This Day In History: 1916-02-17
17(5).02.1916 г. у Старым Двары Лідзкага пав. памерла Алаіза Пашкевіч «Цётка», беларуская паэтэса і дзеячка беларускага адраджэньня. Нар. 15(3).07.1876 г. у фальварку Пешчын Лідзкага пав. Вучылася ў прыватнай гімназіі Прохаравай у Вільні, пасьля якой атрымала пасьведчаньне хатняй настаўніцы. У 1901 г. пачала настаўнічаць у вёсцы, у 1902 г. паехала ў Пецярбург, дзе экстэрнам здала экзамен за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі і паступіла на курсы П. Лесгафта, дзе рыхтавалі выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі. У Пецярбурзе ўключылася ў дзейнасьць Беларускай рэвалюцыйнай Грамады. У 1904 г. пакінула курсы і вярнулася ў Вільню, працавала фэльчаркай у псыхіятрычнай лячэбніцы ў Нова-Вілейцы (Новай Вільні). Арганізавала рэвалюцыйныя рабочыя гурткі, пісала і распаўсюджвала рэвалюцыйныя праклямацыі, пачала пісаць вершы на беларускай мове. Пад канец 1905 г. эмігравала ў Галіцыю, уцякаючы перад арыштам. Спачатку жыла ў Львове, дзе паступіла на Філасофскі факультэт Львоўскага унівэрсытэта. У 1906 г. у Жоўкві каля Львова былі надрукаваныя зборнікі яе вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская». Прымала ўдзел у выданьні «Нашай долі». У 1906 г. у Пецярбурзе выйшла друкам яе «Першае чытаньне для дзетак беларусаў». У 1908-1909 гг. жыла ў Кракаве, дзе вучылася на гуманітарным аддзяленьні Ягелёнскага ўнівэрсытэта. У 1911 г. выйшла замуж за літоўскага сацыял-дэмакрата Сьцяпанаса Кайрыса і вярнулася на радзіму. Ездзіла з тэатрам І. Буйніцкага па Беларусі як актрыса. У 1912 г. у Вільні, Новавілейцы і Лідзе арганізавала некалькі тайных беларускіх школ. У 1914 г. у Менску рэдагавала часопіс для дзяцей і моладзі «Лучынка» (выдала 6 нумароў). У 1915 г. працавала ў Вільні сястрой міласэрнасьці ў салдацкім тыфозным бараку. Калі ў пачатку 1916 г. даведалася, што захварэў тыфам яе бацька, адразу паехала ў Ліду, але жывога яго ўжо не заспела. Засталася ў Старым Двары, каб ратаваць ад тыфа сваіх землякоў і сама захварэла. Яе творы шмат разоў перавыдаваліся, стала класікам беларускай літаратуры.