За савецкім часам творы Васіля Быкава з вялікай радасцю ставілі на многіх сцэнах Савецкага Саюза і за яго межамі.
Сёння ж, трэба пагадзіцца, ягоная творчасць не вельмі цікавая нашым тэатральным дзеячам.
У чэрвені было сто гадоў Васілю Быкаву.
На Беларусі натуральна што не даводзіцца чакаць тэатральных мерапрыемстваў, прысвечаных аўтару „Сотнікава”.
Але як жа наша эміграцыя? У адной Варшаве каля чатырох, калі не болей, беларускіх тэатральных калектываў. Як прайшлі святкаванні юбілею Быкава? Ніяк. Панавала амаль адзінадушнае маўчанне.
Чаму?
Мо таму што ніхто не даў на гэта грант, ніхто фінансава не падтрымаў. А калі так, то, маўляў, якая радасць безганарарна ставіць спектакль, праводзіць чытанні ці зрабіць хаця б які перформанс, прысвечаны юбіляру.
Усё было б зусім сумна, калі б не адны дзівакі, якія, нягледзячы на адсутнасць грашовага падтрымання, напярэдадні 100-годдзя Быкава, здзейснілі вельмі цікавы паказ, прысвечаны яго жыццю і творчасці.
Гаворка вядзецца пра тэатральны калектыў „Дзея Другая”.
Яшчэ не так даўно гэтая каманда здзівіла публіку цудоўнай камедыяй па малавядомай сённяшняму гледачу п’есе Францішка Аляхновіча „Шчаслівы муж”, а цяпер зрабіла нешта зусім іншае, але таксама не менш цікавае.
18-га чэрвеня ў музеі Вольнай Беларусі адбылося чытанне п’есы „Васіль Быкаў і ягоныя д’яблы”.
Перад намі разгортвалася напружаная гісторыя жыцця і змагання Васіля Быкава.
Змагання з неспрыяльнымі абставінамі, калі з-за адсутнасці стыпендыі яшчэ зусім юны Быкаў вымушаны кінуць вучобу ў Віцебскай мастацкай вучэльні; калі ў далейшым пакутліва шукаў свой літаратурны стыль і тэму, а жорсткія рэдактары бязлітасна крэмзалі яго выпакутаваныя тэксты; калі пад час брэжнеўскіх замаразкаў пісьменніка імкнуліся маральна зламаць і зрабіць паслухмяным вінцікам Сістэмы…
Д’яблы Быкава прадстаюць тут, то і ў выглядзе хітрага ананімнага газетчыка, які піша разгромную рэцэнзію на яго аповесць „Мёртвым не баліць” у газету „Правда”, то як такія ж ананімныя бандыты, што збіваюць героя на гарадзенскай вуліцы, то як зусім не ананімны Пятро Міронавіч Машэраў ці сённяшні дыктатар Беларусі, якія спрабуюць гуляць з Васілём Быкавым, бы кот з мышкай…
Вельмі цікава назіраць за ўсімі гэтымі пякельнымі перыпетыямі, праз якія быў вымушаны прайсці Васіль Быкаў.
Нягледзячы на фармат чыткі перад намі – разгортваецца сапраўдны спектакль.
Артысты не рабы тэксту. Яны пачуваюцца дастаткова лёгка і нязмушана: заскокваюць на калоны, падаюць, паміраючы ад куляў, танцуюць, разыгрываюць пантаміму. Тое, што пры гэтым выканаўцы час ад часу зазіралі ў планшэты і тэлефоны, асабліва і не заўважалася.
Сцэнаграфія Данілы Ганчарова, аднаго з лепшых беларускіх тэатральных мастакоў, уражвала.
На экране разгортваліся гратэскна-экспрэсіяністычныя палотны, дзе побач з чыста мастацкімі малюнкамі і выявамі суседнічалі ўнікальныя фотаздымкі, відэаздымкі, выразкі з газет ды іншых дакументаў.
Гучала шмат твораў Васіля Быкава, і (што вельмі добра), многія з іх былі цалкам невядомыя публіцы.
„Дзея Другая” паказала сённяшнім беларусам нечаканага Быкава: гратэскна-іранічнага, калі гучала яго ранняя проза: фельетоны „Дапякло” (1947 г.) і „Тупое пяро” (1956), нечакана апакаліптычныя прыпавесці: „Свіст” (1995 г.) ды „Інтэграцыя” (2003 г.), баявічнае фэнтэзі „Насарогі ідуць” (1998 г.).
„Дзея Другая” паказала гісторыю чалавека, якога, здавалася, таталітарная дзяржава прыручыла, зрабіла сваёй марыянеткай, але, бы герой Таранцінаўскага фільму „Джанга вызвалены”, ён знайшоў у сабе сілы паўстаць.
Назіраць за гэтым вельмі цікава.
„Дзея Другая” паказала некананічнага Быкава, не плакатнага „апостала нацыі”, а пісьменніка, які пакутаваў, дакараў сябе за слабасць, але здолеў урэшце сказаць „Не”.
Асобна хочацца адзначыць артыстаў: Алену Баяраву, якая ўвасобіла нестандартны, складаны, шматгранны вобраз Васіля Быкава; Вольгу Каралёнак і Сяргея Пукста, якія ігралі прадстаўнікоў Сістэмы (рэдактары, маршалы, цэнзары, гэбісты, партыйныя апаратчыкі).
Сяргей Пукст, акрамя таго выступіў тут не толькі як таленавіты актор, але і зрабіў шыкоўнае музычнае аздабленне, дзівоснае, паводле сваёй мефістофілеўскай запамінальнасці.
Публіка (якой было поўна ў зале), горача віталі пастаноўку. Стваральнікі чытання запэўнілі, што спыняцца не збіраюцца.
Увосень яны распачынаюць рэпетыцыі паўнавартаснага спектакля, прысвечанага Васілю Быкаву. Трэба пажадаць поспехаў калектыву, і спадзявацца, што задуманае здзейсніцца.
Таксама, хацеў бы пажадаць іншым беларускім тэатральным калектывам палюбіць творчасць Васіля Быкава і паспець у 2024-м годзе паставіць па спектаклі.
Паверце, шаноўныя рэжысёры і акторы, Быкаў гэтага варты.
Кастусь Гук