Дзесяць гадоў таму Марыя Гутоўская, Міся, першая дачка Чэслава Немэна-Выджыцкага скардзілася, што ад другой жонкі бацькі пачула горкія словы, якія надоўга засталіся ў яе памяці. «Я чула ад Малгажаты, што я для яго ніхто не важны», – прызналася яна. Яна таксама падкрэсліла, што не атрымала па бацьку ніякай памяткі. Мачаха сказала, што яна не мае на нішто права.
Яго звалі Чэслаў Юліюш Выджыцкі, нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў Старых Васілішках у Беларусі. Чэслаў Немэн памёр пасля працяглай хваробы – ён змагаўся з ракам лімфатычных вузлоў. Немэн быў польскім кампазітарам, мультыінструменталістам і спеваком, яго музыка вар’іравалася, у залежнасці ад перыяду, паміж рокам ва ўсіх яго разнавіднасцях, біг-бітам, джазам, авангардам, музыкай для кіно і тэатра і электронікай. Сярод найбольш папулярных хітоў і песень з яго рэпертуару «Dziwny jest ten świat», «Pod papugami», «Sen o Warszawie», «Wspomnienie», «Czy mnie jeszcze pamiętasz”, «Czas jak rzeka» ці «Jednego serca».
Ён быў адным з найвыдатнейшых польскіх мастакоў. Яго жыццё і сёння выклікае цікаўнасць. Музыка двойчы ажаніўся. Аб першым шлюбе, які доўжыўся 13 гадоў, пакуль вядома мала. Кім была Марыя Кляўзунік – першая жонка Немэна і маці яго старэйшай дачкі? У 1958 годзе, за некалькі гадзін да ад’езду сям’і на рэпатрыяцыю ў Польшчу, Чэслаў пабраўся шлюбам з Марыяй, школьнай сяброўкай і суседкай са Старых Васілішак. Чэславу было 17 гадоў, калі ён заўважыў суседку, якая была на год маладзейшая за яго. Дзяўчына, вакол якой заўсёды было шмат прыхільнікаў, выбрала яго за тое, што ён прыгожа іграў на гармоніку і гітары, спяваў і маляваў. Ён заваяваў сэрца Марышкі, напісаўшы яе партрэт. Сям’я будучай зоркі польскай музычнай эстрады вырашыла пераехаць, каб 19-гадовага Чэслава не прызвалі ў Савецкую Армію.
Сям’я Выджыцкіх правяла год у лагеры для рэпатрыянтаў у Драўску-Паморскім, а нявеста засталася ў Старых Васілішках. Марыя далучылася да мужа ў 1959 годзе. У наступным годзе нарадзілася дачка. Асноўнай прычынай распаду шлюбу сталі фінансавыя праблемы. Жонка хацела, каб Чэслаў знайшоў працу, а для яго важная была толькі музыка.
Чэслаў Немэн шмат гадоў змагаўся з лімфомай, у якой мастака падтрымлівала сям’я. Ён памёр 17 студзеня 2004 г. Было распаўсюджана меркаванне, што прычынай яго смерці, якая ўзрушыла польскую музычную сцэну, стаў рак. Потым стала вядома, што выбітны музыка памёр з-за ўскладненняў, звязаных з пнеўманіяй, якую ён перанёс у бальніцы. Пра апошнія дні жыцця бацькі распавяла Наталля Немэн.
Праз 20 гадоў пасля смерці Чэслава Немэна дагэтуль памятаюць пра яго творчасць, а біяграфія выклікае вялікую цікавасць. Тым больш, што ў біяграфіі артыста яшчэ ёсць перыяды, пра якія ён гаварыў неахвотна. Напрыклад, пра ўзгаданы раней шлюб з Марыяй Кляўзунік. Хто ж была першая жонка Чэслава Немэна, маці яго старэйшай дачкі?
Калі Марыя далучылася да свайго мужа ў 1959 годзе, Чэслаў у той час жыў у Гданьску і пачаў вучыцца па класе фагота ў сярэдняй музычнай школе. Яны павянчаліся ў касцёле. У 1960 годзе ў іх нарадзілася дачка Марыя. Марышка Кляўзунік распавяла пра тое, якім было яе жыццё з Чэславам Немэнам, «Я жыла ў жаночым інтэрнаце, дзе не было месца для мужчын, і ў нас не было грошай на арэнду. Мой муж жыў у падвале сярэдняй музычнай школы ў Гданьску, затым у Сопаце. Я год з Місяй жыла з яго бацькамі ў Белагардзе, мяне прынялі, не было нам там кепска», – успамінала першая жонка артыста.
У 1961 годзе Марыя вярнулася ў школу медсясцёр (яна перапыніла навучанне з-за пераезду ў Польшчу) пры Гданьскім медыцынскім універсітэце. Маленькая Марыся-Міся засталася ў Белагардзе пад апекай бабулі Ганны. Дзяўчынцы было пяць гадоў, калі яна стала жыць у Гдыні з маці, якая ўладкавалася на працу ў мясцовую бальніцу. Яе бацька ўжо выступаў як Чэслаў Немэн (у сярэдзіне 1970-х ён афіцыйна змяніў прозвішча на Немэн-Выджыцкі) і меў поспех у гурце Niebiesko-Czarni. Марышка не хацела чакаць, пакуль пачне зарабляць музыкай. «У нас не было грошай, мы не маглі быць разам, таму што не маглі дазволіць сабе зняць нават маленечкую кватэру».
Кляўзунік ніколі не хавала, што яе адносіны з Чэславам Немэнам распаліся па фінансавых прычынах. „Я мала зарабляла, і ў Чэсіка таксама не было грошай. Для яго існавала толькі музыка!» Сябар Немэна, кантрабасіст Гельмут Надольскі казаў: «ягоная жонка выгнала Чэсіка з дому, яна хацела, каб ён пайшоў на нармальную працу і нарэшце пачаў прыносіць дадому грошы». Не адчувала стабільнасці ў адносінах. Яна чакала, што Чэслаў пойдзе на нармальную працу, за якую кожны месяц будзе атрымліваць заробак. Аднак музыка была для яго прыярытэтам. «Я ўладкавалася працаваць у шпіталь, а сам ён ужо выступаў пад такім прозвішчам (у сярэдзіне 1970-х афіцыйна змяніў яго на Немэн-Выджыцкі) і святкаваў поспехі з гуртом Niebiesko-Czarni».
Калі ў 1963 годзе на І фэстывалі польскай песні ў Аполі Чэслаў Немэн сьпяваў: «Dziśб gdy ciebie mi brak i gdy stało się tak, że odeszłaś już i nie wrócisz tu, muszę być sam», толькі яго блізкія ведалі, што песня «Wiem, że nie wrócisz» была створана з тугі па страчанай жонцы. Аднойчы, калі Чэслаў прыйшоў да Марыі з букетам кветак, ён застаў там іншага мужчыну.
Афіцыйна яны заставаліся ў шлюбе да 1971 года, але бачыліся рэдка. Менавіта Марыя Кляўзунік падала на развод.
«Спачатку ён наведваў нас з дачкой у кватэры-студыі, плаціў аліменты, але мне гэтага было мала. Я хацела, каб ён быў з намі, але кожны з нас стаў ісці сваёй дарогай», – распавядала яна. Чэслаў Немэн, які на той момант ужо быў вялікай зоркай, не губляў сувязі з дачкой. Калі ён быў на Узбярэжжы, ён заўсёды сустракаў яе. Марыя Гутоўская ўзгадвала: «Прыезд таты азначаў, што акружаць яго прыхільнікі і звычайныя гледачы, захопленыя яго машынамі».
Незадоўга да разводу Чэслаў Немэн завязаў адносіны з італьянскай спявачкай Фарыдай Гангі. Са сваёй другой жонкай Малгажатай Кшэвінскай, акцёркай і мадэллю, маладзейшай за яго на 16 гадоў, пазнаёміўся ў 1973 годзе ў варшаўскім клубе «Рэмонт». Яны пражылі ў шлюбе амаль 28 гадоў і нарадзілі дзвюх дачок: Наталлю і Элеанору. „Яна змагла акружыць яго сваёй цеплынёй, лагоднасцю і цярпеннем. Ён адказваў у прамым і пераносным сэнсе моцным плячом і пачуццём бяспекі. Я лічу шлюб маіх бацькоў узорам. Я мала ведаю падобных. Я, напрыклад, не памятаю, ці сварыліся яны калі-небудзь», – расказала Наталля пра бацькоў.
Чэслаў Немэн, які памёр у 2004 годзе, не пакінуў тастаменту. Арганізацыяй усіх яго спраў занялася ўдава, яго другая жонка, Яна даручыла сабе ролю захавальніцы спадчыны мастака. Яго першародная дачка Міся запатрабавала частку спадчыны свайго бацькі. На жаль, яны з сёстрамі не змаглі дамовіцца аб падзеле, таму яна звярнулася ў суд, змагаючыся праз суд за хоць найменшую памятку па бацьку.
У 2011 годзе СМІ пісалі пра сваркі ў сям’і Чэслава Немэна. Марыя Гутоўская абвінаваціла Наталлю Немэн-Атрэмбу і Элеанору Аталай у тым, што яны не клапаціліся належным чынам пра бацькоўскую спадчыну, а мачаху – у тым, што яна ўтойвала ад яе тое, што належала да маёмасці спевака. Першая дачка Чэслава Немэна сцвярджае, што была шчаслівая бацькаваму шчасцю і нараджэнню дзвюх сясцёр. Аднак яе адносіны з мачахай Малгажатай былі іншымі. Паводле паведамленняў, паміж імі заўсёды былі рознагалоссі і напружанасць. Першародная дачка Чэслава Немэна падала ў суд на сваіх зводных сясцёр аб судовым падзеле маёмасці. Праз пяць гадоў Марыя Гутоўска ўсё яшчэ змагалася ў судзе за хоць найменшы сувенір па сваім памерлым бацьку. Казала: «Калі я прасіла ў Малгосі капялюш майго бацькі або нейкія ноты і творы, якія былі б вялікім скарбам для мяне і маіх траіх дзяцей, яго ўнукаў, мне адказалі, што я ні на што не маю права. Я чула ад Малгажаты, удавы майго бацькі, што я для яго ніхто не важны. Гэта казала жанчына, якую я калісьці лічыла сяброўкай. Яна была ўсяго на пяць гадоў старэйшая за мяне, і я часта бывала госцяй у доме, дзе яна жыла з маім бацькам. Калі бацька быў жывы, мяне там вельмі цёпла сустракалі. Я ўцешылася, калі нарадзіліся мае зводныя сёстры». Так што ў старэйшай дачкі Немэна няма ні адной памяткі па бацьку. Зводныя сёстры атрымалі аўтарскія правы на яго творы, а адна з іх Наталя прабуе спяваць. Наталля і Элеанора ахвотна распавядаюць пра бацьку ў СМІ. Горкія словы мачахі, якая змагаецца за кожную ноту і слова (таксама напрыклад з футбольным варшаўскім клубам Легія, для ягой напісаў ён гімн «Сон пра Варшаву) надоўга засталіся ў памяці Місі. «Я пачула ад яе, што я для яго заўсёды была няважная». І не вартая ні аднаго сувеніра.
Міся Гутоўская дадае, што бацька па-ранейшаму прысутнічае ў яе жыцці. Адна з дачок Місі вучыцца ў музычнай школе. «Гэта гены майго таты», – прызнаецца дачка Чэслава Немэна. – Думаю, ён ганарыўся б сваёй унучкай, якая іграе на скрыпцы і фартэпіяна і вучыцца ў той жа школе, у якой ён вучыўся».
У канцы лістапада 2012 г. памёр Казімір Барткевіч, швагер Чэслава Немэна. На жаль, частка сям’і спевака не прысутнічала на яго пахаванні. Перад смерцю Чэслаў Немэн папрасіў быў сваю жонку Малгажату Немэн паклапаціцца пра яго хворую сястру і яе мужа. На жаль, у апошнія гады кантакты ўдавы спевака з Ядвігай Выджыцкай-Барткевіч і яе мужам Казімірам істотна астылі. На пахаванні пана Казіміра (ён памёр ў Калабжэгу) не было Малгажаты Немэн з дочкамі Наталляй і Элеанорай. На цырымоніі прысутнічалі першая жонка Чэслава Немэна – Марыя Кляўзунік, іх дачка Марыя (Міся) і наймалодшая ўнучка.
Міра Лукша
(на аснове інфармацый з адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў)