Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Вясковая адзінота

Золата жоўтае і чорнае

Віця і Юлька
Віця і Юлька

Юлька і Віця абсалютна розныя людзі і нават наўрад ці ведаюць пра існаванне адзін аднаго. Яна жыве ў вёсцы і ездзіць у горад на працу, бо робіць медсястрой у раённым шпіталі, ці па тэрміновых справах. Гарадскога жыцця не зносіць, гаворачы што там занадта шумна. Юлька ўжо некалькі гадоў як страціла надзею пайсці замуж, кавалеры раней трапляліся, спрабавалі яе знаёміць сяброўкі з працы ды сваякі, але ні з адным хлопцам не зыходзілася характарам. Зараз Юлька жыве са старой маці і каб не было адзінока, трымае двух катоў. Серыялаў па тэлевізары яна не глядзіць, ужо шмат гадоў не выбіраецца ў падарожжы ці ў адпачынак у санаторый. Калі сястра прапаноўвае куды-небудзь паехаць, Юлька аднекваецца. Кажа, што няма ані грошаў, ані жадання, ды й увогуле, калі працуе ў гародзе, то такім чынам адпачывае ад працы, бо мяняе абстаноўку. Адзіная, бадай, яе разрыўка, апрача катоў, гэта замаўляць сабе час ад часу па інтэрнэце модныя абноўкі – вопратку ці абутак. Аднак, апрача нядзельнай імшы, на якую Юлька ходзіць рэгулярна, надзяваць гэта ўсё асабліва няма куды. Ну і яшчэ зрэдку прыязджае да яе з горада сястра са шваграм і з малым пляменнікам. Калі малы спіць, дзяўчыны дзеляцца паміж сабой апошнімі плёткамі. 

Віця, у сваю чаргу, гарадскі хлопец. У школе вучыўся дрэнна, асабліва нічым не цікавіўся. Зараз працуе звычайным рабацягам на заводзе. Па знешняму выгляду цяжка зразумець, колькі Віцю гадоў, трыццаць ці пяцьдзясят, на твары ў яго глыбокія маршчыны, ён амаль заўсёды дрэнна выгалены і ў не вельмі чыстай вопратцы. Гэта і не дзіўна, калі браць пад увагу Віцеў лад жыцця і колькасць спажыванага ім алкаголю. Пра сям’ю ён ніколі не распавядае, але калі ўспомніць сказанае вышэй, хутчэй падумаеш, што Віця нежанаты або разведзены.

Аб’ядноўвае Юльку і Віцю толькі адно. Як летам ці на пачатку восені ёсць грыбы і ягады, абое ў вольным часе едуць туды, каб іх збіраць. Аднак Юлька едзе на ровары і збірае толькі ягады, бо лес побач з вёскай і збірае адны чарніцы. У грыбах яна не разбіраецца і грыбных месцаў не ведае. Віця ж дабіраецца ў лес з горада адным з першых цягнікоў, каб паспець сабраць як мага больш. Збірае грыбы і ягады. 

„Золата” жоўтае...
„Золата” жоўтае…
... і чорнае
… і чорнае

Мэты ў гэтых двух людзей адрозніваюцца. Юлька ягад ніколі не прадае. Яна ўстае зранку, бярэ з сабой ваду і скромны перакус – каўбасу, хлеб, пару памідораў ды агуркоў – каб падхарчавацца. Перад лесам абавязкова апырскае вопратку сродкам ад камароў і кляшчоў. Юлька ўвогуле баіцца хвароб ці інфекцый, таму нават летам цёпла апранаецца. Калі знаходзіць добрую паляну, затрымліваецца там і збірае ягады, пакуль не набярэ поўнае вядро. Потым увечары перабірае і перамывае ягады і перацірае іх з цукрам, на зіму. Пару слоікаў аддае сястры ці частуе, калі тая прыязджае ў госці. 

Віця збірае выключна на „рэалізацыю”, то бок каб потым здаць у прыёмным пункце. Таму яго цікавяць выключна чарніцы і „таварныя” грыбы – баравікі і лісічкі. Віця ахвотна расказвае пра свае поспехі амаль кожнаму, з кім зачэпіцца языком у цягніку ці па дарозе дамоў: „Зараз чарніцы каштуюць па тры рублі за кіло, а я за дзень паспяваю да 3,5 кілаграмаў сабраць. Плюс яшчэ лісічкі. А чаго? За дзень па 20-30 рублёў (каля 24 – 36 злотых) выходзіць, неблагія грошы!”

З цягніка ён накіроўваецца прама ў лес, збірае там да абеду, вяртаецца на станцыю, каб збыць здабычу. Затым ён купляе ў краме цыгарэты, бо да абеду паспявае выкурыць усю пачку і зноў ідзе ў лес, дзе збірае да самага вечара. Увечары зноў прадае тое, што паспеў сабраць, і вяртаецца ў горад, калі на вуліцы ўжо становіцца цёмна. У прывакзальнай краме Віця адразу траціць большую частку заробленага на гарэлку ці на „бырла” (так у народзе называюць таннае, але моцнае пладова-ягаднае віно). Напіваецца найчасцей каля самой крамы, не паспяваючы вярнуцца да хаты. Неаднойчы Віцю, ужо добра падпітага, затрымлівалі міліцыянты. Але ён не надта моцна гэтым фактам пераймаецца. Чым Віця займаецца, акрамя працы, лесу ды п’янкі, дакладна невядома. Кажа толькі, што зрэдку ходзіць на рыбалку, калі грыбоў і ягад няма.

Вось так абое і жывуць.

Сяргей Александровіч

Фота аўтара

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (87) – 22.10.1937 г. расстраляны Лукаш Калюга (Канстанцін Вашына), нар. 27.09.1909 г. у Скварцах каля Койданава, пісьменьнік.
  • (87) – 22.10.1937 г. расстраляны Флярыян Ждановіч, беларускі акцёр і рэжысёр (нар. 28.10.1884 г. у Менску). Закончыў драматычную школу ў Варшаве (1902), арганізаваў беларускія спектаклі і Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў 1917 г. У 20-ыя гг. быў першым мастацкім кіраўніком і акцёрам Беларускага Дзяржаўнага Тэатру (БДТ-1) у Менску. У 1930 г. арыштаваны і сасланы на прымусовую працу на Беламорканал.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis