Дзмітры жыве ў Польшчы ўжо тры гады. Тут ён не толькі знайшоў новае жыццё і дом, але і рэалізуе сваё хобі – вырабленне мэблі ў стылі рустык.
Пераезд з Беларусі, паводле яго слоў, быў выкліканы палітычнымі ўмовамі ў краіне. У снежні 2022 года, пасля 1,5 год праведзеных за кратамі, Дзмітрый зрабіў адпаведныя дакументы і адразу з’ехаў. У дому ў яго засталіся бацькі. Ужо пасля даведаўся, што суд налажыў яму забарону на выезд за мяжу. Пасля пераезду ў Польшчу амаль адразу пайшоў на працу ў прыватную фірму, што займалася продажам аўтамабіляў і працуе там дагэтуль. Працадаўца таксама дапамог яму з жытлом. Акрамя таго, матэрыяльную дапамогу Дзмітрый атрымаў ад незалежных беларускіх фундацый, за што, кажа, вельмі ім удзячны.
Жыццё ў Польшчы яму вельмі падабаецца. Дзмітры прызнаецца, што адчувае сябе тут вельмі камфортна, як ў дому, і, галоўнае, жыве свабодна. У бытавым плане жыць крыху цяжэй, бо ў Польшчы Дзмітры арандуе жытло, а ў Беларусі меў сваё. Але пры гэтым мужчына ўпэўнены, што ў польскіх крамах лепшы выбар тавараў і цэны таннейшыя чым на ўсходзе. Тычыцца гэта не толькі прадуктаў харчавання, бо ў польскіх крамах можна знайсці рэчы розных брэндаў і на любы густ.
Пра вырабленне мэблі Дзмітры пачаў думаць яшчэ знаходзячыся ў турме, бо ведаў, што пасля звальнення будзе з’язджаць і патрэбна будзе чымсьці займацца ў новай краіне. Яму падабалася ідэя рабіць рэчы з натуральнага дрэва, хаця раней ніколі гэтым не займаўся, а толькі бачыў ролікі ў ютюбе. Дзмітры кажа, што хацелася таксама праверыць самога сябе, ці атрымаецца зрабіць задуманае.
На дадзены момант выраб мэблі для беларуса хутчэй хобі, чым асноўны заробак. Робіць ён у асноўным сталы, але спрабуе і іншыя вырабы, напрыклад дошкі для нарэзак. Некалькі сталоў Дзмітрый ужо прадаў, але попыт на яго вырабы, кажа, яшчэ невысокі: „Патрэбна шмат часу на гэта ўсё, перад усім, на рэкламу, а калі ёсць асноўная праца, то на другую застаецца вельмі мала часу. Але, спадзяюся, у будучыні выраб мэблі стане маім асноўным заняткам”.
Дзмітры робіць мэблю ў стылі рустык (гэта стыль, які чэрпае натхненне з прыроды і прадугледжвае выкарыстанне натуральных, часта амаль неапрацаваных матэрыялаў), бо ён прыгожы, масіўны і падкрэслівае прыгажосць дрэва, прыроды.
Пра тэхнічны аспект сваёй працы беларус распавядае з асаблівым задавальненнем, кажа, што з’яўляецца вельмі педантычным чалавекам, і пакуль не зробіць на свой погляд ідэальна, ніколі на аддасць свой выраб.
Калі працаваць у стылі рустык, кажа Дзмітры, то можна зрабіць стол за месяц, але пры ўмове, каб кожны дзень гэтым займацца і мець, канешне, адпаведны слэб (шырокая спілоўка ствала дрэва). Але пры гэтым слэб павінен быць сухі і мець вільготнасць меней чым 10%, бо калі ён не будзе адпавядаць гэтаму паказніку, з ім нельга працаваць. Дрэва у такім выпадку можа павесці (пачне круціць), ці ўвогуле яно можа лопнуць. Таксама, калі такі слэб заліць эпаксіднай смалой, яна можа адстаць ад дрэва ці лопнуць, а смала вельмі дарагая і такім чынам можна выдаць на матэрыялы больш, чым потым заробіш (трэба дадаць, што выбар матэрыялу сапраўды вельмі істотны этап працы майстра, бо стол, зроблены са слэбу дрэва, каштуе ад 14 да 16 тысячаў злотых).
Калі слэб прыйшоў у парадку, яго патрэбна спачатку падрыхтаваць, ачысціць ад кары, забруджванняў. А калі прыйшоў з дэфеткамі, трэба, па-першае, давесці яго да адпаведных паказчыкаў, але такія лепей не купляць, – распавядае мужчына, – трэба адразу глядзець, каб слэб падыходзіў да апрацоўкі, бо яго можна чакаць не адзін месяц.
Затым трэба зразумець і ўбачыць у галаве, як дрэва будзе выглядаць у гатовым стане, і тады будзе ясна, дзе яго трэба абрэзаць, куды заліць смалу.
Пасля абрэзкі і зачысткі, слэб калібруецца, а менавіта раўняецца па гарызанталі, каб не быў крывы і быў адной таўшчыні.
Калі гэта зроблена, тады ен заліваецца смалой, ці ўстаўляюцца гэтак званыя матылькі, ці штосьці яшчэ з аздобаў. Далей выраб даводзіцца да амаль гатовага стану. Пасля смалы лепей зрабіць яшчэ адну каліброўку, і толькі пасля гэтага пачынаецца яго шліфоўка, каб выраб быў гладкі, прыемны навобмацак. Пасля гэтага да стала можна прыладзіць падстолле. Яно звычайна робіцца на замову, але калі стол просты, то можна ножкі і на Алегра купіць. І ўрэшце наступае апошні этап – гэта пакрыццё стала алеем ці лакам, гэта таксама залежыць ад матэрыялу, а затым яго паліроўка, каб драўніна блішчала.
Набыць неабходныя матэрыялы ў Польшчы даволі проста, расказвае мужчына, бо ў адрозненні ад Беларусі тут вялікія дрэвы не пілуюць на дровы, але на слэбы. Таксама ёсць і тыя, хто дастаўляе дрэва экзатычных парод з іншых краінаў. Дарэчы, адзін са слэбаў для стала Дзмітрый замаўляў ажно з Інданезіі і чакаў яго тры месяцы. Гэта трапічнае дрэва суар, з вельмі прыгожай тэкстурай і вялікае, у шырыню можа дасягаць нават некалькі метраў. А вось іншыя яго вырабы зроблены ўжо з польскай таполі, набытай каля Варшавы.
Паводле слоў Дзмітрыя яго пакупнікамі зараз з’яўляюцца ў асноўным беларусы-эмігранты. Палякі таксама цікавяцца яго вырабамі, бо рустык модны таксама і ў Польшчы, шмат пішуць і пытаюць пра мэблю ў Фэйсбуку. У будучыні беларус жадае прадаваць прадукцыю па ўсёй Еўропе, дзеля чаго выкладвае свае вырабы на папулярнай пляцоўцы Etsy і марыць аб тым, каб сённяшняе хобі сталася потым галоўнай крыніцай заробку.
Павел Лукашук












