся ў варшаўскім The Backstage bar, Aleja Jana Pavla II 45a) трагікамедыі „Васіль Быкаў і ягоныя д’яблы”. Год таму стваральнікі спектакля зрабілі на аснове гэтай п’есы чытку, але цяпер гэта ўвасобілася ў вельмі незвычайнае сцэнічнае дзейства.
У аснове спектакля ляжыць як жыццяпіс самога Быкава, так і яго малавядомыя многім сённяшнім беларусам фельетоны і прыпавесці („Дапякло”, „Хвастаты”, „Страта”, „Насарогі ідуць” ды іншыя). Але гэта не проста сцэнічная біяграфія класіка, не нудны пераказ падзей з жыцця пісьменніка, не дакучлівая пафасная біяграфічная драма.
Два загадкавыя блазны з’яўляюцца да Васіля Быкава. Яны хочуць павіншаваць яго з днём нараджэння, хочуць (хаця ён пра гэта не прасiў) даць яму „святло, шчасце і надзею”. Але галоўны герой, які жыве ў нейкай умоўнай змрочнай прасторы (якая ў нечым нагадвае келлю) з недаверам ставіцца да няпрошаных гасцей і нават не прызнае таго, што ён і ёсць Быкаў.
Клоўны разыгрываюць перад юбілярам цэлыя цыркавыя прадстаўленні з песнямі і танцамі, камічнымі сцэнкамі, пяюць у яго гонар хваласпевы, хочуць, як быццам, стварыць галоўнаму герою самы што ні на ёсць святочны настрой. Мала таго, гэтыя два эксцэнтрычныя персанажы прапануюць Быкаву пакінуць ягоны змрочны кабінет і вярнуцца на Радзіму, туды дзе пануе „шчасце, стабільнасць, цэлая армія прыхільнікаў”. Адзінае, ад пісьменніка патрабуецца пазбягаць вострых момантаў у сваёй творчасці, яго просяць апяваць беларускую „цудоўную” рэальнасць і вярнуцца да таго з чаго Васіль Быкаў пачынаў, як пісьменнік, а менавіта да рускамоўных агіт-апавяданняў канца 1940-х гг., дзе ўхваляўся „подзвіг воіна-вызваліцеля, воіна-пераможцы”.
Спектакль „Васіль Быкаў і ягоныя д’яблы” з яркага цыркавога дзейства паступова ператвараецца ў займальны трылер, пачынаецца сапраўдны двубой паміж блазнамі і галоўным героем.
Ці паддасца Быкаў на спакушальныя прапановы, ці здрадзіць сабе, сваім перакананням і прынцыпам – гэта тыя пытанні, якія не пакідаюць гледача да самай апошняй хвіліны дзейства.
Быкаў тут не столькі рэальны пісьменнік, колькі вобраз, душа, метафара, а сам спектакль – з’яўляецца алегорыяй на тэму свабоды і творчай незалежнасці. І таму не так істотна, што іграе яго, скажам, не мужчына акцёр, а адна з лепшых беларускіх актрыс у Варшаве Алена Баярава. Назіраць за яе ігрой – сапраўднае захапленне. Побач з ёю стварае вельмі цікавы пераканаўчы і цікавы вобраз д’ябальскага блазна Вольга Каралёнак. Кампазітар пастаноўкі Сяргей Пукст (які пастаянна супрацоўнічае з „Дзеяй Другой”) напісаў шыкоўныя песні на вершы сучаснікаў Быкава – Генадзя Бураўкіна, Аляксея Пысіна, Пятра Прыходзькі, Уладзіміра Някляева.
Як застацца маральна моцным? Не паддацца спакусе? Як творча захавацца, не здрадзіўшы самому сабе?
Падобныя пытанні закранае ў сваім новым спектаклі калектыў „Дзеі Другой” і робіць гэта, нягледзячы на сур’ёзнасць тэмы, без дыдактыкі, з экспрэсіяй, якая нагадвае жывапісныя палотны і графіку Ота Дыкса (менавіта такога эфекту дамагаўся мастак спектакля, шыкоўны Даніла Ганчароў).
„Дзея Другая” зрабіла незвычайны спектакль, які расказвае не толькі пра маральна-этычны выбар самога Быкава, але пра кожнага з нас, бо да любога могуць прыйсці артыстычныя, вясёлыя блазны, якія, забаўляючы, могуць незаўважна пастарацца падпарадкаваць вас сваёй волі.
Васіль Быкаў, які пачынаў як пісьменнік-рэаліст, паступова пачаў ствараць фантасмагарычныя, гратэскна-балючыя рэчы пра беларусаў.
Тэатр „Дзея Другая” робіць тое ж самае і атрымліваецца гэта вельмі пераканаўча.