Нядаўна пісаў я пра гісторыка і калекцыянера Іллю Андрэева, што набыў і прывёз у Кракаў партрэт беларускага грамадскага дзеяча, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Нядаўна яго калекцыя папоўнілася яшчэ адным унікальным артэфактам – арыгінальнай картай Беларускай Народнай Рэспублікі.
– Ілля, наколькі ведаю, вы цікавіліся гэтай картай яшчэ, калі жылі ў Беларусі і нават выдавалі яе рэпрынт…
– Так, сапраўды. У 2018 годзе, перад стагоддзем БНР, мы ад імя суполкі аматараў старых мап imago.by зрабілі краўдфандынг: вырашылі перавыдаць карту Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта было не проста выдавецкае прадпрыемства, але сапраўдна культурная падзея, якая стрэліла. Была даследчая частка: шукалі арыгіналы, вывучалі кантэкст. Памятаю, што ў Нацыянальнай бібліятэцы арыгіналу не знайшоў. Знайшлі дзве з прыватных калекцый, але былі складанасці з іх сканаваннем. Таму мы ўзялі копію на gallica.bnf.fr і вырашылі друкаваць проста з яе. Калі мы выдавалі ў Беларусі рэпрынт гэтай мапы, то каля 100 асобнікаў паслалі дзяржаўным музеям. Хаця гэта быў проста сучасны друк, некаторыя музеі пасля дасылалі падзякі і нават віншаванні. Такі быў час: калі не падтрымка з боку дзяржавы, дык хаця б адсутнасць перашкодаў. Мы сумленна сабралі сродкі, надрукавалі, выканалі абавязкі, нават заплацілі падаткі. Гэта быў перыяд, калі быў нейкі кансэнсус грамадства і ўлады.
І вось, праз гады, у маіх руках арыгінал. Гэта берлінскае выданне, майстэрня Bogdan Gisevius. А выданняў гэтай мапы было як найменей два. Мы не ведаем яшчэ зараз дакладна, хто выдаваў карту. Прафесар Дарота Міхалюк вельмі старанна шукала аўтара, але безвынікова. Адзінае, што можна сказаць, гэта дакладна не Аркадзь Смоліч, дарэчы, гэта асобная вельмі цікавая гісторыя – якія карты паўсталі дзякуючы Смолічу і іх трагічны лёс.
– Раскажыце калі ласка пра гісторыю паўстання карты.
– Дакладны год, на жаль, пакуль невядомы. Гэта або канец 1918 або пачатак 1919. Вядома аднак, што ў аснову контураў мапы лягла „Этнографическая карта Белорусскаго племени” Яўхіма Карскага, 1917 года (было перавыданне ў 1918 годзе). Карта была скарэктавана па паўднёвым кірунку пад ўплывам канцэпцый Мітрафана Доўнар-Запольскага, які лічыў, што Берасцейшчына па савакупнасці фактараў больш беларуская, чым украінская.
Над картай працавала спецыяльная камісія, прызначана Народным Сакратарыятам замежных спраў БНР. Узначальваў яе Дзмітрый Бетхер, палкоўнік былога расійскага імператарскага Генеральнага штабу. Канчатковае картаграфічнае абагульненне, верагодна, было зроблена кімсьці з беларускай дыпламатычнай місіі ў Германіі. Карта была прадстаўлена надзвычайнай місіяй БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Галоўнай мэтай было жаданне прадставіць беларускія памкненні да самастойнага дзяржаўнага існавання перад удзельнікамі мірнай канферэнцыі. Таму назва і легенда карты пададзены на французскай, тагачаснай дыпламатычнай мове. Выкарыстанне беларускай мовы павінна было падкрэсліваць незалежнасць беларусаў ад суседзяў, у тым ліку ўсходніх, бо з імі на ранейшых нацыянальных картах былі злучаны ў адзін народ.
Мая мапа – гэта варыянт выдання літаграфічнай майстэрні Багдана Гізевіюса: „Gisaldruck v.Bogdan Gisevius, Berlin W. Bülowstr. 66”. Такая пазнака прысутнічае ў левай ніжняй частцы на чорнай рамцы.
Цікава, што акурат нядаўна я атрымаў з Берлінскага дзяржаўнага архіва адказ на пытанне, ці маюць яны нейкія дакументы аб літаграфічнай майстэрні Багдана Гізэвіюса на Бюлаўштрасэ 66:
„… На жаль, у нашых архівах не ўдалося знайсці матэрыялаў за 1918-1920 гады… захавалася толькі адна справа Галоўнага ўпраўлення ваеннага матэрыяльнага ўрону з 1944 года, што змяшчае, сярод іншага, дакументы аб перамяшчэнні кампаніі на Lützowstraße 60… Рэгістрацыя пашкоджанняў на Bülowstraße 66 (Berlin W 35)”.
З адказу не зусім зразумела, але, відаць, архіў майстэрні быў знішчаны ў 1944 годзе. Або папросту не захаваўся ў пазнейшы час, бо вядома, што майстэрня працавала да 1985 года. Таму трэба працягваць пошукі.
– Звычайна цікава дзе і за колькі набываюцца такія рэчы.
– Скажу так, што гэта была абсалютна выпадковая знаходка на адной з усім вядомых міжнароднай пляцоўцы. Там распрадавалі вялікую калекцыю мап пачатку ХХ стагоддзя. Сярод мап, што адлюстроўваюць перакройванне межаў паводле Версальскай дамовы, была і яна – карта БНР. Яна была не вельмі добра апісана, і толькі таму, што я пачаў разглядаць калекцыю, яна патрапілася мне на вочы. Кошт быў невысокі, мяркую, што любы чалавек мог бы дазволіць сабе на такую пакупку. Мапа прыйшла няхутка і яна пахне тытунём. Гэта значыць, яна паходзіць з прыватнай калекцыі нейкага аматра старых карт. Цяпер гэтая мапа у мяне, і вісіць на відным месцы. Дарэчы, побач з партрэтам Вінцэнта Гадлеўскага.
– Чаму, на ваш пошляд, важна пісаць аб такіх артэфактах і папулярызаваць іх?
– Мапа БНР гэта вельмі рэдкая рэч. Яе далёка не кожны дзень можна ўбачыць у продажы, і раней звычайна яна ішла як дадатак да іншых публікацый. Але гэтым разам быў асобны экземпляр, з вялікай калекцыі, у якой бачныя пагранічныя канфлікты пачатку ХХ стагоддзя: Беларусь, Украіна, Польшча, Літва. Сімвалічна, што я таксама набыў венскае выданне карта Украіны Сцяпана Рудніцкага 1914 года – дзве мапы, што „канфліктуюць” паміж сабой, але зараз ужо з’яўляюцца гісторыяй. Што казаць, мы часта бралі прыклад з украінцаў. Дарэчы, Украіна першай прызнала Беларускую Народную Рэспубліку.
На мой погляд, падобныя артэфакты – не проста музейныя экспанаты. Яны працуюць як сімвалы, як пазітыўныя інфанагоды. Ініцыятывы, падобныя, напрыклад, да „Мальдзіс”:, што набылі мапу ВКЛ 1613 г. і мапу ВКЛ Яна Няпрэцкага, паказваюць, што гісторыя можа стаць нагодай для аб’яднання, дыялогу, сустрэч, адукацыі. Я суcтракаў шмат калекцыянераў мап, але тут іншае. Хлопцы возяць гэтыя артэфакты, паказваюць, распавядаюць аб іх. Дарэчы, у межах фестывалю «Летуцень» у Кракаве, дзе гэтыя мапы былі „на гастролях”, я распавядаў аб часе і абставінах у якіх яны паўставалі.
Калі яшчэ ў Беларусі мы выдавалі мапу БНР, то заўжды падкрэслівалі: гэта быў час дэкларавання межаў, якія абгрунтоўваліся этнаграфічнымі дадзенымі, нярэдка, палітычнымі амбіцыямі, час канфліктаў. Але, нягледзячы на ўсе канфлікты, ідэя Беларусі выжыла. Яна засталася не толькі як ідэя на карце, якая была адным з падмуркаў ідэі незалежнасці.
Размаўляў Сяргей Александровіч