Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

ў лістападзе

1035 – У 988 г. князь (каган) кіеўскі Уладзімір прыняў хрысьціянства з Візантыі. Хрысьціянская епархія ў крывіцкім Полацку была заснавана ў 992 г.

1005 – У 1018 г. каля Бярэсьця аб’яднаныя сілы польскага князя Баляслава Хробрага і тураўскага князя Сьвятаполка перамаглі ў бітве тагачаснага князя ноўгарадзкага Яраслава Мудрага.

700 – Сталіцай Вялікага Княства Літоўскага ў 1323 г. стала Вільня, былы Крывы Горад або Крывіч–горад.

565 – У 1458 г. Праваслаўная Царква ў Вялікім Княстве Літоўскім канчаткова вызвалілася ад Маскоўскай мітраполіі і непасрэдна падпарадкавалася канстанцінопальскаму патрыярхату.

460 – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.

455 – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).

400 – 12.11.1623 г. – бунт віцеблянаў супраць Берасьцейскай царкоўнай уніі і забойства уніяцкага архіепіскапа Ёзафата Кунцэвіча.

200 – 12.11.1823 г. у Шыпілавічах Бабруйскага пав. нар. Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф і публіцыст. Закончыў Пецябургскую Духоўную Акадэмію (1847). Настаўнічаў у Варшаве, з 1853 г. – у Пецярбурзе. Аўтар прац па этнаграфіі і беларускаму фальклёру і краязнаўству: „Беларускія народныя павер’і” (1846-1852), „Народныя прыказкі, з тлумачэньнем паходжаньня і значэньня іх” (1852), „Дасьледваньне пра ваўкалакаў” (1853), „Мазыршчына” (1859), „Беларускія прыказкі” (1853), „Падарожжа па Палесьсі і беларускім краі” (1853-1856, 1992). Памёр 29.10.1861 г. у Пецярбурзе. 

200– 5 (17).11.1828 г. у Станькаве Стаўбцоўскага пав. нар. Эмэрык Гутэн-Чапскі, калекцыянер і нумізматык. Закончыў Маскоўскі унівэрсытэт, быў расейскім дзяржаўным дзеячам. У 1879-1894 гг. жыў у сваім родавым маёнтку ў Станькаве, дзе заснаваў музэй і багатую бібліятэку. Памёр 23.07.1896 г.  у Кракаве – пахаваны там на Ракавіцкіх могілках.

153 – 1.11.1868 г. у Казьянах Шумілінскага раёна нар. Дзьмірый Даўгяла, гісторык і археоляг. Закончыў Пецярбургскую Духоўную Акадэмію (1894), з 1897 г. працаваў у архівах старажытных актаў у Віцебску і Вільні. З 1912 г. старшыня Віленскай Археаграфічнай Камісіі, з 1921 г. загадчык Магілёўскага архіва, з 1925 г. – супрацоўнік Інбелкульта, з 1929 г. – дырэктар бібліятэкі АН Беларусі, з 1937 г. – навуковы супрацоўнік Інстытуту Гісторыі АН Беларусі. Арыштаваны ў сьнежні 1937 г., у 1939 г. высланы ў Казахстан на 5 гадоў, дзе праўдападобна памёр у 1942 г. 

150 – 1.11.1873 г. у Крывуліне Цьвярской губ. нар. Іван Замоцін, літаратуразнавец. У 1897 г. закончыў Пецярбургскі Гісторыка–Філялягічны Інстытут. З 1922 г. працаваў прафэсарам Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску, з 1931 г. – у Менскім Пэдагагічным Інстытуце. Быў членам ІБК і АН Беларусі. З яго інцыятывы і яго стараньнямі ў 1927-1928 гг. былі сабраны і выдадзены творы Максіма Багдановіча.  У 1938 г. рэпрэсіраваны, асуджаны на 8 гадоў папраўча–працоўных лагероў. Памёр (або пакончыў жыцьцё самагубствам) 25.05.1942 г. у турэмнай бальніцы ў Горках. 

140 – 8.11.1883 г. у засьценку Калесьнікаў Дзісьненскага павету нар. Вацлаў Ластоўскі – выдатны грамадзка–палітычны дзеяч. З 1909 г. быў сакратаром „Нашай Нівы”, у 1910 г. выдаў „Кароткую гісторыю Беларусі”, падчас вайны выдаваў падручнікі. Быў адным са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1920 г. актыўна дзейнічаў у Коўне і Рызе (між іншым у 1924 г. выдаў „Падручны расійска–крыўскі (беларускі) слоўнік”). У 1927 г. пераехаў з Летувы ў БССР. У 1930 г. быў арыштаваны і высланы ў Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага унівэрсытэта. У 1937 г. арыштаваны паўторна і расстраляны 23.01.1938 г.

140 – 6.(18.)11.1883 г. у вёсцы Мікалаеўшчына каля Стаўбцоў нар. Язэп Лёсік (памёр у савецкай турме ў 1940 г.) – грамадзка–палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменьнік, пэдагог. Вучыўся ў Маладзечанскай Настаўніцкай Сэмінарыі. З 1917 г. у Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе, удзельнічаў у абвяшчэньні БНР у 1918 г., рэдагаваў газэты „Вольная Беларусь” (1917-1918), „Беларусь” (1920). У 20-ыя гады выкладаў беларускую мову ў Менску – у БДУ, у Пэдагагічным Тэхнікуме. Быў членам Інбелкульта і АН Беларусі. Напісаў м. ін.: „Практычную граматыку беларускае мовы” (1921), „Беларуская мова. Пачатковая граматыка”, „Беларуская мова. Правапіс” (1924), „Сінтаксіс беларускае мовы” (1925), „Граматыка беларускае мовы. Фанэтыка” (1926), „Граматыка беларускае мовы. Марфалогія” (1927). У 1930 г. пазбаўлены быў званьня акадэміка, арыштаваны і сасланы. У 1938 г. арыштаваны паўторна. Памёр 1.04.1940 г. у турме ў Саратаве. 

135 – 16.11.1888 г. у в. Шурычы, Ваўкавыскага павету нар. кс. Вінцэнт Гадлеўскі (арыштаваны  гестапа 24.12.1942 г. і закатаваны) – каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч. Скончыў Віленскую Каталіцкую Сэмінарыю. З сакавіка 1917 г. член Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу, член Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў беларускай хадэцыі (БХД). Прасьледаваны й некалькі разоў зьняволены польскімі ўладамі. Да 1939 г. выдавец газэты „Беларускі Фронт”. Зь верасьня 1941 г. галоўны школьны інспэктар пры Генэральным Камісарыяце Беларусі.

130 – 16.11.1893 г. у Таргунах каля Докшыцаў нар. Леаніла Чарняўская, беларуская настаўніца і пісьменьніца, жонка Максіма Гарэцкага. Закончыла Марыінскае Вышэйшае Вучылішча ў Вільні. У 1911-1918 гг. працавала настаўніцай у Залесьсі на Дзісьненшчыне, 1918-1923 – у Віленскай Беларускай Гімназіі. З 1923 г. з мужам пераехала ў Менск, потым – у Горкі, у 1932 г – у Вятку. З 1947 г. жыла ў Ленінградзе, дзе памерла 26.09.1976 г. Яе найбольш вядомыя працы: „Дзяцінныя гульні” (1919), чытанка „Родны край” (1919), кнігі прозы: „Апавяданьні”, „Валуй – камісар часоў Кераншчыны”, „Падарожніца”, „Бязьдзетуха” (1930), кнігі для дзяцей: „Варка”(1928), „Кот Знайдзён” (1929), „Андрэйка” (1930) і іншыя.

130 – 17.11.1893 г. у Дзьвінску нар. Кастусь Езавітаў (памёр у менскай турме 23.05.1946 г.) – нацыянальна–грамадзкі дзеяч, публіцыст, настаўнік. Закончыў у 1916 г. Віцебскі Настаўніцкі Інстытут. З 1917 г. актыўна ўключыўся ў дзейнасьць па стварэньні беларускага войска. У лютым 1918 г. стаў камэндантам Менску й Менскай акругі, членам Рады БНР. З 1921 г. жыў у Рызе. Актыўна ўдзельнічаў у жыцьці беларускай грамадзкасьці Латвіі. Між іншым у 1923-1924 гг. быў дырэктарам Люцынскай Беларускай Гімназіі. Некалькі разоў арыштаваны латвійскімі ўладамі. У час нямецкай акупацыі ўзначаліў Беларускае Нацыянальнае Аб’яднаньне ў Рызе. Уваходзіў у склад БЦР. У красавіку 1945 г. затрыманы савецкімі войскамі ў Бэрліне.

130 – 21.11.1893 г. у Менску нар. Уладыслаў Стшэмінскі, авангардны мастак. Закончыў Маскоўскі Кадэцкі Корпус, вучыўся ў Пецярбургскім Вышэйшым Ваенным Вучылішчы (1911-1914). У 1918-1919 гг. працаваў у Менску, у 1922 г. пераехаў у Вільню, з 1936 г. жыў у Вілейцы, дзе стварыў цыкл працаў „Заходняя Беларусь”. З 1940 г. жыў у Лодзі, з 1945 г. выкладаў там у Дзяржаўнай Мастацкай Вышэйшай Школе. Памёр 25.12.1952 г. 

120 – 1.11.1903 г. у Шчакоцку каля Янава нар. Лукаш Бэндэ, літаратурны крытык. Закончыў Камуністычны Унівэрсытэт у Менску (1926), працаваў у Віцебскім Вэтэрынарным Інстытуце, у Інстытуце Мовы, Літаратуры і Мастацтва АН Беларусі (тады асуджаў многіх беларускіх пісьменьнікаў у нацыяналдэмакратызьме), з 1935 г. – у Ленінградзе. Памёр 23.12.1961 г. у Ленінградзе.

120 – 2.11.1903 г. у Варшаве памёр Адам Плуг (сапраўднае Антоні Пяткевіч), пісьменьнік і журналіст. (Пра А. Плуга больш глядзі ў календарыюме за мінулы месяц – з нагоды 190-ых угодкаў нараджэньня).

120 – 11.11.1903 г. у Міры нар. Аляксандр Ільінскі, акцёр. Закончыў Беларускую Драматычную Студыю ў Маскве (1926), працаваў у Беларускім Дзяржаўным Тэатры ў Віцебску, выканаўца роляў, м.інш.: Далакона ў „Цары Максіміліяне”, Несьцеркі ў „Несьцерку” Віталя Вольскага, дзеда Талаша ў „У пушчах Палесься” Якуба Коласа, Кручкова ў „Пінскай шляхце” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Памёр 18.03.1967 г. у Віцебску.

120 – 27.11.1903 г. у Сакоўцах каля Івацэвічаў нар. Піліп Пестрак, беларускі пісьменьнік, дзеяч КПЗБ. Публікаваўся з 1926 г. Першы зборнік вершаў „На варце” выдаў у 1940 г. Пісаў таксама апавяданьні і раманы. У 1984-1986 гг.  выйшаў збор яго твораў у 5 тамах. Памёр 22.08.1978 г. у Менску – пахаваны на там Усходніх могілках.

110 – 29.11.1908 у Крутым Беразе каля Несьвіжа нар. Козьма Чурыла, беларускі мастак. У 1936 г. закончыў мастацкі факультэт Віленскага ўнівэрсытэта. Пасьля ІІ сусьветнай вайны працаваў асыстэнтам графікі на мастацкім факультэце Торуньскага унівэрсытэта. Памёр 15.01.1951 г. у Гданьску, дзе і пахаваны на гарнізонных могілках.  

105 – 9.11.1918 г. у Парыжы памёр Гіём Апалінэр (сапраўднае Кастравіцкі), французскі паэт, якога продкі паходзілі з Наваградчыны (нар. 26.08.1880 г. у Рыме). З 1899 г. жыў у Парыжы, пачаў пісаць у 1901 г. На беларускую мову яго творы пераклала Эдзі Агняцьвет (зборнік „Зямны акіян”, 1973). 

100 – 28.11.1923 г. было заснавана беларускае літаратурнае аб’яднаньне „Маладняк”.

85 – 10.11.1938 г. у Менску расстраляны Уладзімір Тэраўскі (нар. 11.11.1871 г. у Раманаве Слуцкага пав.), беларускі кампазытар і кіраўнік хору. Закончыў Слуцкае Духоўнае Вучылішча. Вучыўся ў Менскай Епархіяльнай Сэмінарыі. Жыў на Урале, дзе кіраваў хорамі чыгуначных рабочых. У 1901 г. вярнуўся ў Беларусь і працаваў настаўнікам і хормайстрам у народных вучылішчах Менска. Вёў хор пры Старажоўскай царкве. У 1914 г. заснаваў беларускі народны хор і ўключыўся актыўна ў беларускі нацыянальны рух. Выдаў сьпеўнікі: „Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мэлёдый” (1921), „Беларускі лірнік” (1922), „Вайсковы зборнік” (1926). Супрацоўнічаў з беларускім тэатрам, у 1920-1921 гг. быў хормайстрам Першага Беларускага Дзяржаўнага Тэатру. Арыштаваны ў верасьні 1921 г. і прыгавораны на 5 гадоў турмы. Супрацоўнічаў з Інбелкультам. У пачатку 30-ых гг. звольнены з працы ў тэатры. Другі раз арыштаваны ў 1938 г. Аўтар музыкі да „Ваяцкага маршу” Макара Краўцова, да п’ес „Купальле” Міхася Чарота, „Машэка”, „Каваль – ваявода”, „Кастусь Каліноўскі” Яўсьцігнея Міровіча. 

85 – 23.11.1938 г. расстраляны Мікола Красінскі (нар. у 1886 г. у Вілейцы), асьветны і царкоўны беларускі дзеяч. Працаваў у пачатку 20–ых гг. настаўнікам і інспэктарам Віленскай Беларускай Гімназіі і Духоўнай Праваслаўнай Сэмінарыі. З 1925 г. быў супрацоўнікам Інстытуту Беларускай Культуры ў Менску. У 1930 г. арыштаваны і на 5 гадоў высланы ў Аханск у Расею. Паўторна арыштаваны ў 1938 г. 

85 – 29.11.1938 г. у Менску расстраляна Палута Бадунова (нар. у 1885 г. у Новабеліцы каля Гомеля), беларуская нацыянальная дзеячка. У 1917 г. закончыла гістарычна-літаратурныя курсы ў Пецярбурзе, дзеячка Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў, у складзе Рады БНР з 1919 г. У 1923-1925 гг. жыла ў Празе, пазьней у Беларусі – працавала настаўніцай у Гомелі. Арыштавана ў верасьні 1937 г.

85 – 29.11.1938 г. расстраляны Браніслаў Тарашкевіч (нар. 20.01.1892 г. у Мацюлішках каля Лаварышак), беларускі нацыянальны і асьветны дзеяч, філёляг, аўтар „Беларускай граматыкі для школ” (1918). Закончыў Пецярбургскі ўнівэрсытэт (1916), быў адным з лідэраў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі. У 1922-1928 гг. дэпутат польскага Сойму, з 1925 г. старшыня Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Двойчы зняволены польскімі ўладамі – у 1927 і 1931 гг. У турме пераклаў на беларускую мову „Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча і „Іліяду” Гамэра. З 1933 г. у СССР, працаваў у аграрным інстытуце ў Маскве. У 1937 г. арыштаваны. 

80 – 1.11.1943 г. у Казані памёр Глеб Бонч-Асмалоўскі (нар. 3.11.1890 г. у маёнтку Блонь Ігуменскага пав.), антраполяг і архэоляг. Закончыў Менскае Камэрцыйнае Вучылішча і Петраградзкі ўнівэрсытэт (1923). Працаваў у катэдры антрапалёгіі Ленінградзкага ўнівэрсытэту, займаўся пошукамі палеалітычных паселішчаў на Гомельшчыне і Смаленшчыне. Першы ў СССР выявіў рэшткі выкапнёвага чалавека – нэандэртальца. У 1934 г. рэпрэсіраваны і сасланы на 3 гады ў Варкуту. У час вайны выкладаў на Казаньскім унівэрсытэце. 

80 – 13.11.1943 г. быў забіты ў Менску савецкімі партызанамі Уладыслаў Казлоўскі (нар. у 1896 г. у в. Залесьсе на Сакольшчыне) – палітычны, грамадзкі дзеяч. У 1916 г. пачаў вучобу ў Віленскай Каталіцкай Сэмінарыі, якую неўзабаве пакінуў. З гэтай пары зьвязаў сваё жыцьцё зь беларускай ідэяй: арганізаваў беларускія школы на Сакольшчыне (1919), быў інструктарам Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Ігуменшчыне (1920), уступіў у беларускае войска. З 1930 г. жыў у Вільні, арганізаваў гімнастычнае таварыства „Гайсак”, пасьля зьяўляецца выдаўцом і рэдактарам часопіса „Новы Шлях”. У час нямецкай акупацыі рэдагаваў у Менску „Беларускую (Менскую) Газэту”. 

75 – 7.11.1948 г. у Нямеччыне загінуў у аўтамабільнай катастрофе Хведар Ільляшэвіч (нар. 17.02.1910 г. у Вільні) – грамадзка–палітычны дзеяч. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі, Віленскага Унівэрсытэту. Выкладаў беларускую мову ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурным жыцьці,  друкаваўся ў беларускіх часопісах. Да 1939 г.  былі выдадзены тры зборнікі ягоных вершаў. Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. У 1937 г. улады выкінулі яго з працы ў гімназіі. Жыў у Тапалянах каля Беластоку. Падчас нямецкай акупацыі ўзначаліў Беларускі Камітэт у Беластоку, рэдагаваў „Новую Дарогу”.

75 – 20.11.1948 г. у Рудцы Пінскага раёна нар. Яўгенія Янішчыц, беларуская паэтка. Закончыла БДУ (1971), публікавала вершы з 1964 г. Аўтарка зборнікаў вершаў „Снежныя грамніцы” (1970), „Дзень вечаровы” (1974), „Ясельда” (1978), „На беразе пляча” (1980), „Пара любові і жалю” (1983), „Каліна зімы” (1987). Пакончыла жыцьцё самагубствам 25.11.1988 г.

70 – 20.11.1953 г. у Саках Бельскага пав. нар . Міхась Шаховіч, беларускі пісьменьнік Беласточчыны. Закончыў беларускую філялёгію на Варшаўскім унівэрсытэце (1977). З 1975 г. працаваў журналістам „Нівы”, з 1985 г. адказным сакратаром месячніка „Kontrasty”. Дэбютаваў у 1974 г. у „Ніве”. Выдаў зборнікі паэзіі „Прамінанне” (1978), „Святая ноч” (1979), „Напевы” (1987), апавяданні „Вада ў рэшаце” (1984). Памёр 05.06.2000 г. у Беластоку.

65 – 9.11.1958 г. у Гайнаўцы нар. Міра Лукша, беларуская паэтка і журналістка тыднёвіка «Ніва», пастаянная супрацоўніца «Часопіса». Дзяцінства правяла ў в. Баравыя (гм. Нараўка), закончыла польскую і рускую філалогіі на філіі Варшаўскага ўнівэрсытэта ў Беластоку. З 1985 г. працуе журналісткай у тыднёвіку «Ніва», дэбютавала ў ім у 1973 г.; аўтарка 20 зборнікаў вершаў і апавяданьняў. Віншуем з прыгожым Юбілеем! 

35 – 20.11.1988 г. у Менску памёр Гаўрыла Гарэцкі (нар. 28.03.(10.04.)1900 г. у Багацькаўцы Мсьціслаўскага пав.), географ, геоляг і эканаміст, брат Максіма Гарэцкага. Закончыў Пятроўскую Сельска–Гаспадарчую Акадэмію (1924). З 1925 г. дацэнт Беларускай Сельска–Гаспадарчай Акадэміі, у 1927-1930 гг. дырэктар Беларускага Дзяржаўнага Інстытуту Сельскай і Лясной Гаспадаркі. У 1930 г. арыштаваны і высланы за межы Беларусі. Працаваў у інжынерна-геалягічных экспэдыцыях Гідрапраекта СССР. Арыштаваны двойчы ў 1937 і 1938 г. У 1965 г. адноўлены ў званьні акадэміка Акадэміі Навук Беларусі. Аўтар шматлікіх публікацыяў па эканамічнай геаграфіі, сельскай і лясной гаспадарцы. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

Апрацавалі

Вячаслаў Харужы
і Лена Глагоўская 

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (173) – 15.03.1852 у г. Усьвяты на Віцебшчыне нар. Аляксей Сапуноў (пам. 2.10.1924 г. у Віцебску), гісторык, першы выдатны дасьледчык Віцебшчыны.
  • (101) – 15.03.1924 г. у вёсцы Голя (цяпер Берасьцейская вобл.) на ўскраіне Белавежскай пушчы нар. Міхась Белямук, беларускі гісторык і грамадзкі дзеяч. Заснавальнік часопіса „Полацак”. З 1949 г. жыў у г. Кліўленд (ЗША), дзе памёр 31.10.2014 г.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis