За апошнія гады на эмігранцкай польскай сцэне (Варшава, Гданьск, Беласток) вельмі ярка і цікава праяўляюць сябе ў першую чаргу беларускія актрысы. Дастаткова прыгадаць такія імёны, як Маша Пятровіч, Святлана Зелянкоўская, Зоя Белахвосцік, Таццяна Кулеш, Аляксандра Герасімовіч, Ірына Купчанка, каб упэўніцца ў гэтым. Кожная з іх па-свойму цікавая, харызматычная. Кожная нясе сваю тэму. Зазвычай гэтых акторак можна ўбачыць у сур’ёзных тэатральных праектах, часам дакументальна-публіцыстычнага гучання, дзе акцэнт робіцца на сучаснай сітуацыі ў Беларусі.
Сярод гэтых файных выканаўцаў, безумоўна, вылучаецца Алена Баярава.
Яшчэ, працуючы ў Беларусі (Тэатр „Бульвар смеха”, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, тэлевізійна-гістарычны серыял „Лабірынты”) яна старалася не замыкацца ў нейкім адным жанры і заўсёды імкнулася да творчай разнастайнасці.
Калі ў сілу палітычных абставін была вымушана ў 2022-м эміграваць, то яе цяга да нечаканых акторскіх эксперыментаў не спыняецца і за мяжой. Спадарыня Алена актыўна прымае ўдзел у запісе аўдыёкніг, тэатралізаваных чытках і лекцыях, спектаклях і кіназдымках.
За апошняе толькі лета сыграла ў тэатры „Дзея Другая” цэлы шэраг незвычайных вобразаў, якія адразу прыцягваюць да сябе ўвагу.
У камедыі „Шчаслівы муж” (паказвалася ў чэрвені) спадарыня Алена сыграла чатыры дыяметральна супрацьлеглых ролі: сексуальна заклапочаную старую дзеўку панну Уршулю, падступную і хітрую Фэльку, „гром-бабу” Мар’яну і пранырлівую Мяшочыху.
Літаральна на вачах публікі са здзіўляльнай вокаімгненнасцю акторка мяняе вобразы, а, часам, нават на вачах раздвойваецца (дыялог Мар’яны і Уршулі). Назіраць за гэтым надзвычай захапляльна. Да памяці прыходзіць толькі знакамітыя пераўтварэнні брадвейскай зоркі Зэро Мостэля ў спектаклі 1960-х гг. «Насарогі».
Алена Баярава не ператварае сваіх гераінь у карыкатуры. Так, яе персанажы выглядаюць дастаткова гратэскна (як быццам сышлі з палотнаў і графічных лістоў Георга Гроса альбо Ота Дыкса), але ў гэтай шаржыраванасці няма перабору, перад намі ў першую чаргу жывыя людзі са сваімі пачуццямі і думкамі, якім спачуваеш, са злыбедаў якіх часам смяешся, за камічнымі жарсцямі якіх не адрываючыся назіраеш.
Калі я спытаў у спадарыні Алены як яна працавала над вобразамі сваіх гераінь, то яна сказала, што ёй дапамагае… нямое кіно. Асабліва стужкі Макса Ліндэра, Бастэра Кітана і Гаральда Ллойда.
Паводле Алены Баяравай: «Гэтыя каралі нямой камедыі ніколі не ператваралі прыгоды сваіх герояў у бяздумны фарс. Яны былі псіхалагічна дакладнымі, віртуознымі паводле сваёй пластыкі, цудоўна трымалі тэмпарытм, здзіўлялі штукарскімі момантамі. Калі глядзіш іх стужкі, то многаму вучышся».
Спадарныя Алена згадвае, што яшчэ ў Беларусі, калі працавала ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, то пачынала з востра-сатырычных роляў у такіх спектаклях, як «Чорны квадрат», «Стомлены д’ябал» альбо «Містэр Розыгрыш». «На жаль, у далейшым, у РТБД, мне мала даводзілася іграць камічна-вострахарактэрныя ролі. Таму сапраўдным святам было іграць у… «Шчаслівым мужы». Так-так! Спярша гэтая камедыя Францішка Аляхновіча была пастаўлена ў Беларусі. Але ў той версіі я іграла толькі панну Уршулю. А цяпер у мяне цэлы россып роляў».
Па словах спадарыні Алены, менавіта ў Варшаве, нягледзячы на зразумелыя эмігранцкія цяжкасці, яна адчула сябе па-сапраўднаму свабоднай.
У РТБД ёй зазвычай прапаноўвалі ролі другога плана, дзе яна была вымушана іграць нарваных, нервовых, хворых жанчын («Раскіданае гняздо»), дастаткова часта алкагалічак («Ліфт»). Не было раскошы выбіраць. Такая магчымасць з’явілася ў Варшаве.
Пасля поспеху «Шчаслівага мужа» (у пастаноўцы «Дзеі Другой») Алена Баярава магла б стаць выключна камічнай актрысай, але ў наступнай сваёй ролі стварыла нешта дыяметральна супрацьлеглае.
Тым жа летам, спадарыня Алена сыграла галоўную ролю ў фантасмагарычным тэатральным трылеры «Васіль Быкаў і ягоныя д’яблы».
На паказ, які адбыўся 16-га жніўня, адмыслова прыехала вядомая мінская рэжысёрка Таццяна Аксёнкіна (стала супрацоўнічае з Беларускім маладзёжным тэатрам), якая пад уражаннем ад ігры Баяравай далей на абмеркаванні сказала: «Алена – вялікая актрыса, бо ўмее трымаць энергію спектакля не толькі, калі прамаўляе маналог, ці па-майстэрску праводзіць тую ці іншую сцэну, але нават калі проста маўчыць, сядзіць, не рухаецца і толькі з трагічным недаўменнем назірае за тым, як два д’ябальскія блазны хочуць маральна і фізічна зламаць яе героя, Васіля Быкава».
І сапраўды, можна пагадзіцца са спадарыняй Таццянай.
Алена Баярава іграе па-сапраўднаму трагічны вобраз пісьменніка, які ўсё сваё жыццё змагаўся з падобнымі монстрамі, быў неаднаразова пераможаны, але здолеў урэшце вызваліцца з іх моцных абдымкаў. У спектаклі ён нават змог фізічна знішчыць сваіх д’яблаў.
Калі я глядзеў як яна тонка-псіхалагічна, скупа, на адных нюансах праводзіць сваю ролю, то не верыў сваім вачам: няўжо гэта тая ж самая акторка, якая зусім нядаўна, колькі тыдняў таму, цешыла публіку пацешнымі вобразамі-маскамі са «Шчаслівага мужа»?
«Я не іграла тут канкрэтнага пісьменніка, – разважае спадарыня Алена, – спектакль сімвалічны і таму я была тут хутчэй душой, метафарай Быкава. Сыграць такі складаны вобраз мне дапамагло тое, што я вельмі цікаўлюся японскім тэатрам і асабліва творчасцю актора Тацуя Накадая, які ў аднолькавай ступені мог быць як вельмі характэрным, так і падкрэслена стрыманым і лаканічным, але разам з тым настолькі псіхалагічна напоўненым, што гэта гіпнатызуе. Вельмі важна, калі актор выпраменьвае загадку. Зараз я мару зрабіць мона-спектакль пра першую зорку беларускай эратычнай паэзіі Канстанцыю Буйло. Яна была адначасова вясёлай, лёгкай, гуллівай, трагічнай і вельмі загадкавай. Гэта інтрыгуе і падобную таямнічасць я і хачу перадаць».
Кастусь Гук



























