
Беларускі этнограф, фалькларыст, публіцыст і грамадскі дзеяч Мар’ян Пецюкевіч (1904-1983) быў родам з Браслаўшчыны. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў рускім народным вучылішчы ў вёсцы Шаўляны. Каб падрыхтавацца да паступлення ў Дзісенскую гімназію, некалькі месяцаў займаўся ў прыватнага настаўніка ў вёсцы Ёды, аднак не вытрымаў уступныя экзамены. У 1922 годзе Мар’яна прынялі ў Віленскую беларускую гімназію. Пасля заканчэння вучобы паступіў у восьмы клас Радашковіцкай беларускай гімназіі.
У 1929 годзе Мар’ян Пецюкевіч стаў студэнтам аддзялення этнаграфіі і этналогіі гуманітарнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчаў з работай у навуковых бібліятэках і Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза і Беларускага навуковага таварыства. У 1930-1935 гадах юнак з’яўляўся першым рэдактарам маладзёжнага часопіса «Шлях моладзі», змяшчаў у ім свае артыкулы. Пры канфіскацыях нумароў гэтага выдання двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці, некалькі разоў атрымліваў грашовыя штрафы.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1939 годзе Мар’ян Пецюкевіч быў першым рэдактарам беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваў абавязкі дырэктара Бібліятэкі імя Урублеўскіх, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Прафсаюза працаўнікоў культуры. У кастрычніку 1939 годзе беларуса прызначылі дырэктарам Беларускага музея ў Вільні.
У 1945 годзе Мар’яна Пецюкевіча арыштавалі (за „нацыяналізм»). Чатыры гады сядзеў у лукішскай турме. У 1949 г. разам з сям’ёй ён быў сасланы ў Сібір (г. Ужур Краснаярскага краю). Працаваў у калгасе імя Жданава пчалаводам. У ліпені 1952 года зноў дастаўлены ў Вільню і асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагеры ў Варкуце.
Пасля рэабілітацыі ў 1958 годзе, Мар’ян Пецюкевіч скарыстаўшы права на рэпатрыяцыю, выехаў у Польшчу, дзе знаходзілася яго сям’я. Шмат гадоў працаваў у этнаграфічным музеі ў г. Торуні. Часта выязджаў у творчыя камандзіроўкі, збіраў каштоўныя фальклорныя матэрыялы, ствараў экспазіцыі ў музеі, прысвечаныя традыцыйнай культуры беларусаў, пісаў і друкаваўся ў беларускіх выданнях.
Пасля смерці Мар’яна Пецюкевіча з друку выйшлі яго кнігі „У пошуках зачараваных скарбаў” (Вільня, 1998), „Кара за службу народу” Беласток, 2001), „Лісты (1956-1982)” (Беласток, 2005), „Сляды незабыўных продкаў” (Мінск, 2007).
У кнізе ўспамінаў „У пошуках зачараваных скарбаў” надрукаваны невялікі артыкульчык „Вестка аб Лявоне Случаніне (Лявоне Шпакоўскім)”, з якім Мар’ян Пецюкевіч пазнаёміўся ў 1953 годзе ў Варкуце ў сталінскіх лагерах. Лявон Случанін-Шпакоўскі (1914-1995) быў асуджаны на 15 гадоў (адбыў 12 гадоў катаргі), а Мар’ян Пецюкевіч – на 25 гадоў (адбыў 5 гадоў). Смерць Сталіна зняволеным прынесла надзею і радасць вызвалення. Лявону Шпакоўскаму было дазволена выехаць з Варкуты ў Беларусь. І ён паехаў на родную Случчыну. Там жылі яго старыя бацькі і прыгажуня жонка Надзея з дачкой. Прыехаўшы на Бацькаўшчыну, Лявон не змог нідзе ўладкавацца на працу, яго проста не бралі. Тады ён забірае жонку з дачкой і вяртаецца ў Варкуту, дзе працуе настаўнікам у вячэрняй школе рабочай моладзі. Жонка пайшла працаваць лабаранткай ў гарадскі шпіталь, а дачка стала вучыцца ў школе. Там Шпакоўскія зарабілі грошай і вярнуліся ў Беларусь. Да самай смерці жылі ў Салігорску.

Лявон Случанін-Шпакоўскі з юнацкіх гадоў пісаў вершы, артыкулы, замалёўкі і карэспандэнцыі. Працаваў у розных выданнях. Дэбютаваў у друку ў 1936 годзе. Вершы, напісаныя ў 1942-1943 гадах апублікаваў у 1943 годзе ў калектыўным зборніку „Песняры Случчыны”. Аўтар гістарычнай паэмы «Рагнеда» (1944), напісаў аўтабіяграфічны раман у вершах „Алесь Няміра” ў 1962-1985 гадах, які быў апублікаваны часткова ў 1991 годзе. З-пад яго пяра з’явіліся паэмы „Ісус Хрыстос”, „Пагоня”, „Геракл”, сотні вершаў. Мар’ян Пецюкевіч прыгадвае і паэму „Надзейка”, якую Лявон Случанін-Шпакоўскі напісаў у сталінскіх лагерах. На вялікі жаль, многія творы паэта знаходзяцца ў прыватных архівах ці, наогул, згубіліся. Пры жыцці Лявону Случаніну-Шпакоўскаму асобнай кнігай выдаць уласныя творы так і не ўдалося, акрамя паэмы „Рагнеда”.
Пасля сталінскіх лагераў Мар’ян Пецюкевіч і Лявон Случанін-Шпакоўскі ліставаліся. Ва ўспамінах Мар’ян Пецюкевіч напісаў: „Пасля майго ад’езду з Варкуты, мы вядзем з ім ажыўленую перапіску. Ён амаль кожны ліст піша мне ў форме гумарыстычнага верша, а я ўвесь час туркаю яго, каб не пакінуў ён літаратурнай паэтычнай дзейнасці. Лявон жа мне „ляніва” адказвае: „А каму ж патрэбная мая творчасць? Яна свету божага не пабачыць, бо я не патэнтаваны рамеснік, і мае вырабы ніхто не будзе рэкламаваць, а значыцца, і на рынку яны не будуць выстаўленыя” (Мар’ян Пецюкевіч. „У пошуках зачараваных скарбаў”. Вільня, 1998, с.162-163).

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь (Ф.30. Воп. 1. Адз.зах. 63) адшукаў лісты Лявона Случаніна-Шпакоўскага да Мар’яна Пецюкевіча, якія былі напісаны ў 1976-1977, 1980 гадах. Лявон Шпакоўскі пісаў іх не толькі ад сябе, але і ад імя сваёй жонкі Надзеі. Лісты адрасат падпісваў – „Шпак”. Лісты, якія прапаную „Czasopisu” друкуюцца ўпершыню. Яны яшчэ раз нагадваюць пра няпросты лёс таленавітых і мужных беларусаў, якія прайшлі сталінскія катаванні, вярнуліся дамоў, не страцілі сяброўства, працавалі, а ў вольны час займаліся літаратурай.
Сяргей Чыгрын
Лісты Лявона Случаніна-Шпакоўскага да Мар’яна Пецюкевіча
25 кастрычніка 1976 года
Даражэнькі Мар’яне, добры дзень!
Апошні твой ліст я атрымаў 21-га чэрвеня 1976 г. У ім ты пісаў, што лажышся на аперацыю, а пасля папраўкі паедзеш на радзіму Дантэ. У гэтым жа лісце ты папярэджваў мяне, каб я табе не пісаў, а чакаў ад цябе вестачкі.
Чакаў я цэлых чатыры месяцы. Не дачакаўся. І вось, як бачыш, вырашыў першым звярнуцца да цябе.
Як жывеш? Як маешся? Як тваё здароўе? Як прайшло падарожжа? Напішы, калі ласка. Спадзяюся, што ты ўжо ўсе гэтыя пытанні паспяхова вырашыў і даўно спачываеш на лаўрах.
У нашым жыцці змен няма. Шчырыя прывітанні жонцы і дзецям.
Твае Шпакі.
Снежань, 1976 г.
Дарагія Альдона Баляславаўна і Мар’ян Осіпавіч!
Ад шчырага сэрца віншуем Вас з наступаючым Новым, 1977 годам!
Зычым Вам добрага здароўя, дастатку ў хату, бадзёрага настрою, працоўных і творчых поспехаў і вялікага шчасця!
Бясконца рады, Мар’яне, што ты гераічна перанёс аперацыю, працягваеш упарта змагацца за жыццё, са смакам адпачываць, займацца дамашнімі справамі і, галоўнае, тварыць. Дай Бог табе натхнення і сілы!
Акрамя таго, жадаем табе ў новым годзе паспяхова ажыццявіць усе твае планы!
У нашым жыцці змен няма. Жыццёвы расклад устойлівы. Раніцою працягваем трушком бегаць па лесе, удзень займаемся гаспадарскімі справамі, чытаем, ходзім у кіно, дапамагаем унуку грызці граніт навукі і гэтак далей, а ўвечары не вылазім, як кажуць, з тэлевізара. Вось сціслая схема нашых жыццёвых сутак. Праўда, пасля абеду кожны дзень пару гадзін удзяляем шпацыру. Здароўем не зусім задаволены, але ж дзе ты возмеш лепшае. Яно ж, каб на яго ліха, не прадаецца.
Зрэдку наведваем Палац гарнякоў. Не так даўно слухалі там нашых „Песняроў”, хор Свешнікава, паэтаў і пісьменнікаў.
Жыццё наша, як бачыце, старэчае і аднастайнае.
Пішы, Мар’яне. Не забывай нас.
З вялікай павагай, любоўю і шчырым прывітаннем Вашы Шпакі.
4 красавіка 1977 г.
Даражэнькія Альдона Баляславаўна і Мар’ян Осіпавіч!
Перш-наперш прашу Вас прабачыць мне за доўгае маўчанне. Уведаўшы з Вашага шчырага, мілага, цёплага, прыемнага, не пазбаўленага непатрэбнай ідэалізацыі звычайных асоб ліста аб тым, што Вы, дзякаваць Богу, адчуваеце сябе, як у Хрыста за пазухай, я, глыбока верачы ў трываласць Вашага самаадчування і не жадаючы часта адрываць Вас ад захапляючых і карысных спраў, насілу ўтрымоўваў сябе ад гамонкі з Вамі амаль тры месяцы. Нарэшце сёння, чацвёртага красавіка, маё ўтрымоўванне лопнула і не на смех прарваўся мех.
Шчыра дзякуем, дарагія нашы сябры, за Вашы глыбокія пачуцці сяброўства і душэўнай роднасці, якімі перапоўнены і нашы сэрцы. Што можа быць мацней гэтага!
Твой артыкул, Мар’яне, які ты мне прыслаў, вельмі добры, і патрэбен ён не так палякам, як беларусам. А таму раю табе перакласці яго на беларускую мову і даслаць для надрукавання ў які-небудзь беларускі часопіс ці ў спецыяльны зборнік, які выдаецца Беларускай акадэміяй навук. А зараз вымушаны добрасумленна прызнацца, што ў справе беларускай традыцыйнай лазні я поўны прафан. На Случчыне лазні ў вёсках адсутнічалі і амаль адсутнічаюць. Асабіста я, жывучы дома, карыстаўся слуцкай лазняй. Нездарма Кандрат Крапіва пісаў калісьці штосьці падобнае:
Беларусь па вушы гразне:
Навакол ніводнай лазні.
Напэўна, яно так і было. Не выпадае не верыць нашаму сатырыку.
Вам жа, паважаная Альдона Баляславаўна, шчыра дзякую за Вашу адвагу залічыць мяне да катэгорыі ідэальных мужоў і мужчын. Вельмі прыемныя словы! Ды толькі баюся, што ў мяне не хопіць часу стаць такім і гэтым самым апраўдаць Вашу характарыстыку. А табе, Мар’яне, настойліва раю ў агонь непатрэбнай нікому з нас ідэалізацыі не падліваць масла!
І яшчэ адна заўвага: даражэнькі Мар’ян, не думай пра смерць! Няхай у смерці галава трашчыць, думаючы пра цябе. Старайся рэалізаваць творчыя планы, твары, адбіваючыся ад дачасных служак смерці – розных хвароб. А смерць – непазбежнасць. Яна, зараза, яшчэ нікога не забыла.
У нашым жыцці на сённяшні дзень адносны парадак. Распарадак сутак, які Вам спадабаўся, амаль не парушаецца. А вось на працягу студзеня, лютага і часткова сакавіка, ён быў значна парушаны. Хварэла Надзея, а потым Ларыса. Праўда, на гэты раз Надзея абышлася без стацыянара, і галоўным лекарам быў я. Зараз Надзея адчувае сябе амаль нармальна, а Ларыса лечыцца амбулаторна. Распарадак аднаўляецца.
А цяпер, помнячы традыцыю нашых продкаў, пахрыстосуемся: Хрыстос уваскрос!
З павагай і замілаваннем Вашы Шпакі.
Красавік, 1977 г.
Дарагія Альдона Баляславаўна і Мар’ян Осіпавіч!
Ад душы віншуем Вас з Першамаем і зычым Вам добрага здароўя, вясёлага свята, шчаслівага жыцця, гаспадарчых і творчых поспехаў!
Мы пакуль што трымаемся. Як Вы сябе адчуваеце?
З сардэчным святочным прывітаннем і глыбокай павагай
Старыя Шпакі.
Красавік, 1980 г.
Дарагія сябры!
Ад душы віншуем Вас з Першамаем – святам вясны, міру і салідарнасці! Зычым моцнага здароўя, творчых і гаспадарчых поспехаў, багатага і прыемнага святкавання!
У нашым жыцці значных змен няма. Па-ранейшаму жывыя, але не зусім здаровыя. Працягваем адбівацца ад рознай немачы, якая пачала актыўна атакаваць нас. Распарадак дня, заняткі і захапленне ранейшыя. Старасць – не радасць. Будучага няма. Засталося мінулае. Спакваля дагараем.
Як Вам жывецца?
З павагай і шчырым прывітаннем Вашы Шпакі.
30 кастрычніка 1980 г.
Дарагі Мар’яне!
Настаў час перакінуцца з табою добрым словам. Вельмі хочацца атрымаць ад цябе хаця б невялічкую цыдулку, даведацца, як жывеш, як маешся? Спадзяюся, што ты не пакінеш безадказным маё шчырае жаданне, што ты раскатурхаешся і, нарэшце, адгукнешся на мой сардэчны голас.
У нашым жыцці за гэты час нічога асаблівага не здарылася. Жыццёвы расклад застаецца нязменным. Па-ранейшаму нідзе не працуем, аціраемся, як кажуць, дома, налягаючы на прыроду і кніжкі. Праўда, трэба зазначыць, што ў гэтым годзе і прырода не зусім спрыяла купанню і загаранню. Яна вельмі ж многа слёз праліла, невядома каго аплакваючы. Па-ранейшаму лечымся. Вось і зараз Надзея не зусім нармальна адчувае сябе. А час бяжыць. А старасць бязлітасна гняце. Малюнак, як бачыш, змрочны. Але ж не будзем падаць духам. Будзем жыць, пакуль жывецца!
Шчырае прывітанне Альдоне Баляславаўне і Вашым дзецям!
З глыбокай павагай Шпакі.











