975 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”.
915 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на Менск. Дружына менскага князя Глеба Усяславіча адбіла напад і аблогу горада.
670 – у 1349 г. пачалося змаганьне Польшчы і старабеларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага за Падляшша і Валынь.
365 – у пачатку красавіка 1654 г. пад Масквой пачалі зьбірацца войскі з намерам зьнішчальнай агрэсіі супраць беларускіх земляў – Вялікага Княства Літоўскага.
225 – 23.04.1794 г. утварылася Найвышэйшая Літоўская Рада – рэвалюцыяйны ўрад Літвы і Беларусі падчас Касьцюшкоўскага паўстаньня.
205 – 18.04.1814 г. у Лагойску нар. Яўстафій Тышкевіч, археоляг, гісторык і краязнавец. Закончыў Менскую гімназію (1831), заснаваў Віленскі музэй старажытнасьцяў і Віленскую археалягічную камісію, вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы на беларускіх землях. Пакінуў па сабе шмат працаў археалягічнага і краязнаўчага характару, напр. „Opisanie powiatu borysowskiego” (1847). Памёр у Вільні 8.09.1873 г., пахаваны на могілках Роса.
140 – 9.04.1879 г. у Менску нар. Усевалад Більдзюкевіч, дзеяч БНР і беларускага руху ў міжваеннай Вільні, прыхільнік беларусізацыі праваслаўнай царквы, рэдактар часопіса «Сьветач Беларусі» (1931).
130 – 4.04.1889 г. у Баяршчыне каля Лепля на Віцебшчыне нар. кс. Віталь Хамёнак, дзеяч беларускага хрысьціянскага руху. З 1925 г. служыў у Друйскім кляштары айцоў мар’янаў. У 1938 г. разам з іншымі беларускімі сьвятарамі дэпартаваны з Друі ў цэнтральную Польшчу. Памёр 24.12.1971 г. у кляштары айцоў мар’янаў у Скурцы каля Седлец.
130 – 24.04.1889 г. у Стоўпцах нар. Юры Сабалеўскі, беларускі палітычны і нацыянальны дзеяч, пасол у польскі сойм у 1926-1928 гг. Арыштаваны НКВД пасьля 1939 г., уцёк з савецкай турмы ў канцы чэрвеня 1941 г. Актыўна ўдзельнічаў у працы Другога Усебеларускага Кангрэсу ў 1944 г. Пасьля вайны ў эміграцыі (ЗША, Нямеччына). Памёр 26.(або 30.)12.1957 г. у Кірхен унтэр Тэк пры невысьветленых абставінах, пахаваны ў Мюнхене на могілках Фэльдмохінг.
115 – 4.04.1904 г. у Александрове каля Дзісны нар. кс. Юры Кашыра. З 1925 г. уступіў у кляштар айцоў мар’янаў у Друі. У ІІ сусьветную вайну вёў душпастырскую дзейнасьць у Росіцы на Віцебшчыне. 18.02.1943 г. быў спалены з вернікамі ў Росіцы падчас нямецкай карнай экспэдыцыі.
115 – 23.04.1904 г. у вёсцы Нізок, Ігуменскага павету, нар. паэт Паўлюк Трус. Маючы 25 год памёр у Менску на тыф, пахаваны на Вайсковых могілках.
100 – 27.04.1919 г. польскія войскі занялі Гародню, дзе ад 21.12.1918 г. знаходзіўся Урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам і беларускія войскі.
100 – 28.04.1919 г. быў нарукаваны ў Вільні першы нумар газэты „Беларуская Думка”. Рэдактарам дэмакратычна-нацыянальнага выданьня быў І. Вайцяховіч. Газэта супраціўлялася польскай і бальшавіцкай уладзе на беларускіх землях. Апошні нумар паявіўся 27.07.1919 г.
95 – 29.04.1924 г. у Вільні памёр а. Міхаіл Пліс (нар. 15.08.1858 г. на Гарадзеншчыне), праваслаўны сьвятар і грамадзка-культурны беларускі дзеяч, прыхільнік беларусізацыі праваслаўнай царквы. У 1919-1923 гг. навучаў на беларускай мове Закону Божага ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
90 – 27.04.1929 г. у Вільні нар. Юры Туронак, беларускі дзеяч і гісторык, аўтар кніг „Białoruś pod okupacją niemiecką” (Warszawa 1993), „Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi” (Warszawa 1992), „Książka białoruska w II Rzeczypospolitej 1921-1939” (Warszawa 2000), „Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939-1944)” (Мінск 2002), „Людзі СБМ” (Вільня 2006), „Мадэрная гісторыя Беларусі” (Вільня 2006). Памёр 2.01.2019 г. у Варшаве, пахаваны на праваслаўных могілках на Волі.
90 – 30.04.1929 г. у Жыўцу каля Кракава нар. Флярыян Неўважны, праф. літаратуразнавец і перакладчык, м. ін. з беларускай на польскую мову паэзіі Надзеі Артымовіч. Памёр 24.04.2009 г. у Варшаве, пахаваны на Вайсковых могілках на Павонзках.
80 – 30.04.1939 г. у Шэрнях Бельскага павета нар. а. Рыгор Сасна, праваслаўны сьвятар, гісторык праваслаўнай царквы на Беласточчыне. Быў м.інш. настаяцелем прыходу ў Рыбалах на Беласточчыне. Памёр 6.01.2016 г. у Беластоку, пахаваны на праваслаўных могілках у Бельску-Падляшскім.
75 – 23.04.1944 г. ва Уснаршчыне на Беласточчыне нар. Мікола Давідзюк – мастак, прафесар Акадэміі Мастацтваў у Лодзі, якую закончыў у 1969 г. і з якой звязаны працай з 1971 г., з 1989 г. вядзе ў ёй майстэрню жывапісу. З нагоды юбілею жадаем спадару Міколу творчага натхненьня, новых прац і выставак!
75 – 24.04.1944 г. у Суботніках каля Іўя нар. Зянон Пазьняк, археоляг і палітычны беларускі дзеяч. Зараз у эміграцыі. Жадаем шмат сілаў і нягаснучай надзеі на сапраўдную Беларусь!
75 – 28.04.1944 г. у Іўі памёр кс. Ільдэфонс Бобіч (нар. 10.01.1890 г. у Дзедзінцы каля Друі), дзе быў пробашчам з 1930 г. Супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі “Беларус” і “Крыніца”, быў прыхільнікам беларускай мовы ў касьцёле. Пахаваны побач касьцёла ў Іўі.
75 – 28.04.1944 г. памёр у бальніцы ў Стоўпцах – пасьля зьбіцьця і зьдзеку – кс. Люцыян Хвецька (нар. 22.11.1889 г. у Дуброве-Беластоцкай), дзеяч беларускага хрысьціянскага руху. Закончыў гарадзкое 3-кляснае вучылішча ў Саколцы (1904), духоўную каталіцкую сэмінарыю ў Пецярбургу (1911), Духоўную каталіцкую акадэмію ў Пецярбургу (1915) – тады быў высьвянчаны на ксяндза. Заснаваў «Хрысьціянскую дэмакратычную злучнасьць» і беларускую каталіцкую газэту «Krynica». Служыў у Пецярбургу, дзе таксама выкладаў у духоўнай каталіцкай сэмінарыі. У 1923 г. арыштаваны савецкімі ўладамі, у 1925 г. у рамках абмену палітвязьнямі прыехаў у Польшчу. Займаўся выкладчыцкай і душпастырскай працай у Любліне і ў Пінску, дзе ў духоўнай каталіцкай сэмінарыі выкладаў таксама беларускую мову. У 1940-1944 гг. служыў ксяндзом у Хотаве ў Налібоцкай пушчы. Пахаваны пры касьцеле ў Хотаве.
65 – 22.04.1954 г. у Латвіі памёр Сяргей Сахараў (нар. 29.09.1880 г. у Полацку), беларускі фальклярыст і пэдагог, закончыў унівэрсытэт у Тарту (1911), узначальваў Беларускі аддзел Міністэрства асьветы Латвіі (1921-1925), у 1925-1932 гг. дырэктар Дзьвінскай Беларускай Гімназіі.
50 – 12.04.1969 г. у Пэнлей у Вялікабрытаніі памёр доктар Сяргей Малафееў (нар. 25.09.1901 г. у Вільні), адзін з заснавальнікаў Беларускага Студэнцкага Саюзу ва Унівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні ў 1920 г. Закончыў Мэдычны факультэт УСБ, з 1933 г. быў дырэктарам павятовага шпіталя ў Сьвянцянах, працаваў як хірург. 3 кастрычніка 1939 г. арыштаваны ў Вільні савецкімі ўладамі, трапіў у лагер пад Архангельск, дзе працаваў пры вырубе лесу. У вайну трапіў у Армію ген. Андэрса. Змагаўся пад Табрукам. У 1947 г. трапіў у Вялікабрытанію, у польскі госпіталь у Пэнлей. Працаваў там асыстэнтам хірурга і лекарам на арыентальных параходах.
30 – 01.04.1989 г. у Гданьску быў заснаваны гурток Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў. Старшынёй стала Ірына Гаданчук.
Апрацавалі Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская