This Day In History: 1903-02-10
10.02.1903 г. у Будславе на Вілейшчыне нар. Вінцэнт Жук-Грышкевіч – грамадзка-палітычны дзеяч, настаўнік. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Будславе да часу яе ліквідацыі, а пасьля ў Віленскай Беларускай Гімназіі, якую закончыў у 1922 г. Вышэйшую адукацыю закончыў ва Унірэсытэце ў Празе ў 1926 г. У гадах 1927-1939 быў настаўнікам Віленскай Беларускай Гімназіі. Актыўны ўдзел прымаў у грамадзка-нацыянальным жыцьці. У канцы верасьня 1939 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі, зьняволены ў лагерах. У 1942 г. як польскі грамадзянін быў вызвалены, знайшоўся ў польскай арміі ген. В. Андэрса. Пасьля вайны з 1950 г. жыў у Канадзе, актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным руху. Быў старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў гадах 1971-1982. Памёр 14.02.1989 г. у Канадзе.