
Наш сённяшні госць, Сюй Байлуй, прыехаў ў Польшчу з далёкага Кітая. У Кракаве ён плануе скончыць другую ў сваім жыцці магістратуру і займаецца даследваннем ўкраінскай філалогіі, а перад гэтым паспеў атрымаць дыплом магістра ў Мінску і авалодаў беларускай мовай настолькі ўпэўнена, што вядзе па-беларуску блог у Інстаграме, прысвечаны славянскім мовам, а таксама беларускім і кітайскім традыцыям. У ніжэй пададзеным інтэрв’ю пагутарылі са спадаром Байлуем пра яго захапленне, а таксама пра адаптацыю ў Еўропе і культурныя адрозненні
Раскажыце, калі ласка, пра сябе, адкуль вы, чым займаецеся?
– Мяне завуць Валянцін. Вядома, гэта не маё сапраўднае імя. Сапраўнае імя – Сюй Байлун. Я з Кітая. Там скончыў бакалаўрыят па рускай філалогіі. Таксама на бакалаўрыяце выбраў сабе гэтае імя, бо ў Кітаі студэнты замежных філалогій звычайна выбіраюць сабе краіны, чыю мову вывучаюць. Зараз я ў Польшчы, навучаюся ў маёй другой магістратуры, але гэтым разам па філалогіі ўкраінскай.
Што вас прывяло ў Беларусь, а пасля ў Польшчу?
– На чацвёртым курсе бакаларыяту ў маім універсітэце ў Кітаі адкрылі факультатыўныя заняткі па беларускай мове. Я хадзіў на іх два семестры, там таксама пазнаёміўся з выкладчыцай з Беларусі. Пад канец бакаларыяту з’явілася магчымасць бясплатна вучыцца ў Беларусі ў магістратуры. Чаму б не? І таму я паехаў у Беларусь з надзеяй паглыбіць веды па беларускай мове.
Пасля сканчэння магістратуры ў Мінску хацеў быў паступіць ва Украіну ў аспірантуру. У ходзе вывучэння беларускай адчуваў культурную сувязь паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай і моцна гэтым зацікавіўся. Аднак выбухла вайна. З гэтай прычыны праваліўся мой план на будучыню і засталася Польшча як альтэрнатыўны варыянт.

Адкуль вашае захапленне беларускай мовай, якім чынам вы яе вывучалі? І чаму вырашылі весці блог па-беларуску?
– Маё захапленне беларускай мовай не з’явілася адразу на самым пачатку. На фальтатыўных занятках толькі павярхоўна пазнаёміўся з ёй: як вітацца і развітвацца і гэтак далей. Толькі з часам яе глыбейшага вывучэння, калі я пачаў разумець і бачыць больш, чым мае калегі, якія ў Беларусі толькі вывучалі рускую, калі я пачаў чытаць беларускую літаратуру, з’явілася захапленне беларускай мовай. Бо яна адкрыла і адкрывае свет, даступны выключна для мяне. Гэта сапраўдная асалода!
Апрача факультатыва, што быў у маім кітайскім універсітэце, у БДУ яшчэ займаўся беларускай мовай з маёй навуковай кіраўніком на практычных занятках, дзе яна сістэматычна вучыла мяне беларускай фанетыцы, граматыцы. Потым напісаў магістарскую дысертацыю на беларускай мове. Вымаўленне заўсёды можна выпрацаваць, граматычныя правілы – запоўніць, найбольшая складанасць была ў тым, што бракавала практыкі.
Я вырашыў весці блог на беларускай мове, таму што з аднаго боку гэта будзе таксама практыка, падчас якой магу распавядаць нешта на мове, а не проста чытаю тэксты сам сабе. З іншага боку, хачу праявіцца, каб прыкладзеныя мной высілкі прынеслі рэальныя плёны (можа, нейкую кар’еру).
Падчас вучобы вы напэўна пазнаёміліся з творамі беларускай літаратуры. Якія вас найбольш уразілі?
– З беларускай класічнай літаратуры ў арыгінале прачытаў „Паўлінку” Янкі Купалы і „Дзікае паляванне Караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ не чытаў аж так багата, таму абедзве добра запомніліся. „Паўлінка”, хаця ў ёй няма роздумаў над глыбокімі сацыянальнымі і філасофскімі пытаннямі, прадстаўляе сямейнае жыццё на беларускай вёсцы на пачатку мінулага стагоддзя. Было мне цікава і з пункту гледжання зместу і з пункту гледжання мовы таго часу.
А „Дзікае паляванне караля Стаха” паказвае, што ў беларускай культуры таксама ёсць штосьці шляхетнае, не толькі пра зямляробаў, але і пра старажытныя роды, палацы, урачыстыя рытуалы, танцы і строі.
Цікава, чым славянскія краіны адрозніваюцца ад вашай, да чаго было лёгка прызвычаіцца, а да чаго, наадварот, не?
– На самай справе, лічу, што ўсе краіны мала чым адрозніваюцца ў матэрыяльным плане. Значыцца, з ежай і г.д. заўсёды можна справіцца.
Толькі людзі іншыя, паводзяць сябе іначай. У людзей зусім іншы менталітэт, чым у кітайцаў. І мае інтанацыі, паводзіны ці нават міміку разумеюць іначай. Тут людзі больш адкрытыя і таварыскія. А ў Кітаі – больш скромныя і стрыманыя. І таму ў камунікацыі часам узнікаюць нейкія непаразуменні і да гэтага не лёгка было прызвычаіцца.
А якія напрыклад непаразуменні?
– Людзі з азіацкай культуры не заўжды паказваюць эмоцыі проста, бо гэта лічыцца за лёгкадумнасць. Тэмперамент не такі гарачы, як у іншых народаў. Калі адзін чалавек гаворыць, мала перарываюць пытаннямі, бо гэта неветліва. Але часам усё гэта можа прыймацца як незацікаўленасць, недаступнасць ці пагарда.

Дарэчы, што тычыцца кухні – якая вам больш да густу – польская ці беларуская?
– Яны мне аднолькава падабаюцца. Кожная з іх мае свой смак. З польскай люблю журэк і бігос, а з беларускай – мачанку і марынаваныя памідоры (іх не бачыў у Польшчы). Я не прывязаны да кітайскай кухні і адкрыты на новы досвед, таму няма такіх страў, якія мне не смакуюцца ў гэтых кухнях
Wszystko dla mnie się podoba – так то кажуць палякі на Падляшшы.
Як у вас зараз у плане моўнай практыкі? Бо ў Беларусі мала хто хіба размаўляе па-беларуску, а ў Польшчы тым больш. Ці вы вучыце адначасова польскую?
– На жаль, вядома, практыкі ў мяне мала. Аднак у Польшчы шмат арганізацый беларускай дыяспары, дзе ладзяцца імпрэзы на беларускай мове. Я хаджу на такія спатканні.
Адначасова вывучаю польскую мову і штодзённым жыцці таксама камунікуюся на польскай.
Ці здаралася вам бываць на Падляшшы і размаўляць з мясцовымі беларусамі?
– На Падляшшы пабываць, на жаль, мне яшчэ не выпадала. Але ўжо даўно планаваў наведаць гэтае магічнае месца. Шмат даведаўся пра Падляшша. Зямля, дзе пераплеценыя адначасова польскасць і беларускасць. Люблю песні спадарыні Марусі Аліфер, якая таксама паходзіць з Падляшша (з Ляўкова) і спявае на беларускай мове, і штодзённа слухаю. На гэтых канікулах паглядзеў праграму „Падляшскія вакацыі” і вельмі хачу асабіста зведаць мясцовую атмасферу і пачуць, як гучыць мясцовая мова.
Размаўляў Сяргей Александровіч











