Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Лёсы

Паэт, які любіў Нёман

Віленскі беларускі часопіс „Шлях моладзі” (1933, № 7, 8) адзін з першых адгукнуўся на смерць маладога паэта Міхася Явара (1903-1933) з вёскі Мінявічы былога Гродзенскага павета, а цяпер Мастоўскі раён. На 6-7 старонках часопіс апублікаваў спачувальны тэкст-некралог і верш Міхася Явара „Вечар”. Некралог падпісаны крыптанімам Я-к. Вось пра што пісаў аўтар Я-к:

„Дваццаць чацвёртага чэрвеня гэтага года, седзячы над берагам Нёмана, каля роднае вёскі Мінявічы, Луненскай гміны Гарадзенскага павета, выстралам з рэвальвера перарваў сабе жыццё малады беларускі паэт Міхась Явар (Карась).

Пачатак некралога ў часопісе "Шлях моладзі". 1933 г.
Пачатак некралога ў часопісе “Шлях моладзі”. 1933 г.

Родная сястра паэта, відаць, прадчуваючы, нешта кепскае, сачыла за братам і, калі пабачыла, што ён хоча сабе адабраць жыццё, хацела яму ў гэтым перашкодзіць, але было ўжо запозна, бо, скіраваны ў грудзі рэвальвер, выстраліў. І хоць куля ў сэрца не папала, то аднак прычынілася да таго, што 27- га чэрвеня Міхась Явар сканае ў Горадні, куды перавезены быў на лекі.

Міхась Явар з’яўляўся нашым сталым супрацоўнікам. Ягоныя творы былі друкаваны на бачынах „Шляху моладзі”. Апроч таго, мы маем яшчэ некалькі вершаў не друкаваных,  адзін з якіх змяшчаем ніжэй, – прадчасная смерць паэта з’яўляецца для нас вельмі балючай.

Міхась Явар
Міхась Явар

Паходзіў Міхась Явар з небагатае беларускае сялянскае сям’і. Ён глыбока перажываў сучасныя падзеі і цяжкае палажэнне беларускага народу. Здароўе меў слабое і доўга хварэў на сухоты. Апошнім жа часам папаў ён у цяжкія жыццёвыя абаставіны. Усё гэта так забойча дзеіла на ягоную маладую душу, што нервы больш не маглі вытрымаць.

Смерць Міхася Явара ставіць прад вачыма кожнага, а асабліва маладога беларуса (скі) абраз таго жудаснага жыцця нашага народа ў сучаснасці, што даводзіць да роспачы і так трагічных канцоў, як толькі што апісаны. Вынік гэтага – бязмежнае абядненне і ўтрата веры ў жыццё і свае собскія сілы. Над паправай быту нашага народу і над узмацненнем у ім веры ў жыццё мусімо дзеля таго яшчэ сільней працаваць, каб гэткія і ім падобныя здарэнні не паўтараліся. Вечнаму ж сыну народа хай лёгкай будзе родная зямелька!”.

Сям'я Карась: бацька Андрэй, дочкі Вольга і Люба, сыны Васіль і Міхась, маці Аляксандра, пачатак ХХ ст.
Сям’я Карась: бацька Андрэй, дочкі Вольга і Люба, сыны Васіль і Міхась, маці Аляксандра, пачатак ХХ ст.

У гэтым самым нумары пад некралогам  часопіс „Шлях моладзі” публікуе яго верш „Вечар”. Верш сумны. Ён адлюстраваў прыгнечаны настрой паэта, хаця сама яго душа рвалася ў „нязведаны край”. Міхась Явар марыў пра іншую Беларусь:

Дзе ні слёз, ні нуды,

Дзе пануе вясна, вечны май!

Да таемных тых зор!

Дзе няма той нуды,

Крыўды, гора-бяды,

Што пануюць на нашай зямлі!

Міхась Явар быў закаханы ў беларускую дзяўчыну Анісю Мікулу. А яго моцна пакахала польская настаўніца з вёскі Каўшы. Ён сябраваў з ёй, спачуваў ёй, але кахаў Анісю. Бацькі Анісі не дазволілі выходзіць замуж за Міхася, бо ў хлопца былі сухоты, якія тады не вылечваліся. Найбольш перажываў бацька, таму не жадаў, каб дачка засталася ўдавою.

Справа Мікола Карнялюк - муж Любы Карась, роднай сястры Міхася Явара з валамі, 1950-я гады
Справа Мікола Карнялюк – муж Любы Карась, роднай сястры Міхася Явара з валамі, 1950-я гады

У 1975 годзе, калі яшчэ жыла Аніся Мікула (па мужу Бобрык), яна прыгадала Міхася Явара і той час сваёй маладосці. Успаміны яе запісаў вядомы настаўнік і краязнавец, заслужаны работнік культуры Беларусі Алесь Белакоз (1928-2016). Аніся Мікула ўспамінала:

– Слухала Міхася Явара з цікавасцю, бо заўсёды гаварыў штосьці разумнае, новае. Мог гаварыць на любую тэму некалькі гадзін запар, нігды не паўтараўся. Замуж не пайшла, бо ён быў хворы на сухоты.

Многа чытаў кніжак, а беларускія кніжкі то ўсе ведаў. Чырвоных штандараў не вывешваў, на сходы камсамольцаў не хадзіў, таму яго паліцыя ніколі не чапала. А ў апошні дзень жыцця было так.

Міхась Явар
Міхась Явар

Мама паслала мяне да Нёмана перамыць зелля. Я подбегам спусцілася да вады, хуценька перамыла зелля, сабрала яго ў кошык, але заўважыла, што Міша спускаецца з берага. На сцежцы Міхась сказаў: „Пастой крыху”.

Я спынілася. Ён узяў мяне за руку, дастаў ліворвар і запытаў: „Аніся, ці баішся ты смерці?”

– А хто ж ні баіцца відавочнай смерці? – адказала я.

Тады Міхась моцна сціснуў мяне за руку і пайшоў да грушак, якія раслі на беразе Нёмана. Я ўзыйшла на бераг і назірала, што ён будзе рабіць. Ён скінуў каптан, шапку, паклаў усё гэта каля грушкі, а тады выстраліў сабе ў грудзі…

Нарадзіўся Міхась Явар (сапраўднае прозвішча Міхась Андрэевіч Карась) 8 лістапада 1903 года на Мастоўшчыне ў вёсцы Мінявічы, якая знаходзіцца ў непаўторных па прыгажосці мясцінах на беразе Нёмана. Дзяцінства прайшло ў роднай вёсцы, дзе зімою хадзіў у школу, а летам працаваў. Але ў 1915 годзе сям’я  прымусова пакінула родную вёскі і падалася ў бежанства. Там і адчуў юнак вялікі сум па родным Нёмане, па багатых беларускіх лясах, па палях і лугах.

У Расіі Міхась Карась працягваў вучобу. Але ён і бацькі вельмі хацелі вярнуцца на Бацькаўшчыну. І ў 1921 годзе ўсе вярнуліся на родную Мастоўшчыну, дзе Заходняя Беларусь была ўжо пад Польшчай. А рускія казакі ўсё там спалілі, шмат нарабілі шкоды, каб, маўляў, не пакінуць нічога немцам. Ды па дарозе дамоў спачатку абрабавалі бальшавікі, а потым польскія памежнікі. Таму было вельмі цяжка пачынаць жыццё на радзіме па-новаму.

Зямлі было мала, а сям’я вялікая. Акрамя Міхася ў Карасёў нарадзіліся яшчэ сын Васіль і дзве дачкі – Люба і Вольга. Міхась пачаў займацца рыбалоўляй на Нёмане. Гэту справу ён вельмі любіў. Ведаў рыбныя месцы, вывучыў паводзіны рыб ва ўсе поры года і ў рознае надвор’е. Таму заўсёды рыбы лавіў шмат і прадаваў яе гандлярам і службоўцам з мястэчка Луна.

Міхась Карась меў добры голас, заўсёды спяваў песні. Спяваў, калі ішоў да Нёмана, спяваў на канцэртах і ў дарозе. Асабліва любіў песні „Нёман” на словы Янкі Купалы, „Люблю наш край старонку гэту” Канстанцыі Буйло, „Зорка Венера” Максіма Багдановіча.

У 1968 годзе Алесь Белакоз з Гудзевіч разам з вучнямі мясцовай школы запісаў успаміны пра Міхася Явара Хведара Макарчыка. Тады стары 70-гадовы Макарчык прыгадаў:

З Мішам Карасём я сябраваў. Гэта быў сапраўдны патрыёт, часта нам чытаў беларускія і рускія кніжкі, а таксама свае вершы. У іх паэт заклікаў да барацьбы за зямлю, за беларускія школы. Часта да яго чапляліся паліцманы, арыштоўвалі, катавалі. Моладзь пад кіраўніцтвам свайго паэта наладжвала самадзейныя выступленні. Вылучаныя грошы ішлі на падпольную работу.

