Сённяшняя гераіня рубрыкі, Алена Пятровіч, лінгвістка па адукацыі, у Беларусі працавала ў БДУ, выкладала калямоўныя дысцыпліны, а цяпер жыве ў Варшаве і займаецца сумежнымі прафесіямі – як журналістка, перакладчыца і рэдактарка. Як лаканічна кажа,дзяўчына, працуе з тэкстамі. У гэтым інтэрв’ю распавядае пра сваю прафесійную дзейнасць, побыт у Польшчы, а таксама пра яе хобі – падарожжы.
„Часопіс”: – Раскажыце, калі ласка, чым вы зараз займаецецся ў Польшчы?
Алена Пятровіч: – Мая асноўная самаідэнтыфікацыя сё ж як перакладчыцы, а не рэдактаркі. Перакладаю я мастацкую літаратуру з ангельскай і польскай мовы на беларускую. Сярод самых вядомых кніг, якія можна пачытаць па-беларуску ў маім перакладзе, – першыя чатыры кнігі «Гары Потэра» (уласна цяпер я працую над пятай), а з польскай класікі – «Акадэмія доктара Клякса» Яна Бжэхвы.
Як рэдактарка я працую ў асноўным зноў жа з перакладамі мастацкай літаратуры (напрыклад я рэдагавала беларускі пераклад польскага хіта «Вядзьмар», які зрабіла Кацярына Маціеўская, і «Піпі Доўгую Панчоху» ў перакладзе Алены Казловай). Але таксама часам рэдагую і арыгінальныя беларускія тэксты – свежы раман Югасі Каляды «Перамена месцаў» і «Эйфарыю» Марыі Пархімчык, якая неўзабаве выйдзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм».
– Як даўно вы пражываеце ў Польшчы? Якія ў вас уражанні ад побыту тут? Што, напрыклад, было цяжкае ў першыя месяцы, а што, наадварот, прыемна ўразіла?
– Я прыехала ў Польшчу ў пачатку 2021 года акурат на перакладчыцкую стыпендыю Gaude Polonia. Спачатку я думала, што я тут на паўгода, але вось гэтыя паўгода расцягнуліся ўжо да чатыры з паловай. Прыехала я адразу ў Варшаву, тут і жыву, але вельмі часта бываю ў Кракаве – некаторыя са знаёмых нават думаюць, што я жыву там.
Варшаву я выбрала, бо яна мне хіба найбольш нагадвала Мінск – тэмпам жыцця, атмасферай, нават архітэктурай. Хоць самы ўлюбёны горад у Польшчы для мяне ўсё ж Кракаў – яго я ведаю найлепш, і ў цэлым не выключаю, што магла б там некалі жыць.
Не скажу, што нешта мяне ў Польшчы здзівіла ці ўразіла, бо са студэнцтва я бывала тут дзясяткі разоў, шмат падарожнічала па краіне, была хіба ва ўсіх галоўных і кучы негалоўных турыстычных атракцыёнаў Польшчы. Плюс, зноў жа са студэнцтва (я вывучала польскую мову ва ўніверсітэце) я часта бывала тут на летніх школах, нейкіх праграмах абмену, канферэнцыях, а да пандэміі проста вельмі часта наязджала сюды хоць бы на выходныя. У 2019 годзе я жартавала, што для мяне Варшава – гэта аэрапорт «Мінск-3», бо менавіта адсюль я лётала ў свае падарожжы. Дажартавалася.
– Вашыя падарожжы звязаныя з працай, ці гэта проста хобі?
– На жаль, з працай гэта не звязана (але я была б не супраць). Падарожжы для мяне – гэта хутчэй лад жыцця, найбольш жывой я адчуваю сябе акурат у вандроўках.
Я пару разоў пісала пра свае падарожжы для парталу 34travel, але збольшага гэта кароткія зацемкі ў інстаграме і часам даўжэйшыя – у фэйсбуку. Я заўжды радуюся, калі нехта распытвае ў мяне пра дэталі нейкага падарожжа, якое я апісала, і пасля едзе ў тыя месцы, пра якія я расказвала і якія палюбіла. Думаю, для любога чалавека зваротная сувязь і адчуванне ўласнай карыснасці – гэта заўжды прыемна. Не выключаю, што некалі я б напісала нешта большае пра падарожжы, можа, нават і кнігу.
– У якіх краінах вы былі ў апошнія гады?
– На жаль, пакуль што я ўвогуле не выязджала далёка за межы Еўропы – гэта ў планах на будучыню (хутчэй, у ідэях, а не ў планах, бо планаваць я не люблю і не вельмі ўмею). Насамрэч глабальна, я – чалавек Еўропы, я б хацела пападарожнічаць недзе яшчэ, але жыць хацела б у Старым Свеце. Тут я амаль паўюсль адчуваю сябе дома.
Збольшага я намагаюся наведваць штогод хаця б па дзве новыя краіны, і апошнія гадоў з дзесяць мне гэта ўдавалася (хіба акрамя 2020 года, калі свет скасіла пандэмія, – тады ў мяне з новых атрымалася толькі Турцыя). Напрыклад, летась гэта былі Кіпр і Нарвегія: зусім розныі і для зусім рознага тыпу адпачынку. На Кіпры я ўрэшце навучылася плаваць (у свае 38 гадоў!), а ў Нарвегіі хадзіла ў пешым турызме на Лафатэнскіх выспах (праўда, не вельмі паспяхова, бо на другі дзень пашкодзіла нагу, і на трэці давялося вяртацца на мацярык, а адтуль – у Варшаву). За год да таго – гэта былі Албанія і Македонія (я адмыслова не кажу «Паўночная Македонія», бо македонцы на гэтую новую назву абражаюцца).

Ну і штогод, пачынаючы з 2019-га, калі я пабывала там упершыню, я па некалькі разоў наведваю Швейцарыю. Здаецца, пакуль што гэта мая ўлюбёная краіна, я была амаль ва ўсіх 26 кантонах і магла б ужо, здаецца, працаваць там гідам. Амаль усе мае знаёмыя швейцарцы (ок, іх не так шмат, але ўсё ж) былі ў меншай колькасці месцаў сваёй краіны, чым я. Сёлета я шмат працую, таму ў 2025-м удалося выехаць з Польшчы усяго двойчы – і абодва разы ў Швейцарыю.
– Якія з гэтых краінаў найбольш адрозніваюцца ад Польшчы і Беларусі, а якія найменш?
– У працяг мінулага пытання: Швейцарыя, як і Беларусь, не мае выхаду да мора, але мае каля 10 тысяч азёраў плюс яшчэ чароўныя Альпы. І некаторыя рэгіёны вельмі нагадваюць Беларусь (тыя, дзе гор няма) – і там я адчуваю сябе сапраўды як дома. Сама я родам з Віцебска, а Віцебшчына – гэта наш самы азёрны край і, як для мяне, самы прыгожы з гледзішча прыроды. І ў мяне ёсць некалькі ўлюбёных мясцін недалёка ад Цюрыха, якія мне вельмі нагадваюць Беларусь, з такімі невялікімі азёрамі, якія акаляе лес і дзе мала людзей ды не відаць гор. А вось у Польшчы – хоць гэта і вельмі блізкая ад нас краіна – мне акурат азёр не хапае.

У плане людзей, іх тэмпераменту (вядома, у сярэднім «па лякарні», бо людзі паўсюль ёсць розныя) мне найбольш камфортна ў Паўночнай і Цэнтральнай Еўропе – на поўначы Нямеччыны, у Скандынавіі, і краінах Балтыі, нават у той самай Швейцарыі: людзі не навязваюцца табе ў сябры, хоць многія назавуць гэта закрытасцю. Але мне здаецца, што калі пасябраваць акурат з такімі людзьмі, то такія стасункі больш глыбокія, менш павярхоўныя.
Але мне падабаецца і ў Турцыі, і ў іншых міжземнаморскіх краінах ды на Балканах – там больш шумна, сардэчна, але мне гэта трохі зашмат. Я люблю падарожнічаць там, для нейкай падзарадкі, але жыць я б хацела ў больш «інтравертнай краіне», як Польшча ці Беларусь – якія, як для мяне, бліжэйшыя да скандынаўскага ладу жыцця, чым да бурнай паўднёвай Еўропы.
Таму я, напрыклад, не разумею міфу пра «славянскі свет» – адзінае, што мяне яднае з балканскімі краінамі, гэта славянскія мовы, якія я разумею, але ментальна я сябе бліжэй адчуваю да літоўцаў, ці латышоў, ці эстонцаў, ці фінаў, чым, напрыклад, да харватаў.
– Ці шмат дзе спатыкаеце беларусаў?
– Насамрэч, я асабліва не імкнуся, бо ў мяне няма голаду па беларусах. Так выйшла, што амаль усе мае сябры, з якімі мы разам бавілі час у Мінску да 2020 года, цяпер жывуць у Польшчы. То калі ў мяне ёсць сапраўдныя жывыя беларускія сябры тут, я не шукаю іх сабе яшчэ.

У падарожжах мне акурат цікавей сустракацца з людзьмі з іншым досведам. Ну і плюс, я сабе прыдумала місію – выступаю адвакаткай Беларусі перад замежнікамі, калі яны слаба ўяўляюць, што дзеецца ў краіне пасля 2020 года.
– Можа падзеліцеся нейкімі жыццёвымі парадамі, як камфортна і танна падарожнічаць?
– Мой галоўны лайфхак – гэта карыстацца каўчсёрфінгам – «серфаваннем на канапе». Але гэта хутчэй не пра камфорт, але часам пра таннасць і амаль заўсёды пра камунікацыю. Гістарычна, каўчсёрфінг быў платформай для прымання гасцей, якія падарожнічаюць у тваім горадзе, і, у сваю чаргу, каб спыніцца бясплатна пасля ў некага, калі падарожнічаеш сам. У гэтай функцыі я выкарыстала яго літаральна пару разоў, і ў мяне тут суперстаноўчы досвед, які перарос у сяброўства. Напрыклад, цяпер амаль штораз, калі я еду ў Цюрых, я спыняюся ў сваёй сяброўкі Штэфані, якая шэсць гадоў таму прапанавала «загосціць» мяне ў сябе дома. А яшчэ адна мая прыяцелька з Цюрыха, наадварот, была маёй госцяй у Варшаве, і мы заўжды сустракаемся з ёй, калі перасякаемся ў нейкіх краінах.

Ведаю, што ў людзей, якія любяць камфорт, бывае не вельмі станоўчы досвед у каўчсёрфінгу. Я думаю, мне проста пашанцавала (мне ўвогуле па жыцці неяк шанцуе на людзей). Ды я і сама ўжо некалькі гадоў аддаю перавагу заплаціць на жыллё, затое мець сваю ўласную прастору, дзе я магу папрацаваць або паспаць сярод дня, калі мне раптам захацелася. Таму цяпер я выкарыстоўваю ў каўчсёрфінгу толькі дзве яго функцыі – «хэнгаўты» (размоўныя) і «івэнты»: гэта магчымасць пазнаёміцца з мясцовымі або такімі ж, як ты, вандроўнікамі, разам прабавіць час і апынуцца ў нейкіх цікавых месцах ці з’есці нейкай цікавай ежы, якія сам бы не знайшоў ні на трыпэдвайзеры (сумеснае выкарыстанне), ні ў рэкамендацыях на іншых турыстычных старонках. Гэтак складаецца больш рэальнае і набліжанае да жыцця ўражанне пра месца, у якім ты падарожнічаеш, і яшчэ гэтак з’яўляюцца сябры з розных краін, праз якіх ты яшчэ лепей спазнаеш свет.
А для мяне гэта і ёсць па сутнасці мэта любога падарожжа – даведацца нешта новае пра свет, ну і пра сябе адначасова.
Размаўляў Сяргей Александровіч
Фота Віялеты Саўчыц (чорна-белыя) і Алены Пятровіч (каляровыя)