Уладзімір Зуеў, беларускі вучоны-эколаг, ужо некалькі гадоў жыве ў Польшчы і займаецца навуковай дзейнасцю, што знаходзіцца на стыку геаграфіі, экалогіі і менеджмэнта. Але апрача галоўнай дзейнасці ён ладзіць экскурсіі па польскай сталіцы і здымаецца ў серыялах.
У сябе на радзіме беларус узначальваў грамадскую арганізацыю „Неруш”, што была зачынена ў Беларусі ў 2022 годзе. Стваральнікі арганізацыі ўдзельнічалі, сярод іншага, у агульнаеўрапейскіх праектах па ахове навакольнага асяроддзя. Так, напрыклад, у рамках кааліцыі „Чыстая Балтыка”, якая аб’ядноўвае дванаццаць еўрапейскіх дзяржаў у басейне Балтыйскага мора, нерушаўцы рэалізоўвалі водную праграму, адной з кірункаў якой было назіранне за малымі рэкамі, пошук крыніц, а таксама падтрымка лакальных праграм па іх ахове.
Зараз даследчык разлічвае працягнуць экспертную працу ў Польшчы і даць сваёй арганізацыі другое жыццё. Дзеля гэтага ў сакавіку мінулага года ён зарэгістраваў фундацыю „Неруш-Натура”. Ужо гэтым летам нерушаўцы плануюць у рамках „Чыстай Балтыкі” прымаць удзел у палявых даследаваннях на польскай тэрыторыі.
„Зараз арганізацыя праходзіць перыяд станаўлення, які мы прайшлі ў Беларусі з 1997 года, – кажа Уладзімір Зуеў, – дзеля гэтага яна павінна набыць свядомасць не толькі сярод беларусаў-эмігрантаў, але і сярод мясцовых жыхароў, эка-актывістаў і іншых грамадскіх арганізацый”.
Каб зарабіць аўтарытэт у Польшчы, даследчык з калегамі імкнуцца ўдзельнічаць у валанцёрскіх праграмах, супрацоўнічаюць з польскімі партнёрамі. У мінулым годзе беларускія эколагі праводзілі анлайн-лекцыі пра гарадскую прастору і падземныя воды, удзельнічалі ў акцыі па прыбіранні берага Віслы ў Варшаве, а таксама праводзілі нефармальны „клуб шапаголікаў” для людзей, што хочуць стаць больш ашчаднымі і лепш уплываць на наваколле, не набываючы непатрэбных рэчаў. Як кажа, даследчык, вельмі цікава для яго ўдзельнічаць у семінарах і канферэнцыях у сферы польскай і агульнаеўрапейскай экалагічнай палітыкі, матэрыялы якіх у будучыні могуць стаць карыснымі для Беларусі.
Але навуковая праца – не адзінае, што цікавіць Уладзіміра. У Польшчы ён спрабуе рэалізаваць сабе таксама як гід і ўжо амаль год ладзіць для ўсіх жадаючых экскурсіі па Варшаве.
„Я жыву зараз у Макатове, – распавядае беларус, – гэта раён з багатай гісторыяй, мне ўдалося знайсці цікавыя кнігі і стварыць некалькі экскурсійных маршрутаў па яго вуліцах. Было вельмі прыемна, што на экскурсіі збіраліся групы нават да 25 чалавек”.
Але, прызнаецца даследчык, эскурсіі для яго хутчэй з’яўляюцца заняткам для душы і спробай паказаць сувязь польскай і беларускай гісторыі, шукаючы гістарычныя факты, што аб’ядноўваюць два народы.
Яшчэ адно хобі Уладзіміра – удзел у кіназдымках. Ён кажа, што марыў аб гэтым даўно, але ажыццявіць свае планы атрымалася толькі пасля пераезду ў польскую сталіцу.
Каб трапіць на здымачную пляцоўку, успамінае наш суразмоўца, яму давялося зарэгістравацца ў некалькіх групах на Фейсбуку. Для яго было трохі нечакана, што кіназдымкі аказаліся даволі цяжкай і працяглай працай. Напрыклад, сцэна ў серыяле Круцыята-2, дзеля якой ён правёў на пляцоўцы цэлы дзень, заняла ў выніку ўсяго паўтары секунды. Яшчэ Уладзімір ганарыцца здымкамі ў другім сезоне камедыйнага серыялу „1670” і кажа, што некаторыя сцэны прыходзілася пераздымаць шмат разоў, бо яны былі настолькі смешнымі, што смяяліся нават акцёры.
Сяргей Александровіч