Апошні раз заязджаў быў да Пашы недзе ў сярэдзіне ліпеня, каб набыць мёду. Той у яго светлы, відаць, з добрым дамешкам рапсу, але смачны і танны. Паша не спяшаючыся адчыніў багажнік аўтамабіля, дзе было хіба з дзясятак літровых пластыкавых вядзерцаў з мёдам.
– Ты не глядзі, што густаваты, – ён свежы, сёлета збіраў, не сумнявайся. Проста стаяў на холадзе і трохі загусцеў, стаў як масла. Вось пакінеш у цёплым месцы, зноў стане вадкі.
Паша даў лыжку, каб пакаштаваць. Сапраўды, мёд бы цалкам прыстойны – купіў вядзерца. Тыя астатнія, хутчэй за ўсё, раскупілі да канца дня. Паша трымае некалькі вуллёў і ўжо шмат гадоў займаецца пчалярствам, адначасова для душы і для кішэні, бо гэта неблагая крыніца дадатковага даходу.
Але мёд не адзіны з прысмакаў, які ён можа запрапанаваць. Увогуле, лепш спытаць, чаго ў гэтага дзядзькі няма. Таму пытаю яшчэ і пра мяса.
– Ну вось ёсць казуля, на дванаццаць кілаграмаў тушка, за 150 рублёў (трохі больш за 184 злотых) аддам. Але толькі цэлую, мне яе крамсаць нецікава, сам парэжаш. Ды й іншыя ўжо пыталі. Больш пакуль не будзе, бо ліцэнзій на паляванне няма. Калі возьмеш, не забудзь выразаць тлушчакі пад лапаткай і на назе, каб не было потым непрыемнага паху. Вось яшчэ засталіся кансервы з дзіка і бабровы струмень. Калі хочаш бабровага мяса, то ўжо восенню звяртайся, толькі тады пайду на палявання. Але тэлефануй загадзя, бо хутка разбіраюць.
Слухаючы Пашу, думаю, чаму да яго прычапілася мянушка Мядзведзь. Можа, дзякуючы таму, што любіць хадзіць на паляванні, а можа, што высокі, плячысты і моцны. Іншыя версіі да галавы не прыходзяць. Бо маючы пяцьдзясят з гакам гадоў, выглядае ён нашмат маладзей. Да таго ж не лаецца моцна, заўсёды свежавыгалены, апрануты ў чысценькую выпрасаваную форму, мае добрую машыну і ўвогуле непадобны да іншых вясковых мужыкоў.
Паша вырас у вёсцы, але шмат гадоў пражыў у горадзе, а ў вёску вярнуўся з-за сваіх сардэчных спраў. Сказаць лепш, з-за нешчаслівага кахання. Былая яго жонка працавала (і дагэтуль працуе) простай прыбіральшчыцай. Стрэліла Пашы аднойчы ў галаву, што патрэбна яму больш „статусная” кабета, з адукацыяй. Недзе ён з такой пазнаёміўся, закруціў раман, а з жонкай развёўся. Трэба аддаць належнае, былую жонку Паша не пакінуў без граша, аддаў ёй сваю гарадскую кватэру. Сам жа купіў старую драўляную хату ў вёсцы і ўласнымі сіламі прывёў яе ў парадак. З той новай жанчынай пражылі яны мо з пару гадоў. Урэшце тая Пашу кінула, знайшла ў сваю чаргу больш заможнага кавалера, кіроўцу-міжнародніка. Падчас сумеснага жыцця Паша паспеў парабіць рамонты ёй і яе сваякам, бо рукі мае сапраўды залатыя.
Не ведаю, ці моцна ён смуткаваў пасля яе здрады. Прынамсі, па твару ну было відаць, што вельмі пакутуе. А можа хаваў эмоцыі, бо з дзяцінства вучылі, што сапраўдны мужык не енчыць і не плача.
Ад той пары Паша жыве самотна. Смуткаваць, папраўдзе, няма ў яго часу. Перш за ўсё, трэба ездзіць на працу, робіць ён сторажам на буйным прадпрыемстве. Пасля працы займаецца домам, вялікім агародам, сабакамі, вуллямі. Вось хутка распачнецца восеньскі сезон, ды зноў пойдзе з сябрамі-паляўнічымі на бабра ды на казулю. Потым трэба будзе вырабляць мяса, круціць кансервы з дзічыны, дзеля чаго Паша мае спецыяльную машынку. Пазней будуць тэлефанаваць пакупнікі, якіх заўсёды шмат. Кажуць, што незамужнія дзяўчыны з працы пазіраюць на Пашу як драпежніцы на здабычу. Тое зусім не дзіўна, бо мужык рукасты, пры грашах ды не выпівае. Паша, у сваю чаргу, сам час ад часу паглядае з лёгкай усмешкай на гожых дзяўчат. Здаецца, пры жаданні Паша нядоўга заставаўся б кавалерам. Але ці сапраўды ён зараз гэтага жадае?
Сяргей Александровіч
Фота аўтара
Ліцэнзія на разавае паляванне на бабра ў Беларусі каштуе ад 10 рублёў (каля 12 злотых), паляванне на сарну можа каштаваць ад 30 да 300 рублёў (368 злотых) у залежнасці ад рэгіёну і тыпу здабычы.