Пяты нумар „Краязнаўчай газеты” быў прысвечаны Яўхіму Карскаму (1861-1931) – вучонаму-лінгвісту, акадэміку. На працягу 48 гадоў навуковай дзейнасці Яўхім Карскі напісаў 96 кніг, 143 артыкулы і нататкі, 777 водгукаў, анатацый, крытычна-бібліяграфічных работ. Усяго акадэмік надрукаваў 1026 прац.
„Краязнаўчая газета” апублікавала хроніку жыцця і дзейнасці Яўхіма Карскага, напісала матэрыял пра чытанні ў Гродзенскім універсітэце яму прысвечаныя, рэцэнзію на кнігу Апанаса Цыхуна „Акадэмік з вёскі Лаша Я.Ф. Карскі”, артыкул Аляксея Пяткевіча пра Карскага – як заснавальніка навуковага беларусазнаўства і г.д.
Газета ў той час напісала таксама пра Юзафа Ядкоўскага – гісторыка, археолага і нумізмата, пра пісьменніцу Цётку, пра кнігу „Яўрэі Гродна” і пра іншыя цікавыя звесткі.
Наступныя нумары „Краязнаўчай газеты” парадавалі ў той час і з цікавасцю я іх чытаю сёння, бо яны складаюцца з артыкулаў і інфармацый краязнаўцаў Беларусі. Пісалі ў газету адусюль. Янка Мяцеліца з Мінска, напрыклад, прыгадаў краязнаўца, гісторыка і пісьменніка Генадзя Каханоўскага (1936-1994). У ім аўтар напісаў, што Генадзь Каханоўскі „разгадаў не адну таямніцу гісторыі, адкрыў Беларусі шмат славутых імёнаў і мясцінаў, нанёс на літаратурную карту сёння добра вядомую Багдановічаву Ракуцёўшчыну”.
Намеснік дырэктара культурна-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны з Мінска Віталь Скалабан (1947-2011) пісаў на старонках газеты, што беларускае краязнаўства мае багатую гісторыю. „Асаблівы размах яно атрымала ў сярэдзіне 1920-х гадоў, падчас шырокай плыні Адраджэння. На жаль, той перыяд быў вельмі кароткім. І тым не менш, надрукаваны вядомыя сёння кнігі, напрыклад Міколы Каспяровіча, Мікалая Улашчыка і іншых. Выдатна, што ў апошняе дзесяцігоддзе назіраецца шырокі ўздым краязнаўчай работы.У гэтым кірунку выдадзена нямала карыснай літаратуры: адпаведныя артыкулы ў Беларускай энцыклапедыі, зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, серыя хронік „Памяць”, дзесяткі кніг вучоных, гісторыкаў і краязнаўцаў. Асобнае месца займаюць рэгіянальныя выданні. Напрыклад, „Браслаўскія сшыткі”, „Тураўскі зборнік”, „Магілёўская даўніна”, „Віцебскі сшытак”, часопіс „Куфэрак Віленшчыны”, „Краязнаўчыя запіскі”, кніга „Людзі культуры Гродзеншчыны” Аляксея Пяткевіча, зборнікі „Загароддзе”, – пісаў Віталь Скалабан.
Аб праблемах і набытках краязнаўства на старонках гродзенскага выдання разважалі Міхась Вераціла з Ваўкавышчыны, Іван Карповіч са Слоніма, Алесь Крой з Гродна, Лявон Анацка з Ліды, Мікола Гайба з Навагрудка і шмат хто яшчэ.
Асобныя старонкі „Краязнаўчай газеты” (№3(7), сакавік, 2001) былі прысвечаныя юбілеям Аляксея Пяткевіча з Гродна і Васіля Супруна са Слоніма. Васіль Супрун (1926-2007) прайшоў сталінскія лагеры, вярнуўся на Бацькаўшчыну, працаваў будаўніком, супрацоўнікам музея. На Брэстчыне і Гродзеншчыне ён даследаваў больш як 200 археалагічных помнікаў розных эпох. Ён пісаў артыкулы па археалогіі, асноўную ўвагу надаваў выяўленню і апісанню раней недаследаваных археалагічных, архітэктурных і гістарычных помнікаў. Надрукаваў дзесяткі артыкулаў у газетах і часопісах. Выдаў кнігі „За смугою часу”, „Дзеі над Шчарай”, „Незабыўныя „ксівы”, „Жыць для Беларусі” і іншыя.
10 мая 2001 года ў Гродне адбыўся арганізацыйны сход па стварэнні гарадскога краязнаўчага таварыства (ГГКТ). Раду ўзначаліў гісторык Вячаслаў Швед. Пра гэта паведаміла „Краязнаўчая газета” (№5(9). Антон Лабовіч надрукаваў чарговае інтэрв’ю з дырэктарам на той час музея Максіма Багдановіча ў Гродне Аленай Гайко. Пра тое, што тады распавядала Алена, цікава і сёння. А яна вяла гутарку пра пісьменніка Аляксея Карпюка, які ў 1960-х гадах пабываў у Яраслаўлі. Там ён завітаў да сваячкі Максіма Багдановіча – удавы зводнага брата Максіма Паўла – Аўгусты Іванаўны. Жанчына перадала ў Гродна нататнік паэта, фотаздымкі, пісьмы. Хацела, каб забралі „іхні” куфар. Прывезеныя рэчы з Яраслаўля доўга захоўваліся ў Гродзенскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў. Частка, на жаль, у 1970 годзе была страчана. Відаць, расцягнулі на сувеніры. Аляксей Карпюк вельмі шкадаваў тых рэчаў. А тое, што засталося, цяпер захоўваецца ў музеі Максіма Багдановіча ў Гродне: гарбатная лыжачка з ініцыяламі М.Б., інкруставаная шкатулка маці Максіма Багдановіча, настольная рамка-пашпарт, фотаздымкі, дакументы…
„Краязнаўчая газета” ў агульным 9-м нумары апублікавала пісьмы Ігара Пракаповіча з Паставаў і Кастуся Шыдлоўскага з Браслава. Яны пісалі пра свае краязнаўчыя справы і поспехі на ніве раённага краязнаўства.
Да 120-годдзя з дня нараджэння беларускага археолага, этнографа, публіцыста і палітычнага дзеяча Івана Луцкевіча (1881-1919) у газеце з’явілася два матэрыялы.
Надрукавала газета і цікавы матэрыял загадчыцы аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Любові Турмасавай пра „Бібліятэку і краязнаўства”. Аўтарка падкрэсліла, што „асноўная функцыя нашай бібліятэкі – гэта фармаванне фонду краязнаўчых і мясцовых дакументаў, якімі яна адрозніваецца ад іншых бібліятэк. Аддзел краязнаўства бібліятэкі – адзін з каналаў дакументальнага і інфармацыйнага забеспячэння краязнаўчага руху”.
У наступных нумарах „Краязнаўчай газеты” таксама шмат рэдкіх і разнастайных матэрыялаў. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Апанас Цыхун напісаў пра асобу Прынёманскага краю кампазітара Аляксандра Шыдлоўскага. Паэтка Ала Петрушкевіч згадала Цётку, якая „стала песняй у народзе”. Антон Лабовіч напісаў пра доктара медыцыны, французскага прыродазнаўца і хірурга Жана Эмануэля Жылібера, які ў другой палове XVIII стагоддзя арганізаваў у Гродне каралеўскую медыцынскую акадэмію з анатамічным тэатрам, заснаваў акушэрскую школу, каралеўскі клінічны шпіталь, батанічны сад, дзе было размешчана амаль дзве тысячы раслін і траў, у тым ліку 1500 замежных. Гэта быў першы батанічны сад у Рэчы Паспалітай і адзін з найлепшых у Еўропе.
Андрэй Майсяёнак напісаў артыкул пра акадэміка НАН Беларусі Анатоля Свірыдзёнка. А вядомы даследчык нашай гісторыі і літаратуры Генадзь Кісялёў (1931-2008) у №8(12) апублікаваў вялікі артыкул „Дзіўная публікацыя, калі не сказаць больш”. У ім даследчык раскрытыкаваў прафесара з Гродна Валерыя Чарапіцу і гісторыка з Лондана Юрыя Весялкоўскага, якія выкрэсліваюць у сваіх публікацыях Кастуся Каліноўскага і пішуць, што „праз увесь час рэвалюцыйнай дзейнасці Каліноўскі супрацоўнічаў з палякамі і ў іхніх інтарэсах вёў прапаганду сярод беларускіх сялян”. Генадзь Кісялёў распавёў, хто такі Кастусь Каліноўскі і якую ролю ён сыграў у нашай гісторыі: „Феномен Каліноўскага нельга зразумець у адрыве ад працэсу фарміравання беларускай нацыі ў XIX стагоддзі… Кастусь Каліноўскі, яго дзейнасць і творчасць – адзін з важнейшых этапаў на гэтым шляху. Кім быў Каліноўскі, сведчыць і яго развітальны верш з-пад шыбеніцы. Верш гэты быў напісаны на беларускай мове. Пашукайце яшчэ такі прыклад у гераічнай і трагічнай беларускай гісторыі”.
Адзін з нумароў выдання быў прысвечаны 60-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Антон Лабовіч напісаў пра кнігу Івана Басюка „Навагрудскі „кацёл”, а Сцяпан Ярашчук – пра выставу „Нямецкая прапаганда на Беларусі 1941-1944 гады”, Дзмітрый Аляшкевіч спыніўся на манументах, помніках і абелісках…
Прыгадала „Краяўзнаўчая газета” на сваіх старонках Эдуарда Корзуна, які ў 2001 годзе памёр на 69-м годзе жыцця. Усё жыццё ён адпрацаваў у школе і даследаваў Гальшаны. Гісторыя і этнаграфія Гальшанаў былі яго жыццёвай справай і захапленнем. У 1987 годзе ён выдаў кнігу „Гальшаны”. Яго артыкулы пра Гальшаны друкаваліся ў зборніках „Школьны музей”, „Ашмяншчына”, у энцыклапедыях Беларусі. Эдуард Корзун быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Міністэрства адукацыі Беларусі, значком „Выдатнік адукацыі Беларусі”, ордэнам „Знак Пашаны” і медалямі.
Пра Гальшаны часта згадвала і газета. Наталля Мяцельская апублікавала вялікі артыкул „Замак легендарнага Гойшы”, Уладзімір Кавалёў зрабіў агляд часопіса „Колокол времён”, які быў прысвечаны Гальшанам, Сцяпан Ярашчук пагартаў часопіс „Куфэрак Віленшчыны” (рэдактар Міхась Казлоўскі), дзе публікаваліся артыкулы Эдуарда Корзуна пра Гальшаны ((№ 9(13), 2001 г.).
Гісторык Ігар Марзалюк з Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, напісаў артыкул пра краязнаўства на Магілёўшчыне. Бібліятэкары з Навагрудчыны Святлана Гірэйка і Таццяна Мішкіна згадавалі пра патрыярха з берагоў Свіцязі Уладзіміра Урбановіча (1921-1999). Настаўнік і краязнавец заснаваў літаратурна-краязнаўчы музей у Валеўскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна. Пры жыцці выдаў дзве кнігі „Па дарагіх мясцінах” (1964) і „Шляхамі паэтаў і герояў” (1970). Сябраваў з Максімам Танкам, Янкам Брылём. Уладзімірам Калеснікам, Сцяпанам Александровічам, Алесем Адамовічам, Аляксеем Пяткевічам і іншымі пісьменнікамі.
На Слонімшчыне ёсць сем буйных валуноў – геалагічных помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Гэта – расколаты камень, які знаходзіцца ў лесе недалёка ад мікрараёна Альбярцін горада Слоніма, вялікія камяні каля вёсак Сянькоўшчына, Смаўжы, Рудаўка, Кракотка, а таксама кракоцкая камлыга і камень з ямкамі каля той жа вёскі Кракотка. Напрыклад, кракоцкай камлызе на думку вучоных 150-200 тысяч гадоў. Пра школьнае краязнаўства і валуны разважаў у адным з нумароў былы настаўнік Сялявіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Сяргей Клёсаў.
Змяшчала газета матэрыял і пра краязнаўца і калекцыянера Лявона Карповіча з вёскі Лунна Мастоўкага раёна. Спадар Лявон працаваў настаўнікам матэматыкі (ужо на пенсіі), а ў вольны час даследаваў родны край. Сам вырабляў канверты, прысвечаныя Францішку Багушэвічу, Кастусю Каліноўскаму, Тадэвушу Касцюшку, Эміліі Плятэр, Уладзіміру Караткевічу і іншым вялікім асобам Беларусі.
Адзін з нумароў газеты быў прысвечаны археолагу, гісторыку, краязнаўцу, энцыклапедысту, грамадскаму дзеячу, доктару гістарычных навук прафесару Міхасю Ткачову (1942-1992). Лёс наканаваў яму толькі 50 гадоў жыцця. Але зрабіў гэты чалавек не менш чым многія навуковыя калектывы. Бескампрамісная гістарычная праўда, яе вяртанне беларускаму народу сталі той паходняй, якой ён асвятліў доўгачаканую хвалю адраджэння дзяржавы і нацыі, абаронцам якіх Міхась Ткачоў заставаўся да апошніх дзён жыцця.
Пра краязнаўчую Гомельшчыну пісаў у „Краязнаўчую газету” і Аляксандр Кузьміч з Гомеля. Пік актыўнасці краязнаўчага руху у Гомелі, на яго думку, прыпаў на пачатак 1990-х гадоў. Тады было праведзена некалькі навукова-практычных канферэнцый па гістарычнаму краязнаўству, народнай духоўнай культуры, дыялектах, тапаніміцы, выйшаў у друку шэраг кніг.
Пісала газета пра мастака Напалеона Орду (1807-1883). Тым больш, што ягоны лёс быў моцна знітаваны з Гродзеншчынай. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Свіслацкай гімназіі. Прымаў удзел у паўстанні 1830-1831 гадоў. Пасля паўстання апынуўся ў эміграцыі. Вярнуўся на Бацькаўшчыну ў 1856 годзе. Маляваў разбураныя замкі, вядомыя пабудовы, помнікі старажытнасці. Яго малюнкі захавалі шмат таго, чаго цяпер няма.
Згадвала газета пра татараў у беларускім войску, пра сістэму рэстаўрацыйных арганізацый, пра валанцёраў, пра праблемы захавання Белавежскай пушчы і друкавала шмат іншых матэрыялаў, якія цікава і карысна перачытваць і сёння.
Гродзенская „Краязнаўчая газета” – гэта адно з першых пісьмовых даследаванняў напачатку XXI стагоддзя, якое пашырыла і актывізавала краязнаўчы рух у Беларусі.
Сяргей Чыгрын