Strona główna » Villa Sokrates » Annus Albaruthenicus 2010 » Асабісты архіў Сакрата Яновіча і яго роля ў ацэнках літаратурна-грамадскага жыцця Беласточчыны
Асабісты архіў Сакрата Яновіча і яго роля ў ацэнках літаратурна-грамадскага жыцця Беласточчыны
Ганна Запартыка

Стварэнне праўдзівых партрэтаў выдатных асобаў на фоне эпохі і адлюстраванне эпохі ў панараме іх жыцця і дзейнасці — ёсць адна з найважнейшых задач даследаванняў сучасных і будучых біёграфаў і гісторыкаў беларускай літаратуры, мастацтва, культуры. У адным са сваіх інтэрв’ю а. А. Надсан адзначыў: „Навукоўца мусіць мець адкрыты розум. Пачынаючы даследаваць тэму, ты не павінен мець ніякай перадузятасці, ніякіх папярэдніх меркаванняў. Інтэлектуальная сумленнасць і павага да фактаў — найважнейшыя патрабаванні да навукоўцы”1. Важную ролю ў выкананні гэтых патрабаванняў мусяць адыграць асабістыя архівы, якія фарміраваліся-аберагаліся на працягу жыцця асобы і якія могуць раскрыць свае таямніцы толькі з добрай волі і згоды саміх стваральнікаў.

Сярод амаль пяціста фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва асаблівае месца і ролю мае асабісты архіў пісьменніка і грамадскага дзеяча Сакрата Яновіча. Па-першае, — гэта пакуль што адзіны архіўны фонд у БДАМЛМ прадстаўніка магутнай плеяды беларускіх дзеячаў Польшчы 2-ой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.2, па-другое — адзін з багацейшых архіўных збораў у Беларусі, які змяшчае амаль дзевяць тысяч дакументаў аб літаратурна-грамадскім жыцці Польшчы і Беларусі, а разам з тым і Еўропы, адлюстроўвае важныя ўзаемадачыненні яго яркіх прадстаўнікоў з дзеячамі многіх краін свету.

28 лютага 1981 г. Сакрат Яновіч напісаў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва свой першы ліст, дзе, між іншым, было сказана: „Спадзяюся, што ўсё, пасланае мною ў адрас Вашага архіва, Вы атрымалі акуратна… Беларускіх пісьменнікаў членаў Саюза польскіх пісьменнікаў зараз налічваецца чатырох. Творчасць іх ужо займае трывалае месца ў культуры, і таму, так я лічу, быў бы сэнс усіх іх ахапіць Вашай архіўнай апекаю. Беларуская рэспубліка з’яўляецца тым цэнтрам, да якога натуральным чынам імкнецца і будзе імкнуцца ўся сусветная беларусеча, не толькі з Еўропы”3.

У гэтым жа годзе адбылося і першае паступленне ў архіў-музей дакументаў празаіка, драматурга, публіцыста, грамадскага дзеяча Сакрата Яновіча. Больш за дзесяць гадоў (далей былі паступленні — 1987, 1989, 1990, 1991 і 1993 гг.) збіраліся матэрыялы для першага вопісу асабістага архіўнага фонду. У 1995 г. архіўны фонд пісьменніка прайшоў навуковую апрацоўку, што дало магчымасць сфарміраваць 493 справы, якія ахапілі перыяд з 1944 г. да 1994 г. і змясцілі 3276 дакументаў. Як навуковая архіўная сістэма гэтая частка фонда мае сем раздзелаў: 1) Рукапісы твораў; 2) Пераклады твораў Сакрата Яновіча; 3) Перапіска; 4) Біяграфічныя матэрыялы; 5) Матэрыялы пра пісьменніка; 6) Матэрыялы, сабраныя С. Яновічам; 7) Выяўленчыя матэрыялы.

У кожным з гэтых раздзелаў ёсць свая інфармацыя, што асвятляе жыццё і дзейнасць фондаўтваральніка, паказвае як кола яго інтарэсаў, так і службовыя, сваяцкія, сяброўскія сувязі.

Апошняе і самае вялікае паступленне дакументаў С. Яновіча ў БДАМЛМ (у сёмы раз!) адбылося ў ліпені 2007 г. у дні правядзення „Беларускага Трыялёгу”. Дастаўку гэтай часткі архіва С. Яновіча ў Беларусь ажыццявілі супрацоўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Некаторую колькасць дакументаў, а таксама штомесячнік „Czasopis”, гадавік „Annus Albaruthenicus”, свае кнігі С. Яновіч дасылаў поштай на працягу 1996-2006 гг. Зараз набліжаецца да завяршэння навуковая апрацоўка і гэтай часткі архіўнай спадчыны С. Яновіча.

Апошняя частка архіва прадстаўляе шматгранную літаратурную і грамадскую дзейнасць С. Яновіча ў другой палове 1990-х — 2007 гг. Рукапісы шырока вядомых у Беларусі і свеце яго кніг „Dolina pełna losu”, „Duch hetmanów”, „Быць сабою”, „Запісы веку”, „Не жаль пражытага”, „Хатняе стагоддзе”, літаратуразнаўчых і публіцыстычных артыкулаў, выступленняў, інтэрв’ю, перакладаў і інш. з’яўляюцца адной з самых каштоўных частак дадзенага збору, выяўляючы тытанічную і дакладную працу аўтара над кожным сваім творам.

Значную частку паступлення 2007 г. складаюць дакументы, якія адлюстроўваюць гісторыю літаратурнай старонкі газеты „Ніва” — „Белавежа”, штомесячніка „Czasopis”, беларускага літаратурнага аб’яднання „Villa Sokrates”, гадавіка „Annus Albaruthenicus” і актыўны ўдзел С. Яновіча ў іх стварэнні, арганізацыі працы, рэдагаванні матэрыялаў. Найбольш поўна ў гэтай частцы прадстаўлены раздзел „Villa Sokrates”: статут і ўсе дакументы па яго рэгістрацыі, вялікая перапіска С. Яновіча аб дзейнасці аб’яднання і арганізацыі канферэнцыі „Беларускі Трыялёг”, падрыхтоўцы гадавіка і іншыя. БДАМЛМ стаў адзіным сховішчам, якое набыло права валодання архівам унікальнага літаратурнага аб’яднання еўрапейскага ўзроўню.

Шчырай праўдай пра сваё ўласнае жыццё, жыццё пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча, палітыка, а праз гэта — адлюстраваннем гісторыі цэлай эпохі, напоўнены дзённікі С. Яновіча, якія ўзбагацілі яго архіўны фонд унікальнай інфармацыяй. Першая частка дзённікаў, ад 04.11.1951 да 08.06.1990 г., прадстаўлена іх ксеракопіямі з дададзенымі да іх біяграфічнымі дакументамі і артыкуламі пра С. Яновіча (усяго 19 сшыткаў). З 06.11.1990 і да 22.06.2007 г. у архіў-музей паступілі арыгіналы сшыткаў (усяго 9). Адсутнічаюць запісы з сакавіка 1976 г. да снежня 1987 г. Іх, як і арыгінальныя сшыткі вышэйназванага перыяду, С. Яновіч перадаў на захоўванне ў Скарынаўскую бібліятэку ў Лондане. „Дзённікі я пачаў весці ад канца шасцідзесятых гадоў, калі зарыентаваўся, што гэта можа мець значэнне. На сёння ўсіх іх трыццаць тры сшыткі, з якіх дваццаць дзевяць захоўваюцца за мяжою (у ваеннае становішча ў Польшчы пагражала майму архіву канфіскацыя тайнай паліцыяй)”4 — падае гісторыю ўнікальнага рукапіснага дакумента сам аўтар ва ўступе да кнігі „Дзённікі” (1987-1995). Вельмі дакладна сказала аб прыродзе, вытоках духоўнай неабходнасці ў іх стварэнні Т. Занеўская ў прадмове да згаданага выдання: „Аб вядзенні пісьменніцкіх запісаў вырашыла таксама ўнутраная патрэба адлюстраваць час сваёй эпохі. Стаў ён таксама вялікім часам пісьменніка, якому спадарожнічае свядомасць актыўнага ўдзельніцтва ў нацыянальным жыцці беларускай меншасці ў Польшчы, у якім папраўдзе нямнога дзеялася па-за Сакратам Яновічам і без яго актыўнага ўдзельніцтва, каб прыгадаць Беларускае незалежнае выдавецтва (1980-1988) ці ўзнікненне Беларускага дэмакратычнага аб’яднання… Ці хацеў тады Яновіч таго ці не, быў ён пісьменнікам на грамадскай і нацыянальнай службе”5.

Актыўная дзейнасць С. Яновіча ў многіх грамадскіх, палітычных, літаратурных справах вымагала і вымагае вялікай перапіскі з дзеячамі Польшчы, Беларусі, многіх краін свету. Яго эпісталярная спадчына з’яўляецца багатай крыніцай па гісторыі культуры, палітыкі, грамадскіх стасункаў Польшчы, Беларусі, адлюстроўвае сацыяльныя і эканамічныя праблемы, характарызуе адносіны карэспандэнтаў да падзей, якія адбываліся ў краінах. У архіве-музеі захоўваецца звыш васьмісот копій лістоў уласна С. Яновіча многім дзеячам, рэдакцыям, дзяржаўным установам Беларусі і Польшчы і каля трох тысяч лістоў, напісаных С. Яновічу амаль пяцюстамі карэспандэнтамі ў розныя гады.

Цікавасць і значэнне для навукоўцаў маюць дакументы да біяграфіі С. Яновіча: даведкі, працоўныя і выдавецкія дамовы, запрашэнні, фінансава-гаспадарчыя, юбілейныя і інш. Бібліяграфія С. Яновіча можа быць распрацавана на падставе дакладна сабраных самім стваральнікам архіва артыкулаў, нататак, рэцэнзій і інш., апублікаваных у перыядычным друку.

Зразумела, што першая і самая галоўная задача, якую дазволіць вырашыць асабісты архіўны фонд Сакрата Яновіча, — гэта ўсебаковае раскрыццё яго шматграннага таленту, спасціжэнне яго творчай лабараторыі, асэнсаванне ідэйна-філасофскай пазіцыі. Адкрываюць фонд аповесці „Трое”, „Сярэбраны яздок”, „Ён і іншыя”, „Скарбы ў Ятвяжскай пушчы”, „Самасей”. Зберагліся аўтографы гэтых твораў, а таксама распрацоўка плана аповесці „Трое”, некалькі варыянтаў аповесці „Самасей”, якая, як сведчаць дакументы, мела яшчэ назву „Жыццё і ўчынкі Андрэя”. Датаваны ўсе гэтыя творы 1966-1975 гадамі. Працяг іх — машынапісы з аўтарскімі і рэдактарскімі праўкамі, карэктуры зборнікаў і аўтарскіх падборак „Вочы бачаць, сэрца баліць”, „Загоны”, „Кар’ера”, а таксама сшыткі, нататнікі, машынапісы, газетныя варыянты, якія ўтрымліваюць каля двухсот трыццаці арыгінальных твораў, напісаных з 1958 па 1993 г. Другую частку рукапіснай спадчыны (апошняе паступленне) складаюць творы ад пачатку 1990-х да 2007 г.: ужо названыя тут „Dolina pelna Losy”, „Duch hetmanów”, „Bycie sobą”, „Запісы веку”, „Не жаль пражытага”, „Хатняе стагоддзе”, а таксама шматлікія апавяданні, эсэ, вершы, абедзьве версіі п’есы „Арышт”, пра якую аўтар занатаваў у дзённіку 30 сакавіка 1999 г.: „Ужо некалькі дзён няблага пішацца мне. Амаль штодзень паседжваю над новай версіяй „Арышту” (папярэднюю закончыў 23.ХІ.1983 г.). Аніякі з мяне драматург, але хочацца, урэшце-рэшт, закончыць п’есу. Шкада нагоды сказаць нешта глыбейшае пра беларускі рух як такі”6. Тут трэба дадаць, што ў першым вопісе фонда пісьменніка значацца: „Зборнік п’ес”, дзе, паміж іншым, змешчаны камедыі „Не пашанцавала”, „Сто хвароб на аднаго чалавека” і „Зборнік сцэнічных твораў”, падрыхтаваных да друку ў сааўтарстве з Ю. Геніюшам у 1975-1976 гг.

Прыкметнае месца ў творчасці Сакрата Яновіча займаюць пераклады. У архіве захоўваюцца яго пераклады твораў А. Конан-Дойла з англійскай мовы, I. Пташнікава, Я. Брыля — з беларускай на польскую, апавяданняў С. Вагуркі, В. Варашыльскага, А. Мулярчыка, Т. Ружэвіча — з польскай мовы на беларускую. У апошні перыяд пісьменнік актыўна перакладаў творы С. Дубаўца, У. Конана, У. Арлова, А. Сыса і іншых на польскую мову, многіх польскіх аўтараў на беларускую мову.

Уласна творы Сакрата Яновіча актыўна перакладаліся і перакладаюцца на польскую, украінскую, англійскую і іншыя мовы. Захаваліся адпаведна аўтографы перакладаў Я. Чыквіна, Р. Бутайлы, М. Лісіцкага, 3. Насядкі, Е. Путраманта, Э. Ярашэвіча, Р. Галана і іншых.

Завяршаюць творчы раздзел фонда пісьменніка „Нарысы, артыкулы, фельетоны”, якія пісаліся ў 1964-1993 гг.

Пры вывучэнні жыцця і творчасці Сакрата Яновіча таксама добра паслужаць літаратуразнаўцам яго аўтабіяграфіі і аўтабібліяграфіі.

Уважлівае прачытанне дакументаў фонда сведчыць, што ў асобе Сакрата Яновіча беларусы маюць не толькі рэдкага таленту пісьменніка, але і падзвіжніка беларускай нацыянальнай ідэі, самаадданага і самаахвярнага. Яго грамадска-палітычная дзейнасць знайшла адлюстраванне ў яго дакладах і выступленнях, нарысах, фельетонах, інтэрв’ю, лістах у розныя ўстановы Польшчы і Беларусі, багатай асабістай перапісцы, фотаздымках, запісных кніжках і дзённікавых запісах, а гэта значыць, што сталі ўдакументаванымі многія падзеі і адносіны да іх пэўнай часткі грамадства.

Праблеме беларускай мовы і беларускай асветы Сакрат Яновіч прысвяціў ці не большую палову публіцыстыкі. Боль за родную мову, за яе лёс праходзіць праз усю яго творчасць. Ён ніколі не быў пасіўным фіксатарам думак, заўсёды меў адвагу да канкрэтных дзеянняў. У далёкім 1983 г. С. Яновіч напісаў у рэдакцыю газеты „Літаратура і мастацтва” ліст, дзе паміж многімі, цалкам аб’ектыўнымі, заўвагамі ёсць і такія радкі: „І так, паважаныя Суродзічы, не трэба забывацца, што наш народ прачнуўся і хоча людзьмі звацца. Ён мае слаўную гісторыю, а чаму гэты народ, ягоная мова і гісторыя лічыцца нечым непатрэбным, а мова мовай унтэрмэншаў. У Менску няма беларускіх школ! Ці гэта ленінская нацыянальная палітыка?

Вы пішаце часта-густа пра дружбу народаў. Але дзе ж тая дружба, калі іншыя мову брата, хай сабе і малодшага, лічаць мовай унтэрмэншаў. У БССР ёсьць рускія тэатры, ёсьць для іх часапісы, але для беларусаў у родным краю амаль што няма, бо калі ёсьць дзе такі, дык абавязкова мусіць працаваць на рускай мове. Я не супроць рускага народу і іхняй культуры, але такія адносіны да нас беларусаў вельмі крыўдзяць нас, хто пачуваецца роўнапраўным сябрам суседніх народаў...”7. Дакументы захоўваюць і яго палымяную прамову на XVIII сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў 1988 г.: „Мова — гэта адзеньне духа, кажучы па-багушэвічаўску. Нас распраналі, каб мы голымі хадзілі. Каб за чужыя транты хапаліся. Дзікімі бегалі, ад роднага адбегшыся. Кінулі заставацца сабою, блуднымі сынамі пашвэндаліся... Нацыя парабкаў і фурманаў? Не!”8.

Сацыяльна-палітычныя стасункі Беларусі і Польшчы на сучасным этапе можна спасцігаць, вывучаючы ўсю публіцыстыку Сакрата Яновіча, яго выступленні на канферэнцыях, з’ездах, яго перапіску з установамі, рэдакцыямі часопісаў і газет, асабістыя дакументы.

І ўсё ж асноўную колькасць у кантэксце фонда С. Яновіча займаюць матэрыялы пра беларуска-польскія літаратурныя і культурныя ўзаемадачыненні. Яны прасочваюцца ва ўсёй творчасці Сакрата Яновіча, у літаратуразнаўчай працы і грамадскай дзейнасці. Недзе з 1962 г. захаваліся рукапісы (аўтографы, машынапісы, газетныя і часопісныя выразкі) хронік, рэцэнзій, нарысаў, дакладаў і выступленняў, якія сведчаць аб непасрэдным дачыненні да гэтай праблемы іх аўтара. Шматлікія даклады і выступленні („Польскія захапленні беларускім”, „Супрацоўніцтва з вялікай „С” і інш.), пераклады твораў I. Пташнікава, Я. Брыля, пераклады твораў Сакрата Яновіча на польскую мову, яго перапіска з пісьменнікамі А. Карпюком, Д. Бічэль-Загнетавай, Я. Брылём. I. Мележам, А. Мальдзісам і інш., багаты фотаматэрыял, да таго — кнігі і перыядычныя выданні, перададзеныя ў архівасховішча друкаваных матэрыялаў Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва, утвараюць цэлую сістэму інфармацыі пра беларуска-польскія літаратурныя і культурныя ўзаемадачыненні.

Цікавай старонкай гэтага збору з’яўляюцца дакументы па гісторыі літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. З чэрвеня 1958 г. Сакрат Яновіч прымаў актыўны ўдзел у яго заснаванні і далейшым станаўленні. У дні святкавання 20-гадовага юбілею аб’яднання С. Яновіч, як заўсёды шчыра і пачуццёва, сцвярджаючы аб „зліцці Белавежы” з агульнаеўрапейскім літаратурным кантэкстам”, напісаў: „Наша аб’яднанне, гэта першая літаратурная арганізацыя на Беласточчыне, хоць пачаткі літаратурнага жыцця Беластоку занатавана ў гадах 1940-41. У пазнейшы час „белавежаўцы” ўдзельнічалі і ў стварэнні ды ўмацоўванні польскага літаратурнага руху ў горадзе, даючы гэтым прыгожы прыклад інтэрнацыяналізму, у прыватнасці, заўсёды тыповага інтэлектуальным адзінкам, і адпавядаючага карэнным інтарэсам кожнай нацыянальнай культуры, як часткі сусветнай. Натуральнае і тое, што, менавіта, „белавежаўцы” надалей пашыраюць беластоцкі ўдзел на Парнасе, выступіўшы з ініцыятывай утварэння ў Беластоку Клуба Саюза Польскіх пісьменнікаў, які спрыяе ўзнікненню літаратурных асяроддзяў і ў суседніх ваяводствах, сувалкаўскім ды ломжынскім.

Сярод нас ёсць ужо чатырох членаў Саюза Польскіх пісьменнікаў, ёсць аўтары, творчасць якіх з’яўляецца вядомай і цэненай не толькі ў Польшчы і Беларусі; творы якіх перакладзена на мовы — польскую, чэшскую, нямецкую, украінскую, англійскую; аб творчасці якіх напісана навуковыя працы, у ПНР і за мяжою. (…)

Большасць нас, калі не ўсе, што сабраліся тады, у той чэрвеньскі дзень 1958 года, у журналісцкім клубе над памяшканнямі рэдакцыі „Нівы”, нават і не марыла аб уласнай аўтарскай кніжцы ў вітрыне кнігарні. Мы, дзеці непісьменных бацькоў, блаславёныя дочкі і сыны мацярок, заплаканых, як грамнічныя свечкі, ішлі ў будучыню з рэвалюцыйным мандатам на рэчаіснасць, якая тады, яшчэ чужая нам, знясмельвала сваёй па-старасвецку вялікапанскай пагардай да нас. I самае важнае, што мы пачыналі рабіць, гэта апавядаць аб жыцці людзям у свеце на мове, якая дагэтуль з’яўлялася ў нас пазнакаю галечы ды забітасці. На бацькоўскіх загонах вырасцілі мы спорны плён прыгожага слова”9. Запрашаючы да гэтай часткі крыніц варта адзначыць, што архіўны фонд С. Яновіча — гэта сапраўдная скарбонка твораў і дакументаў літаратурнага аб’яднання „Белавежа”.

Даследчыкам гісторыі Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, у вялікай ступені, можа таксама залежыць ад архіўнага фонда С. Яновіча, дзейнасць якога цесна звязана з гэтым таварыствам. У 1959-1962 гг. пісьменнік працаваў загадчыкам арганізацыйнага аддзела Галоўнага праўлення БГКТ, у 1988-1990 гг. быў сябрам прэзідыума таго ж праўлення. Гэтыя гады дзейнасці БГКТ і знайшлі адлюстраванне ў дакументах яго архіва. Даклад аб дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства за 1976 г., выступленне на пятым з’ездзе БГКТ аб праблемах арганізацый, якія дзейнічалі ў беларускіх і змешаных асяроддзях, выступленні на пленумах Галоўнага праўлення аб праблемах гаспадарчай дзейнасці і іншыя матэрыялы раскрываюць многія цікавыя старонкі жыцця беларусаў на Беласточчыне.

Значная доля радкоў „Дзённіка” Сакрата Яновіча апошняга дзесяцігоддзя прысвечана штомесячніку „Czasopis”. Становіцца зразумелым кантэкст падзей, звязаны з яго выданнем, арганізацыйнымі праблемамі рэдакцыйнага калектыву, выпрацоўкай праграмнай канцэпцыі. У дадатак гэтаму, у архіве актыўнага яго рэдактара і аўтара адклаліся карэктуры асобных нумароў, творы У. Арлова, У. Конана, А. Чобата і інш. з рэдактарскімі праўкамі С. Яновіча і ў яго перакладзе на польскую мову.

З кантэксту фонду, у сувязі з асаблівасцю моманту, асобна вылучаю дакументы беларускага літаратурнага аб’яднання „Villa Sokrates”. Найперш, некалькі эпізодаў з гісторыі яго стварэння. З вялікім жаданнем адшукаць выток ідэі, самы яе пачатак, гартаю дзённікавыя запісы С. Яновіча. Запіс ад 28 жніўня 1998 г.: „Сёння — фэст у Востраве, на Зелну. Марны, бо і народу амаль няма ўжо. Прыехаў Юрка Хмялеўскі (астраўлянін ён). Хоча, каб „Czasopis” рабіць у маёй тут хаце (трохі як Гедройц у Maisons-Laffitte…). Калі ласка. Але мне ад гэтага не весела. Ці вытрывае ён у гэтым рашэнні? Малады, не ў стане прадбачыць арг. паслядоўнасцяў таго.”10 29 жніўня 1998 г. — наступны запіс: „Раздумваючы пра ўчарашнюю гутарку з Юркам — падумалася: а каб пачаць ствараць фонд Villa Sokrates!? Міжнародны, з перспектывай на спонсара недзе ў Еўрапейскай уніі. У рамках успамажэння тоеснасці малых народаў Еўропы. — Пішу на гэты конт Юрку.

Не прапала б villa Janovič пасля маёй смерці.”11

Ліст да Ю. Хмялеўскага быў напісаны ў гэты ж дзень: „Юрка, галіўшыся раніцай я перадумваў Твой учарашні візіт, гутаркі наконт размяшчэння рэдакцыі „часопіса” у маім крынкаўскім доме. Гэта Твая ідэя. Як памятаеш, не новая, ужо ў мінулым годзе ты нешта такое казаў быў мне.

Яна штораз больш падабаецца для мяне.

Пачынаючы бачыць сувязь з ёю майго даўняга клопату — што будзе з сядзібаю Сакрата Яновіча, калі паўміраюць ейныя насельнікі?! у сохнучых Крынках хто яе купіць? Нават за паўдарэмную цану... Тут ужо паявіліся пакінутыя хаты.

Дык вось: давай запачаткуем міжнародны фонд з беларусазнаўчым профілем, Villa Sokrates. Еўропа зразумее.

Заснавальнікі: Яновічы, Хмялеўскія, Тарасевічы. Капітал на пачатку сімвалічны, па некалькі сот злоты ў год. Дзеля фармальнасці. Членаў-сяброў павінна быць мала. Не больш юрыдычнага мінімуму. Стаўка на спонсара з Еўрапейскай уніі. Праграмная падстава: спомненае беларусазнаўства, а канкрэтна — напрыклад — сімпазіёны зацікаўленых беларушчынай літаратараў і публіцыстаў малых народаў Еўропы, асабліва беларускай літаратурай як другой у Польшчы. Белавежаўскай.

Чакаю візіту нейкіх французаў. Затым італьянцаў (у лістападзе групы Г. Кардацца з Вэнэцыі). Немцы!

З мінулагодняга кракаўскага Трыялогу маю адрасы правансальцаў, брэтонцаў, карсіканцаў, баскаў… Там, у Кракаве, Villa Decius (быў такі ў іх асвечаны дзеяч, прозвішчам Дэц). Як чуў Ты ад мяне, час-часом нешта ладзіць тая Віла за грошы спонсараў з Нямеччыны, Францыі. Вядома, мы такіх, як яны, ўплываў мець не здолеем, але сякія-такія ўсё ж вырабім сабе. Праз пару гадоў.

У двухтысячным годзе бачу вачыма ўявы пяць-шэсць пісьменнікаў з нацыянал-меншаснай Еўропы ў нашай Віле, на тры-чатыры дні з тэмай: беларуская літаратура ў еўрапейскай сям’і. Фінансы: 10 тыс. даляраў. Спонсар…?

Адрас „Часопіса”: CZASOPIS, Villa Sokrates, 16-120 Krynki.

Сакрат”12

Як бачна, аўтар ідэі ўвесь 1999 г. меркаваў заняцца падрыхтоўкай яе рэалізацыі і арганізацыяй афіцыйнай рэгістрацыі. Цесна звязваў яе з пераездам у верасні 1998 у яго крынкаўскі дом рэдакцыі „Czasopisа”. „Першыя абароты Villa Sokrates. Рэдакцыя „Czasopisа” абжываецца ў маім доме ў Крынках (Сакольская, 9). Сёння моцна напрацаваўся з Юркам, фінальна рыхтуючы лістападаўскі нумар”13 — запісаў у дзённіку С. Яновіч 29 кастрычніка 1998 г. Наступны запіс да гісторыі Villa Sokrates сустракаем 2 студзеня 1999 г.: „Так сказаць: дзень „Czasopisа”. Прыхільны водгук у сённяшняй „G.Wyb.-Gazeta w Bialymstoku” (з падказкі Дамброўскага напісаў Халадоўскі). Гэтыя два хлопцы былі, сёння якраз, у мяне — бралі інтэрв’ю на заказ Міхніка. Ад якога Халадоўскі перадаў мне канфідэнцыйную звестку наконт спамажэння, таксама фінансавага, будучай Villa Sokrates. Трэба брацца, значыць, за фармальную рэгістрацыю (погалас ужо пайшоў). Ужо час!”.14 І ўжо запіс наступнага дня: „Цэлы божы дзень над праектамі дакументаў па рэгістрацыі Villa Sokrates. І над рыхтаваннем высылкі патрэбным людзям „Czasopisа” новага выгляду (№ 1/1999). Скураю адчуваю пералом у сваёй сітуацыі, час ісці ў свет.”15 18 сакавіка 1999 г. лаканічны запіс: „Добра, што Акруговы суд прызнаў Villa Sokrates, фіналізуе рэгістрацыю (да канца сакавіка).16 І вось чаканае: „Villa Sokrates ужо ўзаконена (2. IV). Можна арганізоўваць фінансы. Скарбнікам — Лёнік”(… ) „Насвяткаваліся! Учора. Юрка і Лёнік — пераначаваўшы — сёння, усе мы трох, аформілі ў крынкаўскім банку conto Villa Sokrates. Нарэшце finite”.17 З гэтым „finite” пачыналася вялікая ўсепаглынальная праца, вынікі якой праз дзесяць гадоў цяжка пераацаніць. Была вялікая радасць ад хутка ўвасобленай задумы. Дзённікавыя запісы адлюстравалі гэты светлы, „камфортны”, у прадчуванні добрых вынікаў вартай справы, настрой яе аўтара.

Захаваліся і афіцыйныя дакументы да гісторыі ўзнікнення і станаўлення Villa Sokrates: чарнавікі ўдакументавання ідэі, статут, спіс устаноўцаў, афіцыйныя дакументы аб рэгістрацыі. І да ўсяго, проста грандыёзны багаццем дакументаў (не страчаны ні адзін лісток!) архіў дзесяцігадовай гісторыі Villa Sokrates: перапіска з дзеячамі літаратуры і мастацтва Еўропы і свету, у тым ліку Беларусі і Польшчы, дзяржаўнымі ўстановамі аб дзейнасці аб’яднання, аб падрыхтоўцы канферэнцыі „Беларускі Трыялёг”, аб выданні зборніка „Annus Albaruthenicus”, усяго каля 2000 тыс. лістоў. Захаваліся і матэрыялы зборніка „Annus Albaruthenicus” ад 2000 да 2007 г.: старонкі карэктуры з праўкамі і заўвагамі С. Яновіча, аўтарскія рукапісы і інш.

Сакрат Яновіч займае сваё адметнае становішча ў літаратуры, грамадскім руху Беласточынны, уплываючы на многія ўзаемадачыненні Беларусі з Еўропай і цэлым светам. Свой партрэт на фоне эпохі і саму эпоху ён напісаў з ашаламляльна нелітасцівай да сябе і іншых шчырасцю ў сваіх творах, дзённіках, лістах, напісаў з захапленнем і сарказмам, мудрасцю і душэўнай цеплынёй, непрымірымасцю і ўседаравальнасцю. Аб’ектыўнасць, якая стала творчай манерай аўтара гэтага ўнікальнага архіўнага збору, дасць магчымасць будучым даследаванням напоўніцца гэтакімі ж праўдзівымі крыніцамі.

Разважаючы аб прыродзе духоўнага альтруізму, стаічнасці выдатных асоб нашай гісторыі, мы часта так і не знаходзім адказаў на многія пытанні: што кіравала многімі, калі дзеля беларускай справы змянялі спакойнае ўтульнае жыццё ў сваіх фальварках-кватэрах на вечнае бадзянне, не баяліся стаць аб’ектамі пераследу за беларускі верш у польскамоўным ці рускамоўным асяроддзі? Думаю, што вывучаючы дакументальную спадчыну Сакрата Яновіча, мы зможам моцна наблізіцца да разумення таго, што адбывалася на Беласточчыне ў другой палове ХХ — пачатку ХХІ ст., чытаючы творы — усвядоміць феномен духоўнай сілы іх глыбока нацыянальнага аўтара. Успомнім толькі адзін яго твор, які, як і дзесяткі іншых, гучыць жыватворнай малітвай: „Беларускае слова, ты мая айчына! Мой сон ля акна цвета-ліпнёвага ў раніцу пчаліную. І пошум пушчы стрункахвойнай, і весялосць густазялёная. Ты, як дзяцінства, ідзеш за мною.

Слова матчынае, ты мая сляза! Мая трывога ў вечары кахання чыстаквяцістага, у садзе юнацтва. I чарнабрывы позірк дзяўчьшы сарамлівай і бяссонне зорнае. Ты, як лёс, паўстаеш у даляглядзе нязбытым.

Слова роднае, суме мудры! Радасць неўгамонная, што часам лунае вясёлкаю на небе краіны манго прызначэння. I няспешна павучаеш мяне жыць сваім розумам ды гасцінцам ісці шырокім праз годы ўсяго раз адзін дадзеныя. Ты, як той сябар шчыры, не пакінеш і ў няшчасці.

Я табе толькі, слова ты маё беларускае, веру ды кланяюся.

Бог ты мой!

Ты мая рэлігія!”18

Падзеі жыцця пісьменніка і грамадскага дзеяча Сакрата Яновіча, яго творчыя інтарэсы, яго талент збіральніка, беражлівыя адносіны да кожнага дакумента асабістага архіва даюць упэўненасць, што яго архіўны фонд стане падставай для даследаванняў літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў у зусім уяўнай перспектыве.

1 В. Калацкая. „Гутарка з айцом Аляксандрам Надсанам”. Arсhe, 2006. № 9. С. 25

2 У 2006-2009 гг. БДАМЛМ пачаў стварэнне фондаў літаратуразнаўца, прафесара Б. Белаказовіча і гісторыка, прафесара А.Мірановіча

3 БДАМЛМ. „Справа фонду № 294”. С. 1

4 Сакрат Яновіч. „Дзённікі” (1987 — 1995). Беласток, 1997. С. 9

5 Т. Занеўская. Вартавы нацыянальнай памяці. Прадмова / Сакрат Яновіч. „Дзённікі” (1987-1995). Беласток, 1997. С. 6

6 БДАМЛМ. Ф. 294. Воп. 2. Адз.зах. 53. С. 114

7 БДАМЛМ. Ф. 294. Воп. 1. Адз.зах. 162. С. 8

8 Там жа. Адз.зах. 82. С. 1

9 БДАМЛМ. Ф. 294. Воп. 1. Адз.зах. 61. С. 36-37

10 БДАМЛМ. Ф. 294. Воп. 2. Адз.зах. 53. С. 62

11 Там жа. С. 63

12 БДАМЛМ. Ф. 294. Воп. 2. Адз.зах. 73. С. 8

13 Там жа. Адз.зах. 53. С. 73

14 Там жа. С. 94

15 БДАМЛМ. Ф. 294. Воп. 2. Адз.зах. 53. С. 94

16 Там жа. С. 110

17 Там жа. С. 116. Запісы ад 07.04.1999 і 13.04. 1999 г.

18 Sokrat Janowicz. „Listowie”. — „Лістоўе”. Бібліятэчка ЛА „Белавежа”. Укл. Т. Занеўска. Рэд. Я. Чыквін. Беласток, 1995. С. 8