This Day In History: 1891-04-04
4(16).04.1891 г. на Сакольшчыне нар. Язэп Варонка, старшыня і міністр замежных спраў Народнага Сэкратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі (21.02. – 23.07.1918 г.), удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзеньні Першага Усебеларускага Зьезду ў Менску ў сьнежні 1917 г., быў старшынёй Выканаўчага Камітэту Зьезду, быў адным з ініцыятараў абвяшчэньня БНР. Рэдагаваў беларускія газэты ў Менску: „Варта”, „Белорусская земля”. З 23 ліпеня 1918 г. быў прызначаны надзвычайным паслом БНР у Літву, Украіну, Малдову, Грузію. Удзельнічаў са стараны БНР у перамовах з украінскім урадам і з Ю. Пілсудскім. 7 сьнежня 1918 г. заявіў аб выхадзе з урада БНР Антона Луцкевіча і стаў міністрам беларускіх спраў ва ўрадзе Літоўскай Рэспублікі (спярша ў Гродне, а пасьля ў Коўне (сакавік 1919 г. — красавік 1920 г.). Выдаваў „Часопісь” (верасень 1919 г. — люты 1920 г.), брашуры „Беларуская Справа да Міравой Нарады у Вэрсалі. Гістарычна-палітычны нарыс” (Коўна 1919), „Заходняя Беларусь” (Коўна 1919), „Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд” (Коўна 1920). З вясны 1921 г. старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, з лістапада 1922 г. – старшыня таварыства „Беларуская Грамада” ў Коўне. Выдаваў там рускамоўную газэту „Вольная Литва” (1921-1922), публікаваў вершы пад псэданімам „Юрий Вегов”. У 1923 г. зьехаў у ЗША, жыў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-Амэрыканскую Нацыянальную Асацыяцыю, быў у кіраўніцтве Беларуска-Амэрыканскай Нацыянальнай Рады. Выдаваў там м. інш. газэту „Белорусская трибуна”, вёў беларускія і рускія праграмы ў радыё. Памёр 4 ліпеня 1952 г. у Чыкага.