This Day In History: 1959-08-14

14 жніўня 1959 г. памёр у Чыкага (ЗША) выдатны беларускі грамадзкі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік Эдуард (Эдзюк) Будзька. Нарадзіўся 22.03.1882 г. у Будславе Вілейскага павету. Вышэйшую адукацыю пачаў ў Рыжскім палітэхнічным інстытуце, спыніў навуку з-за беднасьці.  Арганізаваў беларускі рух у Рызе. З 1906 г. пастаянна друкаваўся ў „Нашай Ніве”, былі публікаваныя ягоныя вершы, пераклады, публіцыстычныя тэксты. У 1918 г. быў адным з арганізатараў ў родным Будславе беларускай гімназіі (хутка зліквідаванай польскімі ўладамі). Актыўна ўдзельнічаў ў беларускім нацыянальным руху жывучы ў Каўнасе і Рызе. Падчас акупацыі нямецкай працаваў настаўнікам у Менску і Баранавічах. Будучы ў эміграцыі таксама актыўна ўдзельнічаў ў грамадскім жыцьці, публікаваў між іншым свае ўспаміны ў месячніку „Бацькаўшчына”.

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis