Pa prostu / Па-просту

  • Nimiecki „palicjant” z Plantaŭ (1)

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 26)

    Pra nimieckich palicjantaŭ z hetaj wioski (u papierach Nowaj Świdziłaŭki), szto sześć wiorst na pałudniowy zachad ad Krynak, ja ŭże pisaŭ. Zaraz jak nastali hitleraŭcy, u aŭguście 1941 r. kala dwaccaci maładych mużczyn – katolikaŭ z Planataŭ, Guraniaŭ, Barsukowiny i Padlipak pryjszli na pastarunak nimieckaj…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Пошукі і знаходкі

Ліст Янкі Маланкі да Гальяша Леўчыка

Беларускі паэт, музыкант, мастак, калекцыянер Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч; 1880 – 1944) – да сённяшніх дзён застаецца асобай загадкавай, недаследаванай і цікавай. Нарадзіўся ён 20 ліпеня 1880 годзе ў Слоніме, куды пераехаў яго бацька з-пад Ружан у пошуках „шчасця-долі ў шырокім свеце”. Гальяш скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, служыў пісарчуком у каморніка, а пасля ў канцылярыі міравога суддзі.

Набыўшы на курсах прафесію чарцёжніка, юнак падаўся ў Варшаву. Там ён уладкаваўся на працу ў будаўнічы аддзел Варшаўскага магістрата. Напачатку 1920-х гадоў  Ілья Ляўковіч спрабаваў перабрацца ў Вільню, але ў рэшце рэшт вярнуўся ў Варшаву і жыў там на становішчы то дробнага служачага, то беспрацоўнага.

З 1907 года Ілья Ляўковіч супрацоўнічаў з газетай „Наша ніва”, дасылаў вершы, якія падпісваў псеўданімам Гальяш Леўчык. „Наша ніва” моцна прывязвае варшаўскага інтэлігента да беларускай справы, уводзіць у свой актыў. У Варшаве ён збірае сродкі на пасмяротнае выданне зборніка твораў Сяргея Палуяна, шукае платную рэкламу для „Беларускага календара”, выпытвае і купляе ў збяднелых арыстакратаў Польшчы граматы, пячаткі і беларускія выданні. 

Гальяш Леўчык
Гальяш Леўчык

У Варшаве Гальяш Леўчык аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх беларусаў, аказваў бясконцыя сяброўскія паслугі новым сябрам і знаёмым: апекаваўся прыезджымі, гуртаваў у зямляцтва, каб не прапалі ў вялікім горадзе і не забыліся беларускай мовы. А ў вольны час займаўся творчасцю: пісаў вершы, перакладаў з польскай і рускай моў, апрацоўваў беларускі фальклор. 

У 1912 годзе ў Вільні выходзіць яго першы зборнік вершаў „Чыжык беларускі”. А ў 1980 годзе беларускі літаратуразнавец Янка Саламевіч сабраў і апублікаваў асобнаю кнігай некаторыя выбраныя творы Гальяша Леўчыка пад загалоўкам „Доля і хлеб”. Яны выйшлі да 100-годдзя паэта.

Жывучы ў Варшаве, Гальяш Леўчык вельмі хацеў выдаць яшчэ некалькі сваіх кніжак. А выдаваць у яго было што. Найперш ён хацеў выпусціць свайго „Чыжыка беларускага” кірыліцай. Падрыхтаваў да друку зборнік 138 трыялетаў „Мудра прыгаворка – соладка і горка”. Марыў, каб выдаць на беларускай мове папулярныя ў тыя гады польскія і рускія песні ў сваім перакладзе, а таксама паэму „Дзяды” Адама Міцкевіча па-беларуску. Напісаў і падрыхтаваў да друку новы свой паэтычны зборнік „Жаўранак беларускі”, а таксама брашуру сатырычных карыкатур. 

На ўсе гэтыя выданні ён па крупінцы, амаль галадаючы, збіраў у Варшаве злотыя. Збіраў і высылаў іх у Вільню выдаўцам, дамаўляўся з імі, загадзя плаціў ім, а яны так і не надрукавалі ніводнай яго кнігі ў тыя 1920-я гады. Віленскія выдаўцы ашуквалі Гальяша Леўчыка сваімі абяцаннямі, а ён ім верыў, чакаў, дасылаў лісты, просячы іх, раючыся з імі, як найлепш выдаць той ці іншы зборнік, а таксама аддаваў ім апошнія злотыя, і з надзеяй чакаў сваіх кніг. Але гэтыя надзеі былі марныя. Нахабныя віленчукі, такія як Уладзіслаў Знамяроўскі, не рэагавалі на яго лісты і просьбы. Магчыма яны добра ведалі, хто такі быў Гальяш Леўчык, ведалі, што гэта даволі сціплы, безабаронны, адзінокі, трохі наіўны і добры беларус у Варшаве. Пра яго Зоська Верас пісала, што „ён меў шмат плюсаў: быў вельмі таварыскі, спагадлівы, услужлівы. Гатовы кожнаму памагчы, увайсці ў палажэнне. Ніколі не шкадаваў свайго часу, калі трэба было яго ахвяраваць не толькі для нейкай важнай справы, але нават для прыемнасці. Сам поўны жыццёвай энергіі, лічыў сваім абавязкам быць знаёмым з усімі беларусамі, што прыязджалі ў Варшаву, і заўсёды быць з імі у кантакце. Разумеецца, заўсёды падтрымліваў адносіны з Вільняй”. (Зоська Верас, Я помню ўсё, Гародня – Wrocław 2013, с. 28).

Янка Маланка
Янка Маланка

Але віленчыкі крыўдзілі Гальяша Леўчыка. Гэта па іх віне мы не трымаем сёння ў руках тыя выданні і творы беларускага літаратара, якія ён тады напісаў і хацеў выдаць. Многія з іх згубіліся. Толькі засталіся факты пра выдавецкія пакуты Гальяша Леўчыка. У Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага (адз. зах. КП5368/Д1842 – КП5382/Д1855) захоўваюцца лісты Гальяша Леўчыка, напісаныя ім у 1926-1928 гадах да беларусаў у Вільню.

Жывучы ў Варшаве, паэт найперш вельмі хацеў выдаць свае трыялеты і шукаў выдаўца. І ён яго знайшоў у асобе Уладзіслава Знамяроўскага. Больш таго, у кастрычніку 1927 года паэт заключыў з ім і яго жонкай Марыяй Знамяроўскай пісьмовую дамову на выданне беларускіх кніжак пад фірменным знакам „Кніжніца”. Аднак выдаць нічога не атрымалася. Знамяроўскі, атрымаўшы ад Леўчыка 400 злотых на выданне зборніка трыялетаў, перастаў пісаць лісты да яго. І ў пісьме ад 30 лістапада 1927 г. паэт абрушыўся на выдаўца за тое, што хоча разваліць „Кніжніцу” і за тое, што не хоча друкаваць творы.

Праз дзесяць дзён прыслаў адказ Знамяроўскі. Ён паведамляў, што затрымка выйшла з-за таго, што завод не адліў новы шрыфт, а стары не варта набіраць. Нарэшце шрыфт быў куплены. І Знамяроўскі ў пісьме ад 16 красавіка 1928 года пісаў Леўчыку, што паслаў яму карэктуру трыялетаў, а дагэтуль яшчэ назад не атрымаў. У наступным пісьме ад 22 красавіка Знамяроўскі просіць Леўчыка прыслаць яму 100 злотых на паперу, якая закладзена ў банку, і на паперу на вокладку, а „то кніжка будзе ляжаць да канца свету”. Пры гэтым Знамяроўскі зганьбіў трыялеты Леўчыка.

Тады паэт звяртаецца па дапамогу да Янкі Маразовіча, Ігната Дварчаніна, Ігната Мятлы, Міколы Шылы і іншых віленскіх сяброў. Ён піша ім, што Знамяроўскі выпрасіў яшчэ 25 злотых, а кніжку дагэтуль не выдае. Леўчык просіць, каб яны знайшлі якуюсь раду на „шахрая Знамяроўскага, які тады енчыў перада мною, што няма работы і няма з чаго жыць”.

Невядома, ці дапамаглі сябры Гальяшу Леўчыку вярнуць грошы, ці не. Але кнігі яго ў Вільні так і не пабачылі свет. Акрамя адной, першай, – у 1912 годзе. Шырокія планы і цікавыя задумкі былі ў слонімскага паэта Гальяша Леўчыка, але вельмі малыя магчымасці. 

Прапаную чытачам „Czasopisu” невядомы раней ліст беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, настаўніка і мастака Янкі Маразовіча (1895-1938) да Гальяша Леўчыка. Янка Маразовіч (псеўданімы Янка Маланка і Ляо Дзэ) быў рэдактарам сатырычнага часопіса „Маланка”. Добра ведаў выдавецкую справу. Ліст да Гальяша Леўчыка Янкам Маланкам быў напісаў у 1930-х гадах.

Сяргей Чыгрын

 

Даражэнькі Гальяш!

Даруй, што адразу па прыездзе з Варшавы ў Вільню не ўзяўся за працу і не адпісаў табе. Сталася гэта не па маей прычыне. Перш не было Дварчаніна, быў ён тыдзень дома ў Слонімшчыне, а пасля няшчасце сталася з Шылам. Мо ён казаў табе, што яго зноў судзілі і далі тры месяцы за старую рэдакцыйную справу, дык вось цяпер прыйшоў час адбываць кару, але Шыла дабравольна ісці не хоча і дзесьці хаваецца ў Вільні, нават, дзе хаваецца, не знаю.

Больш тыдня была зачынена яго кватэра і я не змог туды забрацца. Толькі ўчора ўдалося адчыніць Шылавы пакоі, доўга я капаўся ў яго кніжках і паперах, якія былі хаатычна раскіданы ўсюды, вядома, як у Шылы.

Нарэшце сёння я знайшоў твае рукапісы, друкаваныя на машынцы (але чаму на абедзьвох старонках?) ёсць там так:

  1. Я: „Ляксюк”, з мянюшкі – „Лякса”!
  1. Я: „мастак” – Дубей-Какоўскі!
  1. Я: „Больш-Славы” – „князь” Святлейшы!
  2. Я: „есьм” – „слаўны” Паўлюкевіч! І ўсё. Не ведаю, ці гэта ўсё, бо больш нічога не знайшоў.

Калі ўсе, дык адпішы, а я тым часам сабяру ўвесь матэрыял „сатыраў” тваіх, якія я маю і схаджу да друкарні даведаюся аб цану ўсяго выдання. Калі трэба рысункі да сатыраў, дык я дам з „Маланкі”, але крыху пераробленыя, але затое прыйдзецца плаціць мастаку за пераробку і за клішэ, бо гатовых клішэ ад „Маланкі” ніяк не магу даць.

Каля 18-га гэтага месяца адпішу табе падрабязна, колькі будзе каштаваць усё выданне (1000 экз.), у каго будзе друкавацца і калі будзе гатова. Першую карэкту ахвотна вышлю табе на перагляд. 

Твае „Трыялеты” я аддаў Знамяроўскаму, што ён з імі робіць, не ведаю.

Ад Дварчаніна я атрымаў тым часам ўсяго 30 злот, гэткім чынам я маю ад цябе 40 злот. Вось і ўсё.

Жадаю памыснасці ў працы. 

Твой Янка.

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у ліпені-жніўні

    – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія. – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (345) – 25.08.1680 г. у Маскве памёр Сімяон Полацкі (нарадзіўся 12.12.1629 г. у Полацку), беларускі паэт і асьветнік, рэлігійны дзеяч.
  • (93) – 25.08.1932 г. у Крушынянах на Беласточчыне нар. Пятрусь Макаль, пісьменьнік; выдаў каля 20 кніжак паэзіі. Памёр 31.08.1996 г. у Менску.
  • (34) – 25.08.1991 г. надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савету БССР надала канстытуцыйны статус Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Спыніла дзейнасьць камуністычнай партыі.
  • (34) – 25.08.1991 г. памёр у Чыкага Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч), настаўнік, грамадзкі дзеяч (нар. 2.01.1910 г. у Малой Альшанцы Гродзенскага пав.).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com