Strona główna » Czasopis » Nr 01/12 (STYCZEŃ/ СТУДЗЕНЬ 2012) » Успаміны з 1974 г.
Успаміны з 1974 г.
Kliknij by zobaczyć obraz w pełnych rozmiarach...

Аўтар з Відойкай Наваковіч ля яе дома

Дзмітры Шатыловіч

У Дуброўніку мы не затрымоўваліся. Бачылі мы яго толькі з акна на шашы. Джавановічы — гэта курортная мясцовасць. Электрастанцыя пабудавала там свае домікі на 3-4 асобы з ваннай, туалетам, электрычнымі бойлерамі, з кухняй, з электрахаладзільнікам і печкай. У пакоях шырокія тапчаны, шафы, сталы. Прыехалі мы змучаныя, выкупаліся і пайшлі спаць. На наступны дзень мы адпачывалі. Домікі стаялі ля мора, тэмпература была 200 С і былі між намі такія, якія выкупаліся ў моры, бо вада была цёплая. Пасля абеда завезлі нас у Дуброўнік, у якім я ўжо быў. Ізноў я пабачыў старыя дамы, мармуровыя вуліцы, зялёныя дрэвы, на якіх вісяць апельсіны ўжо зімою. З двома сябрамі я увайшоў на памост і там уласнік маторнай лодкі запрапанаваў нам за 12 дынараў праезд па моры. На лодцы нас трох паглядзела з мора стары Дуброўнік. Вазіў нас паўгадзіны. Пасля мы ў рэстаране з’елі абед, пахадзілі па вуліцах і вярнуліся ў аўтобус. І з Дуброўніка едучы ў Тузлу толькі адзін раз спыніліся, каб выпіць гарачага віна і ў гасцініцы „Брысталь” пайшоў я спаць а 23 гадзіне. Аказалася, што калі мы былі на экскурсіі, у Тузлі два дні ішоў дождж.

Паблізу маёй гасцініцы стаіць гара-парк з дрэвамі і вузкімі дарожкамі. Паблізу сцежак і дарожак у парку ляжаць пліты, на якіх былі выпісаны імёны і прозвішчы загінуўшых у Тузлі ў барацьбе з нямецкімі акупантамі партызан Ціта. Там загінула іх некалькі соцень. Большасць з іх была басанцамі-мусульманамі, што можна пазнаць па іх імёнах. Мова басанцаў была амаль такая самая, як сербаў.

Калі прыйшло праваслаўнае свята Каляды, то многія сербы, якія працавалі на электрастанцыі, 6-га студзеня бралі звальненне з працы і ехалі дамоў. Нам гаварылі: „сутра у нас Божыч і мы не радым” ( заўтра ў нас Каляды і мы не працуем).

Жонка і дачка папрасілі мяне, каб я прыгатовіў ім запрашэнне ў Югаславію на жнівень, бо хочуць ізноў пабачыць Дуброўнік. Аказалася, што польскія ўлады за Герка ўвялі патрэбу афіцыйнага запрашэння ад знаёмага, пасведчанае польскім пасольствам. Я даць такога запрашэння не мог, бо меў у маі ўжо быць у Польшчы. Раней, пры У. Гамулку, каб атрымаць дазвол на выезд у Югаславію, трэба было толькі паказаць канверт з пісьмом ад нейкага знаёмага з Югаславіі. Цяпер, за Эдварда Герка, трэба было прасіць Колю Фармакоўскага з Бялграда, каб ён аформіў такое запрашэнне мне, маёй жонцы і дачцэ.

Я ў вольны час вучыўся сербска-харвацкай мовы і пачаў перапісвацца з многімі знаёмымі і з Бялграда, і з Сараева. Напісаў таксама пісьмо Маріі Кусіч з Дуброўніка з пытаннем, ці можам у яе наняць кватэру ў жніўні. Яна згадзілася. Запрашалі нас таксама на два-тры дні ў жніўні знаёмыя жанчыны з Сараева і нават з Новага Саду.

Я думаў, што вярнуся дамоў пад канец сакавіка, калі наступіць сінхранізацыя блока 200 мегаватаў з электрасеткай. Аднак калі ўрачыста прайшла сінхранізацыя, то праз паўгадзіны наступіла аварыя польскага генератара: паўстала кароткае замыканне з зямлёй у абмотцы ўзбуджэння генератара. Дырэкцыя электрастанцыі страшна была расчараваная. Усё затрымалася. Вызвалі хутка спецыялістаў з фабрыкі генератараў „Дольмель” ва Вроцлаве. Пакуль яны прыехалі, прайшоў сакавік. На Вялікдзень 14-15 сакавіка я паехаў аўтобусам у Бялград да Мікалая Фармакоўскага і аформіў запрашэнне ў Югаславію на жнівень для сябе, жонкі Ніны і дачкі Іры. Юра рашыў застацца ў Варшаве з маткай Ніны. Ён закончыў ужо ліцэй і з-за добрых вынікаў у ліцэі атрымаў права паступіць без экзаменаў на фізічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта і меў мець у жніўні практыку на будове ў Варшаве.

Спецыялісты з Вроцлава разабралі генератар, зрабілі рамонт і пад канец сакавіка яго ўключылі і ён працаваў да гадзіны 17-тай. І тады наступіла кароткае замыканне ў югаслаўскай шафе 6 кв.трансфарматара напружання. Наступіў выбух, паявіўся агонь і згарэлі дзве шафы. Ды гэта ўжо не была наша віна. Басанцы хутка сабралі сваіх манцёраў і праз некалькі дзён паставілі новыя шафы з трансфарматарамі напружання. Пачаліся новыя спробы і вечарам а гадзіне 2130 18 мая наступіла сінхранізацыя генератара. Тады пачаліся віншаванні, расставілі сталы з закускай, віном і віньяком і півам наўкол генератара і гасцявалі мы некалькі гадзін.

Адзін з польскіх спецыялістаў, малады хлапец, які спаў у суседнім пакоі за маёй сцяной, раптам згінуў. Кожны з нас меў загранічны пашпарт на ўсю Еўропу. І ён выкарыстаў гэта і відаць уцёк у Аўстрыю. Шуму не было, хутка прыехаў з Польшчы з яго фірмы другі спецыяліст.

Пусцілі мяне дамоў ў палавіне чэрвеня і то аднаго на маю моцную просьбу. Паехаў я сам у Бялград, затрымаўся ў гасцініцы „Славія”, правёў вечар у Мікалая Фармакоўскага, які на наступны дзень завёз мяне да аўтобуса авіялініі ЯТ, а адтуль яе аўтобусам папаў я на аэрадром і самалётам вярнуўся ў Варшаву.

Дома Ніна выкупіла ўжо білеты на польскі аўтобус у Дуброўнік для сябе, для мяне і для дачкі Ірэны. Назад будзем вяртацца югаслаўскім транспартам да Бялграда, дзе затрымаемся ў Мікалая Фармакоўскага, а пасля цягніком вярнемся дамоў.

У Польшчы ў той час 21 студзеня ўлады павысілі цэны на алкаголь і бензін, а 29 мая парламент прыняў рашэнне, што сяляне могуць дабравольна аддаваць дзяржаве сваю зямлю за інвалідскую пенсію. А 28 чэрвеня ў шахце Чэхавіцэ-Дзедзіцэ наступіў выбух і згінула 32 шахцёраў.

У Варшаве 22 ліпеня ўлада гучна святкавала 30-годдзе ПНР, 18 ліпеня прыехаў у Варшаву першы сакратар КПСС Л. Брэжнеў і 22ліпеня стаяў на трыбунах разам з Э. Геркам і прымаў парад. І 22 ліпеня ў Варшаве адкрылі Лазенкоўскую трасу руху з новым мостам праз Віслу.

4 лютага ад выбуху ірландскай бомбы ў аўтобусе ў Англіі згінула 12 асоб.

3 сакавіка ля Парыжа разбіўся турэцкі самалёт. Згінула 347 пасажыраў.

13 лютага СССР выгнаў за граніцу Аляксандра Салжаніцына з жонкай — вывезлі іх самалётам, выкінулі і пакінулі.

29 красавіка ў Партугаліі наступла дэмакратычная „рэвалюцыя гваздзікаў”, якая адабрала ўладу наследніку дыктатара А.Салазара, Марсэлу Каэтану.

20 ліпеня Турцыя заняла частку Кіпра, бо быццам бы баялася, што зойме Кіпр Грэцыя, якой тады кіравалі „чорныя генералы”, і трымае яе да сённяшняга дня.

8 жніўня амерыканскі прэзідэнт Р. Ніксан аддаў уладу свайму намесніку Д. Форду з-за аферы Уотэргейт.

4 жніўня ранкам я з жонкай Нінай і дачкой Ірэнай селі ў польскі турыстычны аўтобус, а багаж наш шафёр пагрузіў пад падлогай аўтобуса. Аўтобус гэты павёз нас у Югаславію ў горад Дуброўнік. Я ў Тузле атрымаў пісьмо, у якім сям’я Марыі Кусіч згадзілася, што можам да іх прыехаць у жніўні на два тыдні і для нас будзе прыгатоўлены ў іх доме пакой на другім паверcе з трыма ложкамі, шафай і тэлевізарам і будзем мець права на карыстанне іх кухняй і ванным пакоем. Падалі мне таксама цану, колькі ім трэба за гэта заплаціць у дынарах. Я прывёз з сабою нейкую суму дынараў і я іх афіцыйна мог з сабою забраць назад. Акрамя таго я меў на сваім рахунку ў польскім банку амерыканскія долары і я атрымаў ад банку дазвол іх вывезці за граніцу Польшчы.

4-га жніўня вечарам прыехалі мы ў Будапешт у гасцініцу і там з’елі вячэру, пахадзілі вечарам па вуліцах горада ля венгерскага парламента, а пасля пераначавалі. На наступны дзень паехалі мы ў Югаславію і па дарозе польскі гід нас завёз паказаць нам музей сербскага Асвенціма ў Ясеновацу, званага харвацкім лагерам смерці ў 1941-43 г. паблізу месца, дзе рака Уна ўліваецца ў раку Саву. Не буду многа пісаць аб гэтым лагеры, бо заняло бы мне гэта некалькі старонак. А артыкулы аб Ясеновацу можна лёгка знайсці ў інтэрнэце. Усіх нас здзівіла толькі тое, што ў гэтым лагеры смерці катамі былі не немцы, як у польскім Асвенціме, а каталіцкія харвацкія манахі францысканцы, якія былі горшымі катамі, чым немцы. Як вылічылі гісторыкі, у лагерах Ясеноваца, Старай Градзіскі і Даніцы катавалі людзей 953 каталіцкіх харвацкіх францысканцаў і духоўных. Многія з іх уцяклі пасля з Харватыі, аднак 139 з іх пазнейшы югаслаўскі ўрад Ціта пакараў за зверствы карай смерці. Камендантам лагера ў Ясеновацу быў францысканец Міраслаў Філіповіч, які любіў мардаваць людзей матыкай. Францысканцы любілі ў час катавання рабіць сабе здымкі і фільмы, якія мы аглядзелі. Часта рабілі яны і фільмавалі спаборніцтвы, хто больш разрэжа горлаў у людзей закрыўленым нажом, які назвалі „сербарэзам”, і 28 жніўня выйграў спаборніцтва францысканскі ксёндз Брзіца, які перарэзаў горлы 1360 сербам, у тым ліку жанчынам і дзецям. У Ясеновацу згінула 120 тысяч дюдзей, у тым ліку 19 тысяч дзяцей, а ў трох лагерах смерці 600 тысяч сербаў, 60 тысяч жыдоў і 24 тысячы цыганоў.

Пасля паехалі мы далей і пад вечар даехалі да гасцініцы ля Плітвіцкіх азёр. Там мы з’елі ў рэстаране вячэру і пераначавалі.

Плітвіцкія азёры сталі ў Югаславіі, тады ў Рэпубліцы Харватыі, прыродным паркам. У ім знаходзяцца невялікія прыгожыя азёры з рознаколернай вадой. Мы на наступны дзень мелі вольны час амаль да абеда, пабачылі некалкі азёр. Два з іх мелі бірузовую воду. Бачылі мы азёры з малінавай вадой, прыгожыя вадаспады з каляровай вадой і чароўны лес навокал. Пасля абеда паехалі мы далей і пад вечар былі мы ў Дуброўніку.

У аўтобусе ехала з намі нашая знаёмая з нашага суседняга блока ў Варшаве, Аня са сваім сынам. Калі мы прыехалі, яна не мела заказанай кватэры. Нас чакала на аўтобусным прыпынку наша знаёмая Марыя Кусіч. Тады Аня падышла са сваім сынам і папрасіла ў нашай знаёмай, каб яна да сябе іх прыняла. Марыя Кусіч не хацела, бо не мела вольных ложкаў. Аня сказала, што яны ўзялі з сабой матрацы, якія напаўняюцца паветрам, і будуць на іх спаць. Марыя Кусіч згадзілася, і яны ў іншым пакоі на першым паверсе спалі на падлозе на сваіх матрацах. Мы тады часта разам з імі хадзілі ў стары Дуброўнік і на пляж. Дуброўнік мы ўжо добра ведалі, бо былі другі раз.

На пляжы ў новым Дуброўніку, калі я з Нінай купаўся ў моры, а Ірэна пільнавала нашы рэчы, адна немка, якая была адна на пляжы, папрасіла яе папільнаваць яе рэчы, бо хоча выкупацца. Ірэна згадзілася і потым, калі мы ўсе выйшлі з вады, пазнаёміліся з немкай Цінай Блянк з Бад-Райхенгаля. Яна жыла ў прыгожай гасцініцы „Компас”, якая стаяла паблізу пляжы. Ціна запрасіла нас да сябе ў пакой гасцініцы, паказала яе нам. Гасцініца гэта была не на нашу кішэнь, з выгаднымі пакоямі і басейнамі. Ціне падабалася, што я ведаю някепска нямецкую мову, і калі яна выязджала з Дуброўніка, дала нам свой дамашні адрас у Бад-Райхенгалі ў Баварыіі. Я з ёй перапісваўся доўгі час. Яна некалькі раз запрашала нас прыехаць да яе і мы ў 1979 г. у яе былі 10 дзён. Ціна была ўдавой, бо муж яе трапіў у палон на рускім фронце, вярнуўся дамоў хворы і хутка памёр.

20 жніўня развіталіся мы з сям’ёй Марыі Кусіч, з Аняй і яе сынам ды паехалі сербскім аўтобусам у Сараева. Ехалі мы той самай дарогай, якой у 1971 г. прязджалі цягніком з Сараева ў Дуброўнік. Тыя самыя тунелі, той самы прыгожы краявід. Калі мы прыехалі ў Сараева, пайшлі мы на чыгуначны вакзал купіць чыгуначныя квіткі ў Бялград. Касірам быў мужчына. Калі мы сказалі яму, што мы з Польшчы і хочам купіць квіткі на цягнік у Бялград, ён закрыў касу, завёў нас у пакой на другім паверсе, паставіў нам каву і прынёс нам квіткі ў Бялград на 22 жніўня, за якія мы вярнулі яму грошы. Ён сказаў, што ён харват, даў нам свой дамашні адрас і ўзяў наш і прасіў нас, каб мы дазволілі яму затрымацца ў нас на кватэры на некалькі дзён, бо ён мае двух хворых сыноў і хацеў бы прыехаць у Варшаву да знаёмага яму прафесара лекара, які калісь быў у Югаславіі, каб яго папрасіць лячыць яго сыноў. Ён называўся Ілья Міятовіч. Мы згадзіліся. Праз год ён да нас прыехаў, я завёў яго да гэтага лекара ля Варшавы ў Канстанціне, аднак лекар сказаў яму, што хваробы яго дзяцей ён не можа вылечыць. Лекар добра знаў сербска-харвацкую мову. Сумны Ілья вярнуўся дамоў.

З чыгуначнага вакзала мы ўзялі таксі і паехалі да нашай знаёмай Відойкі Наваковіч, якая прыслала нам пісьмо ў Дуброўнік і запрашала нас да сябе. Яе дом быў вялікі і стаяў у прыемным агародзе недалёка месца, дзе 25 чэрвеня ў 1914 г. Гаўрыла Прынц застрэліў эксгерцага Фердынанда і яго жонку. Прыехала тады да маткі яе дачка, якая была настаўніцай у школе, і калі матка яе паказала ёй маё пісьмо з Дуброўніка да яе, яна здзівілася, што я вельмі добра ўжо пішу па-сербска-харвацку. У Відойкі былі мы да 22 жніўня. Самі мы хадзілі па Сараеве.

Помню, зайшлі мы ў адну праваслаўную царкву і Ніна сказала святару, якога там сустрэлі, што мы праваслаўныя палякі і хочам паглядзець царкву. Ён засмяяўся і адказаў, што ён першы раз чуе, што бываюць праваслаўныя палякі. „Вы напэўна з’яўляецеся беларусамі, украінцамі ці рускімі, ды не палякамі” — адказаў ён. Царкву ён нам паказаў і расказаў яе гісторыю.

22 жніўня выехалі мы цягніком з Сараева, а 23 жніўня у Бялградзе на чыгуначным вакзале сустрэў нас Мікалай Фармакоўскі і завёз нас да да сябе. Там сустрэла нас яго жонка Невена. Зноў ён павазіў нас па Бялграду і ваколіцы, наведалі мы знаёмых у Бялградзе і ў Новым Садзе і 25 жніўня паехалі мы цягніком Бялград — Варшава дамоў. Не затрымоўваліся ў Будапешце, бо мелі раней выкупленыя квіткі на месцы ў цягніку Бялград-Варшава.

У электрастанцыі Казяніцэ аддалі ў эксплуатацыю 6-ты і 7-мы блокі па 200 мегаватаў кожны на каменны вугаль і ў Понтнуве 8-мы на 200 мегаватаў (7-мы ўжо працаваў) на мазут. У 1982-85 г.г. блокі 7-ы і 8-ы з-за недахопу мазуту не працавалі і машыннае абсталяванне ад іх бралі пры рамонце для іншых блокаў і пасля 2000 г. іх зусім разабралі. На іх месцы запраектавала і пабудавала заходняя фірма SCN Lavalin блок магутнасці 464 мегаватаў, які 23 лістапада 2007 г. быў сінхранізаваны з дзяржаўнай энергетычнай сеткай і 28 снежня 2007 г. пачаў працаваць на поўную магутнасць. На гэты блок было ўзята на захадзе 392 мільёнаў амерыканскіх долараў пазыкі.

Я даведаўся з абвяшчэння ў газеце, што побач майго месца працы ў турыстычным аўтабюро арганізуецца курс гідаў замежных экскурсій. Трэба будзе толькі здаць уступны экзамен, хаця б з адной замежнай мовы. Я тады меў у працы 30 дзён нармальнага водпуску і 10 дзён, як саратнік (kombatant) за ўдзел у баях на фронце ў 1945 г., а да таго даходзілі вольныя ад працы суботы, нядзелі і святы, якія мог выкарыстаць на экскурсіі. Таму я хутка выйшаў з майго праектнага бюро і побач запісаўся на ўступны экзамен, які адбыўся ў лістападзе.

Экзамен з нямецкай мовы я здаў ледзь на чатыры з мінусам, бо экзамeнатарка была вельмі патрабавальная і мучыла мяне мінут дваццаць, вымагала не толькі расказваць на нямецкай мове, ды хутка перакладваць цэлыя сказы з польскай мовы на нямецкую і наадварот. А я нямецкай мовай рэдка карыстаўся, бо не меў патрэбы.

На экзамен з рускай мовы я пайшоў ужо без боязі. Экзамeнатарка паказалася мне знаёмай, ды я не мог яе пазнаць. Загадала мне расказаць маю біяграфію. Я паспеў сказаць толькі два ці тры сказы, як яна мяне спыніла: — Ты меня не узнаёшь?

Я пачаў ёй прыглядвацца, а яна: — Я ведь Ольга Войдаковская.

Супраўды, як я яе адразу не прыпомніў? Змянілася, але не на столькі, каб яе не пазнаць. Віну зваліў я на экзаменацыйнае хваляванне.

Вольга Вайдакоўская паходзіла са станцыі Чаромхі. Я з ёй вучыўся ў 4-м, 5-м і 6-м класе пачатковай школы, ды астатні раз я з ёй бачыўся ў 1953 годзе на ст. Чаромсе, перад маім выездам у Ленінград здаваць дыпломную працу. Яна вучылася ў Маскве на рускай філалогіі. Пасля я чуў, што Вольга выйшла замуж за паляка і жыве ў Варшаве, ды з ёй ніколі не сустрэўся. Мы прывіталіся. Яна мне расказала сваё жыццё і падала сваё новае прозвішча: Карчэўска. Сказала, што мае са сваім мужам старэйшую дачку, якую ахрысхціла ў царкве, і сына ахрышчанага ў касцёле і што яе сын здаваў тут таксама экзамен з нямецкай мовы. Абмяняліся мы адрасамі, пасля сустракаліся мы ад часу да часу і былі разам на экскурсіі ў Турцыі і Грэцыі. Тады яна мне паставіла з экзамена ацэнку вельмі добрую. Пасля я сустрэў яе ў царкве ў Варшаве на Волі і яна мяне паведаміла, што мела інфаркт сэрца. Праз год я даведаўся, што схапіў яе ізноў інфаркт сэрца ў сенаторыі ў Цехацінку, дзе яна памерла. Пахавалі яе на праваслаўным пагосце ў Варшаве на Волі.

Пасля экзаменаў я хадзіў на курс лекцый гідаў замежных экскурсій, якія пачаліся яшчэ ў снежні 1974 г., а кончыліся ў чэрвені 1975 г. Тады трэба было здаваць экзамены з вывучаных прадметаў. Здаў я іх у чэрвені 1975 г. і стаў гідам замежных экскурсій.

29 снежня ад землятрусу ў Пакістане згінула 4700 жыхараў.

Kliknij, by wyświetlić formularz...Kliknij, by ukryć formularz... Napisz komentarz
  • Wymagane pola zostały oznaczone *.
  • Komentarze są publikowane po przeczytaniu przez moderatora serwisu.
  • Prosimy Państwa o staranne wpisywanie adresów e-mailowych — Państwa adresy nie są ani publikowane, ani komukolwiek ujawniane, jednakże w niektórych przypadkach prawidłowy e-mail jest nam niezbędny do wyjaśnienia z autorem kwestii, które mogą budzić nasze wątpliwości w nadesłanym przez niego komentarzu.
  • Moderator jest w 100% człowiekiem, a nie programem komputerowym, więc publikacja może potrwać czas jakiś — cierpliwości.
  • Komentarze nie na temat — jest on zadany przez powyższy artykuł — będą odrzucane.

* Kod:
 
Wpisz ten kod (dwie litery i dwie cyfry) w odpowiednie pole formularza podczas wysyłania komentarza. Jeśli nie możesz go odczytać, spróbuj wygenerować inny...
Czasopis.pl na Facebook