Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    24. Dochtar Maroz (6)

    U archiwie IPN kromie dakumentaŭ UB majuć jaszcze druhuju dakumentacju – z Wajskowaho rajanowaho sudu ŭ Biełastoku, dzie krychu bolsz infarmacjaŭ pra sprawu Wacława Maroza. Baraniŭ jaho adwakat Alaksandar Saroka z Warszawy. 26 kwietnia 1950 r. jak obrońca wojskowy pasłaŭ da suda ŭ Biełastoku piśmo,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

З жыцця дыяспары

Апынуліся ў цудоўным месцы на Падляшшы

У параўнанні з іншымі беларусамі, якія пераехалі жыць у Польшчу, сям’я нашых сённяшніх герояў, Марка і Аксаны шмат у чым незвычайная. Справа ў тым, што замест буйных гарадоў яны выбралі вёску на Падляшшы, дзе набылі драўляную хату і адбудоўваюць яе згодна з мясцовымі традыцыямі.

Маладыя людзі паходзяць з беларускага Палесся, а зараз жывуць у Дубічах Царкоўных і займаюцца традыцыйнымі рамёствамі. Марк займаецца бортніцтвам, а таксама робіць калоды для пчол, такія самыя, як калісці рабілі яго дзяды і прадзяды. Пчолы, якіх трымае сям’я, жывуць менавіта ў такіх калодах і частуюць гаспадароў дзікім мёдам. Разам муж з жонкай робяць дэкаратыўныя вырабы з керамікі, але часам, для душы ці ў падарунак, Аксана вырабляе таксама розныя простыя ўжытковыя рэчы. Дзяўчыне ў гэтым дапамагае муж, калі справа патрабуе фізічнай сілы.

Дом нашых герояў у Цялушках Фота з архіва Аксаны і Марка
Дом нашых герояў у Цялушках
Фота з архіва Аксаны і Марка

Маладыя людзі жылі ў Польшчы ў некалькіх месцах, але канчаткова вырашылі пасяліцца на Падляшшы, у якое літаральна закахаліся.

– Адразу пасля пераезду мы жылі ў іншым месцы – дзеліцца ўспамінамі Аксана – але вельмі сумавалі па аўтэнтычным беларускім быту і таму пераехалі сюды, каб бачыць сапраўдную жывую прыроду, чуць спевы птушак, выходзячы на падворак, і быць побач з людзьмі, што разумеюць твой „культурны код” і самі ў ім знаходзяцца. 

Марай сям’і было набыццё сваёй уласнай хаты. Аксана з Маркам адшукалі яе ў вёсцы Цялушкі ў даліне ракі Нараў. Восенню 2023 года яны распачалі працэс набыцця, а з мінулага года сталі яе гаспадарамі.

– Чаму менавіта гэтае месца? Перад усім, з-за яго падабенства з роднымі мясцінамі – працягвае распавядаць дзяўчына – гэта было галоўным, а не стан будынку. Аднак хата, збудаваная ў 1960-я гады, была моцная, а яе сцены былі з выдатнага пушчанскага лесу.

Муж з жонкай дадаюць, што вельмі ўдзячныя папярэднім гаспадарам, за тое, што пачакалі з афармленнем дакументаў, бо неграмадзянам Польшчы дастаткова цяжка атрымаць дазвол на набыццё зямлі. Пакуль што Аксана з Маркам не могуць пастаянна жыць у Цялушках, бо павінны зрабіць у хаце грунтоўны рэмонт, але прагнуць як мага хутчэй туды пераехаць, бо кажуць, там нават паветра здаецца родным.

Зараз дом аббіты шалёкай, пафарбаваны і накрыты металічнай дахоўкай. Маладыя людзі вымушаны былі разабраць стары комін і печ-грубку, бо яны былі непрыдатныя да ўжытку. Таксама яны плануюць падняць дах у шопцы, зрабіўшы з яе такім чынам працяг хаты, і пераўтварыць яе ў асобны пакой. Дзяўчына прызнаецца, што набыццё хаты патрабавала „выцягнуць касу з кішэні”, таму рэмонт яны з мужам робяць сваімі сіламі, Марк рэгулярна прыяжджае ў Цялушкі, начуе там і працуе.

Унутры хаты перад рамонтам Фота з архіва Аксаеы і Марка
Унутры хаты перад рамонтам
Фота з архіва Аксаеы і Марка

За паўгады маладзёны таксама пачысцілі сцены ўнутры, зараз яны „голыя”, драўляныя. Аксана з Маркам хочуць іх пачысціць, прамасліць і пакінуць у такім выглядзе, бо натуральнае дрэва выглядае вельмі прыгожа. Таксама Марк сарваў старую падлогу, бо яна была ў кепскім стане, а пад ёй жылі мурашы. Зараз падлогу залілі сцяжкай, далей будуць усталёўваць „цёплую падлогу” і накрываць драўлянай дашкой.

А вось з арыгінальнымі драўлянымі вокнамі маладзёны нічога рабіць не збіраюцца, бо яны вельмі якасныя і ў іх нават не трасуцца шыбы, хочуць толькі зрабіць акенніцы-ліштвы і аздобіць нарожнікі. Па словах Аксаны, рабіць яшчэ трэба шмат чаго: „Патрэбна абсталяваць лазенку, кухню, вырашыць пытанне з ацяпленнем. Дзеля гэтага трэба знайсці печніка, якіх у гэтых мясцінах называюць „здуны”, каб зрабіў печку па нашаму праекту. Мы хочам сумясціць традыцыйны падляшскі кафлявы печ з тымі элементамі, што ёсць у Беларусі. У выніку павінна атрымацца традыцыйная печ-грубка, у якой будзе ўмуравана хлебная печ, у якой я хачу выпякаць хлеб ці піццу. Печ абавязкова павінна быць выкладзена белай кафляй, як гэта звычайна робяць на Падляшшы. Але добрыя „здуны” распісаныя на цэлы год! Калі не атрымаецца знайсці чалавека, будзем самі рабіць, але ад гэтага праекта не адмовімся”.

Аксана падкрэслівае, што для яе і для Марка вельмі важна захаваць аўтэнтычнасць будынку: „Калі ты будуеш, мясцовыя людзі табе па-трошкі пазнаюць. Вось аднойчы прыходзіў дзядуля ды пажартаваў: „От бы Юзік вам надаваў, каб пабачыў, што вы тут нарабілі!” А мы тады акурат разбіралі печку, бо вымушаныя былі зрабіць такі крок. Іншых радыкальных пераўтварэнняў мы не збіраемся рабіць.Наадварот, мы з мужам хочам, каб наш дом працягваў упісвацца ў мясцовую рэчаіснасць, таму будзем імкнуцца захаваць усё тое, што магчыма. І, зразумела, мы катэгарычна супраць пластыку, дабудовак з блокаў, абшыўкі сцен гіпсакартонам, усяго таго, што парушае трыдыцыйны ўклад і архітэктуру. Калі  мы сюды прыехалі, то павінны падтрымаць гэты край, быць натхненнем для іншых, хто хоча тут будавацца, бо калі робіш нешта ў старой вёсцы, то маеш абавязак не псаваць таго месца, што абраў да жыцця”.

Што тычыцца інтэр’еру сваёй хаты, то маладыя людзі плануюць, каб ён змяшчаў традыцыйныя элементы, такія як печ, з сучаснымі выгодамі, да якіх прывык чалавек у ХХІ стагоддзі. Разам з хатай новым гаспадарам дастаўся таксама стары куфар, а ў ім тканыя пакрывалы. Хлопец з дзяўчынай захавалі іх, кажучы, што жанчыны, якіх выраблялі гэтыя рэчы, укладвалі ў гэта сваю душу. Таксама дзяўчына плануе аздобіць пакоі і будучую керамічную майстэрню рэчамі, прывезенымі сябрамі і сваякамі з Беларусі: вышыўкамі, рушнікамі, сурвэткай з блакітнымі кветкамі, якую перадала ёй бабуля.

– Мы апынуліся ў цудоўным месцы, дзе жывуць файныя людзі – перакананыя Аксана з Маркам – суседзі нас часта пытаюць, калі ўжо канчаткова пераедзем. І нам вельмі хочацца як мага хутчэй быць разам з імі, быць часткай спакойнага вясковага жыцця, апынуцца ў сваіх сцянах, сесці на сваёй канапе, паставіць на пліту чайнік. Спадзяёмся, у бліжэйшым часе гэта адбудзецца”.

Ад рэдакцыі пажадаем маладой пары плённай працы і ажыццяўлення іх планаў.

Сяргей Александровіч

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у чэрвені

    – у 1519 г. Францыск Скарына выдае ў Празе Кнігу Руф, Кнігу Эсфір, Кнігу Плач Іяэміі. – 28.06.1660 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і польскія разбілі каля вёскі Палонка Слонімскага павету войскі расейскага агрэсара (камандуючы Іван Хаванскі). – 7.06.1825 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (68) – 18.06.1957 г. у Маскве памёр Вітальд Бялыніцкі-Біруля (нар. 29.02.1872 г. у Крынках каля Бялыніч), жывапісец-пэйзажыст, у 1889-1896 гг. вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідзтва. Пахаваны на Новадзевічых могілках у Маскве.
  • (64) – 18.06.1961 г. у Беластоку памёр Ян Тарасевіч – піяніст, кампазытар, пэдагог, настаўнік м.інш. Ежы Максымюка. Нарадзіўся 23.09.1883 г. у Саколцы, дзе і пахаваны на праваслаўных могілках. Кнігу яму прысьвяціла журналістка «Нівы» Ганна Кандрацюк – „W stronę Tarasiewicza”.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com