This Day In History: 1895-02-16
16.02.1895 г. у Першаях Менскай губ. нар. Францішак Кушаль, палітычны і вайсковы беларускі дзеяч, муж Н. Арсеньневай. Вайсковую кар’еру пачаў рабіць у царскай арміі падчас І сусьветнай вайны, з якой выйшаў у чыне штабс-капітана. Дзейнічаў у Беларускай вайсковай камісіі, арганізаваў беларускія аддзелы ў польскай арміі ў 1919-1920 г.г. З 1921 г. афіцэр польскага войска, у 1924-1937 г.г. жыў і працаваў у Хэлмне на Памор’і. У верасьні 1939 г. змагаўся за Львоў, дзе быў арыштаваны савецкімі войскамі і трапіў у палон у Асташкова. Пасьля быў перавезены на Лубянку ў Маскву. Звольнены з пачаткам нямецка-савецкай вайны. Падчас нямецкай акупацыі дзейнічаў у Менску ў Беларускай народнай самапомачы, у Беларускай краёвай абароне. Быў рэдактарам месячніка «Беларус на варце». У 1944 г. з’ехаў у Нямеччыну, а ў 1950 г. у ЗША, дзе памёр 25 .05.1968 г. Напісаў успаміны «Спробы стварэньня беларускага войска» (Менск 1999).