Pa prostu / Па-просту

  • Milicjanty ŭ Krynkach 1944-1948 (1)

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 26)

    Kali letam 1944 r. krasnaarmiejcy wyhnali zhetul hitleraŭcaŭ, polskija kamunisty paczali adrazu arhanizawać swaju właść. U Krynkach wybarczy schod zrabili 29 aŭgusta, a 6 sienciabra skampletawali użond hminy. U Archiwum Państwowym u Biełastoku je ŭstanoŭczyja pratakoły. Naznaczyli tedy adzinaccać czynoŭnikŭ dla użendu (usie jany byli… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Эпісталярый

Лісты Юры Туронка да Юрыя Попкі

Юры Туронак
Юры Туронак

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску ў ф.372, воп.1 захоўваюцца лісты беларускага грамадска-культурнага дзеяча і гісторыка з Польшчы Юры Туронка (1929-2019) да Юры Попкі (1912-1990) – беларускага літаратара, выдаўца і грамадскага дзеяча з Германіі. Іх ужо даўно няма на гэтым свеце, але тая добрая справа на карысць беларускай гісторыі і культуры, якую яны пакінулі пасля сябе, застанецца ў памяці беларусаў назаўсёды.

Калі я не быў асабіста знаёмы з Юры Попкам, хаця не раз пра яго і Хведара Ільяшэвіча пісаў, то з Юры Туронкам я шмат гадоў сябраваў, сустракаўся ў Беластоку, ліставаўся, дапамагаў яму ў пошуках тых звестак, пра якія ён прасіў. 

Юры Туронак з пачатку 1960-х гадоў займаўся гістарычнымі даследаваннямі, якія былі прысвечаныя беларускаму школьніцтву на Беласточчыне, беларускай кнізе ў Другой Рэчы Паспалітай, беларускай кнізе пад нямецкай адукацыяй, гісторыі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Беларусі пад нямецкай акупацыяй у 1941-1944 гадах і іншым. У 1986 годзе ў Варшаве Юры Туронак абараніў доктарскую дысертацыю „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”.

Мне заўсёды было прыемна з ім гутарыць. А гутарылі мы найперш пра беларусаў у Варшаве, якія там жылі, вучыліся і працавалі ў міжваенны час і на пачатку ХХ стагоддзя. Мяне цікавіла асоба майго земляка са Слонімшчыны Гальяша Леўчыка, і Юры Туронак шмат новага пра яго мне распавядаў, ды і сам ён некалі напісаў добры артыкул пра гэтага беларускага паэта, калекцыянера, мастака і музыканта, які загінуў у Варшаве ў 1944 годзе. І апублікаваў свой матэрыял у беластоцкім „Беларускім календары” за 1980 год. Ён мне не шкадаваў здымкаў, а прыслаў арыгіналы фотаздымкаў Гальяша Леўчыка ў апошнія гады жыцця ў Варшаве, у 1912-1913-х гадах, яго пераклады духоўных песень і г.д.

З Юры Туронкам бясконца можна было гутарыць пра Беларусь пад нямецкай акупацыяй, пра Вацлава Іваноўскага, пра Саюз беларускай моладзі (СБМ). Асабліва мы шмат з ім спрачаліся, хто найбольш ведае пра СБМ, які знаходзіўся ў Альбярціне каля Слоніма ў гады вайны. Ён напісаў і выдаў добрае даследаванне пра Саюз беларускай моладзі, якое называецца „Людзі СБМ” (Вільня, 2006). Я яму дапамог знайсці фота і біяграфічныя звесткі пра Ядзю Сарачынскую, лёс якую пасля вайны закінуў ажно ў Аўстралію. Здымак і звесткі ўвайшлі ў яго кнігу „Людзі СБМ”. А колькі ён мне падказаў, напісаў, падараваў – немагчыма пералічыць. Мы з вялікім захапленнем гутарылі пра ўсходнюю місію айцоў езуітаў у Альбярціне ў 1924-1943 гадах. Гэту тэму Юры Туронак ведаў дасканала і распавядаў, казаў вельмі цікава і доўга. І слухаць яго можна было суткамі, ён не расказваў, а смакаваў кожную тэму і лёсы беларусаў.

Вялікім падарункам для чытачоў была яго „Мадэрная гісторыя Беларусі” (Вільня, 2006). На 900 старонках апублікаваны лепшыя матэрыялы жыцця Юры Туронка. Кніга складаецца з пяці раздзелаў, каментара і іменнага паказніка. Фундаментальная праца. 

Не стала Юры Туронка і, здаецца, апусцела Польшча без яго, без ягонай усмешкі і ведаў. А цяпер прыходзіцца даследаваць ягоную спадчыну: жыццёвую, эпісталярную і гістарычную. А яна даволі багатая і цікавая.

Юры Попка, ён жа Юры Жывіца, Жорж, Юры Сямёнавіч, быў родам з Пружаншчыны. Пачаў выступаць на старонках беларускага друку з 1938 года, а падчас Другой сусветнай вайны пазнаёміўся з Хведарам Ільяшэвічам. Пісаў матэрыялы для беластоцкай беларускай газеты „Новая дарога”, якую рэдагаваў Хведар Ільяшэвіч. 

Юры Попка
Юры Попка

Пасля вайны Юры Попка выехаў на Захад, жыў у нямецкім горадзе Ляймэн, дзе стварыў беларускі музей. Выдаўваў шэраг беларускіх выданняў, сярод якіх былі – „Жыве Беларусь!”, „Беларуская праўда”, „Весткі інстытуту беларусаведы”. Напісаў і выдаў шмат кніг, а гэта  – „Сын”, „Праз слёзы”, „ Журавель”, „Песня салаўя”, „Аднагалоссе”, „Новая хата” і шэраг іншых. 

Юры Попка шмат з кім ліставаўся, лісты ішлі ў розныя краіны свету. Ягоная эпісталярная спадчына вельмі вялікая. Яе трэба толькі шукаць і публікаваць, бо яна даволі цікавая і разнастайная.

Лісты Юры Туронка былі напісаны і адрасаваны Юрыю Попку ў 1980-я гады. У іх аўтар прасіў дапамогі ў матэрыялах, якія мелі дачыненне да даследчай працы на тэму „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, найперш, пра беларускія выданні ваеннай пары, а таксама пра становішча ў Генеральным камісарыяце Беларусі падчас вайны, пра архіўныя ваенныя дакументы і г.д. Пра ўсё чытачы „Czasopisa” даведаюцца, калі пазнаёмяцца з пісьмамі Юры Туронка да Юрыя Попкі. 

Сяргей Чыгрын

 

Варшава, 10 лістапада 1983 г.

Паважаны грамадзянін Попка!

У верасні Сакрат Яновіч1 перадаў мне Вашу просьбу ў справе віньеткі „Новай дарогі”2. Ад яго маю і Ваш адрас. Сёння выконваю Вашу і яго просьбу, пры чым прашу прабачэння, што справа крыху зацягнулася: гэтага тыднёвіка няма ў Варшаве і трэба было крыху часу на яго здабыццё.

Карыстаючыся нагодай звяртаюся да Вас з наступнай просьбай. Для падрыхтоўкі тэмы маёй дысертацыі, прысвечанай пытанням нямецкай акупацыі ў Беларусі, патрэбны ксеракопіі некаторых артыкулаў або іх частак друкаваных пераважна ў часопісах, якія выдаваліся ў Нямеччыне ў час вайны. У польскіх бібліятэках іх няма. Спіс гэтых часопісаў падаю на адвароце, пры чым мяркую, што ўсе мае пажаданні змесцяцца прыкладна на 20 ксераграфічных лістках. На карце бачу, што Ляймэн3 знаходзіцца недалёка ад Гайдэльбэргу4 і яго славутай бібліятэкі – можа там нешта знойдзецца.

Не магу назваць аўтара і загаловак артыкула змешчанага ў „Бэрлінэр Бёрзэнзайтунг”. Ён вельмі важны і на яго спасылаюцца даследчыкі. Можа будучы пры нагодзе ў бібліятэцы, пазнаёмцеся з ім. Датычыць ён Беларусі ў цэласці або часткова. Загаловак артыкула ў „Пройсішэ Цайтунг” падаю ў такім гучанні, у якім чытаў яго кароткае апісанне ў беларускім друку. Невядомы мне і загаловак артыкула ў „Дойчэ Цайтунг ім Остлянд” /36.8.1942/, але ўсё паказвае на тое, што гэта артыкул В.Кубэ5. Іншыя пазіцыі, здаецца, не патрабуюць спецыяльных заўваг.

Быў бы ўдзячны за вестку ці ў Гайдэльбэргу ёсць „Мінскэр Цайтунг” за 1942 і 1943 гады.

Мо нешта вядома Вам або нямецкім філолагам пра паэта Карла Курца, які ў „Мінскэр Цайтунг” /14-15 чэрвеня 1942 г./ надрукаваў свой верш, прысвечаны Беларусі? Нічога не магу знайсці пра яго ў нямецкіх лексіконах, падручніках і іншых крыніцах. Ці гэта сапраўднае прозвішча ці мянюшка?

Вельмі буду Вам удзячны за дапамогу. Рад буду выканаць падобныя Вашыя пажаданні.

З прывітаннем Юры Туронак.

 

Варшава, 29 снежня 1983 г.

Паважаны грамадзянін Попка!

Вельмі дзякую за Ваш ліст, які атрымаў сёння. Дзякую таксама за святочныя і навагоднія пажаданні, за добрыя словы.

Спяшаюся з адказам па той прычыне, што даслоўна ў апошнія дні атрымаў з Познані паведамленне, што ў тамтэйшай акадэмічнай бібліятэцы знаходзяцца дзве кніжкі, якія могуць быць пазычаны ў Варшаву ў рамках міжбібліятэчнага абмену. Кніжкі гэтыя:

„Фохлер-Гаука, Скі-Егер…” 

„Ауф Інформатіонсфарт ім Остлянд”

прашу скрэсліць з дасланага мною спіску. Думаю, што такім чынам, менш будзе для Вас клопатаў і выдатак.

Затое з часопісамі бяда і ў гэтым выпадку спадзяюся толькі на Вас. З названых пяці часопісаў найважнейшыя мне два: „Бэрлінер Бёрзэнцайтунг” і „Пройсішэ Цайтунг”. Іншыя ў найгоршым выпадку мог бы сабе падараваць, паколькі ў даступнай літаратуры маюцца іх скарочаныя пераказы. Іншая справа, што няма пэўнасці ці гэтыя скарачэнні зроблены сумленна, гэта значыць, ці часам мэтанакіравана не прапушчаны там важныя дэталі. Таму, калі гэта не будзе цяжка, быў бы вельмі ўдзячны за адбіткі з усіх пяці часопісаў. Гэтых адбітак не павінна быць шмат.

Удзячны Вам за гатоўнасць кансультацыі па некаторых пытаннях.

Можа і будзе такая патрэба – пабачым. У даным выпадку больш за ўсё цікавіць мяне становішча ў Генеральным Камісарыяце, а не ў Беластоцкай акрузе.

З нагоды Новага Году прашу прыняць мае пажаданні добрага здароўя, творчых поспехаў і многіх радасных дзён.

З пашанай Юры Туронак.

 

Варшава, 30 чэрвеня 1984 г.

Паважаны спадар Попка!

Вельмі дзякую за Ваш ліст ад 7 чэрвеня, а таксама за здымкі і газетныя выразкі аб вялікай выстаўцы.

Абяцаны малюнак выслаў Вам 6 чэрвеня. Буду ўдзячны за вестку ці ў якім стане Вы яго атрымалі. Баюся крыху, каб у час перасылкі не панішчыўся лак на гэтай дошцы.

Адначасова з гэтым пісьмом пасылаю Вам „Навуковы зборнік”. Знойдзеце ў ім мой артыкул аб школьных справах на Беласточчыне, між іншым у час Першай сусветнай вайны. Спадзяюся, што заўважыце розніцу паміж ім і ніваўскай публікацыяй, аб якой Вы пісалі 6 сакавіка. У міжчасе „адкрыў” невядомую мне раней кніжку Цэмкэ, у якой аўтар прыводзіць архіўную дакументацыю аб стане школ у той час. Рэкамендую пазнаёміцца з гэтай кніжкай – знойдзеце яе напэўна ў нямецкіх бібліятэках.

Асноўнай рысай палітыкі акупацыйнай адміністрацыі ў галіне школьніцтва ў часе першай вайны была адсутнасць нацыянальнай дыскрымінацыі. Для дзяцей беларускіх адкрываліся школы беларускія, для польскіх – польскія і г.д. Падобныя былі адносіны Бельскага павятовага камісара і ў два першыя гады другой нямецкай акупацыі, гэта значыць у 1941-1943 гадах. Восенню 1943 года гэтая палітыка змянілася: школы для польскіх дзяцей у ісцінна польскіх вёсках былі зачынены, а беларускія засталіся ў Бельскім павеце і, адначасова, былі пашыраны на ўсе паветы Беластоцкай акругі. Ранейшая талерантыя заменена была палітычнай сэлектыўнасцю. Навошта так рабілася – разгадаць не цяжка.

Адносна маёй доктарскай дысертацыі. Пачаў ужо рэдагаваць першы раздзел. Спадзяюся, калі сілы не падвядуць, закончыць усё прыкладна на канец 1985 або ў пачатку 1986 г. Павінна быць каля 400 старонак. Аб гэтым ці будзе яна апублікавана як кніжка, не магу нават прыблізна што-небудзь сказаць. Такія рэчы не купляюцца „на пню”, хіба, што робяцца на заказ. А ў маім выпадку не робіцца яна на заказ. Затое павінны быць прынамсі два большыя артыкулы: адзін прысвечаны становішчу Беларусі ў рамках райхскамісарыяту Остлянд /прыкладна да восені 1943 г./, а другі – пазнейшым справам, між іншым, БЦР6. Першы з’явіцца магчыма каля Новага году – тады прышлю яго Вам, што магу сёння абяцаць. У дысертацыі разглядаюцца ўсе беларускія землі. Пішучы пра „генеральную акругу” меў на думцы тое, што там найцікавей і найбольш характэрна выяўлялася нацыянальная палітыка акупацыйнай адміністрацыі. У гэтых адносінах становішча пад Магілёвам няшмат адрознівалася ад таго, якое існавала прыкладна пад Арлом7.

Шырока выкарыстоўваецца нямецкая архіўная дакументацыя /у мікрафільмах/. Яна па сутнасці „інтэрнацыянальная” – даступная ў многіх краінах у сувязі з чым усе мае выказванні лёгка праверыць. Таму не можа быць размовы ні аб хлусні, ні аб стварэнні чарговых мітаў з якімі, на жаль, даводзіцца сутыкацца ў шматлікіх публікацыях пад рознымі мерыдыянамі.

З касманаўтамі ўзніклі цяжкасці. Не магу іх дастаць у польскіх кнігарнях ці то ў выглядзе паштовак, ці альбому. А з „вялікай зямлі” пішуць цяпер неахвотна і, па сутнасці, нічога друкаванага атрымаць нельга. Буду, вядома, разглядацца далей, але мушу папярэдзіць, што за вынік не ручаюся.

 Яшчэ раз дзякую Вам за карысную дапамогу. Жадаю Вам добрага здароўя і поспехаў у працы.

З пашанай да Вас Юры Туронак.

 

Варшава, 2 лютага 1985 г.

Паважаны спадар Попка!

18 студзеня атрымаў Вашу паштоўку з Каляднымі і Навагоднімі віншаваннямі, якая была аштампавана ў Ляймэн 13 снежня, а праз два ці тры дні пазней прыйшоў канверт з Вашым апавяданнем, які быў высланы амаль месяц пазней /11 студзеня/. Атрымалася нейкая ненармальнасць у функцыянаванні пошты. Вельмі Вам дзякую за добрыя пажаданні і зычу Вам таксама ўсяго найлепшага, а перш за ўсё здароўя і поспехаў у Вашай працы.

Ваш апошні ліст, які дайшоў да мяне, быў датаваны 7 чэрвеня 1984 года. У сувязі з гэтым па сённешні дзень мне невядома, ці атрымалi Вы высланую мною памятную дошку з хатай Купалы8 ў Вязынцы, якую выслаў Вам 6 чэрвеня. Павінен прызнацца, што пачынаў думаць, што Вы не палічылі патрэбным адзывацца да мяне. Тым больш цешуся з дзвюх апошніх Вашых перасылак.

Мой артыкул, які паказаўся ў друку ў кастрычніку ці лістападзе, ляжыць падрыхтаваны да выслання для Вас. Чакаю толькі ліст, ці ён увогуле пажаданы.

З прывітаннем Юры Туронак.

 

Варшава, 15 студзеня 1987 г.

Шаноўны сп. Попка!

Дзякую за добрыя навагоднія пажаданні і за каляндарыкі. У згаданым Вамі нумары „Шляху Моладзі”9 ўвогуле няма „творыка” пад загалоўкам „Восенню”. Пры гэтым не падалі Вы, ці гэта верш, ці апавяданне і найважнейшае – аўтара. Таму выбіраў „пацемку”, ці добра папаў – не ведаю.

Зацікаўляе выдавецкая праграма Вашага інстытуту. Калі можаце, прашу выслаць кніжку Бембеля10 /1-2 паасобнікі/ у бібліятэку Інстытута Славяназнаўства, адрас якога падаю на адвароце. Яны калекцыянуюць усё, што датычыць мовазнаўства і гістоыі беларускай літаратуры.

З найлепшымі пажаданнямі і з прывітаннем Юры Туронак.

 

Варшава, 26 мая 1987 г.

Паважаны спадар Попка!

Вельмі дзякую за Ваш змястоўны ліст ад 13 сакавіка. Розныя клопаты не дазволілі мне адказаць крыху раней, за што прашу прабачэння. Адносна Вашых і Ільяшэвіча11 артыкулаў апублікаваных у „Новай Дарозе”, на жаль нічога зрабіць не магу. Тут, у прыватных руках, ёсць усяго 20-25 першых нумараў гэтае газеты, аднак ніякіх артыкулаў падпісаных Вашым і Ільяшэвіча прозвішчамі ў іх няма. Можна думаць, што былі яны ў пазнейшых нумарах, аднак і іх не мае ні адна бібліятэка ў Польшчы. Чуў, што камплет, ці амаль камплет, „НД” знаходзіцца ў Віленскай універсітэцкай бібліятэцы, аднак яны мне не даступныя.

Вельмі зацікавіў мяне „Жыве Беларусь”12. Тут гэтага часопісу няма, магчыма ёсць у Мінску, але карысць з гэтага для мяне малая. А патрэбная, як мінімум, выразная ксеракопія першай тытульнай старонкі любога нумару. Патрэбная яна для ілюстрацыі часопісаў, якія тады выдаваліся ў Беларусі. Маю ўжо каля 15 такіх ілюстрацый, усё ж было бы дрэнна не памінуць „ЖБ”. Таму вялікая просьба да Вас. Калі можаце, папрасіце таго чалавека, які мае „ЖБ”, каб зрабіў такі адбітак тытульнай старонкі і прыслаў яго Вам, або напасрэдна мне. У гэтым другім выпадку прашу даць яму мой адрас, або дайце яго адрас мне, тады напішу яму сам.

Што ён думае рабіць з гэтым часопісам? Гэта сёння вялікая рэдкасць і было бы недаравальна, каб прапаў ён у выпадку якога няшчасця. Ці мог бы ён зрабіць ксераксы з усіх нумараў і пераслаць іх у Скарынінскую бібліятэку ў Лондане? Або арыгіналы? Гэта была бы добрая работа і карысць для даследчыкаў, а усіх нумараў не было ўжо так многа: ад жніўня 43 да мая-чэрвеня 44, пры гэтым былі некаторыя падвойныя. Падумайце аб гэтым. Для дабра гісторыі СБМ.

Працу сваю некалькі дзён таму здаў у выдавецтва. Пабачым, які атрымаю адказ. Усё ж вялікай надзеі на акцэптацыю няма. Так ці інакш напішу Вам, які будзе адказ.

З найлепшымі пажаданнямі і з прывітаннем Юры Туронак.

 

Варшава, 12 жніўня 1987 г.

Паважаны спадар Попка!

Дзякую за Ваш ліст ад 15 чэрвеня і адначасова прашу прабачэння за спознены адказ. Перш за ўсё адказваю на Ваша запытанне аб кнігах высланых у бібліятэку. Сёння атрымаў адказ, што яны яшчэ не атрыманы. Лічу, што гэта не абазначае, што яны прапалі – пасылкі такія звычайна ідуць каля трох месяцаў і ёсць надзея, што і Ваша будзе атрымана. Калі кніжкі прыдуць, неадкладна атрымаеце з бібліятэкі паведамленне аб гэтым – так мне там сказалі. А пакуль такой весткі не будзе, раіў бы ўстрымацца з чарговай пасылкай.

З часопісамі ваеннай пары, аб якіх калісь Вам пісаў, справа амаль безнадзейная. 3 бібліятэкі імя Скарыны выцягнуў усё, што было магчыма. Пісаў і ў ЗША, да розных знаёмых, але пакуль што без поспеху. Можа, сапраўды, няма ў іх, а можа крыху баяцца чаго, напрыклад, няма ў прафесіяналаў – так, з польскіх бібліятэк атрымаў ужо 16 жаданых фотакопіяў тагачасных часопісаў. Яшчэ крыху спадзяюся на нямецкія бібліятэкі. Але ўжо, прашу, не забірайце сабе часу гэтай справай. Вы і так шмат мне дапамаглі. Дзякую вельмі яшчэ раз.

Добра, што Вашы працы перакладаюцца на нямецкую мову. Гэта павінна служыць папулярызацыі беларускай гісторыі сярод нямецкіх чытачоў.

3 найлепшымі пажаданнямі добрага здароўя і поспехаў у Вашай нялёгкай працы.

Юры Туронак.

 

Варшава, 10 лютага 1987 г.

Паважаны сп. Попка!

Атрымаўшы Ваш ліст ад 28 студзеня, зноў заняўся пошукамі. Гэтым разам  пашанцавала, паколькі былі падрабязныя даныя. Праўда, тэкст быў надрукаваны 16 кастрычніка 1937 года, г. зн. амаль на год раней, чым Вы ўяўлялі, аднак не была гэта істотная праблема. Важна, што ўсё закончылася паспяхова, і што магу даслань Вам адбітку жаданага тэксту.

Шкада, што не змаглі выслаць у бібліятэку Вашае выданне кніжкі Бембеля. Звяртаючыся да Вас меў на ўвазе толькі тое, што гэта менавіта Вашае выданне. Лонданскае выданне нам вядомае, усё ж будзем удзячны і за дадатковыя паасобнікі.

Калі маеце іншыя Вашы выданні, рэкамендую выслаць у згаданую бібліятэку. Вось, напрыклад, Вашу працу пра Ільяшэвіча атрымоўвалі розныя людзі, але няма яе ў ніводнай тутэйшай навуковай бібліятэцы. У выніку я яе выпадкова знайшоў у Скарынінцы, у Лондане, дзе змог не толькі пагартаць. А іншыя даследчыкі можа і ўвогуле яе не бачылі.

Вашу просьбу адносна тэрміну “Літва”, на жаль, не магу выканаць, проста па сваёй некампетэнтнасці. Калі нешта пападзецца пад руку, то пастараюся выслаць і паведаміць. Мая даследчыцкая сфера – навейшая гісторыя Беларусі, асабліва перыяд апошняй вайны. У снежні 1996 года паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Беларусь пад нямецкай акупацыяй 1941-1944”, аб’ёмам каля 450 старонак. Хачу працягваць гэтыя доследы.

Можа Вам вадома, або ці маглі бы Вы пацікавіцца, у якой заходненямецкай бібліятэцы ёсць наступныя газеты:

„Беларус на варце”, 1943-1944

„Беларуская газэта”, 1941-1944

„Малады змагар”, 1944

„Мінскэр Цайтунг”, 1942-1944

„Жыве Беларусь”, 1943-1944

На мой погляд, павінен быць цэнтральны /на ўсю Федэратыўную Распубліку/ каталог часопісаў, толькі не ўяўляю пры якой бібліятэцы ён можа быць. Вельмі буду ўдзячны за такую вестку, бо калі часопісы ёсць, то можа было бы падумаць аб наведанні такой бібліятэкі дзеля іх выкарыстання.

На гэтым канчаю. Жадаю Вам добрага здароўя і поспехаў у працы.

З прывітаннем Юры Туронак.

 

1 Сакрат Яновіч (1936-2013) – беларускі пісьменнік з Беласточчыны

2 „Новая дарога” – беларускамоўная газета, якая выдавалася ў 1942-1944 гадах у Беластоку

3 Ляймэн – горад у Германіі

4 Гайдэльбэрг – горад у Германіі

5 Вільгельм Кубэ (1887-1943) – нямецкі палітычны дзеяч, генеральны камісар Генеральнай акругі „Беларусь” Райхкамісарыяту „Остланд”

6 БЦР – Беларуская цэнтральная рада – адміністрацыя, якая існавала ў 1943-1944 гадах пад нямецкай акупацыяй на тэрыторыі Генеральнай акругі „Беларусь”

7 Расійскі горад

8 Янка Купала (1882-1942) – народны паэт Беларусі

9 „Шлях моладзі” – часопіс, які выдаваўся ў Вільні на беларускай мове ў 1929-1939 гадах

10 Маецца на ўвазе кніга Алега Бембеля (1939) „Роднае слова і маральна-этычны прагрэс” (Лондан, 1985)

11 Маецца на ўвазе Хведар Ільяшэвіч (1910-1948)

12 „Жыве Беларусь” – часопіс, які выдаваўся ў 1943-1944 гадах на беларускай мове ў Мінску

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    – 13.11.1625 г. памёр Саламон Рысіньскі (нар. каля 1560 г. у Расіне на Полаччыне), філёзаф, паэт і настаўнік. Сваю радзіму называў „Лейкарасіяй” (Беларусь). Настаўнічаў м. інш. у Гданьску і ў гарадах Нямеччыны (да 1587 г.). З 1600 г. служыў настаўнікам …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (308) – 20.11.1717 нар. Георгій (пам. 13.02.1795 г.), праваслаўны архіепіскап магілёўскі. Аўтар вершаў, пропаведзяў.
  • (77) – 20.11.1948 г. у Рудцы Пінскага раёна нар. Яўгенія Янішчыц, беларуская паэтка. Закончыла БДУ (1971), публікавала вершы з 1964 г. Аўтарка зборнікаў вершаў „Снежныя грамніцы” (1970), „Дзень вечаровы” (1974), „Ясельда” (1978), „На беразе пляча” (1980), „Пара любові і жалю” (1983), „Каліна зімы” (1987). Пакончыла жыцьцё самагубствам 25.11.1988 г.
  • (72) – 20.11.1953 г. у Саках Бельскага пав. нар . Міхась Шаховіч, беларускі пісьменьнік Беласточчыны. Закончыў беларускую філялёгію на Варшаўскім унівэрсытэце (1977). З 1975 г. працаваў журналістам „Нівы”, з 1985 г. адказным сакратаром месячніка „Kontrasty”. Дэбютаваў у 1974 г. у „Ніве”. Выдаў зборнікі паэзіі „Прамінанне” (1978), „Святая ноч” (1979), „Напевы” (1987), апавяданні „Вада ў рэшаце” (1984). Памёр 05.06.2000 г. у Беластоку.
  • (40) – 20.11.1985 г. памёр у Беластоку Юрка Геніюш (нар. 21.10.1935 г. у Зэльве), пісьменнік, сын Ларысы Геніюш. Дэбютаваў як празаік у 1983 г. у „Ніве”.
  • (37) – 20.11.1988 г. у Менску памёр Гаўрыла Гарэцкі (нар. 28.03.(10.04.)1900 г. у Багацькаўцы Мсьціслаўскага пав.), географ, геоляг і эканаміст, брат Максіма Гарэцкага. Закончыў Пятроўскую Сельска–Гаспадарчую Акадэмію (1924). З 1925 г. дацэнт Беларускай Сельска–Гаспадарчай Акадэміі, у 1927-1930 гг. дырэктар Беларускага Дзяржаўнага Інстытуту Сельскай і Лясной Гаспадаркі. У 1930 г. арыштаваны і высланы за межы Беларусі. Працаваў у інжынерна-геалягічных экспэдыцыях Гідрапраекта СССР. Арыштаваны двойчы ў 1937 і 1938 г. У 1965 г. адноўлены ў званьні акадэміка Акадэміі Навук Беларусі. Аўтар шматлікіх публікацыяў па эканамічнай геаграфіі, сельскай і лясной гаспадарцы. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com