Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гутарка

Віктар Шніп: „Я без натхнення не раблю нічога…”

Беларускаму літаратару Віктару Шніпу 26 сакавіка споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння. Мы разам некалі пачыналі свой шлях у літаратуру. Разам наведвалі літаратурныя аб’яднанні, якія ў 1970-я-1980-я гады існавалі пры газетах „Мінская праўда” і „Чырвоная змена”. Былі мы тады зусім маладыя, з надзеяй надрукавацца на старонках газет, а яшчэ лепш – на старонках часопісаў „Маладосць”, „Беларусь” ці „Полымя”. Тады не верылася, што пройдуць дзесяцігоддзі і нашы творы будуць друкавацца ўсюды. А яшчэ больш не верылася, што так хутка праімчаць дзесяцігоддзі і мы непрыкметна пастарэем і пасталеем.

Віктар Шніп працаваў у часопісах „Нёман”, „Беларусь”, газетах „Вячэрні Мінск”, „Наша слова”, „Літаратура і мастацтва”, а цяпер ён – галоўны рэдактар у мінскім выдавецтве „Мастацкая літаратура”. Напісана і выдадзена дзесяткі кніг паэзіі, прозы, дзённікавых запісаў, перакладаў. Пра ўсё гэта мы і вырашылі з ім пагутарыць.

Аб чым думае сёння пісьменнік Віктар Шніп з вышыні свайго 60-годдзя?

Віктар Шніп
Віктар Шніп

– Да ста гадоў яшчэ далёка! Думаю і пра тое, пра што амаль усе думаюць – каб усе былі здаровымі. Нярэдка ўзгадваюцца паэты і празаікі, з якімі ў свой час разам пачыналі друкавацца і якіх ужо няма сярод нас. Алесь Пісьмянкоў, Анатоль Сыс, Алесь Асташонак, Уладзімір Марук, Віктар Стрыжак, Іван Рубін, Васіль Сахарчук, Анатоль Шушко. Яны ўсе былі старэйшымі за мяне. Цяпер я даўно ўжо старэйшы за іх. І яны, што паспелі напісаць, тое і паспелі і тое ад іх засталося. І гэтая акалічнасць у соты раз падцвярджае, што, калі Бог даў табе талент, то не марнуй яго на чаканне лепшых часоў для творчасці і для публікацый. Лепшых часоў не дачакаешся. Узгадваю верш Рыгора Барадуліна „З гары”. І асабліва вось гэтыя радкі:

Цяпер –

Ці ў радасці згары,

Ці счахні ад адчаю,

Адчуй адно:

Ідзеш з гары.

Твой смутак залачае…

 Ужо заняўся веташок

На макаўцы віхрастай.

Забудзь стажок

I муражок

I ў сад чужы не шастай!

…………………………….

Зняверцу-роспач пратуры:

Азёрна,

Борна,

Гойна!

Далёка бачыў на гары –

Ідзі з гары спакойна.

Барадулін пісаў пра сябе, але атрымалася і пра кожнага з нас, каму ўжо не пяцьдзясят. І я са сваёй гары іду спакойна.

Што прасцей і цікавей пішацца – паэзія ці проза?

– Усё пішацца проста, калі пішацца з натхненнем. А без натхнення я нічога не раблю. Мне пашанцавала, што з сямнаццаці гадоў знаходжуся сярод творчых людзей. Напачатку па запрашэнні Яўгена Крупенькі хадзіў на літаб’яднанне „Крыніцы” пры „Чырвонай змене”, у якой 17 жніўня 1977 года была надрукавана мая першая падборка вершаў. Алесь Емельянаў, які тады рыхтаваў літстаронку, даў мае творы з біяграфіяй і фотаздымкам. Потым я сам у 1980 годзе пры валожынскай раёнцы „Працоўная слава” стварыў літаб’яднанне „Рунь”, якое па сёння працуе. Цяпер яно пры Доме культуры і мае званне народнага літаб’яднання. Кіруе ім паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч. Далей была вучоба ў Літінстытуце ў Маскве, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Людмілай Рублеўскай. Заняткі былі заняткамі, а размовы пасля вучобы давалі яшчэ болей, чым літінстытут. Пасля вучобы працаваў у часопісе „Беларусь”, газетах „Наша слова” і „Літаратура і мастацтва”. І вось ужо шаснаццаць гадоў у выдавецтве „Мастацкая літаратура”. Кожны дзень – праца з рукапісамі, з творчымі людзьмі. І сям’я ў нас творчая — жонка Людміла пісьменніца, дзеці мастакі. Вераніка і Максім школьнікамі пісалі вершы па-беларуску. Друкаваліся. Цяпер толькі чытаюць. І хоць я пішу прозу, але сябе празаікам не лічу. Я паэт, які акрамя вершаў яшчэ і прозу піша.

Віктар Шніп і Адам Мальдзіс
Віктар Шніп і Адам Мальдзіс

Газета „Наша слова” пастаянна публікуе твой паэтычны „Беларускі пантэон” балад крыві і любові. Ён прысвечаны вялікім асобам нашай Бацькаўшчыны. Атрымалася своеасаблівая паэтычна-гістарычная энцыклапедыя. І думаю, што будзе добрая кніга, якая вартая ўзнагарод. Ці так?

– Задума стварыць паэтычны „Беларускі пантэон” узнікла ў мяне гадоў пятнаццаць таму. Узнікла не на пустым месцы, бо я і раней пісаў балады, прысвечаныя вялікім асобам нашай Бацькаўшчыны. На сёння іх у мяне ўжо каля 320. Думаю некалі выдаць кніжку „Беларускі пантэон” з падзагалоўкам „Балады крыві і любові”. У кнізе „Проза і паэзія агню” (2010) я ўжо друкаваў балады з гэтага цыкла. Іх было каля 150. Пра ўзнагароду для сябе не думаю, думаю пра тых, пра каго пішу: „Няхай мае балады будуць цаглінкамі ў іх помнікі”.

Чым сёння можна здзівіць беларускага чытача? Якімі кнігамі і творамі?

– Па-мойму сённяшняга чытачам нічым не здзівіш. У свой час Леанід Галубовіч пісаў: „Як мала чытачоў і тыя ўсе паэты!” Час праляцеў і сітуацыя змянілася. Цяпер пісьменнікі мала чытаюць адзін аднаго. А чытачы ёсць! І гэта сапраўдныя чытачы, у якіх ёсць любімыя творцы сярод сучаснікаў, чыёй творчасцю яны не проста цікавяцца, а захапляюцца. Прыязджаюць з іншых гарадоў і мястэчак у Мінск на вечарыны, каб паслухаць свайго куміра. І гэта не выдумка. Колькі разоў быў сведкам як на імпрэзы з удзелам Людмілы Рублеўскай прыязджалі людзі розных узростаў, каб з ёй пагаварыць, атрымаць аўтограф на кнігу, сфатаграфавацца разам. І гэта радуе. Кнігі на беларускай мове чытаюцца!

Якую кнігу выдавецтва „Мастацкая літаратура” выпусціць адразу, калі прынесці рукапіс?

– Выдавецтвы даўно знаходзяцца на гаспадарчым разліку. І „Мастацкая літаратура” не выключэнне! Зразумела, што для выдання кнігі трэба, каб рукапіс быў напісаны таленавітым пісьменнікам, а не графаманам. І любы рукапіс, калі ён будзе адпавядаць літаратурным патрабаванням, будзе выдадзены на працягу некалькіх месяцаў, калі ў яго будзе спонсар. На жаль, цяпер спонсараў мала і выданне кніг залежыць ад бібліятэчных заказаў. Некаторыя аўтары думаюць, што ўсё залежыць ад галоўнага рэдактара. Няма на кнігу заказаў, няма і кнігі. Будуць бібліятэчныя заказы, будзе і кніга! А Шніп толькі можа з аўтарам, як рэдактар, падрыхтаваць рукапіс да друку, калі рукапіс набраў патрэбны тыраж. Выданне кнігі – як паступленне ў ВНУ. Да прыкладу: трэба ў год 50 кніг выдаць, а ў наборы тыража ўдзельнічае 120-150. Хто набраў больш бібліятэчных заказаў і трапіў у 50, той будзе прапанаваны яшчэ і экспертнай камісіі, якая яшчэ паглядзіць, ці варта выдаваць і гэтыя ўсе 50. Не прайшоў у гэтым годзе, будзем спрабаваць на наступны год набраць патрэбны тыраж. І так можа цягнуцца гадамі. І ніхто выдавецтва не прымусіць выдаваць тое, што будзе амаль 100% ляжаць на складзе. Ёсць фінансавая дзяржаўная падтрымка. Яе размяркоўваем на аб’ёмныя і дзіцячыя кнігі, каб яны былі танней для пакупнікоў. Словам, не трэба бачыць у Шніпу, як у галоўным рэдактары, уладара мух!

Віктар Шніп і Уладзімір Ліпскі
Віктар Шніп і Уладзімір Ліпскі

Ці часта бываеш на роднай Валожыншчыне? Ці ведае маладое пакаленне да 40 гадоў Валожыншчыны, што ў вёсцы Пугачы 60 гадоў таму нарадзіўся беларускі паэт Віктар Шніп?

– У мяне ў Пугачах стаіць бацькоўская хата. З сястрой садзім агарод. З вясны да позняй восені ездзім у вёску па некалькі разоў на месяц. У Ракаве, што ў васямнаццаці кіламетрах ад Пугачоў, пахаваны бацькі. На Валожыншчыне жывуць стрыечныя браты і сёстры. Бываю ў гасцях. У мінулым годзе ў Ракаве з Людмілай былі на свяце, прысвечаным нашаму земляку вядомаму пісьменніку Сяргею Пясецкаму. І так атрымалася, што калі мы з Людмілай праходзілі каля сцэны, вучні Ракаўскай школы чыталі мае вершы. Я не ведаў, што будуць чытаць. Час ад часу ў раёнцы друкуюцца мае творы. Я дазволіў рэдакцыі іх перадрукоўваць з кніг і не плаціць ганарар. Словам, ёсць людзі на Валожыншчыне, якія ведаюць, што я валожынскі хлопец. І я ніколі не адмаўляюся ад сустрэч з чытачамі-землякамі.

Няўжо расійскія Баскаў, Кіркораў, Бабкіна больш заслугоўваюць ордэна Скарыны чым ты? Летась цябе ўзнагародзілі толькі медалём Скарыны? З чым і віншую вядома ж!

– Дзякую за віншаванне! А тое, што ордэн Скарыны далі Баскаву, Кіркораву, Бабкінай, а некаму з нашых не далі, гэта не значыць, што расійскія артысты гэты ордэн заслужылі. Цяпер і некаторым нашым пісьменнікам былыя рэспублікі Савецкага Саюза даюць медалі за пераклад вершаў іх паэтаў на беларускую мову. Заплаціць не могуць, дык даюць медаль. У некаторых нашых пісьменнікаў гэтых медалёў па дзесяць, а то і па дваццаць. Медалямі талент не вымяраецца.

Каб у цябе сёння было мільёны грошай, куды ты і на што найперш іх уклаў бы сродкі дзеля роднай літаратуры?

– На падтрымку творчай моладзі і на перавыданне лепшых твораў тых, хто жыў і тварыў да нас.

З надзейным хатнім ахоўнікам
З надзейным хатнім ахоўнікам

Твая жонка  Людміла Рублеўская – вядомая сёння пісьменніца ў Беларусі. Як жывецца столькі гадоў дзвюм творчым асобам у адной кватэры?

– На гэтае пытанне сто разоў адказаваў. Жывецца добра. Могуць жа два інжынеры, два настаўнікі жыць разам, два будаўнікі. Цяпер у нас у Беларусі мы з Людмілай не адна творчая пара.

З кім ты і Людміла шмат гадоў сябруеце з беларускімі літаратарамі з Польшчы? Хто гэтыя сябры?

– Найдаўжэй сябруем з Мірай Лукшай. А так у нас з многімі пісьменнікамі Беласточчыны сяброўскія адносіны. Добра памятаецца, як 26 сакавіка 2000 года ў нас дома адзначалася маё саракагоддзе. У гэты дзень у Доме літаратара была вечарына, прысвечаная 75-годдзю Віктара Шведа, які нарадзіўся 23 сакавіка. Пасля вечарыны мы з Мірай Лукшай і Віктарам Шведам паехалі да нас. Мастак Алег Карповіч, які быў у гасцях, намаляваў шарж нашага святочнага застолля. Малюнак пад шклом і сёння вісіць у зале. Каб не даваць спіс сяброў з Беласточчыны, працытую запісы са свайго дзённіка:

„1.11.2009. Вярнуўшыся з Гарошкава ад Сыса, Міра Лукша і Ганна Кандрацюк начавалі ў мяне з Людмілай. Ляглі спаць пасля дванаццаці. Толькі заснулі, як у пакоі, дзе адпачывалі нашы госці, нешта так загрукатала, што я з Людмілай прачнуліся. „Відаць, заплечнік Міры паваліўся,” – выказаў я сваю думку і, перавярнуўшыся на другі бок, працягнуў спаць. Раніцай заходжу да дзяўчат і яны мне паказваюць на рассыпаныя па падлозе кніжкі, якія ўжо некалькі гадоў у вугле каля кніжнай шафы былі акуратна складзены і ніколі не падалі. Сярод кніжак бялелі паперы з вершамі Людмілы. Я іх падняў і першы твор, які мне трапіў у рукі, быў верш „Памяці Анатоля Сыса”. „Значыць Сыс з Гарошкава прыехаў з вамі і ночай падаў знак аб сабе, абрынуўшы кніжкі!”– сказаў я, і ўсе са мной згадзіліся.

З Нілам Гілевічам
З Нілам Гілевічам

18.02.2013. На пачатку 1990-х гадоў Сакрат Яновіч прыязджаў у Мінск на сваю вечарыну, якая праходзіла ў Доме літаратара. Дзякуючы нашай сяброўцы Міры Лукшы з Беластока, Сакрат начаваць спыніўся ў нас дома. Вечарам заходжу ў пакой да госця і бачу: ён сабе ў вену робіць укол. І толькі я падумаў: „Ну Мірка, прыслала нам нейкага наркамана!”, як Сакрат сказаў: „У мяне цукроўка і я вымушаны жыць на ўколах.” Гадоў дваццаць шпрыц Сакрата Яновіча захоўваўся ў мяне ў шклянцы. Сёння заглянуў у шафу—шпрыца няма. І сёння нястала самога Сакрата Яновіча…

14.12.2018. Некалькі месяцаў таму Барыс Пятровіч прапанаваў Людміле і мне паўдзельнічаць у ХХІ літаратурным семінары „Бязмежжа”, што праходзіць у Белавежскай пушчы, і які праводзяць пісьменнікі Беласточчыны. Мы не адмовіліся. На жаль, перад паездкай прыхварэлі. Людміла няслаба. Я ж, адкашляваючыся і прымаючы лекі, сабраўся ў дарогу. Гадоў пятнаццаць таму Міра Лукша клікала прыехаць, але ў нас не атрымалася. На гэты раз я вырашыў для сябе, што трэба абавязкова з’ездзіць, бо гады лятуць і, глядзіш, зусім не змагу цягацца зімой па свеце.

(…)

У Гайнаўку прыехалі ў гадзіну па польскім часе. У нас ужо было тры. Адразу пайшлі ў краму. Накуплялі ўсяго, што нам замовілі дома. Усё танней у разы два. Потым паабедалі ў кавярні. Танна і смачна. І многа. У пушчу на месца літаратурнага семінара прыехалі ў пяць гадзін. Цёмна. Холадна. Нас чакалі арганізатары. Галоўны – Яўген Вапа. Дзякуючы якому ўсё і арганізавалася ў гэтым годзе, і я атрымаў запрашэнне. Нас рассялілі. Барыс, Ціхан, Анатоль з жонкай і я былі паселены ў асобны дамок. Утульны, але астылы, бо пуставаў.  Пазнаёміўся з гаспадарамі гэтага ляснога маёнтка. Барыс і Людміла Казлоўскія. У іх трое дочак. Замужам. Усе тут у пушчы жывуць і працуюць.

Пасяджэнне праходзіла ў галоўным корпусе, дзе зала для пасяджэнняў. Там было цяплей. Прыемна было сустрэцца з Яўгенам Вапам, Мірай Лукша, Надзеяй Артымовіч, Ганнай Кандрацюк, Яркам Іванюком, Алесем Аркушам, Міхасём Андрасюком, Віктарам Стахвюком, Андрэем Сцепанюком, Касяй Сянкевіч, Віктарам Сазонавым, Янкам Целушэцкім, Уляй Шубздай.

Сям'я Віктара Шніпа
Сям’я Віктара Шніпа

Напачатку семінара Ярэк Іванюк выступіў з дакладам па гісторыі Падляшша. Потым узгадалі добрым словам Уладзіслава Ахроменку, які нядаўна памёр тут, у Беластоку. Слухалі адну з ягоных радыёперадач пра рэпрэсіі. Голас у Ахроменкі вельмі падобны на голас Глобуса.

У гэтым годзе споўнілася 60 гадоў Міры Лукшы. Яна чытала вершы, адказвала на пытанні, прымала віншаванні. Алесь Камоцкі спяваў песні.

Вячэра была вельмі багатай. Хапала тлуму і шуму, і песень. Яўген Вапа ўвесь час пра ўсіх клапаціўся і гаварыў, гаварыў бясконца, але ўсё да месца.

18.12.2018. Гляджу з вакна на засенажы горад і думаю: „Ці я сплю ў Белавежскай пушчы ў спадара Барыса Казлоўскага і мне сніцца Мінск, ці мне снілася пушча і я, прачнуўшыся, памятаю свой светлы сон?” Відаць пушча не снілася, а ўсё было насамрэч, бо адкуль у мяне кніжкі Міры Лукшы, Андрэя Сцепанюка, свежыя нумары „Нівы”, часопіс „Тэрмапілы” і дыск з творамі Сакрата Яновіча, якія чытае Міхал Андрасюк?

14.02.2020. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ладзіў пісьменніцкую эстафету „Разам зробім свята кнігі”, прымеркаваную да Міжнароднага дня дарэння кніг. У гэтым свяце я ўдзельнічаў, як галоўны рэдактар выдавецтва з кнігамі, што выйшлі ў „Мастацкай літаратуры”, і як муж Людмілы Рублеўскай, якая дарыла гасцям Музея „Авантуры Пранціша Вырвіча”. Спецыяльна, каб з намі сустрэцца, прыйшла ў Музей Міра Лукша, якая прыехала з Беластока на Восьмы міжнародны паэтычны фестываль „Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова. Часу на выступленне па праграме было паўгадзіны, але сустрэча з Людмілай цягнулася паўтары. Прысутныя змаглі паглядзець трэйлер фільма „Авантуры Пранціша Вырвіча” і даведацца, як здымалася кінастужка, а таксама паўдзельнічаць у вандроўцы з Людмілай і яе героямі па Беларусі ХУІІІ стагоддзя. Міра Лукша ўзгадала, як напачатку дзевяностых, прыязджаючы ў Мінск, амаль заўсёды спынялася ў нас жыць. Кожны вечар Людміла малой Веранічцы распавядала на сон казкі пра мышку Пік-Пік. Міра папрасіла запісаць іх для дзіцячай старонкі Беластоцкай „Нівы”. Людміла, хмыкнуўшы, заявіла: „Я паэтка! Я прозу пісаць ніколі не буду!” І ўсё ж праз некалькі прыездаў у Мінск Міра ўламала Людмілу запісаваць казкі і аддаваць іх у „Ніву”. Да напісання першага рамана „Авантуры Пранціша Вырвіча” было яшчэ дваццаць гадоў.”

У Санкт-Пецярбургу, дзе жыў Янка Купала
У Санкт-Пецярбургу, дзе жыў Янка Купала

Якімі ўласнымі выданнямі парадуе чытачоў Віктар Шніп сёлета?

– Нядаўна да юбілею выйшла кніга паэзіі „Белае, чорнае і залатое”. У часопісе „Полымя” ў №№ 3 і 4 будзе працяг дзённікавага рамана „Заўтра была адліга”. А так чытайце ў фэйсбуку мае новыя дзённікавыя запісы і вершы, а таксама „Сабачыя гісторыі”, якія пачаў пісаць у 1996 годзе і якіх на сёння ў мяне 2486.

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

Фотаздымкі з сямейнага архіва Віктара Шніпа.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis