This Day In History: 1929-10-09
9.10.1929 г. у Варшаве памёр кс. Адам Лісоўскі (нар. у 1882 г. у Карандах Ашмянскага пав.), адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху. Закончыў духоўную сэмінарыю ў Вільні ў 1903 г., пасьля вучыўся ў Духоўнай Каталіцкай Акадэміі ў Пецярбурзе, высьвячаны на ксяндза ў 1907 г. Служыў у розных парахвіях на беларускіх землях: у Магілёве, Менску, Гарадзішчы, Ігумені, Анопалі. У 1922 г. узначаліў Менскі дэканат, 31.05.1922 г. арыштаваны савецкай уладай, атрымаў пакараньне 5 гадоў турмы. Сядзеў у Менску, Маскве і ў Яраслаўлі. 28.04.1924 г. у выніку абмену палітычнымі вязьнямі трапіў у Польшчу. Служыў у Гарадзішчы каля Пінска і ў Віннай на Падляшшы. Пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты сьв. Паўла. Пахаваны ў Кляшчэлях на Беласточчыне па сваім жаданьні побач са сваім духовым апекуном кс. Адольфам Пласкавіцкім. Кс. Адам Лісоўскі адыграў станоўчую ролю ў лёсе кс. Адама Станкевіча і яго беларускай нацыянальнай сьвядомасьці.