This Day In History: 1983-09-05
25.09.1983 г. памёр у Торуні Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і грамадзкі дзеяч (нар. 14.09.1904 г. у Цяцерках на Браслаўшчыне). Вучыўся ў беларускіх гімназіях у Вільні і Радашкавічах, студыяваў этнаграфію ў Віленскім унівэрсытэце, якую закончыў у 1938 г. Дзейнічаў у Беларускім Студэнцкім Саюзе, Беларускім Інстытуце Гаспадаркі і Культуры, Беларускім Навуковым Таварыстве. Быў першым рэдактарам часопіса „Шлях Моладзі” (у 1930–1931 гг.). У 1939 г. стаў дырэктарам Беларускага музэя ў Вільні. У час вайны пэўны час быў павятовым інспэктарам асьветы ў Ашмяне і выкладчыкам беларускай мовы ў Мэдычным інстытуце ў Новай Вілейцы. У 1949 г. арыштаваны і сасланы ў Краснаярскі край. Там паўторна арыштаваны і сасланы ў Варкуту. У 1957 г. пасьля разгляду справы звольнены. Прыехаў у Польшчу да сям’і. З 1959 г. па 1970 працаваў у Этнаграфічным музэі ў Торуні. Пісаў карэспандэнцыі ў беластоцкую „Ніву”. Аўтар успамінаў „У пошуках зачараваных скарбаў” і „Кара за службу народу”.