This Day In History: 1988-11-20
20.11.1988 г. у Менску памёр Гаўрыла Гарэцкі (нар. 28.03.(10.04.)1900 г. у Багацькаўцы Мсьціслаўскага пав.), географ, геоляг і эканаміст, брат Максіма Гарэцкага. Закончыў Пятроўскую Сельска–Гаспадарчую Акадэмію (1924). З 1925 г. дацэнт Беларускай Сельска–Гаспадарчай Акадэміі, у 1927-1930 гг. дырэктар Беларускага Дзяржаўнага Інстытуту Сельскай і Лясной Гаспадаркі. У 1930 г. арыштаваны і высланы за межы Беларусі. Працаваў у інжынерна-геалягічных экспэдыцыях Гідрапраекта СССР. Арыштаваны двойчы ў 1937 і 1938 г. У 1965 г. адноўлены ў званьні акадэміка Акадэміі Навук Беларусі. Аўтар шматлікіх публікацыяў па эканамічнай геаграфіі, сельскай і лясной гаспадарцы. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.