Гутарка ідзе пра партрэт вядомага беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Карціну Пётры Сергіевіча, датаваную 1940 годам, нядаўна набыў на адным з аукцыёнаў беларускі гісторык, калекцыянер і сузаснавальнік выдавецтва „Гутэнберг” Ілля Андрэеў, які жыве цяпер у Кракаве. У гэтым горадзе з кожным годам беларуская культурная прысутнасць становіцца ўсё больш заўважальнай.
Як прызнаецца новы ўладальнік партрэта, даведаўся пра карціну ён дзякуючы допісу знаёмага па Фэйсбуку. Пад гэтым пастом адразу пачалі пісаць каментары іншыя беларусы-эмігранты. Шмат хто выказваў жаданне набыць карціну. У сувязі з гэтым, як распавёў спадар Ілля, ён без асаблівай надзеі зарэгістраваўся на гэтым аукцыёне і думаў, што не варта перабіваць сваімі стаўкамі іншых. Але іншых пакупнікоў падчас таргоў не знайшлося і беларус набыў партрэт па адзінай стаўцы. Каб аплаціць пакупку такого сур’ёзнага артэфакту, яму прыйшлося тэрмінова шукаць дадатковыя сродкі. Але усё скончылася паспяхова, сябры памаглі з грашыма і з дастаўкай партрэта ў Кракаў.
Негледзячы на істотныя грашовыя выдаткі, Ілля не шкадуе свайго рашэння. Партрэт для яго – перад усім культурная каштоўнасць, бо на думку ўладальніка карціны Пётра Сергіевіч належыць да кола найбольш вядомых беларускіх мастакоў мінулага стагоддзя разам з Язэпам Драздовічам, Міхасём Філіповічам і Міхаілам Сеўрукам. Калекцыянер дадае таксама, што і сам герой партрэта, ксёндз Гадлеўскі, асабіста яму сімпатычны:
„ Гэта быў зацяты чалавек, які трымаўся сваіх прынцыпаў. Як інтэлектуал і як пастар, ён адчуваў адказнасць за Беларусь і беларусаў. Таму меў клопаты і з польскімі, і з савецкімі ўладамі. Але быў забіты фашысцкімі ўладамі ў 1942 годзе ў Трасцянцы, як можна меркаваць, таксама з-за сваёй адданасці беларускай ідэі. А ўжо ў наш час, нават пасля столькіх гадоў, мясцовыя камуністы дамагаліся, каб прыбралі сціплы памятны крыж, пастаўлены ў яго памяць у Мінску – на тэрыторыі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха). І гэта шмат што кажа – пра яго, і пра тых, хто яму супрацьстаяў.

Крыж быў усталяваны ў 2008 годзе у Трасцянцы (ваколіцы Мінска), у месцы гібелі святара, а пазней быў зняты і перададзены ў мінскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы, у 2023 быў прыбраны і адтуль.
Лёс партрэта святара пакуль не вырашаны. На дадзены момант ён застаецца ў прыватным зборы спадара Андрэева. У той жа час ёсць разуменне, што такі твор мусіць захоўвацца ў адпаведнай беларускай установе – калі такая паўстане ў Польшчы або ў адным з ужо існуючых беларускіх культурных асяродкаў, напрыклад, у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.
Пакуль жа ўладальніка перапаўняюць эмоцыі ад набыцця карціны, таксама ён жадае як мага больш даведацца пра гісторыю яе стварэння. Партрэт ужо на першы пагляд мае некалькі загадак, напрыклад, подпіс лацінкай „Ксёндз Вінцэнты Гадлеўскі” зроблены паверх старога.
– Не хачу перабольшваць, – адзначае Ілля Андрэеў, – але партрэт сапраўды выкананы на высокім узроўні. Гэта выразны прыклад акадэмічнага жывапісу: дакладнасць у дэталях, глыбокі «рэмбрантаўскі» фон, майстэрскія паўценні, якія надаюць вобразу аб’ём і выразнасць. Твор выглядае як сапраўдны музейны артэфакт — вельмі эстэтычны і манументальны. Я рады, што маю магчымасць дакрануцца да гэтага артэфакта і спадзяюся, што з часам ён знойдзе сваё заслужанае месца.

Хацеў бы таксама адзначыць, што гэта не выпадковая пакупка, а частка больш шырокай дзейнасці па пошуку беларускіх артэфактаў па ўсім свеце. У межах гэтай працы беларускія ініцыятывы ўжо набылі такія каштоўнасці, як Радзівілаўская мапа ВКЛ 1613 года, кніга Мікалая Радзівіла Сіроткі «Перэгрынацыя» – а пра нешта не менш цікавае вы даведаецеся зусім хутка. Такія культурныя скарбы не толькі ўмацоўваюць і салідарызуюць беларускую эміграцыю, але і пакідаюць важны след для будучых даследчыкаў. Самі ж набыцці суправаджаюцца прэзентацыямі і становяцца пазітыўнымі інфармацыйнымі нагодамі, што асабліва важна цяпер. Спадзяёмся, што гэтая хваля эміграцыі створыць новыя цэнтры беларускай культуры ў свеце – падобна таму, як у свой час для палякаў імі былі бібліятэка ў Раперсвілю ці гатэль Ламберт у Парыжы.
Варта згадаць, што Вінцэнт Гадлеўскі ў міжваенны перыяд быў адным з заснавальнікаў і лідараў Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газету „Крыніца”, выкладаў у Нясвіжскай беларускай гімназіі, быў аўтарам адзінага на тыя часы беларускага падручніка па гісторыі ранняга хрысціянства, а таксама пераклаў на беларускую мову частку Новага Запавету. У канцы 1942 года быў закатаваны нацыстамі ў канцлагеры Трасцянец.
Пётра Сергіевіч – славуты мастак, аўтар больш за 600 жанравых карцін, пейзажаў, графічных твораў, у міжваенныя гады жыў у Вільні, быў актыўным прыхільнікам і дзеячам беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1924-1925 гадах навучаўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў.
Сяргей Александровіч