This Day In History: 1938-11-10

10.11.1938 г. у Менску расстраляны Уладзімір Тэраўскі (нар. 11.11.1871 г. у Раманаве Слуцкага пав.), беларускі кампазытар і кіраўнік хору. Закончыў Слуцкае Духоўнае Вучылішча. Вучыўся ў Менскай Епархіяльнай Сэмінарыі. Жыў на Урале, дзе кіраваў хорамі чыгуначных рабочых. У 1901 г. вярнуўся ў Беларусь і працаваў настаўнікам і хормайстрам у народных вучылішчах Менска. Вёў хор пры Старажоўскай царкве. У 1914 г. заснаваў беларускі народны хор і ўключыўся актыўна ў беларускі нацыянальны рух. Выдаў сьпеўнікі: „Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мэлёдый” (1921), „Беларускі лірнік” (1922), „Вайсковы зборнік” (1926). Супрацоўнічаў з беларускім тэатрам, у 1920-1921 гг. быў хормайстрам Першага Беларускага Дзяржаўнага Тэатру. Арыштаваны ў верасьні 1921 г. і прыгавораны на 5 гадоў турмы. Супрацоўнічаў з Інбелкультам. У пачатку 30-ых гг. звольнены з працы ў тэатры. Другі раз арыштаваны ў 1938 г. Аўтар музыкі да „Ваяцкага маршу” Макара Краўцова, да п’ес „Купальле” Міхася Чарота, „Машэка”, „Каваль – ваявода”, „Кастусь Каліноўскі” Яўсьцігнея Міровіча. 

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis