7 верасня 2025 г.
Сёння на могілках у Праневічах пад Бельскам пахавалі войта гміны Бельск-Падляшскі Валянціна Карыцкага. Памёр раптам 5 верасня ў сваім доме. Толькі што з жонкай вярнуўся з Беластока з юбілею 25-годдзя Саюза вясковых гмін Падляшскага ваяводства, які ўрачыста святкавалі ў оперы. Адышоў крыху ранавата, маючы 62 гады. Яго смерць шмат каго ўсхвалявала, бо быў вядомай персонай у рэгіёне, таксама ў нашым беларускім асяроддзі.
Быў з майго пакалення. Пасля тэхнікума ў Бельску закончыў універсітэт у Любліне. У палове васьмідзясятых гадоў быў там адным з заснавальнікаў і першым старшынёю Брацтва праваслаўнай моладзі. З часам стаў дзеячам Польскай сялянскай партыі (PSL) i заняў высокія пасады ў структурах самакіравання. Быў віцэ-маршалкам ваяводства, ваяводскім і павятовым радным. У 2017-2024 гг. працаваў як сакратар гміны ў Боцьках. У апошніх самаўрадавых выбарах стаў войтам гміны Бельск-Падляшскі.
Падчас адпявання і паніхіды вечарам папярэдняга дня ў бельскай Успенскай царкве прысутнічала вельмі шмат людзей. У чарзе на апошняе развітанне стаялі палітыкі, чыноўнікі мясцовага самакіравання, таксама звычайныя жыхары гміны, Бельска, Беластока, рэгіёна, якія ведалі нябожчыка і прыбылі з патрэбы сэрца развітацца з ім і выказаць спачуванні яго блізкім.
Супрасльскі епіскап Андрэй у сваёй пропаведзі падкрэсліў, што памерлы, як мала хто іншы, умеў спалучаць высокія грамадскія і адміністрацыйныя пасады з быццём добрым чалавекам, адкрытым да іншых і прывязанасцю да Праваслаўнай царквы.

Фота Пятра Лазовіка
З Валянцінам Карыцкім я быў крыху знаёмы. Помню, як летам у 2017-га ці 2018-га года ён з сімпатычнай жонкай Касяй з’явіўся ў Міхалове на беларускім фольк-фестывалі. Абое мелі на сабе майкі з нашымі свойскімі народнымі арнаментамі. Я тады быў там намеснікам бурмістра і на банкеце пры стале яны сядзелі насупраць. Размаўлялі мы, вядомa, па свойму – я чыста па-беларуску, а ён на роднай гаворцы. Як адзін з нешматлікіх „віпаў” не саромеўся і часта так гаварыў, незалежна ад абставін.
Другі раз сустрэліся мы ў мінулым годзе на Іллю ў Падбеллі. Ад трох месяцаў ужо быў ён войтам Бельскай гміны, да якой належаць вёскі вакол Бельска, а ў тым ліку частка гэтага прыходу. Падчас святочнага набажэнства, седзячы на лавачцы ля царквы, мы паразмаўлялі крыху пра актуальную дзяржаўную і гмінную палітыку. Карыцкі быў аптымістам. Расказаў мне пра буйныя інвестыцыйныя планы ў сваёй гміне, перад усім пра асфальтаванне дарог. Быў добрай думкі. Сказаў мне таксама, што польскі ўрад накіраваў у Сейм праект паправак да закона аб салэцкім фондзе, каб у кожнай гміне быў ён абавязковы (канчаткова дэпутаты такую змену адхілілі). Дагэтуль залежала гэта ад радных. У гміне Бельск-Падляшскі такі фонд быў выдзелены. Дзякуючы таму жыхары паасобных вёсак самі вырашалі на што выдаткаваць гэтыя грошы, хаця не занадта вялікія, бо пераважна ад 15 да 20 тыс. злотых. Карыцкі, калі стаў войтам, працягваў такую практыку. З салэцкага фонду гміна пераважна рамантуе вясковыя дарогі, абсталёўвае святліцы і падтрымлівае культурніцкія мерапрыемствы.
4 сакавіка бг. з нагоды Агульнапольскага Дня солтыса ў Беластоку адбылося падвядзенне конкурсу на лепшую ініцыятыву, здзейсненую ў рамках салэцкага фонду. Былі ўзнагароджаны ажно пяць вёсак з гміны Бельск-Падляшскі. Войт гэтым ганарыўся.
Тады на свяце ў Падбеллі расказваў мне таксама пра свае паездкі на Святую гару Афон. З адной прывёз ікону, якую перадаў у царкву ў маіх Крынках.
Валянцін Карыцкі асабіста і як чыноўнік дапамагаў таксама арганізаваць у яго гміне беларускія фэсты. Якраз на дзень яго пахавання была запланаваная такая імпрэза ў Дэнісках. Меўся там адбыцца чарговы фэст „І там жывуць людзі”. Арганізатар – Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы – адклікаў мерапрыемства з увагі на жалобу пасля раптоўнай смерці войта гміны. З гэтай прычыны 7 верасня не адбыўся таксама фэст БГКТ у Бельску-Падляшскім. Арганізатары перанеслі яго на наступную нядзелю.
Вечная памяць…
19 верасня 2025 г.
Не стала таксама прафесара Міхала Кандрацюка. Пахавалі яго сёння ў Варшаве, дзе здаўна жыў з сям’ёй і працаваў там у Польскай акадэміі навук і ва ўніверсітэце. Пасля адпявання ў царкве Яна Клімака на Волі спачыў на мясцовых могілках.
Памёр 10 верасня на 92 годзе жыцця. На Беласточчыну вестка прыйшла тры дні пазней, калі ў Фейсбуку пра смерць свайго прафесара паінфармаваў д-р Васіль Сегень, старшыня БГКТ. У каментары я напісаў:
Надта цёпла ўспамінаю Прафесара яшчэ з часоў, калі меў Ён у „Часопісе” пастаянную рубрыку, у якой тлумачыў паходжанне назваў беларускіх і не толькі мясцовасцей на Беласточчыне. Дзякуем за Яго навуковыя кнігі і выданні як помнік нашай гісторыі і культурнай спадчыны. Вечная памяць…
Маё асабістае знаёмства з прафесарам пачалося неўзабаве, як з’явіўся „Часопіс”. З 1993 г. на нашых старонках доўгі час публікаваў ён артыкулы, у якіх паясняў менавіта паходжанне назваў мясцовасцей і характэрных на Беласточчыне прозвішчаў насельніцтва. У міжчасе запрапанаваў мне вёрстку кнігі пад яго рэдакцыяй. Быў гэта тоўсты том з дакладамі з нейкай міжнароднай навуковай канферэнцыі даследчыкаў дыялектаў і анамастыкі (назваў) на польска-ўсходнеславянскім памежжы. Мне як тэхнічнаму рэдактару праца над кніжкаю заняла шмат часу. Бо тэксты былі на некалькіх мовах і да таго трэба было густа ўстаўляць спецыяльныя літары і знакі націску. Але адначасова ўчытваўся я ў змест артыкулаў і помню, што вельмі мяне яны зацікавілі.

Фота Міры Лукшы
Прафесар прыязджаў тады з Варшавы на працу ў беластоцкім універсітэце. Часта прыпыняўся ў сваёй універсітэцкай кватэрцы па вуліцы Свярковай нават тады, калі быў ужо на пенсіі і я там яго наведваў.
Як беларус родам з падгайнаўскіх Дубін стаў выдатным аўтарытэтным навукоўцам у галіне мовазнаўства ў дачыненні да перш за ўсё беларускага насельніцтва на Беласточчыне. На працягу дзясяткаў гадоў рабіў свае скрупулёзныя даследаванні. Быў адным з першых выпускнікоў беларускай філалогіі ў Польшчы, а пасля ініцыятарам стварэння і арганізатарам беларускай філалогіі, загадчыкам яе кафедры ў Беластоцкім універсітэце.
Яшчэ як студэнт, пасля навуковы супрацоўнік Інстытута славяназнаўства Польскай Акадэміі навук у Варшаве ўздоўж і ўпоперак абышоў ён усю Беласточчыну ў складзе шматлікіх даследчыцкіх экспедыцый. Тады ўсюды гучала беларуская мова з яе шматлікімі дыялектамі. Было што запісваць. Як хутка аказалася – у самы апошні момант, перад маланкава наступаючай паланізацыяй і ўрэшце абезлюдненнем вёсак. Прафесару Кандрацюку і яго супрацоўнікам з дапамогай студэнтаў удалося зафіксаваць вялікае моўнае і культурнае багацце. Выйшла яно друкам у дзесяці тамах славутага „Атласу ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны”. Цяпер гэта помнік нашай гісторыі і памяці продкаў. Праф. Кандрацюк падрыхтаваў амаль палову матэрыялу, ён запісаў мову больш за пяцідзесяці вёсак. Быў вельмі працавітым і плённым навукоўцам. Стаў выдатным славістам, мовазнаўцам, шматгадовым выкладчыкам беластоцкага філіяла Варшаўскага ўніверсітэта, пасля Беластоцкага ўніверсітэта, сябрам Польскай акадэміі навук. З’яўляецца аўтарам больш за двухсот навуковых выданняў, у тым ліку дзесяці кніг.
Яго імя як аўтарытэта ў галіне лінгвістыкі і даследчыка славянскіх і балтыйскіх дыялектаў згадваецца ў польскіх, беларускіх, украінскіх і літоўскіх энцыклапедыях.
У 2011 г., калі ў гміне Орля войт і радныя прынялі рашэнне ўвесці ў сябе двухмоўныя польска-беларускія назвы мясцовасцей, кансультаваліся перад усім з праф. Міхалам Кандрацюком. І гэта ён запранаваў беларускія варыянты назваў 25-ці тутэйшых вёсак так, каб былі найбольш блізкія арыгінальным з дыфтонгамі (на запіс з „лучкамі” не дазваляў закон).
Прафесар з паловы дзевяностых гадоў быў каардынатарам навуковых канферэнцый „Шлях да ўзаемнасці”. Ладзіліся яны яны да 2019 г. пераменна ў Беластоку і Гродне Беларускім грамадска-культурным таварыствам і Саюзам палякаў у Беларусі (пасля расколу – Гродзенскім універсітэтам). Як напісаў Юрка Ляшчынскі на сайце Радыё Рацыя, „шлях да ўзаемнасці, які меў наблізіць нашыя народы, дзякуючы палітыкам абапал мяжы, завёў у тупік”.
Апошні раз бачыліся мы вясной 2023 г. на прэзентацыі яго чарговай кніжкі „Матэрыяльная культура беластоцкай вёскі і яе змены ў святле народных гаворак ХХ стагоддзя”, выдадзенй два гады раней – перад пандэміяй – Фондам імя князя Канстанціна Астрожскага. Сустрэча адбылася ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку. Вяла яе Анна Радзюкевіч, рэдактарка штомесячніка „Przegląd Prawosławny”. Яна падкрэсліла, што нягледзячы на свой пажылы ўзрост прафесар, якому пайшоў тады дзевяносты год жыцця, усё адчувае сябе добра і ёсць інтэлектуальна актыўны. Толькі пазайздросціць, сказала.
Міхал Кандрацюк быў актыўны да апошніх дзён. Працаваў над слоўнікам простай мовы, запісаным паўвеку таму на Сакольшчыне яго сябрам і супрацоўнікам прафесарам Станіславам Глінкай.
Вечная памяць…
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар