Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (2)

    UB-oŭcy z Sakołki, jakija pravia try let viali śledztvo, ustanavili, szto maldunak na rasstralanych „kamunistaŭ” skłali sołtys z Łapiczaŭ Ivan Charuży, sołtys z Trejglaŭ Franak Karpuk i padsołtys z hetaj vioski Edzik Jurczenia. Pad kaniec grudnia 1942 r. mielisa jany sptakacca ŭ czaćvier na bazary…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Спадчына

Выданні Вацлава Ластоўскага ў міжваенны перыяд

Ніяк не магу зразумець, чаму вялікі вучоны Яўхім Карскі ў нямецкім выданні „Zeitschrift fur slavische philologie” (Лейпцыг, 1929 г.) адзначыў, што кніга Вацлава Ластоўскага „Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” ў руках студэнтаў ці не спецыялістаў можа прынесці зло. І яшчэ патлумачыў, што „яна можа прынесці да распаўсюджвання памылковых поглядаў, выказаных тут аўтарам пра дыяпазон беларускага пісьменства”. Лічу, што гэта з’яўляецца памылковым і недарэчным выказваннем спадара Карскага. А можа наадварот, Яўхім Карскі зразумеў, што выданне „Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” зрабіла Ластоўскага геніяльным і вялікім. Але ж Вацлаў Ластоўскі быў яшчэ не толькі літаратуразнаўцам, а таксама гісторыкам, літаратарам, мовазнаўцам, выдаўцом, палітыкам. І калі б ён за сваё жыццё выдаў толькі „Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”, а больш нічога не зрабіў, гэтага хапіла б, каб яго імя было ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны. І сёння, каму пашэнціць (кажучы словамі Язэпа Янушкевіча), нават не чытаючы, гэты цяжкі фаліянт патрымаць у руках, то зразумее, што „Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага – годная вяршыня для любога творцы.

Гісторыя беларускай крыўскай кнігі. В. Ластоўскі, 1926 г.
Гісторыя беларускай крыўскай кнігі. В. Ластоўскі, 1926 г.

Прашу прабачэння, што я адразу, кажучы пра выданні Вацлава Ластоўскага ў міжваенны час, пачаў з „Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі”. Яна выйшла з друку ў Коўне ў 1926 годзе, значна пазней, чым некаторыя яго ранейшыя выданні. Гісторыя беларускай кнігі Вацлава Ластоўскага – самая буйная навуковая праца вучонага, у якой ён робіць вельмі сур’ёзны і грунтоўны агляд усяго беларускага пісьменства, пачынаючы з Х і да пачатку XIX стагоддзяў. Калі гэтую кнігу прачытаў Сцяпан Некрашэвіч, то ён на старонках часопіса „Асьвета” (1926, № 5) сказаў, што праца Вацлава Ластоўскага – гэта не толькі гісторыя беларускай кнігі, а гісторыя асветы на Беларусі. А 20 гадоў таму наш крытык Уладзімір Казбярук у „ЛІМе” адзначыў, што праца Вацлава Ластоўсага „адна з найбольш салідных кніг ва ўсёй гісторыі беларускага літаратуразнаўства” (ЛіМ, 1988, 24 чэрвеня). Вось я цяпер думаю, чым усё ж быў незадаволены Яўхім Карскі, калі ён трымаў у руках і чытаў „Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”?.. Тым болей, што Вацлаў Ластоўскі яго шчыра паважаў. Аб гэтым добра сказана і ў пісьме, якое захоўваецца ў архіве Расійскай Акадэміі Навук ў Санкт-Пецярбургу (ф. 292, воп. 2, спр. 75): „Вільня, 23 кастрычніка 1913 году. Яго міласці прафесару Е.Ф.Карскаму ў Варшаві. Высокапаважаны пане! У восень гэтага году ў Вільні адкрылася Беларуская Кнігарня, каторая будзе вясьці торг беларускімі кніжкамі і кніжкамі ў другіх мовах аб Беларусі. Дужа-бы мы былі ўдзячны Пану Прафесару, каб выслаў нам на камісію свае цэнныя працы аб Беларусі. Разлічацца за кнігі будзем два разы ў год, каля св. Юр’я і каля Пакроваў. Ведаючы аб Вашай прыхільнасьці да нас маем надзею, што нам не адмовіця гэтай ласкі. Астаюся заўсёды з вялікай пашанай да Вас. В. Ластоўскі”.

Крывіч, месячнік літаратуры, культуры і грамадскага жыцця пад рэдакцыяй В. Ластоўскага, №2, Красавік-Снежань, 1924 г.
Крывіч, месячнік літаратуры, культуры і грамадскага жыцця пад рэдакцыяй В. Ластоўскага, №2, Красавік-Снежань, 1924 г.

Незадаволенымі былі і аўтары русіфікатарскага часопіса „Окраина России” (вядома ж, больш агрэсіўна), калі яны прачыталі „Кароткую гісторыю Беларусі” Власта, якая пабачыла свет ў Вільня ў друкарні Марціна Кухты ў 1910 годзе. Гэта была першая кніга Вацлава Ластоўскага. І выйшла яна з друку ў той слаўнай друкарні пана Марціна Кухты, у якой праз тры гады, дзякуючы Ластоўскаму, з’явіцца „Вянок” Максіма Багдановіча. У артыкуле „За тры гады” (1913) наш малады пясняр Багдановіч пісаў „Власт надрукаваў 3-4 рэчы, але кожную можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць”. Такога выказвання трэба было заслужыць нястомнай, штодзённай працай. І Вацлаў Ластоўскі натхнёна працаваў на карысць роднага народа. Сваёй „Кароткай гісторыяй Беларусі” ён адкрываў Беларусь, а гэта было не на карысць усё той жа „Окраины России”, якая пісала: „Тут не найдёте портретов ни императора Александра II, ни графа М. Н. Муравьёва, ни митрополита Иосифа Семашко”. Дык Власт пісаў не гісторыю Расіі, гаспада, а нашу гісторыю, дзе замест Мураўёвых і Семашкаў былі і ёсць Міндоўг, Вітаўт, Хадкевіч, Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч. У прадмове да сваёй гісторыі Беларусі аўтар напісаў: „Працу гэту ахвярую сынам маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю Бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове”.  Гэта для нас Вацлаў Ластоўскі напісаў „Кароткую гісторыю Беларусі” – першую гісторыю Беларусі, якую напісаў беларус для беларусаў. Каб мы яе чыталі, вывучалі і ведалі сваю гісторыю. 

Кароткая гісторыя Беларусі. В. Ластоўскі, 1910 г.
Кароткая гісторыя Беларусі. В. Ластоўскі, 1910 г.

Сёння аўтару гэтай працы можна выказаць шэраг прэтэнзій, заўваг, удакладненняў. Але і не так шмат. Таму што пазней беларускія гісторыкі спасылаліся на яе, ды і цяпер, сапраўдны гісторык кнігі Ластоўскага ўбок не адсуне. Давайце яшчэ ўлічым, што пісалася яна тады, калі аўтару было толькі 27 гадоў.

Сваю працу Вацлаў Ластоўскі падзяліў на пяць частак: 1. Ад першых часоў да ўцёкаў Полацкіх князёў (1129 год), 2. Ад павароту Полацкіх князёў (1132 г.) да смерці Вітаўта (1430), 3. Ад смерці Вітаўта (1430 г.) да Люблінскай Уніі (1569 г.), 4. Ад Люблінскай Уніі (1569 г.) да раздзелу Польшчы, 5. Беларусь пад Расіяй. Амаль упершыню ў беларускай гістарыяграфіі Власт расказаў пра полацкіх князёў, іх дзейнасць і палітыку, пра вайну паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім, упершыню прывёў правільную храналогію праўлення вялікіх князёў літоўскіх, паказаў народны рух на Беларусі падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага на Украіне як рух беларускіх сялян і гараджан. Ён першым вярнуў беларусам імя Францішка Скарыны…

Мінула 113 гадоў з выхаду кнігі Вацлава Ластоўскага „Кароткая гісторыя Беларусі”. За гэты час нашы гісторыкі шмат ужо напісалі і выдалі. Але кніга Власта не страціла сваёй каштоўнасці і сёння. Дарэчы, выдавецтва „Універсітэцкае” у 1993 годзе ў Мінску гэтую гісторыю факсімільна перавыдала. Наклад перавыдання быў, не здзіўляйцеся, ажно 50 тысяч экзэмпляраў. І друкавалася яна ў Маладзечне ў друкарні „Перамога”.

Больш за два дзесяцігоддзі (пачынаючы з 1902 года) Вацлаў Ластоўскі збіраў матэрыялы для свайго ”Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка”, які ён адолеў і выдаў у Коўне ў 1924 годзе. Слоўнік на самой справе ўнікальны. Не менш цікавая ў ім прадмова аўтара, які з гонарам кажа: „Мы – крывічы… Наша мінуўшчына – гэта блуканне па раздарожжах і муках, а мы цяпер ізноў пры крыніцах гаючае і жывучае вады, пры сваім народзе Крывічанскім і, разам з ім, адбудоўваем вольную Крывію!”.

”Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” тады меў вялікае значэнне, бо ён не толькі з’яўляецца перакладным з рускай мовы на беларускую, ён яшчэ мае этымалагічны і энцыклапедычны досвед. Цікавы слоўнік і сёння, яго чытаеш і вывучаеш з вялікай захопленасцю, як мастацкі твор, у якім даведаешся шмат новага, раней невядомага ў паходжанні слова і яго роднасных адносінах да іншых слоў. Возьмем са слоўніка рускае слова „кудель”. Вось як пра яго ў слоўніку напісаў Вацлаў Ластоўскі: „Кудель – гэта вычасаны на прадзіва лён, кудзеля, кудзелька, кудзельны, мычка, кудзеля з воўны: пасіся бычку, спраду мычку, старому дзеду на рукавічку”. І такіх прыкладаў тысячы.

Расійска-Крыўскі (Беларускі) Слоўнік. В. Ластоўскі, 1924 г.
Расійска-Крыўскі (Беларускі) Слоўнік. В. Ластоўскі, 1924 г.

Хачу сказаць, што выданне факсімільнага тыпу „Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка” у 1990 годзе таксама пабачыла свет у Мінску накладам 10 тысяч асобнікаў. Памятаю восенню 1990 года патэлефанаваў мне незнаёмы хлопец з Лунінца і кажа: „Хачу вам прывезці слоўнік Ластоўскага, ці будзеце дома?”. „Буду, прывозьце!” – адказаў я. Праз некалькі дзён да пад’езда майго дома пад’язджае таксі. Спынілася. Выйшаў з машыны высокі, з паголенай галавой хлопец, і дастаў з багажніку тры мяхі кніг. „Гэта вам на Слонім, перадайце ў бібліятэкі, школы – усім, хто пажадае. Гэта перавыдадзены „Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” Вацлава Ластоўскага”, – сказаў ён і сабраўся развітацца. Я запрасіў яго папіць гарбаткі, дзе мы і пазнаёміліся. Гэта быў Станіслаў Бугар. Дзе ён цяпер – я не ведаю. Але хачу сказаць не пра гэта, а пра тое, што пачатак 1990-х гадоў – гэта быў новы час адраджэння беларускай культуры, які пачынаўся найперш з кніг Вацлава Ластоўскага.   

У 1912 годзе ў Пінску асобнай кніжачкай выходзіць з друку апавяданне Вацлава Ластоўскага „Прыгоды Панаса і Тараса”. Кніжка выйшла пад псеўданімам Арцём Музыка. Я з вялікім захапленнем прачытаў гэта найцікавейшае і вясёлае апавяданне. Быў бы ў нас добры кінарэжысёр, мог бы паставіць паводле гэтага твора шчырую беларускую камедыю. Наогул, апавяданне Вацлава Ластоўскага „Прыгоды Панаса і Тараса”, як і многія іншыя, вызначаецца глыбокім народным беларускім гумарам, дзе шмат жартаў, анекдотаў, выслоўяў, легенд, паданняў, народных звычаяў.  Сюжэт гэтага апавядання просты – два вясковыя мужыкі Панас і Тарас выбраліся ў белы свет, каб паглядзець, як людзі жывуць. Паслухайце, як файна, фантастычна-соладка аўтар апісвае падрыхтоўку мужыкоў да вандроўкі: „Разыйшоўшыся па хатах, Панас і Тарас зараз жа загадалі сваім бабам рашчыніць хлеб і падрыхтаваць на аўторак усё патрэбнае ў дарогу. На другі дзень, пакуль бабы пяклі хлеб і аладкі, білі масла, рабілі сыры, і варылі кумпячыну на дарогу сваім дзядом, мужчыны прыбіралі воз, шмаравалі колы, гатавалі аброк, кавалі і кармілі коней, аглядалі запражку. Згодна з прыказкаю „едзеш на дзень, а хлеба бяры на тыдзень”, добры гаспадар без адпаведнага запасу ежы ў дарогу ніколі ня выбіраецца. Дык вось, Панас і Тарас, улажыўшы ў мяшок па тры боханы хлеба, па добраму апольцу сала, па кумпяку, па штук пяць сыроў, па добраму слоіку масла і, дадаўшы да ўсяго гэтага яшчэ стаўпец аладак, – знайшлі, што харчоў павінна стаць на добры шмат дарогі. Апрача гэтага, паставілі ў воз поўную дзяжу талакна. На ўсялякі выпадак адлічылі яшчэ ў падарожныя капшуке па дзесяць рублёў грошы. Налажылі воз сенам і аброкам, а зьнізу за трайню прывязалі вядзерца з каланіцай. На ўсялякае здарэньне ўлажылі ў воз сякеру. Панасавага каня, як старэйшага, запрэглі ў ваглоблі, а Тарасавага, маладога, прыпрэглі збоку. У ваўторак рана, ледзь золак, яшчэ да ўсходу сонца, Панас і Тарас падмацаваўшыся добра аладкамі з салам і, падапрануўшы пад новыя сьвіткі яшчэ кажушке, крануліся ў дарогу. Едуць, кураць, піпачкі пакурваюць… Іхнія конікі патрухваюць…”. А далей аўтар хораша апісвае ўсе вясёлыя прыгоды Панаса і Тараса, якія хочуць пагутарыць з народам мазурэ. Кожны раздзельчык Власт распачынае па-свойму казачна і лёгка. Але гэтая лёгкасць і казачныя паўторы („едуць сабе, едуць, міжсобку гутараць. Піпачкі – пык!-пык!-пык! – пакурваюць. Конікі – трух!-трух!-трух! – патрухваюць”) надаюць апавяданню філасофскі вобраз жыцця, духоўнае спасціжэнне жыцця, народны дух. І героі Власта сустракаюцца штодзень з мазурэ, дапамагаюць, здзіўляюцца, як яны сонца рэшатам у хату носяць, як яны парацца, як яны бэльку расцягваюць, як сляпымі нараджаюцца, як плаваюць праз рэчку, як яны чуць хату не падпалілі і г.д. І толькі ў канцы сваіх прыгодаў Панас і Тарас даведаліся што мазурэ – мужыкі, якія жывуць у Польшчы, а „палякамі называюць тых у нас, што працаваць адвучыліся”.

Бюст Вацлава Ластоўскага ў Глыбокім
Бюст Вацлава Ластоўскага ў Глыбокім

А пасля пра ўсе свае прыгоды да самай глыбокай старасці будуць распавядаць сваім аднавяскоўцам, а тыя „ня раз панадрывалі ад сьмеху жыватэ, слухаючы іхныя апавяданьні”. 

Прачытаўшы „Прыгоды Панаса і Тараса” – адразу зразумееш думку аўтара, што беларускі мужык усё ж больш таленавіты, кемлівы і шчыры за мужыкоў суседніх краін. І з ім нельга не пагадзіцца. Нават сёння.

З 1909 года Вацлаў Ластоўскі працаваў сакратаром рэдакцыі „Наша ніва” і загадваў першай беларускай кнігарняй у Вільні. У „Нашай ніве” ён вёў рубрыку „З нашай мінуўшчыны”, а ў газеце „Гоман” апублікаваў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Дарэчы, газету „Гоман” ён з лютага 1916 года да сярэдзіны 1917-га рэдагаваў. Некаторыя з апублікаваных у гэтых выданнях матэрыялы ляглі ў аснову зборніка гістарычна-грамадзянскіх нарысаў „Калісь і цяпер” (Вільня, 1918). А, напрыклад, той жа „Гоман” апублікаваў каштоўныя матэрыялы Власта, прысвечаныя гісторыі беларускага друку, Францішку Скарыне, рэфармацыйнаму руху на Беларусі, абычаёваму праву беларускага сялянства і многія іншыя.

У 1915 годзе Вацлаў Ластоўскі складае і выдае „Першую чытанку: кніжыцу для беларускіх дзетак дзеля навукі і чытання”, а ў 1916 годзе – „Родныя зярняты: кніжыцу для школьнага чытання”, у 1918 годзе – „Незабудку: першую пасля лементара чытанку”, потым – „Сейбіт: другая пасля лементара чытанка для пачатковых школ”, зборнік фальклорных запісаў „Прыпеўкі (песні –песень)” (1918), зборнік „Загадкі” (1918), „Выпісы з беларускай літаратуры” (1918) і іншыя. У 1918 годзе гэты таленавіты беларус выдае зборнік апавяданняў і легендаў „Недасветы”. Яго аповесць „Лабірынты” у нашай літаратуры з’яўляецца першым прыгодніцка-гістарычным творам – папярэдніцай, па словах Анатоля Сідарэвіча, „Чорнага замка Альшанскага” Уладзіміра Караткевіча.  

Вацлаў Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі займаўся не толькі гісторыяй Беларусі, літаратуразнаўствам, беларускай педагогікай, даследаваў беларускі фальклор, але яшчэ выдаў „Слоўнік геаметрычных і трыгаметрычных тэрмінаў і сказаў” (Коўна, 1923, у сааўтарстве з К. Дуж-Душэўскім). Калі Вацлаў Ластоўскі з Вільні пераехаў у Мінск у БССР, то разам з Міколам Шчакаціхіным апрацаваў „Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разбярства” і сам пачаў працаваць над вялікай манаграфіяй „Матэрыяльная культура Беларусі”, якая ахоплівала перыяды ад XVI да ХХ стагоддзяў. Але шмат чаго яшчэ таленавіты Вацлаў Ластоўскі напісаць і выдаць не паспеў. Ён быў рэпрасаваны ў 1938 годзе і расстраляны каля Саратава ў Расіі.

У 1924 годзе, выступаючы на пятай Асамблеі Лігі Нацый у Жэневе, Вацлаў Ластоўскі сказаў: „Беларускі народ мае права на дзяржаўную незалежнасьць. Карані гэтай незалежнасьці жывы ў беларускім народзе, аб чым сьведчыць культура і гісторыя Беларусі”. Мне толькі застаецца дадаць: якія даследаваў, пра якія пісаў і выдаваў для нашчадкаў свае кнігі вялікі Власт.

Сяргей Чыгрын 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    750 – няўдалая аблога ў 1274 г. Наваградка аб’яднанымі галіцка-валынскімі і татарскімі войскамі. 510 –  8.09.1514 г.  перамога пад Оршай (на рацэ Крапіўна) 30-тысячнай беларуска-літоўскай арміі пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над утрая большым маскоўскім войскам. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (214) – 20.09.1810 г. у Вайской каля Камянца нар. Пляцыд Янкоўскі, пісьменнік. У 1818 – 1824 гг. вучыўся ў Сьвіслацкай гімназіі і Брэсцкай базыльянскай школе, у 1830 г. закончыў Віленскі ўнівэрсытэт. Выкладаў у Жыровіцкай Духоўнай сэмінарыі, быў вуніяцкім, а пасьля скаcаваньня вуніі – праваслаўным сьвятаром. З 1858 г. жыў у Жыровічах, дзе і памёр 11.03.1872 г. Пісаў на польскай і рускай мовах, на польскую мову перакладаў м. інш. творы У. Шэкспіра.
  • (121) – 20.09.1903 г. у Баку нар. Натальля Арсеньнева (па мужу Кушаль), паэтка, культурная дзеячка. Выпускніца Віленскай Беларускай Гімназіі. У 1940 г. НКВД арыштавала яе і саслала ў Казахстан. Дзякуючы захадам, між іншым Янкі Купалы, вярнулася на радзіму. Падчас нямецкай акупацыі брала ўдзел у арганізаваньні беларускага нацыянальнага жыцьця. Пасьля вайны актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асьветніцкай дзейнасьці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы. З 1950 г. у ЗША. Памерла 25.07.1997 г. У 1979 г. у Нью Ёрку Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва апублікаваў ейную паэтычную спадчыну (да 1970 г.) у абшырным зборніку „Між берагамі”.
  • (81) – 20.09.1943 г. у в. Нівы Бярозаўскага р-на нар. Ніна Мацяш, беларуская паэтка і перакладчыца. У 1960 г. закончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і паступіла на факультэт французскай мовы ў Інстытут замежных моў у Менску (закончыла ў 1966 г.). Выкладала нямецкую мову ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы (1973 – 1977). Жыла ў Белаазёрску. Першы верш апублікавала ў 1962 г. Аўтарка зборнікаў вершаў „Агонь” (1970), „Удзячнасць” (1973), „Ралля суровая” (1976), „Прыручэнне вясны” (1979), „Поўны келіх” (1982), „Жнівень” (1985), „Паварот на лета” (1986), „Шчаслівай долю назаві” (1990), казак „Два браты і сякера” (1975), „Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя” (1982), п’ес для тэатра лялек „Прыгоды трох парасят” (1976), „Крок у бессмяротнасць” (1977), перакладаў з французскай, польскай, нямецкай моў, м. інш.: Ж. Сімянона „Першая справа Мегрэ” (1982), А. дэ Сэнт-Экзюперы „Планета людзей” (1984) і „Маленькі прынц” (1989), навел Г. дэ Мапасана (1989). Памерла 19.12.2008 г. у Белаазёрску.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis