Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Ала Петрушкевіч: „У вершы ўцякаю і сёння”

Сяброўка Саюза беларускіх пісьменнікаў, кандыдат філалагічных навук Ала Петрушкевіч жыве ў Гародні. Родам яна з Карэліччыны. Са школьных гадоў займаецца літаратурай. Асноўныя напрамкі яе творчай дзейнасці, акрамя паэзіі і прозы, гэта – гэта беларуская літаратура нашаніўскай пары, літаратура Гарадзеншчыны, творчасць пісьменнікаў беларускага замежжа. Пра ўсё гэта мы вырашылі пагутарыць і апублікаваць у нашым „Czasopise”.

Спадарыня Ала, пачнем нашу гутарку з паэзіі. Я часта перачытваю Ваш зборнік вершаў „Пярсцёнак” з прадмовай Дануты Бічэль. З таго часу прайшло 22 гады. І больш вершаваных зборнікаў Алы Петрушкевіч мы ў руках не трымалі і не чыталі. Чаму?

Ала Петрушкевіч
Ала Петрушкевіч

– Бо гэта не проста вершаваная кніга, гэта –  „Пярсцёнак”. А аднаго пярсцёнка кабеце, лічу, дастаткова. Вы заўважылі, што прадмова да майго зборніка называецца „Шлюбны пярсцёнак”, які напісала гарадзенская паэтка Данута Бічэль. Жартам кажу, што гэта найлепшы твор у маім „Пярсцёнку”. Шлюб павінен быць у жыцці адзін. Калі сур’ёзна, то адказ можа быць такі: хачу быць у суполцы паэтаў аднае кнігі. Здагадваецеся, хто першы ў гэтым шэрагу?

Максім Багдановіч.

– Так, Максім Багдановіч са сваім „Вянком”. І, наогул, у нашаніўскім часе многія паэты засталіся з адной кнігай. Усіх іх вельмі люблю, вельмі шаную. І не важна – ці гэта вялікі „Вянок”, ці невялікі „Чыжык беларускі” Гальяша Леўчыка. Таму вырашыла, што для Алы Петрушкевіч адной паэтычнай кнігі цалкам дастаткова. Недзе там на вяршыні – Максім Багдановіч і недзе там, далёка ўнізе, – Ала Петрушкевіч з адзінай паэтычнай кнігай „Пярсцёнак”.

„Пярсцёнак” – лірычны зборнік. І такія радкі мне запомніліся назаўсёды: Нас з табой разлучыла вясна, нас з табой пазнаёміла восень. Ці такія радкі:

Мне не бачыць цябе – пакута.

Мне сустрэчы з табой – пакута.

Ад цябе я ўцякаю ў вершы

І хаваю у іх адчай,

І хаваю у іх каханне

І пакуту – не бачыць цябе,

І пакуту – сустрэчы з табой.

Таму пытанне: Вы цяпер ужо не ўцякаеце ў вершы? Ці можа час паэзіі ўжо прайшоў?

– Не, час паэзіі не сышоў. У вершы ўцякаю і сёння. Вершамі зараз жыву значна больш, чым раней. Не толькі сваімі вершамі жыву, далёка не сваімі. Ведаю на памяць больш за 200 твораў. Штораз, чытаючы лекцыі ў Гарадзенскім універсітэце, рабіла на кожнай з іх паэтычныя паўзы. І разам з лекцыяй прачытвала цэлы курс паэтычных твораў. Так што заўсёды была з вершамі і буду з імі надалей. Часам падрыхтую паэтычную нізку. Апошняя друкавалася ў „Новым замку”.

На маім рабочым стале заўсёды ляжаць кнігі, якія мне ў любы час могуць спатрэбіцца. Сярод усіх і Вашы выданні пра літаратурную Гарадзеншчыну. Чым адметная літаратурная Гарадзеншчына і чым яна адрозніваецца, напрыклад, ад літаратурнай Віцебшчыны ці Гомельшчыны? Ці такой адметнасці наогул не існуе?

– Літаратурная Гарадзеншчына – вялікі адрэзак майго літаратурнага жыцця. Ганаруся, што ўпершыню ў Гарадзенскім універсітэце распрацавала курс „Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах”. Аддала гэтаму каля дваццаці гадоў даследчыцкай працы. Зараз чытаю гэты курс для студэнтаў Універсітэта залатога веку. Праўда, значна шырэй, бо не абмежавана ніякімі праграмамі. Літаратурная Гарадзеншчына ад літаратурнай Віцебшчыны ці Гомельшчыны не адрозніваюцца нічым і адрозніваецца ўсім. Нічым таму, што ўсюды ёсць і паэты, і празаікі, і драматургі, і публіцысты, таму, што тэматыка твораў абмяжоўваецца некалькімі дзесяткамі. А ўсім – таму, што кожны аўтар – асоба і ўспрымае свет так, як ніхто іншы. Зразумела, можна знайсці адрозненні ментальнасці і аўтараў, і герояў на захадзе і ўсходзе Беларусі.

Каго з беларускіх літаратараў, якіх ужо няма на гэтым свеце, Вы часцей за ўсё прыгадваеце? З кім Вы сябравалі, хто дапамагаў Вам у літаратурнай дзейнасці?

– Якое добрае пытанне Вы, Сяргей, задалі. У маёй кнізе „Пра тое, што люблю” ёсць раздзел „І сяброў, якія высока”. Ён пра тых, хто быў побач са мной, каго я вельмі шанавала і каго ўжо няма побач.  Няма ўжо Юры Гуменюка і Едруся Мазько, якія так раптоўна сышлі. Мне вельмі блізкая паэтка, перакладчыца Ніна Мацяш. Засталіся яе лісты, кнігі з аўтографамі.

Ала Петрушкевіч, Ніна Мацяш і Данута Бічэль, 1997 год
Ала Петрушкевіч, Ніна Мацяш і Данута Бічэль, 1997 год

Каля пяці гадоў перапісвалася з Масеем Сяднёвым.  Дзень, калі з-за акіяну прылятаў ягоны ліст, быў святам. Захаваліся і яго лісты, і мае лісты да яго. Ён застаўся для мяне вельмі блізкім чалавекам.

Ала Петрушкевіч з Ігарам Жуком і Аляксеем Пяткевічам, 2014 год
Ала Петрушкевіч з Ігарам Жуком і Аляксеем Пяткевічам, 2014 год

Не магу не згадаць Ігара Жука.  Гэта быў літаратуразнаўца высокага ўзроўню. Шкадую, што ён не паспеў узяцца за прозу. Эсэ пра Васіля Быкава сведчыць, якім празаікам ён мог быць, калі б мог вызваліцца ад сваіх шматлікіх абавязкаў.

Ала Петрушкевіч з Іванам Чыгрыном, 1997 год
Ала Петрушкевіч з Іванам Чыгрыном, 1997 год

Хачу нагадаць, Сяргей, і пра Вашага земляка са Слонімшчыны Івана Пятровіча Чыгрына – кандыдата філалагічных навук, даследчыка прозы „Маладняка”, „Узвышша”. Гэта адзін з самых блізкіх мне людзей, цікавы літаратуразнаўца. Ягоная кніга пра творчасць Максіма Гарэцкага „Паміж былым і будучым” была для мяне настольнай. Мы хораша сябравалі. Калі  вучылася ў аспірантуры, пазней, калі прыязджала ў Мінск, часта сустракалася з ім. А калі ён пачаў пісаць вершы, то ўсе свае зборнікі дасылаў у Гародню.  Быў шчаслівы кожнаму водгуку. Не магу не згадаць і яшчэ аднаго слонімскага паэта Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско), з якім нас пазнаёміла Данута Бічэль.

Чаму Вас зацікавіла менавіта Наталля Арсеннева і яе творчасць, пра якую Вы напісалі добрую кніжку? 

– Каму гэта цікава, знойдзе адказ у кнізе „Наталля Арсеннева. Шлях да Беларусі”. Пра яе пішу, арганізоўваю вечарыны. Мару напісаць аповесць. Раздзел „У Яраслаўлі” друкаваўся ў часопісе „Дзеяслоў”.

Ведаю, што Вы адсочваеце і літаратурную плынь беларусаў Беласточчыны. Летась з друку выйшла Ваша кніга „Белавежа”: постаці, творы, героі”. Якое значэнне мае творчасць беларускіх літаратараў Польшчы сёння ў кантэксце агульнабеларускай?

З белавежцамі, 2008 год
З белавежцамі, 2008 год

– Я не проста адсочваю творчасць літаратараў „Белавежы”, а займаюся даследаваннем творчасці „белавежцаў”,  гэта адзін з накірункаў маёй літаратуразнаўчай працы. Мо і нікому гэта сёння непатрэбна. Не ведаю нават, ці прыгадваюцца на філалагічных факультэтах беларускія пісьменнікі ў Польшчы. Агляніцеся і ўгледзіце, ці мае іх творчасць хоць якое значэнне ў агульнабеларускім кантэксце.

Найбольш артыкулаў Вы, спадарыня Ала, напісалі пра творчасць Яна Чыквіна. Магчыма, ён найбольш адметная творчая асоба сёння на Беласточчыне. Так?

– Зразумела, што Ян Чыквін сёння самая выбітная постаць беларускай літаратурнай Беласточчыны. Гэта паэт еўрапейскага ўзроўню. Мне ён вельмі блізкі, як паэт, як літаратуразнаўца.

Я не магу не задаць пытанне і пра „Шчонаўскія абразкі” – кнігу-помнік, як адзначала прэса, роднай вёсцы, маленькай Радзіме. Чаму ўзнікла такая задумка і кніга?

– Бо не хачу, каб Шчонава памерла так, як паміраюць сёння многія вёскі. Шчонава не пакідае мяне, „Шчонаўскія абразкі” маюць працяг.

Многа гадоў Вы адпрацавалі ў Гарадзенскім універсітэце. Кім і чым быў і застаўся ён для Вас у Вашым жыцці і творчасці?

– Гарадзенскі ўніверсітэт – гэта мая родная ВНУ. І гэтым усё сказана.

Скуль ўзяўся псеўданім Альжбета Кеда?

– Калі сышла з універсітэта, пачаўся новы этап майго жыцця, працы. Павінна было паўстаць і новае імя. Наогул, пра пошук імя (не псеўданіма) – у апавяданні, якое так і называецца – „Імя”. Кеда – гэта прозвішча маёй бабулі па кудзелі,  якое ў нашым родзе знікла. Вярнула яго да жыцця.

І традыцыйнае пытанне: што пішацца сёння?

– Пішу адразу пяць кнігаў. Люблю лічбу „5”. Пішу, калі ёсць натхненне. Па-ранейшаму працую над „Шчонаўскімі абразкамі”, займаюся літаратуразнаўствам, пішу вершы, апавяданні, казкі…

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

Фотаздымкі з архіва Алы Петрушкевіч

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis