This Day In History: 1904-09-24
24.09.1904 г. у Цяцерках на Браслаўшчыне нар. Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і мэмуарыст. Вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі і ў Радашкавіцкай Беларускай Гімназіі. У 1929 г. паступіў у Віленскі Унівэрсытэт, які закончыў у 1938 г. Быў дзеячам Беларускага Студэнцкага Саюзу, Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры, Беларускага Навуковага Таварыства; супрацоўнічаў з газэтай «Беларуская крыніца». Быў рэдактарам «Шляху Моладзі» (1929-1931). У 1931-1933 гг. працаваў бібліятэкарам у Навукова-Дасьледчым Інстытуце Усходняй Эўропы ў Вільні, пасьля ў Бібліятэцы імя Урублеўскіх – у кастрычніку 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1941 г. быў дырэктарам Беларускага Музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Падчас нямецкай акупацыі быў павятовым інспэктарам асьветы ў Ашмяне і вучыў беларускай мовы ў Мэдычным Інстытуце ў Новай Вілейцы. Пасьля вайны быў арыштаваны і пару месяцаў прасядзеў на Лукішках. У 1948-1949 гг. быў старшынёй сельскага савета ў Немэнчынку. У 1949 г. быў арыштаваны і сасланы ў Краснаярскі край у пасёлак Ужур, у 1952 г. прысудзілі яму 25 гадоў лагероў у Варкуце, адкуль у 1957 г. пераехаў у Польшчу, працаваў у Этнаграфічным Музэі ў Торуні (да 1970 г.). Тады таксама пачаў супрацоўніцтва з Беларускім Грамадзка-Культурным Таварыствам і тыднёвікам «Ніва», у якім публікаваў этнаграфічныя артыкулы і ўспаміны (пра Браніслава Тарашкевіча), пісаў успаміны. Памёр у Торуні 13.09.1983 г. У 2004 г. у 100-годдзе яго нараджэньня Этнаграфічны Музэй у Торуні ладзіў канферэнцыю і выстаўку яму прысьвечаную, матэрыялы якой былі выдадзеныя ў 2009 г.