Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Беларуская тоеснасць у цені канфліктаў альбо Развітанне з калегай

30 лістапада

У Бельску-Падляшскім на паседжанні гарадской рады з функцыі намесніка яе старшыні адклікалі Тамаша Суліму, нашага рэдакцыйнага сябра. Радныя, якія прагаласавалі такую пастанову, былі абураныя яго вострымі допісамі і каментарамі ў фейсбуку адносна актуальнай сітуацыі ў краіне, асабліва крызісу на мяжы. Не пагаджаліся, каб асоба з такімі поглядамі надалей іх рэпрэзентавала. На жаль, уся гэтая акцыя мела нацыянальны падтэкст. Паказала аблічча шматкультурнага быццам бы Бельска, у якім беларуская тоеснасць усё ж кволая і неадназначная, хаця беларусаў пражывае тут даволі шмат.

Ініцыятарамі адклікання Тамаша з функцыі намесніка старшыні гарадской рады, вядома, былі палякі. Але падтрымалі іх таксама свае, праўда, не ўсе. Апанентаў усхвалявала тое, што ў фейсбуку Тамаш моцна пакрытыкаваў польскае тэлебачанне, калі на адным з яго сайтаў беларуску з Гайнаўкі Кацярыну Вапу, якая ўключылася ў гуманную дапамогу імігрантам на мяжы, паказалі з намёкам, што яна садзейнічае лукашэнкаўскаму рэжыму, паколькі прызнаецца да беларускай нацыянальнасці. Як „доказ” быў выкарыстаны яе ўдзел у леташняй акцыі фундацыі Тутака „Я – беларус” падчас перапісу насельніцтва. Такая неразумная маніпуляцыя сапраўды надта балючая для ўсіх нас на Падляшшы, бо мы з Лукашэнкам нічога супольнага мець не хочам, мякка кажучы.

Нічога тады дзіўнага, што Тамаш не стрымаў і рэзка адвяргнуў такія недарэчныя намёкі. Праўда, у эмоцыях напісаў крыху вульгарна. І гэта адразу выкарысталі яго апаненты з Гарадской рады. Абурыў іх яшчэ іншы допіс, у якім Тамаш пракаментаваў сітуацыю, калі непадалёк вёскі Юшкаў- Груд у Міхалоўскай гміне паліцыянты без дазволу спрабавалі зрабіць вобыск у прыватным доме, бо хтосьці ім данёс, што ёсць там імігранты. Такое здарэнне аднёс ён да дзеянняў палякаў, якія падчас гітлераўскай акупацыі служылі ў нямецкай паліцыі і лавілі хаваючыхся яўрэяў. Гэты каментар асабліва абурыў раднага, які якраз у Бельску ёсць паліцыянтам. Быў абраны з таго ж спіску што і Тамаш – ад Бельскай кааліцыі. Гэтая групоўка асацыюецца ў пэўнай меры як беларуская. Належыць да яе і бургомістр, якога часта можна пачуць у радыё як гаворыць па-беларуску. Тымчасам той жа радны-паліцыянт падчас дыскусіі перад адкліканнем Тамаша сказаў, што „хаця ён праваслаўны, але не беларус”.

Такі ход падзей ў бельскім самаўрадзе гэта не толькі праява канца даверу да віцэ-старшыні рады, але і вынік паступовай палітычнай змены ва ўладах горада. Бургомістр пачынаў цяперашні тэрмін маючы за сабою значную большасць радных. З часама некаторыя адмовіліся ад падтрымкі яго рашэнняў і прапаноў праектаў пастаноў, кіраваных ім на паседжанні рады. У выніку ў мінулым годзе не атрымаў ён абсалюторыя. Гэта абазначае, што не мае ўжо большасці ў радзе.

Бельскім райцам Тамаш ёсць ужо другі тэрмін. Асабліва ў апошнім часе прыходзіцца яму працаваць у гарадской радзе з вялікім напружэннем. Як сам кажа, нікога з радных так не атакуюць як яго. У мінулым годзе закідалі яму, што не жыве пастаянна ў Бельску, але ў Крывятычах у гміне Орля. А гэта нібыта нязгодна з законам, бо радным можна быць толькі там, дзе жывецца. Аднак не было падстаў, каб пагасіць яму мандат. Тамаш на штодзень працуе ў Бельску, жыве справамі горада і будуе тут дом для сваёй сям’і.

Апанентаў Тамаша здаўна коле вочы яго актыўнасць у Фейсбуку, дзе між іншым часта рэзка заступаецца за беларускасцю, як у выпадку апошняга закалоту вакол Кацярыны Вапы. Гэта выклікае супраціў палякаў, якія хацелі б, каб Бельск быў на сто працэнтаў польскі і толькі гістарычна шматкультурны. Свае, аказваецца, таксама не хочуць быць беларусамі, але толькі праваслаўнымі палякамі. Гэта можна патлумачыць іх комплексамі і страхам перад польскім нацыяналізмам. У выніку беларускасць у гэтым горадзе выразна прыгасае, хаця не толькі тут. Тым больш радуе, што пасля свайго адклікання Тамаш атрымаў шматлікія словы падтрымкі. Праўда, у большасці звонку. Але запэўніў, што надалей будзе абараняць добрае імя беларускага асяроддзя ў Бельску, у тым ліку славутай „Тройкі” з навучаннем беларускай мовы і легендарнага Белліцэя імя Браніслава Тарашкевіча. Урэшце спыніў аднак сваю актыўнасць у Фейсбуку, перастаў змяшчаць там непакорлівыя допісы і каментары. Каб не правакаваць больш гейт з боку „абаронцаў польскасці”. Накінуўшы сабе аўтацэнзуру падаўся, як кажа, ва „ўнутраную эміграцыю”.

Цяперашні прыкры, але што не казаць, таксама неразвжлівы досьвед Тамаша напомніў мне шум на ўсю Польшчу вакол нашага штомесячніка ў далёкім 1999-ым годзе. Успыхнуў ён таксама па прычыне вострага зместу аднаго з апублікаваных тэкстаў. Быў гэта фельетон Сакрата Яновіча, у якім згадаў ён – па-польску – пра бандытаў і злодзеяў, што пасля вайны падшываліся пад Армію Краёвую, з пісталетамі ў руках абкрадаючы і часта збіваючы, нават да смерці, беларусаў на Беласточчыне. Яновіч дасадна напісаў горкую праўду, што „Armię Krajową faszyzowały wsiowo-miasteczkowe męty”.

Такія словы надта абурылі тады беластоцкіх ветэранаў пасляваеннага польскага антыкамуністычнага падполля, бо не падыходзілі пад будаваны імі вобраз герояў, названых пасля выклятымі жаўнерамі. „Karygodny” фельетон у Часопісе паказалі яны аднаму з правых дэпутаў з Беластока ў Сойме, які адразу падняў інтэрвенцыю ў міністэрстве ў Варшаве, каб за гэта пазбавіць нас датацыі. Так пэўна сталася б, каб не заступіліся за намі такія аўтарытэты, як Чэслаў Мілаш, Ежы Гедройц ці Яцэк Курань. Яны паклікаліся на святую ў дэмакратыі свабоду слова, права да выказвання поглядаў, якія не ўсім могуць адпавядаць. Часопіс „судзілі” тады не таму, што Яновіч напісаў карыгодную няпраўду, бо напісаў праўду, хаця балючую, і гэтага ніхто нават не аспрэчваў. „Nam się to nie podoba” – такі быў толькі аргумент – таксама ў міністэрстве – каб больш не прызнаваць нам датацыі. На шчасце так не сталася.

Сакрат Яновіч ведаў што піша („widziałem na własne oczy”). Я як рэдактар не меў падстаў не верыць яму. Бо ад бацькоў і іншых сведкаў пасляваенных часоў таксама нямала наслухаўся сумных аповедаў пра тыя жудасныя здарэнні і зверствы бандытаў – быццам „АКоўцаў” – у нашых вёсках. Але толькі нядаўна дакапаўся я да дакументаў у Інстытуце нацыянальнай памяці, якія дакладна пацвярджаюць тое, што напісаў Яновіч. Апісваю гэта ў змрочных нарысах з цыкла „Плач званоў”.

Сакрат Яновіч той закалот вакол яго фельетона вельмі тады перажываў. І ён, так як цяпер Тамаш, пасля падаўся ва „ўнутраную эміграцыю”. Пачаў у Часопісе пісаць выключна па-беларуску. Каб больш не чапляліся да яго нацыяналісты, якіх называў „шавінякамі”.

18 снежня

Сёння на могілках у Самагрудзе пад Саколкай пахавалі Валодзю Паца, шматгадовага карэспандэнта Польскага радыё ў Мінску. Майго земляка з Кнышэвіч па-суседску са Слояй, адкуль была мая маці.

Валодзя памёр 8 снежня на канапе ў сваёй кватэры ў Мінску. Прычынай быў цяжкі інфаркт. Яму было толькі 54 гады. Пакінуў жонку Таццяну і двое дзяцей, дачушку Паўліну і сына Захара.

Валодзя Пац з дачушкай Паўлінай на фэсце на Пятра ў Самагрудзе. 12 ліпеня 2005 г. Фота Юркі Хмялеўскага
Валодзя Пац з дачушкай Паўлінай на фэсце на Пятра ў Самагрудзе. 12 ліпеня 2005 г.
Фота Юркі Хмялеўскага

Мы пазнаёміліся недзе ў канцы васьмідзесятых на з’ездзе БАСу. Мне было вельмі прыемна, што яшчэ хтосьці, апрача мяне, Веся Харужага і яшчэ можа двух-трох асоб з Сакольшчыны прытуліўся да нашага асяроддзя. Тады быў ён студэнтам Сельскагаспадарчай акадэміі ў Ольштыне. Там сарганізаваў гурток БАСу, а праз пару гадоў стаў нават старшынёй арганізацыі. Неяк апынуўся ў Варшаве і там пачаў супрацоўніцтва з беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа. Ён як і я ў школе беларускай мовы не вучыўся, вынес яе з дому, паколькі гутарка па-просту гэта амаль тое ж. У Польскім радыё якраз шукалі кагосьці, хто мог бы быць карэспандэнтам у Мінску. І так Валодзя туды трапіў. Паехаў у Беларусь быўшы яшчэ таксама ва ўладах Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, але наша палітычная партыя ўжо гасла. У Часопісе, помню, мы нават пажартавалі, змяшчаючы яго фатарафію з надпісам „Я – Уладзімір Пац, карэспандэнт Польскага радыё ў Мінску… Але хто каардынатар Галоўнай рады БДА?”.

Я любіў яго весткі з Беларусі па радыё, якія канчаў незабыўным „Z Mińska Włodzimierz Pac, Polskie Radio”. Помню, як мы сустрэліся ў Мінску ў траўні 1995 г. напярэдадні парламенцкіх выбараў і адначасова сумнага рэферэндума, які між іншым касаваў беларускую гістарычную сімволіку як дзяржаўную ў Рэспубліцы Беларусь. Было гэта, бадай, у кватэры, якую наймаў Чарэк Галінскі як карэспандэнт Выбарчай газеты. Прыйшоў туды і граф Аляксандр Прушынскі – дзівак, які прыехаў жыць з Канады і хацеў стаць прэзідэнтам Беларусі. Нарадзіўся ён перад вайною ў маёнтку дзеда пад Гроднам. Той палац пераняў калгас. З графам запісаў я класнае інтэрв’ю, адно з лепшых у сваім жыцці. Даў яму загаловак „Ja jestem Polak z Biełarusi”. Адзін адказ помню па сёння. Запытаў я графа пра яго рэцепт для беларускай эканомікі. Ён адказаў нешта такое, што трэба ўзяць пазыку ў сусветным банку на мільярд долараў і гэтыя грошы проста… раздаць людзям, якія пасля кінуцца ў крамы. Тады фабрыкі і прадпрыемствы стануць урэшце на ногі, што падыме ўсю эканоміку.

Аказваецца, дзядуля ў Беларусі застаўся, хаця яго адтуль выганялі. З канадскай пенсіяй у руках гэты сын вядомага польскага літаратара і дыпламата ажаніўся другі раз (з беларускай). Хацеў кандыдаваць яшчэ ў прэзідэнцкіх выбарах у 2015 г., але яго не зарэгістравалі. Спрабаваў таксама ў 2020 г., калі запрасіў у рэстаран усіх контркандыдатаў Лукашэнкі, каб узгодніць супольную выбарчую праграму і вылучыць адзінага кандыдата праз… жараб’ёўку, як у латарэі. Вядома, ніхто не прыйшоў.

Валодзя Пац такімі несур’ёзнымі палітычнымі дзеяннямі нават не цікавіўся. Як карэспандэнт канцэнтраваўся на сапраўды важных падзеях. Трымаў кантакт з апазіцыяй, інфармаваў пра падзеі падчас дэманстрацый, пратэстных маршаў, пра арышты і суды палітвязняў. Не пабойваўся ўдзельнічаць у афіцыйных прэс-канферэнцыях прадстаўнікоў улады. Аднойчы ўдалося яму нават паставіць пытанне самому Лукашэнку, што не было такое простае, паколькі заўсёды ў такіх выпадках усе тэмы дазволеныя журналістам там заранёў дакладна запланаваныя. Аляксандр Рыгоравіч быў крыху збянтэжаны, калі пачуў пытанне карэспандэнта з Польшчы. Выкручваўся ад адказу і на канец наогул памяняў тэму.

На семінары беларускіх студэнтаў у Мельне каля Ольштына, май 1989 г. Валодзя Пац сядзіць у першым радзе злева Архіўнае фота
На семінары беларускіх студэнтаў у Мельне каля Ольштына, май 1989 г. Валодзя Пац сядзіць у першым радзе злева
Архіўнае фота

Валодзя па сваёй натуры быў вясёлы і сімпатычны. Сваё вяселле згуляў у Гродне, звянчаўся з жонкай у старадаўняй каложскай царкве. Да шлюбу пайшоў апрануты ў жупан як даўні літоўска-беларускі князь. Гэта была спасылка на яго гістарычнае прозвішча Пацаў – вяльможаў з Літвы. Па-сяброўску такі здымак з пажаданнямі надрукавалі мы з прыемнасцю ў Часопісе.

Валодзя як карэспандэнт не меў лёгкай працы. Жыў у пастаяннай напружанасці, напэўна заставаўся пад наглядам беларускіх спецслужбаў. Але з акрэдытацыяй, нягледзячы на палітычныя складанасці ў адносінах паміж Мінскам і Варшавай, праблем не меў. Нядаўна зноў яе на год яму прадоўжылі.

Жыццё ў стрэсе, мабыць, і паўплывала на праблемы са здароўем. Браў лекі, каб панізіць павышаны ціск крыві. Апошнім часам перайшоў на так званы здаровы лад жыцця. Трымаўся дыеты, накінуў рэжым кожны дзень прайсці мінімум дзесяць кіламетраў.

Апошні раз пабачыўся я з Валодзям летам 2005 г. Было гэта на Пятра ў Самагрудзе. Зрабіў яму тады здымак з дачушкай на руках. Ён мне гаварыў, што калі закончыць сваю місію карэспандэнта, вернецца ў родныя Кнышэвічы.

Пасля яго нечаканай смерці сябры, якіх меў надта шмат, напісалі ў фейсбуку толькі цёплыя і сардэчныя развітальныя словы. Правялі таксама грашавы збор для сям’і, сабраўшы больш як 30 тысяч злотых.

Бывай, Валодзя. Вечная табе памяць. Вясной загляну на тваю магілу ў Самагрудзе. Пэўна на Провады ў нядзелю пасля Вялікадня, калі наведаю спачываючых там сваіх дзядоў Якімцоў…

Юрка Хмялеўскі

Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis