
Гэтай вясной неяк незаўважна мінула вось 35 гадоў з выхаду першага нумару „Часопіса”. Мы як рэдакцыя не ў сіле спраўляць юбілеі, але нават у буйных выданнях выйшла гэта ўжо з моды. Учора, праўда, сваё 40-годдзе ўрачыста адзначаў „Przegląd Prawosławny”. Яго выдавец – Фонд Князя Канстанціна Астрожскага атрымаў на гэта грошы (10 тыс. зл.) з бюджэту горада Беластока. Урачыстасці прайшлі ў Беластоцкім лялечным тэатры, а пасля ў Цэнтры праваслаўнай культуры адбылася вячэра для ўдзельнікаў. Я быў таксама запрошаны, аднак іншыя справы не дазволілі мне там быць. Тым не менш віншую сяброў з „Przeglądu” з юбілеем і жадаю іх праваслаўнаму выданню існаваць чарговыя гады ў на жаль штораз больш неспрыяльных умовах, якія наш беларускі штомесячнік яшчэ мацней кранаюць.
Але калі вяртаюся цяпер думкамі да першага нумару „Часопіса”, уяўляю сабе, як шмат адбылося з таго часу, калі ён пабачыў свет. А было гэта ў красавіку 1990 г., пад Вялікдзень. З сябрамі выпусцілі мы першы – сігнальны – нумар, які яшчэ праходзіў праз камуністычную цэнзуру, якая тады ўжо канала. Нумар той з выдавецкага боку быў даволі сярмяжны, але ў тэкстах адчуваўся свежы подых энергіі. У нас сапраўды было тады шмат тэм для артыкулаў і думак наконт развіцця выдання, што ў значнай меры нам і ўдалося. Але мы і не думалі, што заснавалі выданне, якое ператрывае ажно трыццаць пяць гадоў. Разлічвалі, што наша выдавецкая прыгода скончыцца ўсяго на некалькіх нумарах. А тое, што я стану галоўным рэдактарам і буду ім звыш трыццаці гадоў, мне нават не снілася. Наогул „Часопіс” гэта проста феномен, гледзячы на ўвесь час сціплыя фінансавыя ўмовы і ўслед здаўна практычна бясштатны кшталт рэдакцыі. Не ведаю іншага такога выдання, якое змагло б існаваць такім чынам.
Мне як рэдактара ўвесь час найбольш непакоіць паступовы спад чытання прэсы. На пачатку выпускалі мы ў некалькі больш паасобнікаў чымсьці цяпер. І хаця гэта агульная з’ява, мы яшчэ не здаёмся. Увесь час маем кола верных чытачоў, якое, вядома, меншае, але не так зноў і рэзка. Вакол „Часопіса” згуртавалася шмат аўтараў, паяўляюцца таксама новыя. Ужо сёмы год маем прыстойны сайт у Інтэрнэце, яшчэ старонку ў Фейсбуку з 1,6 тыс. падпісчыкаў. Аднак з увагі на ўсё-такі элітны і вузкі характар выдання ў сучасным свеце цяжэй і цяжэй дайсці нам да чытачоў. Таму з сябрамі з рэдакцыі нядаўна грунтоўна мы абмяркоўвалі чарговы ўжо раз, што рабіць, каб праіснаваць. Асабліва каб не загінуць ў космасе Інтэрнэту. На шчасце ўжо некалькі гадоў маем супрацоўніка, які ёсць спецыялістам у гэтай галіне. Ягор з’ехаў з Беларусі і жыве цяпер у Польшчы. На маю просьбу яшчэ больш заангажаваўся, каб нам цяпер дапамагчы. Між іншым запусціў стужку з артыкуламі з „Часопіса” яшчэ ў Тэлеграм-канале (https://t.me/czasopis). Паколькі гэта самы папулярны камунікатар для людзей з Беларусі, як у нас Фейсбук, такім шляхам паспрабуем шырэй дайсці да беларускай дыяспары ў Польшчы і ў свеце.
Ягор слушна заўважыў, што тэксты на сайце павінны быць свежыя, а яшчэ лепш анансаваныя. Бо пасты ў нас з папяровай версіі, якія выходзяць са спазненнем 1-2 месяцаў. Я, вядома, растлумачыў, што ў нас сціплыя ўмовы – няма за што і няма каму Czasopis.pl рабіць больш дынамічна і на бягуча ставіць там матэрыялы. Але навіны гэта не ўсё, бо 70 прац. зместу – публіцыстыка, рэпартажы і артыкулы, якія актуальныя ўвесь час, нават пасля многіх гадоў. А калі гаварыць пра навіны, то такой пастаяннай, змястоўнай і ўпарадкаванай штомесячнай хронікі бягучага жыцця беларускай меншасці і беларусаў у Беларусі і ў свеце нідзе больш няма. Таму яна мае сэнс найперш дакументальны для пазнейшых інтэрнэт-пошукаў. На гэтай аснове адзін даследчык напісаў нават прафесарскую дысертацыю.
Ужо амаль дзесяць гадоў таму задумоўваліся мы, ці не выдаваць „Часопіса” ў такой віртуальнай версіі, як робяць тое інфармацыйныя сайты. Цалкам ліквідуючы прытым папяровы фармат. Дзякаваць Богу, што канчаткова на гэта мы не пайшлі. Інакш чакала б нас поўная катастрофа.
Таму будзем захоўваць выпрацаваны гадамі інтэлектуальна-публіцыстычны характар выдання – паралельна на паперы і ў Інтэрнэце – а не мяняць яго ў інфармацыйна-бягучы. Бо гэта без сэнсу. Па-першае абазначала б катаржную кругласутачную працу. Па-другое няма і не будзе ў нас на гэта грошай, не дасць іх ніякі спонсар. Нават каб нейкім цудам удалося б прыдбаць на гэта фінансы, то і так наўрад ці знайшлі б мы асобу ці дзве, якія змаглі б выконваць такую працу. Па-трэцяе няма запатрабавання, бо наогул рэзка падае цяпер зацікаўленасць людзей усякімі інфармацыйнымі інтэрнэт-парталамі. А беларускія ў яшчэ большым крызісе чым іншыя і нават не таму, што донары не працягваюць іх фінансаваць.
Прыкладаў ёсць шмат. Усе тыя парталы дзейнічаюць у замежжы за еўрапейскія ці амерыканскія грошы, якіх менш і менш. Часта ў іх амаль няма чытацкай аўдыторыі. Дарэчы, супрацоўнікам і аўтарам, што даюць туды матэрыялы, на гэтым асабліва і не залежыць. Толькі, каб мець заробак. На гэтым фоне наша пазіцыя яшчэ не такая дрэнная. Мы прынамсі шукаем выхаду і новых развязак.
На ўсіх гэтых парталах ёсць стужка з навінамі, нават на трох-чатырох мовах (пераклад там папраўдзе аўтаматычны). На жаль гэта ўсё мёртвае, ну і на даволі нізкім аўтарскім, рэдактарскім ды інтэлектуальным узроўнях. Тыя, якія рыхтуюць матэрыялы, працуюць як у нейкай фабрыцы. Прытым гэта цяжкая праца і за мізэрныя грошы. У мяне ёсць сябра, які калісь год часу так працаваў, па 8-10 гадзін у дзень пішучы ці рэдагуючы інфармацыі. Адышоў не толькі таму, што надта сябе эксплуатаваў і мала пры тым зарабляў, але зразумеў, што ўсё гэта ў пустое, ніхто не чытае. Таму я такой памылкі дапусціць не магу.
Вядома, што нам будзе цяжэй і цяжэй. Але думаю, што яшчэ 2-3 гады павінны вытрымаць. На працягу гэтага часу трэба будзе на базе „Часопіса” выпрацаваць пэўна новы медыйны праект для беларусаў на Падляшшы і ў Польшчы і тых, каму блізкая нашая культура, спадчына і беларускае жыццё ці беларуска-польскія сувязі. Уступную канцэпцыю ўжо маю. Яна ўключае і віртуальную прастору, а нават гэта вядома будзе прыярытэт. Але такая ініцыятыва павінна быць шырэйшай, выпрацаванай з удзелам таксама іншых нашых арганізацый.
Усё-такі нашае выданне, хаця яно меншаснае і нішавае, але незвычайнае і надта каштоўнае не толькі нам тутэйшым адвечным на Падляшшы беларусам. Яно проста элітнае, і такім быць павінна. А я як рэдактар паспрабую яшчэ раз сябе і аўтараў мабілізаваць, каб пісаць артыкулы, якія будуць выклікаць як мага большы чытацкі рэзананс.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар











Просім напісаць пра рэдактара Часопіса Юрыя Хмялеўскага Пра яго нічога няма. Калі нарадзіўся, жаніўся, вучыўся і г.д.