Strona główna » Czasopis » Nr 7-8/10 (ЛІПЕНЬ-ЖНІВЕНЬ 2010) » Чаго хочам?
Чаго хочам?
Сакрат Яновіч
Kliknij by zobaczyć obraz w pełnych rozmiarach...

Маё роднае мястэчка Крынкі, што ў Сакольскім павеце, уяўляе сабою цяперашні еўрапейскі свет. Раней сюды збегліся навакольныя вёскі. У летнюю цяплынь прывозяць крынкаўскія паненкі смуглявых кавалераў з Італіі,

а хлопцы звалакаюць кумпястых немак. На местачковых дыскатэках пераважае гергат усякіх моваў, але беларускай, як даўней, ужо не пачуеш. Блізкі той час, калі пасыплюцца ўнучкі-ўнукі. Ці захочуць яны тут бываць?

У Крынках жывуць цяперашнім часам дзіўныя людзі, якіх не памятаю я ў сваё дзяцінства ды маладосць. Пажылыя недабойкі, мардатыя і жыватастыя ад скварак і піва; атрымліваюць рэнты, эмерытуры, малыя, аднак даволі на мужыцкую бяду.

Баюся я суседкі; яна ўжо пахавала легіён каханкаў, яе сын распіўся, выслаўшы жонку на заробкі ў французскую распусту; дачка ў Англіі даглядае нейкіх калекаў.

Дэфіцыт на мужчынаў рэдукуе патрыярхат, наклікаючы вяртанне дагістарычнага матрыярхату; усюды ў нас пануюць жанчыны-бабы, у крамным гандлі, у тутэйшым настаўніцтве, і нават у магістраце бурмістрам стала прыгожая інтэлігентка, замест дагэтуляшняга хамута, што не любіў чытаць кніжак (акрамя кніжкі тэлефонаў). Сям-там швэндаюцца „шалтай-балтай” з мутным ад перапою зрокам; калхозныя дэгенераты, якіх баяцца іхныя дзеці. Заняпад грамадства працягнецца прыблізна на дзесятак гадоў, пакуль не вынесуць на могілкі апошняга горкага п’яніцу ў савецка-рускім стылі.

Эпоха фабрык і некваліфікаванай работы адышла ў нябыт. Якая доля чакае фабрычныя некалі Крынкі? Выратуе пушча, мабыць не столькі яна сама, колькі прыход цывілізацыі горада з адначаснаю смерцю вёскі. Я маю на ўвазе турыстыку, аб якой раней і чуць не чувалі. На арганізоўванні турыстыкі добры заробак, але трэба яе ўмець ладзіць. Крынкаўскія півашнікі — гэта дурні на тыя добрыя грошы, умеюць адно піць і плакацца ад злога лёсу. Ім патрэбны пан, а пана таго ўсё няма і няма. Генетычная псіхалогія паншчыннага халопа!

Хварэю думкамі пра нашых людзей, іх нежыццёвасць. Нядаўна святкавалі беластоцкія нашы паэты многалетнія юбілеі. І што аказалася — нямаш самакрытыцызму, голая хвальба на цётчын узор, усенька падпарадкавана на вясковы манер „слаўнага роду”. Я не спрабоўваю ўжо сварыцца, ведаючы, што гэта скончыцца адваротным скуткам; нажыву варагоў да самое магілы. Далёка нам да Еўропы. Множацца ў грамадстве, бы тая „стонка” ў бульбе, натоўпы інжынераў, магістраў, прафесараў, словам: кандыдаты яны на эліту. Але яны ж зусім не эліта, а грашаробы, збіральнікі пасадаў. На такіх пагадавалі іх бядотныя бацькі, што кінулі вёску, драпануўшы ў мяшчанскую выгоду. Змяніўся час і эпоха.

Гэтыя кандыдаты ў эліту няздольныя на арыстакратызм інтэлігенцкай ахвярнасці. Такая культура ў адукаванцаў з хлебнымі дыпломамі. Славуты Аляксандр Салжаніцын называў іх „образованщиной”, чвэрць-інтэлігентамі.

Інтэлігенты нараджаюцца толькі ў чацвертым пакаленні ў сем’ях з багатай хатняй бібліятэкай на мовах культурнага свету.

Хто ж з нас прыйшоў на свет у доме дзядоў без паншчыннага радаводу?

У маіх Крынках імчаць аўтамашыны ўсё на Беласток або з Белас­тока, а ў вольныя ад работы суботы буяняць маторныя касілкі травы на забытых агародах. Тонка пабрэхваюць пакаёвыя сабачухі, гультаяць укормленыя коцікі. Іржыць прыезджая на нядзелю кавалерка з „сучкамі” (так завуць хлапчукі намоджаных паненак). Гледзячы на ўсё тое не верыцца, што на свеце голад-холад... І штомінуты паміраюць у Афрыцы немаўляты...

Мы дзіўна жывем, несціхана ўцякаючы кудысьці. Пазваніў мне блізкі сваяк аж з Амерыкі; нядаўна ашчаслівіў сябе аселасцю ў Белас­току, затым пераездам у Варшаву, адкуль перавалокся ў васьмімільённае Чыкага, хітра абдурыўшы нелегальшчынаю амерыканцаў. Звоніць, бо адтуль тэлефоны ў Еўропу практычна дарэмныя. Набалбатаў у маю галаву масу непатрэбшчыны, каб пахваліцца ўдачаю за ўдачаю.

І будзь ты разумны, акружаны вяскова-местачковымі ідыётамі!

Малады Карл Маркс цікава разводзіўся наконт ідыятызму сялянскага быту і бесперспектыўя мужыцкіх нацыяў. Ці не адгэтуль бралася паслейшая нянавісць бальшавікоў да вёскі? Ушчэнт выдушылі яны сялян, хоць цяпер завуць іх не „калхознікамі”, але „крестьянами”.

У гэтым пункце дакранаемся да адвечнай слабізны беларушчыны, бо ўзялася яна не з горада, як у палякаў

або чэхаў, італьянцаў. У Крынках

уся галота зрабілася... палякамі ў ціхай надзеі на лепшы кавалак хлеба. Не пазбыўшыся прытым халопскага культу зладзейства.

Нацыянальнасць пачынаецца з кніжкі, а не з мовы. Як хрысціянства са Святога Пісання, з евангел­ля. Паэту Анатолю Парэмбскаму з Гарадка нават не падумалася пісаць на іншай, чым беларуская, мове, бо ў доме яго дзяцінства было поўна кніжак і беларускіх. Нацыя нараджаецца ў песні, каб квітнець потым у вершы, ва ўсведамленні ягонага сэнсу. Спомненая эліта нацыі цвіце ў клімаце хатняй бібліятэкі, таму яна нерэальная ў вёсцы. Савецкія беларусы „чырыкаюць” на мове рускамоўнага горада, а польскія — „пшэкаюць” па-мястоваму. Набліжаецца перапіс насельніцтва Польшчы, у які мала запішацца беларусаў беларусамі, толькі тыя, хто меў у руках беларускую кніжку. Толькі такім беларусам важная будзе беларуская нацыянальнасць, а ўсім іншым яна без значэння. Могуць пісацца нават кітайцамі, калі хлеба ад таго прыбудзе. Такім „прышываным” палякам няма і не будзе гонару, сумленнага хрысціянскага жыцця. Гэтыя людзі з душамі здраднікаў, махляроў.

Не вер чалавеку, якому „наплевать” на нацыянальнасць. Ён плюне і табе ў душу.

Баюся, што гэткіх прыдуркаў усё больш і больш. Яны нам цяжарам у грамадскім імкненні да дабрабыту. Гэта дарэмнікі, з якімі не дойдзеш да святлейшага лёсу, бо такі тып ашукае цябе, пацягне ў яму. Выстраліць табе ў спіну, бы той савет у падсмаленскай Катыні.

Kliknij, by wyświetlić formularz...Kliknij, by ukryć formularz... Napisz komentarz
  • Wymagane pola zostały oznaczone *.
  • Komentarze są publikowane po przeczytaniu przez moderatora serwisu.
  • Prosimy Państwa o staranne wpisywanie adresów e-mailowych — Państwa adresy nie są ani publikowane, ani komukolwiek ujawniane, jednakże w niektórych przypadkach prawidłowy e-mail jest nam niezbędny do wyjaśnienia z autorem kwestii, które mogą budzić nasze wątpliwości w nadesłanym przez niego komentarzu.
  • Moderator jest w 100% człowiekiem, a nie programem komputerowym, więc publikacja może potrwać czas jakiś — cierpliwości.
  • Komentarze nie na temat — jest on zadany przez powyższy artykuł — będą odrzucane.

* Kod:
 
Wpisz ten kod (dwie litery i dwie cyfry) w odpowiednie pole formularza podczas wysyłania komentarza. Jeśli nie możesz go odczytać, spróbuj wygenerować inny...
Czasopis.pl na Facebook