This Day In History: 1899-02-06
6.02.1899 г. у Леплі нар. Францішак Пяткевіч, лекар і беларускі дзеяч. Перад І сусьветнай вайной выехаў у Пецярбург, дзе здабыў матуру. Адтуль пісаў у газэту „Biełarus”, пад псэўданімам „Маркотны”. У 1919 г. пачаў навуку на мэдыцынскім факультэце Віленскага Унівэрсытэта. Быў адным з арганізатараў Беларускага Студэнцкага Саюзу. Праз Прагу, у 1923 г. выехаў у Менск, дзе задумаў прадаўжаць вучыцца на лекара. Там у 1924 г. быў арыштаваны і сасланы на Салоўкі. Там сустрэўся ў 1926 г. з Францішкам Аляхновічам. Уцёк адтуль у 1933 г. Перайшоў нелегальна мяжу і знайшоўся ў Вільні, дзе прадоўжыў мэдыцынскія студыя, атрымаўшы дыплом лекара ў 1936 г. Працаваў лекарам у Зарудзі ў Крамянецкім пав., затым ў Яшунах на Віленшчыне. Падчас савецкай акупацыі хаваўся, але ў ліпені 1940 г. быў арыштаваны саветамі і прасядзеў 11 месяцаў у турме, пакуль не прыйшлі немцы. Падчас нямецкай акупацыі працаваў лекарам у Моўчадзі. У 1947 г. у рамках рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, сьпярша працаваў лекарам у Пішу, пасьля – у Дуброве-Беластоцкай, у 1948 г. – у Заблудаве. У 1951 г. асеў у Крынках, дзе кіраваў асяродкам здароўя і шпіталем. Заслужыў сабе славу амаль цудадзейнага лекара, вядомага пад мянушкай «Глухі». Калі толькі паўстала БГКТ, уключыўся ў яго дзейнасьць – у 1956 г. стаў адным з членаў Галоўнага Праўленьня. Аднак хутка адтуль быў выкінуты за свае патрыятычныя погляды. Памёр у Крынках 8.07.1980 г. Пахаваны там пры галоўнай алеі на каталіцкіх могілках.