Аднойчы я лавіў на Нёмане рыбу. У гэты час плыў на чоўне Міхась. Ён натхнёна спяваў. Калі праплываў побач, неяк спытаў: „Як, Федзя, атрымліваецца ў мяне крыху?”. „Што ты, Міша, ты ж цудоўна спяваеш!” – адказаў я. Па беразе ішлі дзве багатыя дачніцы. Адна з іх папрасіла: „Заспявай яшчэ, дам залатоўку”. Міша адразу ж адказаў: „Дам дзве, каб толькі не спяваць для вас. Песні нашы не прадаюцца”.

Міхась быў горды, мужны, свабодалюбівы і праўдзівы чалавек. Ён часта казаў сялянам, як дабівацца сваіх правоў. А яшчэ Міхась быў заўсёды акуратна апрануты, любіў парадак і ахайнасць.

Неяк ён задумаў стаць сапраўдным рыбаком. Ды не меў чоўна. Знайшоў дзесьці ствол крывога дрэва, прывёз пад хату і пачаў яго абчэсваць.

Міша, што ты робіш? – пытаю.

– Думаю човен выштукавіць.

– Дык матэрыял у цябе крывы…

– Павінна што-небудзь атрымацца…

І праўда, атрымаўся нават добры човен. Залатыя рукі і разумную галаву меў наш Міша. За што возьмецца, бывала, усё зробіць. Аднойчы за злоўленую рыбу купіў радыё з навушнікамі. Вечарамі мы збіраліся ў яго і слухалі Мінск. З асалодай лавілі кожнае беларускае слова…

Міхась Явар моцна любіў Нёман. Але ён і загубіў хлопца: юнак захварэў на сухоты, на хваробу, якая тады не лячылася.

Тым не менш, скразным вобразам усёй сціплай творчасці Міхася Явара быў родны Нёман – своеасаблівы сімвал мінулай і будучай славы Беларусі:

Праменьні…

На кропельках расы жывой,

Ў траве шаўковай, маладой,

На дрэвах, красачках, кругом

Яны брыльянтавым агнём

Рознакалёрна зіхацяць,

Люстраны Нёман залацяць.

А ён спакойны, усё плыве,

І думку тайную сваю

Нясе кудысь ў далечыню.

Плыве між родных берагоў

Праз сотні, тысячы гадоў

Ён сведка прошласці нямой

Ў краіне роднай, дарагой…

А гэты верш быў напісаны ў апошнія дні яго жыцця. Ён таксама прысвечаны Нёману. У ім паэт размаўляе з вялікай ракой, называючы яе „самай вернай, роднай і мілай”, якая ніколі не крыўдзіла паэта:

О, мой Нёман мілы,

О, мой Нёман родны!

Толькі ты застаўся верным

У маім жыцці, у маім каханні,

У маім штодзённым цяжкім страданні.

Ты не пакрыўдзіў мяне,

Ты мне ніколі не здрадзіў,

Як здрадзілі людзі.

І цяпер вось глядзіш ты

Сваім поглядам нямым, чароўным,

Як быццам знаеш,

Што я ўжо ўсіх і ўсё пакінуў.

Што без пары іду ў магілу.

А ты, мой дружа,

Плыві так доўга,

Плыві так вечна.

Бо паміж імі мноства ёсць здрайцаў,

Здрайцаў праклятых.

Яны, каб маглі,

То з неба зоры паздымалі б,

А твае крыштальныя воды

У зямлю пусцілі б.

Гэты верш некалі запісаў Алесь Белакоз ад вясковай жанчыны Марыі Мікула з Мастоўшчыны, якая ведала яго на памяць.

Пры жыцці Міхася Явара вельмі паважалі яго равеснікі і старэйшыя хлопцы і дзяўчаты. Ён са сваімі сябрамі наладжваў розныя канцэрты і спектаклі не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх. На выступленні Міхася і яго самадзейных артыстаў прыходзілі дзесяткі гледачоў. Вясковыя артысты ставілі спектаклі па п’есах Янкі Купалы, Леапольда Родзевіча, Каруся Каганца. Перад пачаткам канцэртаў і спектакляў на сцэну выходзіў Міхась Явар і мяккім, задушэўным голасам чытаў паэтычныя радкі. Гэта былі вершы пра хараство родных краявідаў, пра мілы сэрцу Нёман, пра сялянскую нядолю. У іх чулася горкая, зразумелая людзям жальба і гарачая вера ў перамогу народнай справы.

Вельмі шчыра сябраваў Міхась Явар з паэтам Міхасём Васільком (Касцевічам, 1905-1960). Яны часта сустракаліся, гутарылі пра паэзію і Беларусь. Звычайна гэтыя сустрэчы адбываліся на беразе Нёмана. Магчыма, Міхась Васілёк найперш натхніў Явара на творчасць. Пад уплывам адной з сустрэч у лютым 1932 года Явар напісаў прысвечаны яму верш „Нёману”.

Верхняя частка буфета, які быў зроблена Міхасём Яварам у 1932 годзе
Верхняя частка буфета, які быў зроблена Міхасём Яварам у 1932 годзе

Сябры жылі воддаль адзін ад аднаго, але сустракаліся ў вольны час. Міхась Васілёк звычайна наведваў Явара, слухаў яго вершы, паказваў, як што паправіць, падбадзёрваў хворага і расчараванага ў жыцці чалавека. Сябры садзіліся ў лодку і, як змоўшчыкі, плылі ўніз па рэчцы, аддаючыся задушэўным размовам. Васілёк успамінаў сваё юнацтва. А Явар слухаў. Ад цяпла дружбы тады весялеў Міхась Явар. Пра адну з гэтых сустрэч нават напісаў верш у лютым 1932 года. Там ёсць радкі:

І здавалася мне, што плывём мы туды,

Дзе пануе ўжо светлае ранне,

Дзе няма ўжо той мукі, ні слёз, ні нуды, –

Светазарным тым дням на спатканне…

Вестка пра самагубства Явара цяжка ўзрушыла Васілька. У пісьме да Рыгора Шырмы ён пісаў 6 лістапада 1933 года: „Явар – гэта быў чалавек з такою уражліваю, чулай душою, якіх я яшчэ не сустракаў. Прыходзілася дзівіцца, гледзячы на яго: няўжо гэты рыбак, які вось так проста сядзіць у сваім чоўне, без шапкі, чорны, загарэлы, з дзвюма ўпадзінамі замест вачэй – мае такую паэтычную душу? Ён глядзеў на свет вачыма дзіцяці, баючыся пакрыўдзіць каго нават думкай сваёю…”.

Першыя спробы пяра паэта пачалі з’яўляцца на старонках часопіса „Шлях моладзі” у 1932 годзе. Гэта быў верш „Ружы і салавей”. Сюжэтны твор пра пахучыя ружы, дзе салавейка звіў гняздо і спяваў песні кахання раніцай і вечарам. Але аднойчы нехта сарваў пахучыя ружы, а потым дождж і вецер разбурыў гняздо і загінуў салавейка. Можа трохі і наіўны верш, але шчыры, просты і з надзеяй на светлае і шчаслівае жыццё.

Свае вершы Міхась Явар паспеў яшчэ надрукаваць не толькі ў „Шляху моладзі”, але і ў заходнебеларускіх выданнях „Беларуская газета” і „Летапіс ТБШ”. У творчых пошуках ён стараўся арыентавацца на традыцыі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, творы беларускай вуснапаэтычнай творчасці.

Лірычны герой паэзіі Міхася Явара – натура даволі рамантычная, глыбока ўражлівая, з абвостраным успрыняццем грамадскіх катаклізмаў, надзеленая пачуццём справядлівасці. У яго творах адчуваецца гарманічны прыродны свет, які выступае своеасаблівым антыподам недасканаламу чалавечаму жыццю. Пра ўсё гэта паэт чулліва піша ў сваіх вершах „Вечар”, „Гукі далёкія”, „Зіма”, „Ці ты помніш?”.

Каля каменя Міхася Явара мастоўскія талакоўцы
Каля каменя Міхася Явара мастоўскія талакоўцы

Лепшыя вершаваныя радкі паэта прасякнуты шчырым спачуваннем долі працаўніка-беларуса, верай у лепшую будучыню свайго народа. Асабліва гэта адчуваецца ў вершы „Паклон чалавечаму страданню”, які быў напісаны ў 1932 годзе, а апублікаваны ў „Беларускай газеце” пасля смерці паэта 26 ліпеня 1939 года. Вось некалькі радкоў з гэтага верша:

Не прад бажніцамі, дзе светлыя праменні

Агнёў нязлічаных гараць і зіхацяць,

Не там, браты, о не! – я кленчу на калені,

Не там, дзе алтары ў золаце блішчаць.

Не там, дзе бляск багацця вабіць многіх вока,

Не там, дзе золата і срэбра чуцен звон, –

Я чалавечаму ўсяму страданню, мукам,

Крывавым слёзам іх сягоння шлю паклон…

У Міхася Явара напісалася шмат паэтычных радкоў. Сярод іх і паэмы „За сэрцам”, „Думы ў адзіноце”, „Шляхам цярністым”. Але цалкам паэмы адшукаць не ўдалося, толькі ўрыўкі з паэм. Магчыма, гэтыя творы не былі завершаны. Бо з іх публікаваліся толькі асобныя вершаваныя строфы.

Прафесар Аляксей Пяткевіч адзначае, што ў паэтычных радках Міхася Явара нямала недахопаў, што заўважаецца перайманне іншых паэтаў. „Аднак ёсць душэўна тонкая, уражлівая асоба, якая востра пакутуе ад усякага зла, жыве прагаю свабоды, добрай долі для народа. У вершах цесна спалучаецца паэтычна светлае, нават рамантычна летуценнае ўспрыманне жыцця і адчуванне трагізму сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці:

Гукі далёкія, мілыя, родныя!

Грайце ж, магутныя, грайце ж, чароўныя,

Дзіўнай мелодыяй ў сэрцы маім,

Пакуль яшчэ струны трымаюцца ў ім[i].

Свае вершы Міхасю Явару прысвячалі паэты Міхась Васілёк, Міхась Машара і Станіслаў Суднік. Міхась Машара ў сваім вершы-прысвячэнні Міхасю Явару ў 1933 годзе пісаў:

Я не знаю, хто тут вінаваты,

І нікога судзіць не бярусь.

Ў сэрцы боль ад заўчаснае страты

І за долю тваю, Беларусь…

Міхась Явар быў не толькі добрым рыбаком і светлым паэтам, але яшчэ і грамадскім дзеячам. Асаблівую актыўнасць ён праяўляў у канцы 1920-х гадоў. Ён падтрымліваў сувязі з сябрамі з Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, шмат працаваў як актывіст, агітаваў за школу на роднай мове, распаўсюджваў лістоўкі.

Міхась Явар меў вялікую пашану ў людзей, таму, нягледзячы на самагубства, яго пахавалі на могілках у Навасёлках, непадалёку ад Нёмана. У 1991 годзе настаўнік Алесь Белакоз на сесіі Луненскагат сельсавета распавёў дэпутатам пра лёс Явара, яго творчасць, прачытаў вершы паэта. Пасля гэтага дэпутаты выказаліся аднагалосна за перайменаванне ў Луна вуліцы Энгельса ў вуліцу Явара (па гэтай дарозе шмат разоў хадзіў паэт у мястэчка гандляваць рыбаю).

Вуліца Міхася Явара ў Луна Мастоўскага раёна
Вуліца Міхася Явара ў Луна Мастоўскага раёна

За асабістыя грошы Алесь Мікалаевіч Белакоз заказаў два бюсты Міхася Явара ў скульптара Станіслава Быка. Адзін бюст у 1968 годзе ён падараваў Луненскаму музею, а другі – Гудзевіцкаму літаратурна-краязнаўчаму музею. Гэта не спадабалася мясцоваму мастоўскаму начальству. Была наладжана грунтоўная праверка Гудзевіцкая сярэдняй школы. Чыноўнікі забаранілі пакідаць у Гудзевіцкім музеі бюст Міхася Явара. І толькі пры дапамозе беларускіх пісьменнікаў бюст у музеі ўдалося пакінуць і захаваць назаўсёды.

Бюст Міхася Явара ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі
Бюст Міхася Явара ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі

Стараннямі Алеся Белакоза і былога старшыні сельсавета Валянціны Карповіч на магіле паэта паўстаў мармуровы помнік.

А мясцовы настаўнік Уладзімір Брыцька разам са сваімі вучнямі шмат гадоў таму на вуліцы Явара пасадзілі явары. Дрэвы цяпер даволі вялікія і яны, здаецца, гамоняць пра тутэйшага паэта. А каля самага Нёмана ў Мінявічах мясцовыя грамадскія актывісты паклалі памятны валун з надпісам: „Марам Міхася Явара”.

Магіла Міхася Явара
Магіла Міхася Явара

Амаль штогод творчая інтэлігенцыя Гродзеншчыны наладжвае талаку па ўпарадкаванню месца пахавання паэта і традыцыйна праводзіць летам літаратурны фэст у гонар Міхася Явара, які любіў Нёман, сваю Бацькаўшчыну і землякоў.

Сяргей Чыгрын

Фотаздымкі з архіва аўтара і Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Мастоўскага раёна

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis