This Day In History: 1964-09-12
12.09.1964 г. у польскім шпіталі ў Пэнлей у Вялікабрытаніі памёр Сяргей Пясэцкі, вядомы польскі пісьменьнік беларускага паходжаньня. Нар. 1.04.1901 г. у Ляхавічах, вучыўся ў гімназіях у Менску і Бабруйску. Падчас І сусьветнай вайны ў бежанстве ў Расіі, 1919 г. – у беларускіх вайсковых фармаваньнях, м. інш. у атыбальшавіцкім “Зялёным Дубе”. У міжваенны час ў Вільні – быў кантрабандыстам, разведчыкам. У 1926-1937 гг. сядзеў у турмах за бандыцкую дзейнасьць. Там пачаў пісаць кнігі, м. інш. “Kochanka Wielkiej Niedźwiedzicy” (Варшава 1937), якая прынесла яму славу пісьменьніка. Дзякуючы Мэльхіёру Ваньковічу, які паспрыяў друку яго кнігі, выйшаў на свабоду. У час ІІ сусьветнай вайны быў у польскім падпольлі – у АК, пасьля вайны – у Гданьску. У 1946 г. быў перакінуты за мяжу, апынуўся ў Італіі. З 1952 г. жыў у Вялікабрытаніі. Напісаў 14 кніг, сярод якіх: “Piąty etap” (Warszawa 1938), „Bogom nocy równi” (Warszawa 1939), „Jabłuszko” (Rzym 1946), „Spojrzę ja w okno…” (Rzym 1947), „Nikt nie da nam zbawienia” (Rzym 1947), „7 pigułek Lucyfera” (Londyn 1948), „Zapiski oficera Armii Czerwonej” (Londyn 1957), „Żywot człowieka rozbrojonego” (Londyn 1962), „Człowiek przemieniony w Wilka” (Londyn 1964), „Dla honoru Organizacji” (Londyn 1964), „Adam i Ewa” (Warszawa 1999), „Mgła” (Warszawa 1999), якія шмат разоў перавыдаваліся ў Польшчы пасьля 1980 г. На беларускую мову перакладеныя Алесем Астраўцом “Запіскі афіцэра Чырвонай арміі” (Мінск 2005) і Фэліксам Янушкевічам “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы” (Мінск 2009).