Strona główna » Villa Sokrates » Annus Albaruthenicus 2010 » Nacht und Träume1
Nacht und Träume1
Сэмюэл Бэкет

Элемэнты.

Вечаровае сьвятло.

Летуценьнік (А).

Ён сам у сьне (Б).

Прысьнёныя рукі П (правая) і Л (левая).

Апошнія 7 тактаў Шубэртавай песьні Nacht und Träume.

1. Асьвятленьне цёмнага, пустога пакою, дагэтуль асьветленага толькі вечаровым сьвятлом з акна, якое разьмешчанае высока на задняй сьцяне.

На пярэднім пляне зьлева, асьветлены бляклым сьвятлом, за сталом сядзіць мужчына. Правы профіль, галава нахіленая, валасы сівыя, рукі пакладзеныя на стол.

Выразна відаць толькі галаву і рукі, а таксама частку стала каля іх.

2. Паціху напявае, мужчынскі голас, апошнія 7 тактаў Шубэртавай песьні Nacht und Träume.

3. Зацямненьне вечаровага сьвятла.

4. Паціху сьпявае, словы, апошніх 3 тактаў песьні, пачынаючы ад словаў „Holde Träume…”

5. Зацямненьне А, у момант калі яго галава апускаецца яшчэ ніжэй, каб спачыць на руках.

Гэтак ён застаецца ў цьмяным сьвятле падчас сну.

6. А сьніць. Асьвятленьне Б, які знаходзіцца на нябачным пастамэнце, вышынёй 1 м 40 см над падлогай, на другім пляне, з правага боку, воддаль ад цэнтра. Ён сядзіць на стале, у такой самай позе, як сьпячы А, нахіленая галава, спачывае на руках, але зь левага профілю, слаба асьветлены мякчэйшым за А сьвятлом.

7. З цемры ззаду і зьверху галавы Б зьяўляецца Л і далікатна спачывае на ёй.

8. Б падымае галаву, Л аддаляецца і зьнікае.

9. З таго самага месца ў цемры зьяўляецца П зь філіжанкай, далікатна падносіць яе да вуснаў Б. Ён п’е, П зьнікае.

10. Ізноў зьяўляецца П з насоўкай, далікатна выцірае брыво Б, зьнікае разам з насоўкай.

11. Б вышэй падымае галаву, каб паўзірацца ў нябачны твар.

12. Б падымае правую руку, не перастаючы ўзірацца, трымае яе, даланёю ўгору.

13. Ізноў зьяўляецца П і далікатна спачывае на правай руцэ Б, калі той не перастае ўзірацца ўгору.

14. Б пераводзіць зрок на злучаныя рукі.

15. Б падымае левую руку і кладзе яе на злучаныя рукі.

16. Разам рукі апускаюцца на стол, і на іх спачывае галава Б.

17. Ізноў зьяўляецца Л і далікатна спачывае на галаве Б.

18. Зацямненьне сну.

19. Асьвятленьне А і вечаровае сьвятло.

20. А падымае галаву да зыходнай пазыцыі.

21. Песьня як раней (2).

22. Зацямненьне вечаровага сьвятла.

23. Заканчэньне песьні як раней (4).

24. Зацямненьне А як раней (5).

25. А сьніць. Асьвятленьне Б як раней (6).

26. Павольнае набліжэньне да буйнога пляну Б, А пакідае плян.

27. Сон як раней (7-16) буйным плянам і памалу.

28. Павольна вярнуцца да зыходнага кадру, А ізноў вяртаецца ў плян.

29. Зацямненьне сну.

30. Зацямненьне А.

1 Песьня Франца Шубэрта „Ноч і сны”. Зацемка перакладчыка.

Катастрофа

Вацлаву Гаўлу

Рэжысэр (Р)

Ягоная асыстэнтка (А)

Пратаганіст (П)

Люк, адказны за сьвятло, за кулісамі (Л)

Рэпэтыцыя. Апошнія дапрацоўкі фінальнай сцэны. Пустая сцэна. А і Л толькі што ўключылі асьвятленьне. Р адно толькі прыйшоў.

Р сядзіць у крэсьле перад сцэнай, леваруч да публікі. Футравае паліто. Адпаведная вязаная шапка. Век і выгляд неістотныя.

А стаіць каля яго. Белы халат. На галаве нічога. За вухам аловак. Век і выгляд неістотныя.

П стаіць пасярод сцэны, на чорным кубе вышынёй 45 сантымэтраў 72 мілімэтры. Чорны капялюш, з шырокімі палямі. Чорны халат да костачак. Басанож. Галава нахіленая. Рукі ў кішэнях. Век і выгляд неістотныя.

Р і А разглядаюць П. Працяглая паўза.

А (урэшце): Табе падабаецца як ён выглядае?

Р: Так сабе. (Паўза.) Навошта пастамэнт?

А: Каб аркестар бачыў ногі.

Паўза.

Р: Навошта капялюш?

А: Каб засланіць твар.

Паўза.

Р: Навошта халат?

А: Каб усё было чорнае.

Паўза.

Р: Што ў яго спадыспаду? (А набліжаецца да П.) Скажы ты мне.

А спыняецца.

А: Піжама.

Р: Колер?

А: Попел.

Р вымае цыгару.

Р: Запалі. (А вяртаецца, дае прыкурыць цыгару, стаіць нерухома. Р курыць.) Як выглядае чэрап?

А: Ты ж яго бачыў.

Р: Забыўся. (А набліжаецца да П.) Скажы ты мне.

А спыняецца.

А: Пляшывы. Некалькі касмылёў.

Р: Колер?

А: Попел.

Паўза.

Р: Чаму рукі ў кішэнях?

А: Каб чорнае было усё.

Р: Ня трэба.

А: Запісваю. (Вымае нататнік, бярэ аловак і запісвае.) Рукі навідавоку.

Яна хавае нататнік і аловак.

Р: Як яны выглядаюць? (А ў разгубленасьці. Раздражнёна.) Рукі, як яны выглядаюць?

А: Ты ж іх бачыў.

Р: Забыўся.

А: Фіброз.

Р: Падобныя на клюшні?

А: Апроч іншага.

Р: Як дзьве клюшні?

А: Калі ня сьцісьне кулакі.

Р: Нельга.

А: Запісваю. (Вымае нататнік, бярэ аловак і запісвае.) Рукі разьняволеныя.

Яна хавае нататнік і аловак.

Р: Запалі. (А вяртаецца, дае прыкурыць цыгару, стаіць нерухома. Р курыць.) Добра. Давай паглядзім. (А ў разгубленасьці. Раздражнёна.) Давай. Разьвяжы халат. (Пазірае на свой часамер.) Хутчэй, у мяне паседжаньне.

А набліжаецца да П, здымае халат. П бязьдзейна падпарадкоўваецца. А адступаецца, з халатам на руцэ. П у старой шэрай піжаме, галава нахіленая, кулакі сьціснутыя. Паўза.

А: Табе больш падабаецца без? (Паўза.) Ён дрыжыць.

Р: Ня вельмі. Капялюш.

А набліжаецца, здымае капялюш, адыходзіцца, з капелюшом у руцэ. Паўза.

А: Як табе гэтае цемя?

Р: Трэба было б пабяліць.

А: Запісваю. (Вымае нататнік, бярэ аловак і запісвае.) Пабяліць цемя.

Яна хавае нататнік і аловак.

Р: Рукі. (А ў разгубленасьці. Раздражнёна.) Кулакі. Давай. (А набліжаецца, расьціскае кулакі, адыходзіцца.) І пабяліць.

А: Запісваю. (Вымае нататнік, бярэ аловак і запісвае.) Пабяліць рукі.

Яна хавае нататнік і аловак. Яны разглядаюць П.

Р (урэшце): Штосьці ня так. (Зьбянтэжана.) Што ня так?

А (нясьмела): А што калі б мы... калі б мы... разам?

Р: Паспрабаваць я думаю можна. (А набліжаецца, крыжуе далоні, адыходзіцца.) Вышэй. (А набліжаецца, падымае складзеныя далоні вышэй, на ўзроўні жывата, адыходзіцца.) Яшчэ. (А набліжаецца, падымае складзеныя далоні вышэй, на ўзроўні грудзей.) Стоп! (А адыходзіцца.) Так лепш. Пачынае атрымлівацца. Запалі.

А вяртаецца, ізноў дае прыкурыць цыгару, стаіць нерухома. Р курыць. Яны разглядаюць П.

А: Ён дрыжыць.

Р: Далібог, праўда.

Паўза.

А (нясьмела): А як наконт маленечкай... маленечкай.. затычкі?

Р: Крый Божа! Што за любоў да ўдакладненьня! Забіць усе кропкі над і! Маленечкую затычку! Крый Божа!

А: Ты ўпэўнены, што ён нічога ня крыкне?

Р: Ані гу-гу. (Глядзіць на часамер.) Час паглядзець на гэта вачыма публікі.

Р выходзіць. Больш яго не відаць. А ссоўваецца ў крэсьле, не пасьпявае сесьці, як тут жа падскоквае, вымае анучку, старанна працірае сьпінку і седала крэсла, выкідае анучку, ізноў сядае. Паўза.

Р (чуваць голас, жаласьліва): Ня бачу пальцаў. (Раздражнёна.) Сяджу ў партэры, у першым радзе і ня бачу пальцаў.

А (устае): Запісваю. (Вымае нататнік, бярэ аловак і запісвае.) Падняць пастамэнт.

Р : Відаць рысы твару.

А: Запісваю.

Вымае нататнік, бярэ аловак, але нічога не запісвае.

Р: Далоў галаву. (А ў разгубленасьці. Раздражнёна.) Давай. Далоў галаву. (А хавае нататнік і аловак, набліжаецца да П, яшчэ больш нахіляе ягоную галаву, адыходзіцца.) Яшчэ трошку. (А набліжаецца, яшчэ больш нахіляе ягоную галаву.) Стоп! (А адыходзіцца.) Добра. Пачынае атрымлівацца. (Паўза.) Дадаць яшчэ трохі аголенасьці.

А: Запісваю.

Яна вымае нататнік, рукою цягнецца па аловак.

Р: Давай, давай! (А хавае нататнік, набліжаецца да П, спыняецца і стаіць у нерашучасьці.) Агалі шыю. (А расшпільвае верхнія гузікі, расхінае крысьсё, адыходзіцца.) Ногі. Лыткі. (А набліжаецца, падкасвае адну калашыну па калена, адыходзіцца.) Другая. (А таксама падкасвае другую калашыну, адыходзіцца.) Вышэй. За калена. (А набліжаецца, падкасвае калашыны за калені, адыходзіцца.) І пабяліць.

А: Запісваю. (Вымае нататнік, бярэ аловак і запісвае.) Пабяліць цела.

Р: Пачынае атрымлівацца. Люк на месцы?

А (кліча): Люк! (Паўза. Гучней.) Люк!

Л (чуваць аддалены голас): Чую. (Паўза. Бліжэй.) Што ізноў?

А (да Р): Люк на месцы.

Р: Зацямніць сцэну.

Л: Што?

(А пераводзіць загад у тэхнічныя тэрміны. Зацямненьне агульнага сьвятла. Асьвятляецца толькі П. А ў цені.)

Р: Толькі галава.

Л: Што?

(А пераводзіць загад у тэхнічныя тэрміны. Зацямненьне цела П. Асьвятляецца толькі галава. Працяглая паўза.)

Р: Выдатна.

Паўза.

А (нясьмела): А як наконт таго... таго каб... на хвілінку... падняць галаву... паказаць твар... усяго на хвілінку?

Р: Крый Божа! Што яшчэ! Падняць галаву! Што ты сабе думаеш? Што мы, у Патагоніі? Падняць галаву! Крый Божа! (Паўза.) Добра. Вось яна, нашая катастрофа. У кішэні. Яшчэ раз, і я пабег.

А (Люку): Яшчэ раз, і ён пабег.

Уключаецца асьвятленьне цела П. Паўза. Уключаецца агульнае асьвятленьне.

Р: Стоп! (Паўза.) І... Раз! (Зацямненьне агульнага сьвятла. Паўза. Зацямненьне цела П. Асьвятляецца толькі галава. Працяглая паўза.) Цудоўна! Ён кіне іх на калені. Я ўжо гэта чую.

Паўза. Адлеглы ўсплёск аплядысмэнтаў. П падымае галаву, глядзіць у бок публікі. Аплядысмэнты ціхнуць, заміраюць.

Працяглая паўза.

Зацямненьне твару.

Выбраў і пераклаў з ангельскай Віталь Воранаў

Адкарэктаваў Сяргей Сматрычэнка

(Відэазапіс пастаноўкі дзеятвору «Катастрофы» даступны на YOUTUBE пад назвай «Beckett on Film — Catastrophe»)

Сэмюэл Бэкет (13 красавіка 1906-22 сьнежня 1989) — ірляндзкі драматург, празаік, паэт, прадстаўнік тэатру абсурду, ляўрэат Нобелеўскай прэміі.

Віталь Воранаў — нар. 18 сакавіка 1983 г. у Менску. Літаратар, перакладчык, выдавец. Дагэтуль, у ягоным перакладзе, друкаваліся наступныя творы Бэкета: «У чаканьні Гадо» (Логвінаў, 2005), «Дзея Бяз Словаў» (Annus Albaruthenicus, 2009), «Дзея Бяз Словаў II» (там жа), «Удыханьне й выдыханьне» (там жа).