Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (5)

    Syn rasstralanaj Wolhi Ciruk Uładak świedczyŭ, szto Jurczenia adnaho razu spytaŭ, jak im żywiecca biez maciary i skazaŭ: nie żałujcie matki, bo to komunistka. Mużczyna z mlina ŭ Nietupi na sudzie skazaŭ, szto na druhi dzień pośle egzekucji Jurczenia naławiŭ rybaŭ i zawioz ich dla…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гартаючы старыя падшыўкі

Па старонках гродзенскай „Краязнаўчай газеты” ч. 1

Заснаваная ў 2003 г. штотыднёвая рэспубліканская „Краязнаўчая газета”цяпер не выходзіць. Яна была закрыта з пачаткам гэтага году. Але я хачу ўспомніць пра яшчэ адну „Краязнаўчую газету”, якая ў 2000-2002 гадах у выдавалася ў Гродне. Пра яе сёння ў Беларусі зусім забыліся. Парупіліся ў той час пра выданне гродзенскай „Краязнаўчай газеты” Беларускае краязнаўчае таварыства імя Тодара Нарбута і Гродзенская краязнаўчая асацыяцыя. Не ведаю толькі, ці існуюць гэтыя арганізацыі сёння.

Першыя два нумары „Краязнаўчай газеты” выйшлі з друку ў Гродне ў кастрычніку 2000 года. Апошні 20 нумар выдання пабачыў свет у сакавіку 2002 года. Наклад кожнага нумару быў 299 асобнікаў. Адказным за выпуск з’яўляўся Сцяпан Ярашчук, а дызайн і вёрстку ажыццяўляў Адам Кір’яцкі.

„Краязнаўчая газета” найперш адрасавалася краязнаўцам Гродзеншчыны, але ў ёй друкаваліся і аўтары з розных іншых рэгіёнаў Беларусі. На старонках выдання адбываўся абмен вопытам краязнаўцаў, змяшчаліся звесткі пра дзейнасць турыстычных аб’яднанняў, чытачы інфармавалі пра краязнаўчую спадчыну, уздымаліся праблемы, набыткі і вынікі даследчай і пошукавай працы. Асобныя матэрыялы прысвячаліся знакамітым людзям Прынёманскага краю.

Выданне заўсёды асвятляла працу археалагічных летнікаў, сяброў Згуртавання школьных краязнаўцаў Гродзеншчыны, друкавала анатацыі на кнігі мясцовых аўтараў, друкавала водгукі на стварэнне краязнаўчых таварыстваў з Лідскага, Гродзенскага, Дзятлаўскага, Шчучынскага, Зэльвенскага і іншых раёнаў.

У „Краязнаўчай газеце” свае матэрыялы друкавалі вядомыя гісторыкі, навукоўцы, краязнаўцы, пісьменнікі, сярод якіх былі прафесары з Гродна Андрэй Майсяёнак, Аляксей Пяткевіч, Сяргей Габрусевіч, Святлана Сяльверстава, дактары гістарычных навук Вячаслаў Швед і Алесь Краўцэвіч, а таксама пісьменнікі, краязнаўцы і гісторыкі Генадзь Кісялёў, Віталь Скалабан, Анатоль Сідарэвіч, Валерый Сліўкін, Міхась Вераціла, Мікола Гайба, Ігар Пракаповіч, Генадзь Семянчук, Кастусь Шыдлоўскі, Ігар Трусаў, Алесь Белакоз, Мікола Нікалаеў і іншыя даследчыкі. Пад псеўданімам Антон Лабовіч шмат матэрыялаў публікаваў журналіст Валерый Задаля. З асноўных рубрык ў газеце вылучаліся такія, як „Не згасайце, свечкі памяці”, „Зазірнем у каляндар”, „Уласнае меркаванне”, „Краязнаўства: праблемы і набыткі”, „Асобы Прынёманскага краю”, „Паведамляюць краязнаўцы”, „Жывём на зямлі адной”, „Нам засталася спадчына”, „Пра кнігу і яе аўтара”, „Успомнім добрым словам”, „Рэха мінулага”, „Пісьмо ў рэдакцыю” і іншыя. 

Першыя два нумары „Краязнаўчай газеты” былі прысвечаныя славутаму вучонаму Юрыю Астроўскаму (1925-1991). Чалавек высокай грамадзянскай пазіцыі, Юрый Астроўскі быў гарачым прыхільнікам адраджэння беларускай культуры і гісторыі. Доктар біялагічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Андрэй Майсяёнак надрукаваў вялікі матэрыял пра Юрыя Астроўскага пад назвай „Пра настаўніка”.

Юрый Астроўскі кіраваў Інстытутам біяхіміі ў Гродне. Яму было нададзена пачэснае званне Заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Распрацаваная ім канцэпцыя малекулярнай вітаміналогіі, біяхімічных механізмаў канцэрагенэзу і алкагалізму ўвасоблена ў васьмі доктарскіх і 60 кандыдацкіх працах яго вучняў. Навуковыя распрацоўкі абагульнены ў васьмі манаграфіях і 300 іншых навуковых публікацыях.

Акадэмік Юрый Астроўскі быў адным з заснавальнікаў ТБМ імя Францішка Скарыны ў Гродне. Сярод яго сяброў і добра знаёмых значацца Зоська Верас, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Міхась Ткачоў і многія іншыя вядомыя людзі. Ён разумеў музыку і сам валодаў некаторымі інструментамі. Пісаў вершы, якія пасля смерці склалі зборнік „Душу раскрыўшы насцеж”. Пра гэты зборнік таксама згадваў у „Краязнаўчай газеце” прафесар Аляксей Пяткевіч: „Вершаваныя і празаічныя радкі Ю.М. Астроўскага цікавыя значнасцю, драматызмам думак, а некаторыя і лірычнай вытанчанасцю, натуральнасцю паэтычнага бачання свету…”. 

У першых нумарах „Краязнаўчай газеты” Антон Лабовіч (Валерый Задаля) гутарыць з сябрам праўлення Беларускага фонда культуры і прэзідыума Гродзенскага абласнога аддзялення БФК, тадышнім старшынёй Гродзенскай абласной краязнаўчай асацыяцыі прафесарам Андрэем Майсяёнкам. На адно з пытанняў (удакладню, што гэта быў 2000 год) , якое гучыць так: „Здаецца, краязнаўчы  рух найбольш сканцэнтраваны ў Гродне. Але багатае гістарычнае мінулае маюць многія гарады і паселішчы вобласці. Дый і вёскі добра працягнуты вятрамі стагоддзяў…”. На гэта пытанне Андрэй Майсяёнак адказаў наступным чынам: „Так слалася, што буйныя гарады становяцца цэнтрамі ў любой творчай справе. Аднак нельга гаварыць пра перавагу горада над вёскай з гістарычнага пункту гледзішча. Паўсюдна назіраюцца свае адметнасці. Важна атрымаць паведамленні пра сучаснае і мінулае жыццё Навагрудка, Ліды, Слоніма, Ваўкавыска, Ашмян, Смаргоні, даўніх мястэчак Гальшаны, Баруны, Радунь, Астрына, Жалудок, Свіцязь. Вось дзе можна развярнуцца настаўнікам, работнікам школьных музеяў, бібліятэкарам, мясцовым журналістам!.. Чаму не стварыць бібліяграфічны даведнік славутых людзей Гродзеншчыны? Шмат хто з нашых аўтараў браў удзел у падрыхтоўцы матэрыялаў для гісторыка-хранікальных кніг „Памяць”. Далёка не ўсё трапіла ў друк. Трэба, каб гэты дакументальны скарб не прапаў, а быў надрукаваны…”.

Першыя нумары „Краязнаўчай газеты” пазнаёмілі чытачоў і з новым краязнаўчым бюлетэнем Гродзеншчыны „Дзядзінец”. Так, выдаваўся часова на Гродзеншчыне і такі краязнаўчы бюлетэнь „Дзядзінец”. Рэдагаваў яго Валерый Руселік.

Трэці і чацвёрты нумары гродзенскай „Краязнаўчай газеты” прысвечаліся вялікаму беларусу Барысу Кіту (1910-2018). Відаць, не было ў ХХ – напачатку ХХI стагоддзяў больш славутага беларуса ў замежжы, чым наш суайчыннік Барыс Кіт. Яго навуковыя дасягненні ў галіне астранаўтыкі прызнаны ва ўсім свеце. 

Барыс Кіт – адзін з распрацоўшчыкаў першых амерыканскіх касмічных сістэм, вынаходнік вадароднага паліва для касмічных караблёў, быў дарадчыкам урада Злучаных Штатаў па астранаўтыцы, сістэмным аналізе, гісторыкам-навукоўцам, акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. А на Беларусі Барыс Кіт памятаецца як настаўнік беларускіх навучальных устаноў у Вільні, Навагрудку, Маладзечне і Паставах. Яго называлі грамадзянінам Сусвету.

Газета публікавала хроніку жыцця Барыса Кіта, справаздачы з сустрэч з ім у Гродне восенню 1994 года і ў верасні 1994 года на Карэліччыне, аўтограф вучонага, і шэраг іншых матэрыялаў.

Надрукавана ў газеце і гутарка Антона Лабовіча з былым прафесарам кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму Сяргеем Габрусевічам (1936-2013). І гутарылі яны таксама пра краязнаўства. Тады Сяргей Аляксандравіч сказаў, што ў 1994 годзе ў Гродне выдаваўся гісторыка-культурны часопіс „Свіцязь”, у якім друкаваліся гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя артыкулы. Выданне мела водгук чытачоў. Але недахоп сродкаў прымусіў спыніць выдаванне часопіса. Выйшла тры нумары.

(Заканчэнне будзе)

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сьнежні

    – 22.12.1264 г. мірны і гандлёвы дагавор Полацка і Віцебска з Рыгаю і Готландам. – 25.12.1834 г. у Цынцавічах каля Вілейкі нар. Нікадзім Сілівановіч, мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (1859-1866, у 1870 г.  закончыў клясу мазаікі, выкладаў у ёй. За мастацкія творы напісаныя ў Пецярбурзе і ў Беларусі ў 1874 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (118) – 14.12.1906 г. у Адэсе нар. Іна Рытар (па мужу Каханоўская), настаўніца, пісьменьніца, публіцыстка (пісала пад псэўдонімам Аляксандра Саковіч). З 1950 г. у ЗША. Пам. 8.01.1997 г. у Кліўлендзе.
  • (111) – 14.12.1913 г. у Ярэмічах на Наваградчыне нар. Сэрафім Жалезьняковіч, праваслаўны сьвятар. Закончыў Віленскую духоўную праваслаўную сэмінарыю ў 1935 г., у час вайны вучыў Закону Божага ў беларускай школе ў Гайнаўцы. Пасьля вайны служыў у Беластоку. Памёр 25.12.2004 г. Пахаваны на праваслаўных могілках на Выгодзе ў Беластоку. 

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis