This Day In History: 1884-10-13

13.10.1884 г. ва Улянах на Віленшчыне нар. кс Баляслаў Пачопка, каталіцкі і ўніяцкі беларускі дзеяч. З 1905 г. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі, якую пакінуў пасьля 2 гадоў вучобы. Выехаў у Пецярбург, у 1911 г. здаў матуру ў гімназіі ў Шаўлях. У 1913-1915 гг. працаваў у Вільні ў каталіцкім тыднёвіку „Biełarus”, апрацаваў і выдаў кніжкі „Miatawyja listočki” (1914), „Žyćcio papieža Piusa X” (1914), „Čaławiek na wyžšynie swajej hodnaści” (1915), малітоўнік „Boh z nami” (1915). У 1916-1918  гг. вучыў беларускай мовы ў Беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы. Тады апрацаваў першую беларускую граматыку (1918). У 1920-1926 гг. працаваў настаўнікам пачатковых школ у Ваўкавыскім пав. З 1922 г. вучыўся завочна ў грэкакаталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Львове. У 1926 г. быў высьвячаны на грэкакаталіцкага сьвятара і стаў пробашчам грэкакаталіцкай парафіі ў Бабровічах на Палесьсі, дзе пабудаваў уніяцкую царкву і вёў набажэнствы на беларускай мове. Супрацоўнічаў з беларускімі выданьнямі: „Беларуская Крыніца”, „Хрысьціянская Думка”, „Да злучэньня”. Памёр 26.12.1940 г. у шпіталі ў Тэлеханах на Палесьсі. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Тэлеханах.

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis