Я ўраджэнец Новага Ляўкова Нараўчанскай гміны Гайнаўскага павета. Калядаваць хадзіў, калі ўжо заканчваў вучобу ў Пачатковай школе ў Старым Ляўкове, — тады была яна сямігадовая. І тады, калі пасля вучыўся ў Гайнаўскім агульнаадукацыйным ліцэі.
Калі ўпершыню мы пастанавілі ісці калядаваць, было нас шэсць асоб: трох хлапчукоў (у тым ліку я і мой малодшы брат Кастусь) і тры дзяўчыны з нашай вёскі. Мой бацька зрабіў нам вялікую прыгожую з іконкай і ангеламі гвязду. Мы вельмі цешыліся і чакалі Ражджаства Хрыстовага. Падчас зімніх канікул усе мы збіраліся вечарамі то ў нашай бацькоўскай хаце, то ў хатах нашых сябровак і сяброў. Як маем спяваць, вучылі нас нашыя бацькі. Мы ахвотна вучыліся слоў і мелодый святых песень.
І вось прыйшоў той доўгачаканы дзень калядавання. Мы выйшлі з дому пад вечар. Была снежная і даволі марозная зіма. На дарозе галалёдзіца. Гвязду нёс мой бацька. Мы баяліся, каб яе не пабілі нам старэйшыя каляднікі з суседніх вёсак. А ў тыя гады не бракавала хуліганаў. І часта білі гвязды адны другім, найчасцей калі спаткаліся каляднікі ідучыя адны з аднаго канца вёскі, а другія з другога (і апрача таго, калі былі з іншай далёкай вёскі) і выйшлі насупраць сябе з таго ці іншага панадворка. Бывала, не хацелі адны другім саступіць з дарогі і тады давай, хто каго сілком пераможа. Найперш вырывалі гвязду з рук таго, хто яе нёс. Здаралася, што біліся нават без дайпрычыны. Хуліганы і толькі! Ну вось мы вам пакажам, дзе ракі зімуюць.
Хаты тады былі драўляныя і невысокія. Мы падыходзілі пад самае вакно і „дазваляліся” канчаючы словамі пець ілі нет (спяваць ці не). Гаспадары прымалі каляднікоў ахвотна, але не ўсе запрашалі іх у хату. Калі дома былі малыя дзеці — каб холаду не напусцілі. Мы тады спявалі песні толькі з багагласніка, між іншым, „Нова радасць стала”, „Дзіўная навіна”, „Я умом хадзіла”, „Бог предвечный”, „Скінія залатая” і „Рожджество Хрыстово”.
У хату пускалі, калі гаспадар меў многа гасцей. Талы спявалі каляднікі і далучаліся да іх застольныя госці. Ахвотна заходзілі мы ў хату-плябанію да настаяцеля праваслаўнага прыходу ў Старым Ляўкове. На Каляды ў бацюшкі часта былі госці. Яны таксама нас шчодра дарылі. Вядома, калі мы добра заспявалі і наш спеў ім спадабаўся.
Калі ўпершыню пайшлі мы калядаваць у 1958 годзе, некаторыя гаспадары давалі нам не грошы, а булку пірага або каўбасу. Мы загадзя мелі з сабою торбу. Мы пайшлі з гвяздай першы раз і былі вельмі задаволеныя, бо нічагавата сабе грошай зарабілі. Гэта, між іншым, заахвоціла нас хадзіць калядаваць і ў наступныя гады. І мы хадзілі. За гэта хвалілі нас вясковыя суседзі.
Прайшлі гады. Зараз некаторых нашых сяброў і сябровак, з якімі я і мой брат хадзілі калядаваць, няма ўжо ў жывых. Мы ў святочны калядны час наведваем іх магілы на новаляўкоўскім парафіяльным могільніку. Іх не забываем. Захоўваем у глыбокай памяці. А я вось напісаў такі ўспамін.
Чатыры гады таму майму брату Кастусю Таварыства „Ятрышнік” у Лешуках і Гмінны асяродак культуры ў Нараўцы выдалі зборнік вершаў пад загалоўкам „Сярод сваіх” – 70 вершаў з нагоды 70-годдзя ягонага жыцця. Ёсць у ім, між іншым, верш пад загалоўкам „Ражджаство Хрыстова”. Вось некаторыя радкі з яго:
А пад вечар каляднікі
з гвяздай весела ішлі,
людзям калядкі спявалі
многіх летаў ім жадалі.
Рэха таго колішняга нашага калядавання ўсё жыве ў нас, новаляўкоўцаў. І традыцыя яго ў Новым Ляўкове і яго наваколлі прадаўжаецца надалей. І зараз прыходзяць каляднікі з гвяздай або з іконкай у руках. Мы ім вельмі рады. Прымаем іх, як калісьці рабілі гэтак нашыя бацькі і дзяды.
Янка Целушэцкі
На здымках Каляднікі з гвяздай у Новым Ляўкове