225 – 21.12.1796 г. у Мясоце пад Маладэчнам нар. Тамаш Зан (пам. 19.07.1855 г. у Кахачыне пад Оршай – пахаваны ў Смалянах), паэт, адзін з кіраўнікоў руху філяматаў. Зьбіраў беларускі фальклёр, ягоная творчасьць у значнай меры апёртая на беларускіх матывах.
190 – 23.12.1831 г. у Юст’янаве пам. Эмілія Плятэр (нар. у 1801 г. у Вільні), удзельніца лістападаўскага паўстаньня. Пахавана ў Капцёве (Літва).
135 – 5.12.1886 г. у маёнтку Капланцы, Ігуменскага павету нар. Мікола Равенскі (пам. 9.03.1953 г. у Лювэне, Бэльгія), кампазытар, дырыгент, музычны крытык. Напісаў музыку да многіх вершаў беларускіх паэтаў, таксама кампанаваў рэлігійную музыку. Зьяўляецца між іншым аўтарам музыкі на словы Н. Арсеньневай „Магутны Божа”. У апошнія гады жыцьця кіраваў хорам беларускіх студэнтаў у Бэльгіі, зь якім даў многа канцэртаў у краінах заходняй Эўропы.
130 – 8.12.1891 г. у Менску нар. Максім Багдановіч (пам. 25.05.1917 г. у Ялце), пісьменьнік, заснавальнік навейшай беларускай паэзіі. Друкаваўся з 1907 г. у „Нашай Ніве”, а ў 1913 г. быў надрукаваны яго зборнік вершаў „Вянок”. Пісаў таксама паэмы, празаічныя творы, літаратуразнаўчыя артыкулы, творы для для дзяцей, рабіў пераклады.
130 – 15.12.1891 г. у в. Біты Камень на Сакольшчыне нар. кс. Янка Ляўковіч (пам. 26.03.1976 г.). Член гуртка беларускай моладзі ў Гародні, скончыў духоўную сэмінарыю ў Вільні, дзе таксама быў членам беларускага гуртка. Шмат гадоў быў пробашчам у Янаве на Сакольшчыне.
130 – 26.12.1891 г. у в. Малева на Случчыне нар. Алесь Вініцкі (пам. 24.11.1972 г. у Лос-Анджэлес), грамадзкі дзеяч, настаўнік. Арганізатар беларускага школьніцтва пасьля І сусьветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі ў ІІ сусьветнай вайне. Сасланы на працу ў Нямеччыне. Актыўны ўдзельнік беларускага руху да 1956 г. у Нямеччыне, а з 1956 г. у ЗША.
130 – 27.12.1891 г. у Нойсы-ле-Сэк у Францыі пам. Аляксандар Ходзька (нар. 30.08.1804 г. у Крывічах на Вілейшчыне), адзін з філярэтаў, арыенталіст. Выдаў кніжку пра беларускі фальклёр. Пахаваны ў Монтморэнсы.
120 – 3.12.1901 г. у в. Кубельнікі каля Бераставіцы на Гарадзеншчыне нар. Мікола Марцінчык (пам. 23.05.1980 г.), нацыянальна-палітычны дзеяч, лекар. Скончыў Віленскі Унівэрсытэт у 1927 г., зьяўляўся адным з кіраўнікоў Беларускага Студэнцкага Саюзу, быў рэдактарам часопіса „Студэнцкая Думка”, дзеячам Грамады, Таварыства Беларускай Школы. Настаўнічаў у Віленскай Беларускай Гімназіі. Некалькі разоў быў арыштаваны польскай паліцыяй, у 1931 г. сасланы зь Вільні пад нагляд паліцыі. Працаваў лекарам у Нараўцы на Беласточчыне. У 1948 г. арыштаваны органамі савецкай бяспекі. 12.08.1949 г. прыгавораны на 10 гадоў лагераў, сасланы ў Варкуту. У 1956 г. вярнуўся ў Гародню, дзе і памёр. Пахаваны на Алекшыцкіх могілках на Гарадзеншчыне.
115 – 14.12.1906 г. у Адэсе нар. Іна Рытар (па мужу Каханоўская), настаўніца, пісьменьніца, публіцыстка (пісала пад псэўдонімам Аляксандра Саковіч). З 1950 г. у ЗША. Пам. 8.01.1997 г. у Кліўлендзе.
105 – 25.12.1916 г. падчас бежанства ў Разані нар. Сьвятаслаў Коўш (пам. 5.11.1997 г. у Саўт Рывэр), рэлігійна-грамадзкі дзеяч, пісьменьнік. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі, арганізатар беларускай гімназіі ў нямецкім Ватэнштэце. З 1949 г. жыў у ЗША. У 1969 г. стаў сьвятаром, настаяцелям многіх беларускіх прыходаў у ЗША й Канады. Рэдагаваў праваслаўны часопіс „Царкоўны Сьветач”.
100 – 6.12.1921 г. у Маскве пам. Мікола Янчук (псэўданімы Н. Корніцкій, Białorusin; нар. 29.11.1859 г. у Корніцы на паўднёвым Падляшшы), вучоны-слявіст, дасьледчык літаратуры, фальклярыст, этнограф, мовазнавец, антраполяг, музыказнавец, драматург, пісьменьнік, кампазітар. Асабліва цікавіўся беларускім нацыянальным адраджэньнем, падтрымліваў цесныя кантакты з рэдакцыяй „Нашай Нівы”. З 1921 г. быў прафэсарам катэдры беларускай літаратуры і этнаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Пахаваны на Новадзевічых могілках у Маскве.
95 – 10.12.1926 г. у Малых Сьцяблевічах Лунінецкага павету нар. Уладзімір Бакуновіч (пам. 23.05.1992 г. у Дэтройт), грамадзкі дзеяч, журналіст, эканаміст. Пасьля заканчэньня вучобы на Лэвэнскім Унівэрсытэце ў Бэльгіі (доктар эканоміі), жыў у ЗША. Актывіст БАЗА й Рады БНР.
95 – 8.12.1926 г. у БССР увайшлі Рэчыцкі й Гомельскі павет.
95 – 26.12.1926 г. выйшаў на экраны першы беларускі мастацкі фільм „Лясная быль”, сцэнар паводле аповесьці М. Чарота „Сьвінапас” зьняў рэжысёр Юры Тарыч.
50 – 28.12.1971 г. памёр у Лёндане Дамінік Аніська (нар. 12.01.1888 г. у Слойніках каля Саколкі), грамадзкі дзеяч, зьбіральнік беларускага фальклёру, публіцыст беларускіх хрысьціянскіх часопісаў. Быў афіцэрам запасу. Зьяўляўся вязьнем савецкага лагеру для палонных афіцэраў у Казельску. Вызвалены у 1941 з турмы у расійскім г. Гразовец, папаў у II Польскі Корпус (армію Андэрса). З 1949 г. жыў у Беларускім Доме ў Лёндане.
40 – 9.12.1981 г. у Менску адкрыты помнік Максіму Багдановічу.
40 – 21.12.1981 г. памёр у Празе Міхась Забэйда-Суміцкі (нар. 14.06.1900 у в. Несьцеравічы, Ваўкавыскага павету), сьпявак, пэдагог. Адыграў вялікую ролю ў папулярызацыі беларускай музычнай культуры ў сьвеце. Некалькі разоў даваў канцэрты ў Беластоку й на Беласточчыне.
30 – 8.12.1991 г. у Віскулях (Белавежская пушча) кіраўнікі саюзных рэспублік СССР Беларусі, Украіны, Расіі падпісалі акт аб ліквідацыі СССР ды стварэньні СНД.
30 – 8.12.1991 г. быў адкрыты ў Менску музэй Максіма Багдановіча.
Апрацавалі:
Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская