Чарговы герой нашай рубрыкі – Аляксандр Бабіч з Варшавы. У Польшчы ён вымушана апынуўся паўтара года таму, але не апусціў рук і заснаваў уласны арыгінальны бізнес, які сумяшчае з не менш цікавым хобі.
Паводле слоў Аляксандра, у Польшчы ён упершыню апынуўся яшчэ ў 2012 годзе, калі як і шматлікія іншыя жыхары беларускага Брэста ездзіў у суседнюю краіну на „закупы”. Чатыры гады пазней мужчына ўладкаваўся на працу ў Варшаве, а па выходных ездзіў дадому. Аляксандр успамінае, што вывучыў польскую мову яшчэ ў тыя часы, бо ў сталіцы тады яшчэ не было так шмат рускамоўных і трэба было размаўляць па-польску. Вучыць мову было лёгка, але, як прызнаецца Аляксандр, зараз яго ўзровень ведання мовы трохі пагоршыўся.
У Польшчы мужчына не меў праблемаў з адаптацыяй. Яму падабаецца, перад усім, тое, што краіна вельмі блізкая у плане культуры, традыцый, кухні. Безумоўна, кажа беларус, тут ёсць свае плюсы і мінусы, але Польшча адрозніваецца свабодай і тут не адчуваеш сябе чужым.
Зараз асноўным заняткам Аляксандра з’яўляецца зборка драўляных дамоў розных тыпаў, ад брусавых да канструктыўных, ці як іх называюць у Польшчы, szkieletowych. Таксама ён робіць з дрэва альтанкі, навесы, тэрасы. З дрэвам мужчына працуе каля двух гадоў, але цікавіўся гэтым яшчэ з юнацтва. Галоўным матывуючым чыннікам у працы, ці, як кажа Аляксандр, плюсікам у карму, ёсць сам працэс стварэння месца, дзе потым будуць жыць людзі і дзе будзе чуваць дзіцячы смех.

Instagram.com/polendvica.pl
– Не люблю прыўкрашваць, але зараз магу па малюнку зрабіць тое, што вы жадаеце, без усялякіх чарцяжоў, хаця ніхто гэтаму не вучыў, – распавядае беларус. – Думкі рабіць драўляныя будынкі былі ў мяне яшчэ ў 2020-м, але пачаў іншы бізнес, потым трапіў у вязніцу і там, у камеры, падумаў, што калі ў Беларусі ўсё наладзіцца, то буду рабіць драўляныя дамы і прадаваць іх у Еўропу. Аднак, вось, вымушаны быў з’ехаць і зараз ажыццяўляю свой праект у Польшчы.
У Аляксандра ёсць невялікая каманда з двух чалавек. Ён прызнаецца, што хоча браць да сябе не спецыялістаў, а маладых хлопцаў з жаданнем працаваць і вучыцца. Працуе мужчына пакуль толькі на польскім рынку, але ўпэўнены, што калі з’явяцца кліенты ў суседніх Германіі, Чэхіі ці Літве, то не будзе праблемаў, каб збудаваць дом і там.
У апошні час беларус амаль не мае вольнага часу. А што тычыцца ранейшых хобі, такіх як заняткі спортам, наведванне футбольных матчаў ці музычных фестываляў, то ў сувязі з адбыўшыміся ў яго жыцці здарэннямі мужчына страціў усялякі інтарэс. Затое, ужо будучы ў Польшчы, у перарывах паміж галоўнай працай пачаў гатаваць хатнія вырабы з мяса.

Instagram.com/polendvica.pl
– Аднойчы, – успамінае беларус, – мы трапілі на свята ў госці да сваякоў, а у іх на стале была паляндвіца. І вось тады я вырашыў яе прыгатаваць самастойна. Якраз тады будаваў домік і з рэштак матэрыялаў сабраў сушылку для мяса. Будучая жонка тады пажартавала, што трэба паспрабаваць прадаць тую маю паляндвіцу. Вось так пачалося маё кулінарнае хобі.
На сённяшні дзень Аляксандр мае ўжо чатыры сушылкі, вядзе адмысловую старонку прысвечаную мясным вырабам у Інстаграме, а яго паляндвіцы хутка разыходзяцца па сталых кліентах, а лепш казаць па сябрах і знаёмых. Для сябе мужчына застаўляе толькі абрэзкі, што не ўлазяць у каробкі для адпраўкі.
Беларус кажа, што да свайго рэцэпту паляндвіцы дайшоў недзе пасля 10 партый.
– Не магу сказаць, што маё мяса гэта нейкі забыты смак з бабулінай вёскі, бо ў кожнага бабуля рабіла паляндвіцу па-свойму. Скажу толькі, што мае вырабы памяркоўна салёныя, але пры гэтым ніколі не бываюць аднолькавымі, заўсёды маюць розныя ноты смакаў, хаця праходзяць праз аднолькавыя працэсы прасушвання і салення.
У адрозненні ад будаўніцтва, Аляксандр не разглядае прыгатаванне мясных вырабаў крыніцай даходаў. Але добрыя водгукі аб прадуктах таксама моцна яго матывуюць.
– Мне падабаецца проста гатаваць для людзей, – кажа наш герой. – Спадзяюся, калісьці стану настолькі заможным, што змагу адчыніць рэстаран, дзе змагу карміць сваіх гасцей ад шчырага сэрца і каб проста радавацца ў душы.
Размаўляў Сяргей Александровіч