«Беларускі Фронт» – для кагосьці гэтыя словы асацыююцца з Другой сусветнай вайной, для іншага – з нацыянальным Aдраджэннем, рухам, што выліўся ў партыю «Беларускі Народны Фронт». Аднак мала хто ведае, што газета з такой назвай з’явілася яшчэ ў 1936 годзе дзякуючы ініцыятыве беларускага ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага – аднаго з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД, які змагаўся за права беларусаў-каталікоў маліцца на роднай мове. Выданне «Беларускі Фронт» было адказам і пратэстам айца Вінцэнта на тое, што БХД, адзіная на той момант легальная беларуская партыя, прыняла запрашэнне да Народнага Фронту. Сама назва газеты адсылае да назвы Народнага Фронту, падкрэсліваючы, што дадзеная арганізацыя не будзе служыць беларускім інтарэсам, бо яе дзейнасць была інспіравана Камінтэрнам.
За свае перакананні В. Гадлеўскі ў 1927 годзе быў арыштаваны і трапіў у варшаўскую турму на Макатове. Быў удзельнікам Першага Усебеларускага з’езду, сябрам Рады БНР, святар пакручастага лёсу. Ягоная біяграфія заслугоўвае на асобны фільм. Трэба спадзявацца, што некалі ў Беларусі надыдуць часы, калі такая стужка з’явіцца.
Постаць кс. В. Гадлеўскага даволі вядомая, перадусім дзякуючы кнізе Андрэя Вашкевіча «Вінцэнт Гадлеўскі. Насуперак часу». Яго паплечнікі Мікалай Шкялёнак, Лявон Вітан-Дубейкаўскі і Вацлаў Папуцэвіч менш вядомыя. Іх імёнам не надавалася шмат увагі ў публікацыях і даследаваннях.
Вацлаў Пануцэвіч. Лёс беларускага мігранта-патрыёта
Вацлаў Пануцэвіч (да эміграцыі – Папуцэвіч) нарадзіўся 2 студзеня 1910 года ў вёсцы Малая Альшанка на Гродзеншчыне. У падлеткавым узросце пачаў вучобу ў гімназіі ў Гродне, а затым працягнуў яе ў вядомай Віленскай гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста. Аднак праз цяжкае матэрыяльнае становішча быў вымушаны спыніць адукацыю.
У 1934 годзе пасля здачы экзаменаў сталасці і вайсковай службы паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, аднак ужо праз год быў з яе выключаны. У 1935 – 1939 гг. вучыўся на факультэце права і грамадскіх навук Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, дзе актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху: быў сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу, а таксама супрацоўнічаў з газетамі «25 Сакавіка», «Беларуская Крыніца» і моладзевым дадаткам да яе «Студэнцкая Трыбуна».

arche.by
У 1936 годзе Папуцэвіч стаў рэдактарам газеты «Беларускі Фронт». Увага польскіх уладаў была прыцягнута да яго артыкула «Залежнасць ці незалежнасць», за які ён стаў фігурантам судовай справы. Папуцэвічу інкрымінавалі антыпольскую агітацыю і спробу падрыву тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. Ён настойваў, што «незалежнасць», пра якую ішла гаворка ў артыкуле, мела на ўвазе ідэйную аўтаномію беларускага руху ад уплыву савецкага камунізму праз Народны Фронт, а не палітычнае аддзяленне тэрыторый. Суд вынес прысуд – год зняволення з адтэрміноўкай на пяць гадоў.
Пасля суда працаваў у «Беларускім Фронце» да верасня 1939 года, але перадаў абавязкі галоўнага рэдактара кс. Вінцэнту Гадлеўскаму. З пачаткам вайны быў мабілізаваны ў 81-ы Гродзенскі стралковы полк, але ўжо 22 верасня трапіў у савецкі палон. Быў вызвалены і жыў у Горадні. У 1940–1941 гг. жыў у Гродне, дзе працаваў выкладчыкам на курсах для настаўнікаў. У гэты перыяд змяніў прозвішча на «Пануцэвіч» – мяркуецца, што гэта была спроба схавацца ад магчымай дэпартацыі ў Савецкі Саюз.
У 1941 годзе падчас нямецкай акупацыі ўключыўся ў дзейнасць Беларускага Нацыянальнага Камітэта, а ў кастрычніку быў нават прызначаны бургамістрам Гродна. Аднак з-за далучэння рэгіёна да Усходняй Прусіі пасаду не заняў. Пазней працаваў у Баранавічах у адміністрацыйнай сферы, верагодна, звязанай з адукацыяй.
Пасля вайны апынуўся ў лагеры перамешчаных асобаў у Ватэнштэдце (брытанская зона акупацыі Германіі), дзе стаў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча, якая дзейнічала да 1950 года. Пануцэвіч таксама арганізоўваў беларускі скаўцкі рух у эміграцыі. У 1946 годзе стаў кіраўніком Згуртавання Крывіцкіх Скаўтаў на Чужыне, а таксама супрацоўнічаў з выданнямі «Шляхам Жыцьця» і «Напагатове».
У 1950 годзе эміграваў у ЗША, дзе жыў у Чыкага. Стаў адным з актыўных дзеячаў Беларуска-Амерыканскага Каталіцкага Таварыства (віцэ-старшыня з 1959 года). Удзельнічаў у жыцці грэка-каталіцкай парафіі і рэдагаваў часопіс «Беларуская Царква». Уваходзіў у склад Беларуска-Амерыканскай Народнай Рады, дзе выконваў абавязкі сакратара.
Вацлаў Пануцэвіч таксама займаўся гістарычнымі даследаваннямі, пакінуўшы пасля сябе шэраг значных прац, сярод якіх:
- «Жамойдзь і Літва: розныя краіны і народы» (Chicago 1953),
- «3 гісторыі Беларусі альбо Крывіччыны-Літвы» (Chicago 1965)
- «Польская мова ў XIV–XVIII ст.ст. і каталіцкі касцёл у Вялікім княстве Літоўскім» (Chicago 1967),
- «Пачаткі хрысціянства на нашых землях з часоў Ізяслава» (Chicago 1959) .
Памёр Вацлаў Пануцэвіч 25 жніўня 1991 года ў Чыкага.
(працяг будзе)
Герман Кавалеўскі
Аўтар – выпускік гістарычнага факультэту Унівэрсітэту Казіміра Вялікага ў Быдгашчы, настаўнік гісторыі.